?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

ЭМІЛІЯ ПЛЯТЭР

Ці ведаеце вы хто такая Эмілія Плятэр? Ці можа чулі калісьці? А дзеці ў школе ведаюць пра цудоўную беларуску-змагарку? А фільмы на Беларусі здымалі пра яе? НЕ! А яе лічаць сваёй гераіняй і літоўцы, і палякі, ва ўсім свеце яна стала прыкладам патрыятызму.










Ну а ўнізе сам тэкст які друкаваўся ў часопісе калі камусьці зручней так чытаць.

----------------------

ЭМІЛІЯ ПЛЯТЭР – БЕЛАРУСКАЯ ЖАННА Д'АРК

Пра цудоўную постаць беларускай гісторыі, 24-гадовую дзяўчыну Эмілію, павінен ведаць кожны беларус, бо яна з’яўляецца прыкладам патрыятызму і гонару за нашых продкаў.

Нарадзілася графіня Эмілія Плятэр 13 лістапада 1806 года ў Вільні і паходзіла з вядомага на прасторах Вялікага княства Літоўскага роду Плятэраў, які перабраўся на беларускія землі з Вестфаліі ў XV cт. Успаміны пра Плятэраў сустракаюцца ў гістарычных хроніках, пачынаючы з 1160 года.
Але і “багатыя таксама плачуць”… Адносіны бацькоў Францішка Ксаверыя Плятэра і Ганны Моль не складваюцца, і Эмілія разам з маці пераязджае да сваякоў Плятэраў у Ліксну (Дынабургскі ўезд, Віцебская губернія (зараз тэрыторыя належыць Латвіі). Тут мелася вялікая бібліятэка, якая моцна вабіла маладую дзяўчыну. Эмілія цікавілася дзіўнымі на той час для дзяўчынкі кнігамі – матэматыкай і гісторыяй, а сярод любымых заняткаў былі – фехтаванне, вярхавая язда і страляніна са зброі. Сярод гістарычных постацяў для яе на першым месцы быў генерал Тадэвуш Касцюшка. Яна нават папрасіла, каб у яе пакоі на сцяне заўсёды знаходзілася выява беларускага героя.

З гадамі, не без уплыву філаматаў, інтарэс да гісторыі Бацькаўшчыны ў Эміліі толькі ўзрастаў. Яна пачала захапляцца этнаграфіяй, збірала показкі, паданні, казкі і песні Віцебшчыны. Добра танчыла беларускія народныя танцы і спявала самотныя “галаслівыя песні”, якімі аплакваюць нябожчыкаў.
Яна марыла пра подзвігі і калі даведалася пра паўстанне ў Варшаве ў 1830 годзе, то адразу пачала аб’язджаць сваіх сваякоў навокал і збіраць атрад для падтрымкі паўстанцаў.

Ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага былі вельмі блізкімі для Эміліі і ад моманту ваенных дзеянняў яны цалкам паглынаюць маладое сэрца дзяўчыны.

Апантаная ідэяй, Плятэр робіць красамоўныя выступы і пераконвае нават тых, хто першапачаткова выступаў супраць удзелу ў паўстанні і плаванаваў адсядзецца ў сваім маёнтку.

Толькі пасля выступу на плошчы каля касцёла ў Дусятах да яе далучаюцца 280 стралкоў, 60 коннікаў і некалькі сотняў касінераў. Паўстанцы пад кіраўніцтвам Эміліі Плятэр захопліваюць усё большыя і большыя мястэчкі, і праз некаторы час войска Плятэр аб’ядноўваецца з польскім войскам на чале з генералам Хлапоўскім. Эміліі прысвойваюць званне капітана і прапаноўваюць кіраўніцтва 1-й роты 25-га лінейнага палка паўстанцаў.

