?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Дзве вёскі Барысаўскага раёна - Студзёнка і Брылі, увайшлі ў гісторыю краіны і Еўропы, дзякуючы сумным падзеям 1812 года. Пераправа напалеонаўскай арміі праз раку Бярэзіна была самая цяжкая, самая крывавая і самая жорсткая ў ХІХ стагоддзі. На многія гады назва "Бярэзіна" стала атаясамлівацца з жахамі вайны.


Я не хачу распавядаць тут гісторыю падзей 1812 года, іх лёгка знайсці ў нэце. Дам толькі адну спасылку, калі вы не бачылі яшчэ, якая найбольш грунтоўна і без русафобскага падыходу распавядае пра падзеі тых часоў. http://news.tut.by/society/318596.html


На тэрыторыі Беларусі шмат помнікаў, якія ўшаноўваюць памяць палеглых на гэтай вайне. З большага помнікі былі пастаўлены рускім бокам, і толькі у апошнія гады з'яўляюцца еўрапейскія. Самая вялікая колькасць іх вядома знаходзіцца пад Барысавам.


Рыхтуючыся да вандроўкі, я прагледзіла шмат сайтаў, але канчаткова так і не зразумела, дзе які помнік знаходзіцца. У розных крыніцах адбываецца блытаніна і помнікі пастаянна вандруюць то ў Студзёнку, то ў Брылі. І толькі патрапіўшы ў самі мясціны здолела зразумець іх растаноўку. Зараз распавяду і вам, каб калі вы збярэцеся наведаць гэтыя дзве вёскі, ведалі дзе што шукаць.


Вёска Студзёнка, знаходзіцца ў 15 км ад Барысава. Праязжаеце першы слуп з указальнікам “Студзёнкі” і помнік савецкім войнам у Другой сусветнай вайне, рухаецеся далей, і на наступным павароце на вёску перад вамі будзе размешчаны першы помнік.


Яго паставілі ў 1962 годзеі. Надпісь зроблена ў традыцыйным духе - ні кроплі павагі да пацярпелага боку.


Да 200-годдзя ўлады пастараліся неяк прыбраць і ўпарадкаваць тэрыторыю навокал. Так, на дарогах былі пастаўлены вось такія ўказальнікі з назвамі вёсак (шкада, што канструкцыя выглядае так, нібыта яе збіраюцца разабраць пасля мерапрыестваў, асабліва першае разбярэцца відаць цалафан якім абгарнулі аснову).


А таксама каля некаторых помнікаў пастаўлены інфармацыйныя стэнды вось такія ў выглядзе шляпы Напалеона, праўда інфармацыя пададзена толькі на рускай мове (замежнікам тут не месца, я ўжо маўчу пра нацыянальную мову, усё ж такі ў краіне двухмоўе).


Далей, паварочваем у вёску і патрапляем да другога помніка ўсім палеглым на гэтай вайне.


Тэкст на інфармацыйным стэндзе.








Далей спускаемся па дарозе да самой ракі Бярэзіны. Тут вас сустрэнуць адразу два помніка. Адзін гэта валун, на якім шыльда са словамі…

Пагадзіцеся, вы адразу зразумелі якой краінай пастаўлены помнік. :-) Асабліва кранула пра "подзвіг народаў Расіі".

Другі прыгожы слуп з барэльефамі Аляксандра і Напалеона.


Праўда камень пад надпісы можна было б выбраць і іншы, тэкст амаль не чытальны.






Надпіс сама распавядзе вам пра гісторыю помніка.


Брылі, вёска Барысаўскага раёна, у якую вы проста так не патрапіце, бо яна знаходзіцца на іншым баку ад Студзёнкі. Вось як раз там і адбываюцца ўсе афіцыйныя і не афіцыйныя мерапрыемствы. Брылёва поле з’яўляецца полем, дзе кожны год збіраюцца на рэканструкцыі клубы з Беларусі. Толькі колькасць вядома не такая вялікая, як у гэтым годзе. Здаецца ў 2011 тут было толькі 10 прадстаўнікоў клубаў, якія рабілі рэканструкцыю сваімі сродкамі.

