?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

На Беларусі вельмі шмат месцаў, дзе можна цудоўна адпачыць, як з сям’ёй, так і з шумнай кампаніяй, і, калі вы ні разу не былі каля цудоўнага возера Свіцязь, вам абавязкова трэба даехаць да яго. Месціцца возера каля дарогі паміж Баранавічамі і Наваградкам і, вядома, не можа быць аднесена да ціхіх азёр, бо ўсё ж вядомасць возера і блізкая дарога ўплываюць на гэта. Але яно проста цудоўнае. Цудоўнае сваім спакоем, сваімі паданнямі і проста прыгажосцю ў любую пару года. Я там была тры разы.


Першы раз - у студэнцтве, калі з групай вырашылі выехаць з намётамі. Як кажуць “дуракам шансціць”, так пашансціла і нам. Мы паставілі намёт каля самага возера, каля вядомай магічнай схіленай елкі. Мы сідзелі каля самай вады і глядзелі на бязмежнае зорнае неба, мы спявалі песні і плавалі ў чорным начным возеры. І толькі зранку нам распавялі, што нам проста крута пашансціла, бо тут забаронена стаяць, што заўсёды праходзіць ляснічы і адсылае на дазволеную кемпінгавую стаянку ўсіх з намётамі. У гэты раз ляснічы прыйшоў толькі ў 12 гадзін дня і строга наказаў прыбраць намёт. Гэта забарона зрабіла для нас возера яшчэ больш містычным і нейкім сакральным, аб чым можна распавядаць і распавядаць з захапляленнем у голасе.


Другі раз я наведала возера толькі ў мінулым годзе. Яно нас сустрэла дажджом, мокрымі дрэвамі і поўнай цішынёй на пляжы. Усё вымерла і Свіцязь мне падавалася адзінокім і ўсімі кінутым. Але гэта толькі на першы погляд, бо крочачы па сцежцы ўздоўж берага, я захаплялася кожным лісцікам, кожнай травінкай, якая надавала казачную і магічную прыгажосць мясцінам.


Апошні раз я была там у спякотны дзень. Гоман і крыкі адпачываючых, плёсканне дзяцей, усе пляцоўкі для адпачынку ў цяні былі занятыя, але Свіцязь ўсёроўна вабіла да сябе. Яно застаецца лёгкім, цёплым, з цудоўным белым пяском і доўгім-доўгім мелкаводдзем каля берага. Яно ўсёроўна заварожвае тых, хто тут адпачывае. Вядома, большасць з наведвальнікаў прыяджаюць да возера і не думаюць пра паданні, пра Адама Міцкевіча і яго каханне, пра пачуцці іншых паэтаў і пісьменнікаў, якім возера ўдыхнула кропельку сваёй прыгажосці, яны проста плёскаюцца бяруць ад прыроды сваё, і можа нават неўдзячна забруджваюць яго. Але хочацца верыць, што тых, хто прыяджае на гэта возера і ведае ўсю яе паэтычную прыгажосць, усё ж такі болей.

Да чаго я гэта ўсё? А проста, каб распавесці аб цудоўным возеры. Халодны фронт з Беларусі сыйдзе і ў нас яшчэ будуць цёплыя дні, таму ў вас яшчэ ёсць магчымасць наведаць Свіцязь і паплаваць у яго цёплых, ласкавых водах.

Усе мае расповяды, вядома, не могуць абыйсціся без самай магічнай балады.

Адам Міцкевіч

Свіцязь
Балада.
Міхалу Верашчаку.

Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,
Ракітнік разгалісты, нізкі,-
Каня супыні ля плужынскага бору,
Каб глянуць на возера зблізку.

Гушчар лесу пахне чаборам і мёдам,
Жывіцы настоем смалістым.
Там возера Свіцязь, як шыбіна люду,
Ляжыць паміж дрэваў цяністых.

Калі пад'язджаеш начною парою
І станеш да возера тварам,-
Мігцяць зоркі ў небе, мігцяць пад табою
Мігціць там і месяцаў пара.


Не знаеш,- з-пад ног, можа, гэта шкляная
Ідзе аж да неба дарога
Ці неба шкляное скляпенне схіляе
Табе аж пад самыя ногі!

І той, другі, бераг убачыць не ў сілах -
З вышынямі возера зліта.
Нібыта вісіш ты на птахавых крылах
У нейкім бяздонні блакіту!

Так ноччу прыемна памыляцца вочы
Пры добрай, пры яснай пагодзе.
Ды толькі да возера зорнага ноччу
3 храбрэйшых храбрэц падыходзіць.

Бо там вырабляе нячысцік такое!
Між хваль вадзяны там плюскоча.
Дрыжу, як дзяды мне гавораць пра тое,
Успомніць аж страх перад ноччу.

То ў возеры гоман, то лямант вялікі,
То ўспыхне агонь сіняваты.
Гул бітвы, лязг зброі, жаночыя крыкі,
Галошанне, звону раскаты.