Гэта была рэдкая падзея для тых часоў, каб жанчына кіравала войскам, ды яшчэ ў такім званні. У Коўна 24-гадовая Эмілія, якая яшчэ некалькі месяцаў таму танчыла ў сваім маёнтку, мяняе кіцель на сукенку і прымае ўдзел у балі, арганізаваным у яе гонар сваячніцай Адама Міцкевіча, а на наступны дзень зноўку бітва, і зноўку перамога.

Расійскіх войскаў становіцца ўсё больш і больш, і паўстанцы пачынаюць цярпець паразы. Ваенны савет прымае рашэнне падзяліць армію на тры часткі і рухацца ў розных накірунках. Калі Эмілія дазнаецца, што яе часта войска павінна рухацца ў бок Прусі,і то адмаўляецца падпарадкоўвацца, і яе словы “Лепей загінуць з гонарам, чым скончыць такой ганьбай!” становяцца цытатай гісторыі. Яна сыходзіць з войска Хлапоўскага і накіроўваецца са сваім атрадам у бок Варшавы, каб падтрымаць паўстанцаў, але ўсе планы Эміліі спыняе хвароба…

Яе сябры даюць ёй прытулак у маёнтку Абламовічаў (сучасны Вайнежэрыс, Літва), дзе як гувернантка яна жыве некалькі дзён. Зветскі аб падаўленні паўстання ў Варшаве канчаткова дабіваюць і так хворую дзяўчыну і 23 кастрычніка 1831 года Эмілія памірае.

Адам Міцкевіч, уражаны ўзнёслымі марамі і подзвігамі Эміліі, піша свой твор “Смерць палкоўніка”, і імя Эміліі Плятэр становіцца сімвалам нязгаснага духу на прасторах былой Рэчы Паспалітай. У Польшчы ды сучаснай Літве вобраз Эміліі прысутнічае на нацыянальнай валюце. Акрамя таго, у Варшаве ў гонар паўстанкі названа адна з плошчаў, а ў Літве ёй пастаўлены помнікі і яе імя носіць адзін з відаў кветкі клемаціс. І толькі пакутная Беларусь, за чыю гісторыю змагалася дзяўчына, як заўсёды ігнаруе сваіх герояў. У Беларусі дагэтуль няма ні помніка, ні мемарыяльнага знака, які б ушаноўваў нашу выдатную суайчынніцу.

Тым не менш, захаваўся маёнтак Плятэраў у вёсцы Опса Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, якому патрэбна грунтоўная рэстаўрацыя. Акрамя таг,о добра захавалася капліца-ўсыпальніца Плятэраў у вёсцы Ахмераўка Браслаўскага раёна. Маёнтак не ўцалеў, аднак парк знаходзіцца ў добрым стане.

Смерць палкоўніка

На палянцы зялёнай, між думных бароў,
Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.

Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.
Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.

Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў
І прывесці бліжэй да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.

Загадаў свой прынесці паходны мундзір,
Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі.

А калі ўжо ад хаты каня адвялі,
Ксёндз туды увайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.

Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.
Нават воі Касцюшкі былыя,
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.

Раным-рана ў капліцы званіць пачалі.
Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх - насцеж дзверы.

Там ляжаў ён на лаве - ў спакоі чало.
У руках яго - крыж, збоч - нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі - сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!

Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў... дзяўчынай! Была - слёз не трэба, жанкі -
То ліцвінка Эмілія Плятэр!

Адам Міцкевіч
(Пераклаў Кастусь Цвірка)

Comments

( 2 comments — Leave a comment )
vyshivanka
Oct. 15th, 2013 10:03 am (UTC)
Здаецца мне, у 90-х ішоў серыял пра яе па БТ, зняты Беларусьфільмам. Ці то не пра яе, а проста пра паўстанне.
azarkinm
Oct. 15th, 2013 03:58 pm (UTC)
Быў серыял "Проклаты утульны дом" але там здаецца пра паўстанне Каліноўскага.
( 2 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Page Summary

Powered by LiveJournal.com