У Брылях знаходзіцца некалькі помнікаў.

Першы помнік, ён жа галоўны, быў пабудаваны яшчэ ў 1913 годзе, але ў 1920 годзе помнік быў разбураны падчас ваенных дзеянняў ці як напісана на стэндзе "польскімі інтэрвентамі". У 1992 годзе, быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе, праўда вырас ў шырыню і вышыню на метр.


У 1962 годзе, да 150-годдзя бітвы на Брылёвым полі, быў ўсталяваны яшчэ адзін помнік, тады ж быў пасаджаны і гай.


У 1997 годзе, на полі французскай амбасадай быў пастаўлены помнік усім салдатам, якія ваявалі і загінулі ў арміі Напалеона падчас пераправы праз Берэзіну.


Як бачна па шыльдзе, якая ўстаноўлена на Брылёвым полі, першы ды другі помнікі з фатаздымкамі пераблыталі. Ды і выказванні наконт помнікаў відавочна былі ўзяты з савецкай энцыклапедыі.


А за 20 дзён да афіцыйных мерапрыемстваў адбылося пахаванне 110 рэшткаў напалеонаўскай арміі, якія былі знойдзены пад Лагойскам летам 2012 года. Французскі амбасадар у Беларусі Мішэль Рэнеры сказаў цудоўныя словы, якія закранулі мяне “Мы не ведаем дакладна, хто спачывае тут, ведаем толькі, што гэта салдаты Напалеона. А якой нацыянальнасці — беларус, паляк ці француз — нам невядома. Але гэта і не так важна — важна, што гэта салдаты, выконвалі свой абавязак. Важная ідэя новай Еўропы, у якой мы сёння жывем. Жывем у свеце — і гэта заслуга і салдат, якія спачываюць тут”.

У Барысаве можна наведалі комплекс “Батарэі”, адчынены ў 1985 годзе і паблукаць на земляным фартэцыям, якія будавалі рускія.










Кожны год, у гадавіну пераходу праз Бярэзіну гістарычныя клубы Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Францыі ладзяць рэканструкцыю пераправы. Вядома колькасць удзельнікаў залежыць ад самой даты. Да апошняга часу самай масавай была рэканструкцыя 2002 годзе, на 190-годдзе пераправы. У 2012 годзе, было задзейнічана 300 непасрэдных удзельнікаў з розных краін. Вядома было б і болей, але як паказваюць некаторыя інтэрв’ю, беларускі бок сплахаваў з запрашэннямі і пастаянна то адмяняў, то зноўку пацвярджаў планы правядзення рэканструкцыі. Тое, што мы пабачылі было файна. Я панастальгіравала, узгадваючы студэнцтва і рыцарскія бакі. Тут іншая эпоха і іншыя ўражанні. Людзі, якія займаюцца рэканструкцыяй, сябры гістарычных клубаў сапраўды апантаныя сваёй справай. Проста было прыгожа глядзець за імі. За гэта ім вялікае дзякуй.


Тое што рыцары шыюць сабе кальчугі, робяць латы, шлемы ды мячы гэта я цудоўна ведаю. А вайскоўцы рэканструкцый гэтага перыяду адкуль бяруць усю амуніцыю? Можа вы мне распавядзеце? Адныя мушкеты чаго вартыя. Хаця палазіўшы ўжо па розных сайтах даведалася, што 1000 у.е.- і мушкет будзе ваш.


Па выгляду некаторых удзельнікаў у мяне склалася ўражанне, што тут прымалі ўдзел не толькі сябры клубаў, а таксама былі задзейнічаны навучэнцы ў кіношнай форме. Хаця вядома я магу памыляцца.


Надвор’е амаль спрыяла рэкантрукцыі. Па крайняй меры было цяплей, чым удзельнікам пераправы 1812 г.