А ў міг - дым асядзе і крык суціхае,
І толькі лес ціха шапоча,
Ды ў возеры хтосьці малітвы чытае,
Чуваць сумны голас дзявочы.

А што гэта? Людзі плятуць хто што зможа,
На дно ж з іх ніхто не спускаўся.
То гэтак раскажуць, то йнакш казку зложаць,
А хто з іх да праўды дабраўся?

І пан той, якому ад прадзедаў гэты
Куток чарадзейны дастаўся,-
І многія зімы, і многія леты
Раскрыць таямніцу стараўся.

І ён загадаў: "Лес рубіце і рэжце!.."
Чаўны й караблі збудавалі.
І невад глыбокі -стоп ажно дзвесце -
Вязалі, старанна спляталі.

Я раіў, падказваў, што з Богам патрэбна,
Належна рабіць, без паспеху.
У касцёлах бліжэйшых далі на малебны.
І з Цырына пробашч прыехаў.

На беразе стаў ён, надзеў свае шаты.
Крапіў ён вадою святою.
Вось пан даў каманду, і ветразі ўзняты,
І невад ідзе пад вадою.

І ён валачэ паплаўкі за сабою,
Вяроўкі напяты. Глыбока
Затоплены невад, ідзе пад вадою
Не злоўлена, мусіць, ні вока!

На бераг ужо два крылы узвалілі,
Карма, нібы невада рэшта...
Ці чулі, якое страхоцце злавілі?
Ніхто не паверыць, хоць рэжце!

Аднак вам скажу я: зусім не пачвара,
А проста жывая дзяўчына.
Шаўковыя косы, бялявая з твару,
А вусны яе, як маліна.

На бераг выходзіць. Адны - ўраз наўцёкі,
Другія нібы скамянелі.
А словы красуні тае сінявокай
Прыемна, пяшчотна гучэлі:

"Адкрыю сваю таямніцу народу:
Тапельцаў ляжыць тут нямала.
Хто толькі спускаўся на гэтыя воды,-
На дно таго возера брала.

І ты б, храбры, гэта з дружынай адведаў,
Загінуў бы ў спрэчцы няроўнай,
Ды шчасце - тут край твайго прадзеда, дзеда,
Ты з нашай радні, ты нам кроўны.

За тое, што вы акрапілі тут воды,
Па-боску зрабілі чын-чынам,-
Маімі Бог вуснамі скажа народу
Гісторыю гэтых глыбіняў.

Дзе сёння шуміць бор спрадвечны, вынёслы,
Дзе цар-зелле, лозы ды травы;
Дзе вашы ўзлятаюць над хвалямі вёслы,-
Быў горад калісьці на славу!

Быў Свіцязь, як рыцар,- яму ўся пашана,
Жылі ў ім красуні-дзяўчаты.
У часы панавання тут князя Тугана
Рос горад магутны, багаты.

І лес не шумеў тут дрымотны са смуткам,
Звінела калоссе пшаніцы.
Адсюль былі бачны муры Навагрудка,-
У той час літоўскай сталіцы.

Цар грозны аднойчы напаў на Мендога,
Канец прыйшоў ладу й спакою.
На ўсю Літву пала бяда і трывога:
Заплаціць Мендог галавою?!

Пакуль сцягнуў войска з далёкай граніцы,
Да бацькі майго Мендог піша:
"Туган! На табе абарона сталіцы,
Патрэбна, каб з войскам ты выйшаў".

Той ліст прачытаўшы, Туган кліча войска:
"На бітву! Драмаць нам няможна!.."
І стала адразу пяць тысяч геройскіх,-
І конны, і ўзброены кожны.

І трубы зайгралі, а трубаў тых гукі -
Склікаюць пад сцягі змагацца.
У горы Туган заламаў раптам рукі,
Ад брамы зноў скача к палацу

І кажа мне: "Хоць я чужых уратую,-
Загінуць уласныя людзі,
Бо ведаеш, Свіцязь жа толькі вартуюць -
Булаты і нашыя грудзі!

Калі папалам раздзялю я дружыну,-
Мендогу малая апора;
Калі ж к Навагрудку я ўсю яе кіну,-
То вам тут адным будзе гора!"

Кажу яму: "Бацька, вядзі сваю сілу,
Ідзі, куды клікнула слава!
Нас Бог абароніць, анёла я сніла,-
Над горадам нашым ён плаваў,

Маланкаю-мечам абвіў наўкол Свіцязь,
Раскрыў залацістыя пёры,
Сказаў мне: "Спакойна працуйце і спіце,
Я з вамі - не будзеце ў горы".

Паслухаў Туган - удагон за дружынай...
Ды толькі, як ноч наступіла,-
І грукат, і тупат - то грознай лавінай
Варожая копіцца сіла!

Як грымнуць тараны, град ядраў, камення.
Упалі са скрогатам брамы.
Старыя, жанчыны - на плошчу ў імгненне,
Услед бягуць дзеці за мамай.