А фатаздымкі ў мяне атрымаліся не вельмі… бо здымалі дзеці седзячы на бацькоўскіх плячах. :-(


Але знайшла адну цудоўную спасылку. Вось тут якраз такі фатаздымкі перадаюць дух мерапрыемства.
https://plus.google.com/u/1/photos/117190571042871901097/albums/5815199926547712177


-----------------------------

Калі мы чуем словы, што свята атрымалася, то гэта азначае, што былі задаволены ўсе бакі, бо ўсё ж такі рэканструкцыі робяцца не толькі для ўдзельнікаў, але і для гледачоў. А ў нашай краіне апошнія гады арыентацыя робіцца толькі на пачэсных гасцей. Прыводзіць прыклады массавых мерапрыемтваў вам спадзяюся не трэба. Такое мерапрыемтва варта было б зрабіць прыгожа і зусім на іншым узроўні. Але відаць… не з такім саўковым падыходам як у нас. Пляцоўкі для аўтамабіляў няма, а тыя хто праехаў на свята, паркаваліся паабапал дарогі. Адзіная дарога да вёскі зранку была перакрыта міліцыяй, і праезд адбываўся толькі па прапусках. Калі ты прыехаў на аўто, прапаноўвалі вяртацца ў Барысаў і адтуль, на экскурсійным аўтобусе прыяджаць і глядзець мерапрыемства, многія так і рабілі. А калі скончылася мерапрыемства, саміх аўтобусаў не было і людзі штурмавалі кожны аўтобус. Першапачаткова планавалася, што праглядаць рэканструкцыю звычайныя грамадзяне будуць, як заўсёды, на адлегласці метраў 500 і толькі калі стала відавочна, што людзей значна болей чым могуць стрымаць, пусцілі іх бліжэй. Колькасць сувенірнай прадукцыі зноўку апынулася ніжэй за плінтус - чэргі і малая колькасць намётаў відаць гэта наша ўсё. Адна паўсюль раз’яджаючая салдацкая каша… чаго вартая. Такое адчуванне, што людзі гэтай кашы дома паесці не могуць.

Калі нехта думае, што я тут радуюся, распавядаючы пра недахопы, то памыляецца. Я б з задавальненнем распавяла, што нарэшце ў нас навучыліся рабіць мерапрыемствы такога масштабу, але... Пакуль мне вельмі балюча пра ўсё гэта пісаць . Хочацца сказаць, разумею, што мяне ніхто не пачуе, але хочацца сказаць "Спадарства кіраўніцтва.. вы завалілі 200-годдзе пераправы праз Бярэзіну". Мяркую, што кіраўніцтва вобласці вядома зробіць выснову з гэтага, і на наступны год мерапрыемства будзе больш даступным… але гэта будзе ўжо не тое, бо лічба 201-гадавіна неяк не гучыць. Мы прафукалі шыкоўную падзею, шыкоўную гадавіну, шыкоўную магчымасць разрэкламаваць раён і зрабіць сабе турыстычны задзел на наступныя гады.

Самае непрыемнае для мяне, што ўсю гэту працу, можна лічыць, заваліў Павел Латушка. Бо пры ім ствараўся камітэт, пры ім разглядаўся план мерапрыемстваў, пры ім усё гэта зацвярджалася, і калі б у яго быў цывілізаваны падыход, мы бы зараз з вамі бачылі іншае свята. Свята, якім можна было ганарыцца перад сваімі людзьмі, якія прыехалі, перад замежнікамі, перад тымі хто прыедзе ў наступныя гады.

Асабіста я рэканструкцыю глядзела ўжо дома на кампутары, бо нават мне прыйшлося падняць сваю дачку і пасадзіць на плечы, каб яна хаця бы нешта пабачыла. А што казаць пра тых дзяцей, якіх я бачыла прывезлі на аўтобусе з Літвы? Хто іх пасадзіць на плечы? Самае элементарнае – ўпарадкаванне тэрыторыі для прагляду - так і не было зроблена. А колькі я бачыла сямейных пар, якія вярталіся ў самым пачатку рэканструкцыі да машын, бо падступіцца і нешта пабачыць было проста нерэальна.

Я чытаю артыкулы пра тое, як цудоўна святкавалі 200-годдзе, і сумна ўсміхаюся, бо яно як заўсёды было зроблена для абраных. І магчыма на наступны год, калі не будзе столькі ўвагі да гадавіны, калі пра мерапрыемствы забудуць, яно атрымаецца больш душэўным і прыгожым, таму, што яго будуць рабіць тыя, хто сапраўды разумее сваю справу, хто гэта робіць для сябе, для сяброў, для гледачоў… а не для галачкі.


---------------------------------------------
P.S. За апошні тыдзень я зрабіла дзве цудоўныя кніжныя набыткі.
Лукашевич A.M., “Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси”, Мн., 2012 . Тыраж 1000.

Упершыню пад адной вокладкай сабраны апісанне ўсіх помнікаў у гонар падзеяў 1812 года, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, раней для таго каб даведацца трэба было перачытаць шмат выданняў, перагледзіць энцыклапедыі. Спадзяюся, што ў будучым краіна знойдзе сродкі каб надрукаваць гэта выданне ў поўным колеры і на добрай паперы. Кошт у крамах Мінска 69 000.

Тарас А. Е., “1812 год. Трагедия Беларуси”, Мн, 2012. Тыраж 200.

Аб’ектыўны поўны расповяд пра падзеі 1812 года на нашай тэрыторыі. Кошт у крамах Мінска 39 000.

Таксама бачыла рэкламу вось такой мапы з помнікамі па ўсёй Беларусі, але пакуль не сустрэлася яна мне.


А вось так крэатыўна падыйшлі на запраўцы "Белнафтахім" да даты :-)

Comments

( 14 comments — Leave a comment )
evg655
Nov. 28th, 2012 05:20 pm (UTC)
Вельмi цiкава.
А што датычыцца кнiг па тэме - мне менавiта Тарас не падабаецца. Раю вось гэту знайсцi - 0_650_1812_god_ratnie_polya_belarusi__hronika_bitv_9580365
azarkinm
Nov. 28th, 2012 06:17 pm (UTC)
таксама бачыла ў розных інтэрнэт кнігарнях. Якая пазіцыя аўтара кнігі да 1812 года?
evg655
Nov. 28th, 2012 07:38 pm (UTC)
Перш за ўсё спадабалася спакойнае стаўленне спадара да абодвух баках той вайны - ну i павага, у тым лiку i да жаунерау ВКЛ, якiя змагалiся на баку французау.
azarkinm
Nov. 29th, 2012 04:07 am (UTC)
дзякуй за наводку. трэба будзе набыць.
azarkinm
Dec. 2nd, 2012 06:11 am (UTC)
пабачыла ў продажы ў краме. кошт уразіў.
evg655
Dec. 3rd, 2012 05:19 pm (UTC)
Ну есць магчымасць пачакаць "пiратау" i з`яулення у сецiве.
azarkinm
Dec. 3rd, 2012 05:35 pm (UTC)
Я з тых, хто лічыць, што кніжкі прыемней трымаць у руках, дым у электронцы :-) Хаця праз комп зручней шукаць патрэбныя даты і месцы ў кніжцы.
mi_ku_apx
Dec. 1st, 2012 08:51 pm (UTC)
дзякуй
azarkinm
Dec. 2nd, 2012 06:10 am (UTC)
калі ласка. вы былі?
mi_ku_apx
Dec. 2nd, 2012 07:37 am (UTC)
не. былі ў шлюбным падарожжы.
нажаль, адначасова з Брылямі.
azarkinm
Dec. 3rd, 2012 04:58 am (UTC)
спадзяюся, файна адпачылі.
mi_ku_apx
Dec. 3rd, 2012 08:34 am (UTC)
дакладней будзе сказаць "шмат паглядзелі"
drazenka
Dec. 17th, 2012 09:51 pm (UTC)
очень интересно!
а какого числа проходило мероприятие?
azarkinm
Dec. 18th, 2012 04:23 am (UTC)
24 лістапада. Адбываецца кожны год на праканцы месяца.
( 14 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Powered by LiveJournal.com