І крыкі, і лямант: "Што будзе тут з намі?
Русь хлынула, Русь атакуе!
Ах! Лепей жыцця мы пазбавімся самі,-
Ад ганьбы хай смерць уратуе!"

І ў гневе паходні распальваюць ярка,
Кастры палыхаюць траскуча:
У попел - нажыткі, у дым - гаспадаркі,
А крыкі - са злобай пякучай:

"Праклён жа таму, хто сам сёння не згіне!"
Да смерці да ўласнай гатовы,
Ужо і сякеры блішчаць лязом сінім,-
І людзі схіляюць галовы...

Ці здасца - ў палоне звіняць ланцугамі,
Жыць рабскім жыццём непрыгожым?
Або сябе знішчыць сваімі рукамі?..
*Дзе выйсце,- крычу я,- о Божа?!

Калі ўжо скарыцца нам ворагу трэба,
Калі бярэ верх яго сіла,-
Няхай нас ударыць гром з яснага неба,
Хай прыме жывых нас магіла!"

І раптам праменнае нешта між ночы
Мяне абвіло белізною.
У дол апускаю спалохана вочы -
Зямлі ўжо няма пада мною!

Мы так уцяклі, не пайшлі ў паланянкі
Да ворага... Глянь - зеляніна:
І зелле, і кветкі - то ўсё Свіцязянкі,- .
Нас Бог абярнуў у расліны.

Лісты ўсе зялёныя, нібы ў яліны
Ігліцы, як выбеліць іней.
Плывуць над вадою, як пух лебядзіны,
Бялеюць над безданню сіняй.

Як знак чысціні, і вось гэтай парою
У колер у белы адзеты.
І той, хто кранецца крывавай рукою,-
Не ўбачыць ён белага свету.

Адчуў на самім сабе цар рускі гэта,
Адчула ягоная світа:
Нарвалі на беразе возера кветак,-
Галовы вянкамі абвіты.

Ды толькі хто браў кветкі гэтыя ў рукі,-
Была ў іх жахлівая сіла,-
Той падаў і енчыў, і корчыўся ў муках,
Таго смерць адразу касіла.

Прайшлі з таго часу, мінулі стагоддзі,
Ды ў памяць аб тым пакаранні,
"Царамі" завуць тыя кветкі ў народзе.
У песні старой, у паданні..."

І вось адыходзіць красуня памалу,
Чаўны патанулі і сеці...
Шум чуецца ў пушчы, ўздымаецца хваля
І грозна на бераг нясецца.

Да дна расхінаюцца раптам глыбіні,
Ўскіпае віроў завіруха:
Туды праваліліся ў бездань дзяўчына,
І болей - ні слуху, ні духу.


P.S. А гэта спасылачка для тых хто любіць дакладныя звесткі. :-) http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%B2%D0%B8%D1%82%D1%8F%D0%B7%D1%8C_%28%D0%BE%D0%B7%D0%B5%D1%80%D0%BE,_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%B8%D1%8F%29

Comments

( 7 comments — Leave a comment )
livejournal
Jul. 27th, 2013 06:00 am (UTC)
Блогерский путеводитель по Республике Беларусь
User loginov_lip referenced to your post from Блогерский путеводитель по Республике Беларусь saying: [...] * * * * ГРОДНЕНСКАЯ область флаг Гродненской области  герб Гродненской области Озера Свицязь [...]
livejournal
Jul. 27th, 2013 08:14 am (UTC)
Блогерский путеводитель по Республике Беларусь
User xan_13 referenced to your post from Блогерский путеводитель по Республике Беларусь saying: [...] * * * * ГРОДНЕНСКАЯ область флаг Гродненской области  герб Гродненской области Озера Свицязь [...]
livejournal
Jul. 29th, 2013 05:42 am (UTC)
Блогерский путеводитель по Республике Беларусь
User udarniktruda referenced to your post from Блогерский путеводитель по Республике Беларусь saying: [...] * * * * ГРОДНЕНСКАЯ область флаг Гродненской области  герб Гродненской области Озера Свицязь [...]
pani_haspadynia
Jul. 29th, 2013 10:01 am (UTC)
Сялява
Учора ездзілі на возера Сялява (поўнач Мінскай вобласці, Крупскі р-н, ля Бабра). Пасярод возера (працягласць 8 км) знаходзіцца выспа (3,5 км/2). На той выспе штогод праходзят археалагічныя летнікі (гарадзішча з каменнага веку да Яна Жахлівага) з культурнай(бел.моўн.) праграмай (Н.Р.М., Булгакаў, Арлоў і г.д.). Але таксама існуе частка для дзяцей. Пражыванне ў намётах, скаўтскія заняткі і мякчэйшы пяшчаны пляж. Раю. Па скаўтынгу трэба звязвацца з Андрэем Аляхновічам.
livejournal
May. 2nd, 2014 04:22 pm (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
livejournal
May. 2nd, 2014 08:10 pm (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
livejournal
May. 3rd, 2014 10:47 am (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
( 7 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Powered by LiveJournal.com