?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Знаходзіцца вёска ГУБІНА ў маляўнічым азёрным краі недалёка ад Лепеля. Большасць турыстаў трапляюць сюды, калі едуць на бясконцыя вазёры, якімі так багата наваколле, і толькі некаторыя заяджаюць, каб паглядзець на рэшткі калісьці прыгожага касцёла Святога Антонія.





Напачатку ХVIII стагоддзя вёска знаходзілася ва ўладаннях Пакашаў, прадстаўнік якога, віцебскі стольнік Ян Пакаша у 1714 годзе пачаў будаўніцтва каталіцкага касцёла. Будынак быў пабудаваны ў выглядзе крыжа з трыма алтарнымі часткамі, галоўны з якіх – алтар у гонар Дзевы Марыі – быў выразаны па-мастацку з дрэва. Асобна вылучаўся і шанаваўся вернікамі алтар у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі Вострабрамскай.


Крыху пазней, у 1759 годзе Ян Пакаша збудаваў побач з касцёлам кляштар францысканцаў. Мясцовыя прыхажане дзівіліся, як хутка разляцеліся звесткі пра адкрыццё кляштара, бо паломнікі пастаянна прыязджалі паглядзець на новазбудаваную святыню. Намаганнямі францысканцаў у кляштары Губіна была сабрана вялікая бібліятэка.




Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Губіна далучаюць да Расійскай імперыі.




У 1831 годзе пачынаецца паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і францысканцы актыўна дапамагаюць змагарам. У некаторых касцёлах захоўваецца зброя для паўстанцаў, некаторыя даюць прытулак параненым і тым, хто хаваўся ад расійскіх войскаў. Улічваючы гэта царская ўлада ідзе на кардынальныя крокі – яна скасоўвае дзейнасць ордэна на сваіх землях, а яе маёмасць збольшага перадаецца каталіцкім касцёлам.

У піку дзейнасці каталікам у 1834 годзе ў вёсцы будуецца праваслаўная царква Святога Мікалая.


Уладары Губіна пасля Пакашаў – Сялявы і Шырыны – працягваюць падтрымліваць ужо каталіцкі касцёл і кляштар. Напачатаку ХХ стагоддзя губінскі касцёл меў амаль 2 000 вернікаў. У кляштары захоўвалася вялікая бібліятэка францысканцаў, якая была сабрана яшчэ ў канцы ХVIII стагоддзя.



Губінскі касцёл Св.Антонія перажыў Першую і Другую сусветныя войны, але савецкі перыяд гісторыі перажыць не атрымалася. Пасля затрымання і ссылкі ксяндза ў 1929 годзе, касцёл зачынілі, а з вежаў знялі крыжы. Памяшканне прыстасавалі пад клуб, дзе праводзіліся агульныя сходы і танцы. Але танцы на кафлі, якая прамярзала зімой настолькі, што станавілася суцэльным катком, не надта атрымліваліся, таму ў 1942 годзе будынак перарабілі пад свіран.

З успамінаў Анатоля Собаля: "У пачатку 1960-х гадоў мясцовы калгас вырашыў выкарыстаць добрую цэглу касцёла для будаўніцтва новай стайні. Спачатку прыгналі танк з бліжэйшай воінскай часткі, але атрымалася збіць толькі частку вежы з крыжом. Пасля пачалі разбіраць рукамі, але так справа працягвалася яшчэ марудней. Прыйшлося па дапамогу зваць зноўку салдат, якія паспрабавалі ўзарваць касцёл, але і тады адкалолася толькі частка нішы." (www.lepel-kraj.by)


Калгас задзейнічаў усе рэсурсы, каб разабраць касцёл, а тое, што пачалі рабіць людзі, скончвае прырода.

Зараз, мы назіраем усю трагічнасць уздзеяння савецкай улады на нашы гістарычныя помнікі ў поўнай меры па ўсёй краіне. А касцёл Святога Антонія ў Губіна – гэта толькі маленькая кропелька вялікіх страт.

Зусім недалёка ад Губіна, усяго ў 3 км, знаходзіцца вёска МАКАРАЎШЧЫНА, дзе знаходзіцца царква Св ятога Мікалая Цудатворца (1896). Яна стылёва нічым не вылучаецца сярод шматлікіх праваслаўных цэркваў, пабудаваных на нашай тэрыторыі ў гэты перыяд амаль па аднаму праекту.






Наведаць яе можна хіба толькі дзеля прыгожых краявідаў, бо адтуль адкрываецца выгляд на рэшткі губінскага касцёла. Калісьці, калі дрэвы былі малымі, а трава высокая, вежы касцёла былі бачны далёка ў наваколлі. А на рэлігійныя святы перазвон званоў двух хрысціянскіх храмаў запаўняў азёрны край.


У 1930-я гады царква была зачынена. У гады Другой сусветнай вайны часткова зруйнавана. Аднаўленчыя працы пачаліся пасля вяртання будынка вернікам у 1991 годзе. Яны працягваюцца і да сённяшняга моманту.

Comments

( 9 comments — Leave a comment )
postalovsky_a
Sep. 15th, 2015 09:39 am (UTC)
норм, надо ехать
azarkinm
Sep. 15th, 2015 09:59 am (UTC)
Трэба. Прытым у наваколлі ёсць што яшчэ паглядзець.
mi_ku_apx
Sep. 15th, 2015 10:36 am (UTC)
ага, ёсць. Мая будоўля, напрыклад.
Вежы касцёлу высокія і стаіць ён на ўзвышшы. Верагодна, званы было ўвосень чуваць кілометраў за дваццаць. Да маёй вёскі 5 км, дык мо і занадта шумна было б:) Трэба зрабіць эксперымент- пасігналіць машынай ад Губіна, каб слухалі ля маёй хаты. Верагодна, што пачуеш. Увечары дык дакладна. А яшчэ ля муроў касцёлу бліжэйшая да мяне крама.


Edited at 2015-09-15 10:37 am (UTC)
azarkinm
Sep. 15th, 2015 10:45 am (UTC)
О. Не ведалі, мы б нечакана ў госьці завалілі б да цябе. А ў краме гэтай мы якраз марозіва набывалі.
mi_ku_apx
Sep. 15th, 2015 10:37 am (UTC)
І дзякую за старыя фотаздымкі. Зараз яшчэ больш сумна глядзець на вежу будзе
azarkinm
Sep. 15th, 2015 10:47 am (UTC)
Да няма за што дзякаваць. Калі старыя фота параўноўваць і сучасныя на большасць нашых помнікаў балюча глядзець.
livejournal
Sep. 15th, 2015 11:27 am (UTC)
Дзень добры! Ваш запіс трапіў у топ-25 папулярных запісаў LiveJournal Беларусі! Больш падрабязна пра рэйтынг чытайце ў Даведцы.
tam_erm
Sep. 16th, 2015 08:42 pm (UTC)
Пасля вандроўкі туды мне вось гэты артыкул спадабаўся (магчыма, таму, што там інтэр'еры Макараўшчыны, якіх мы не ўбачылі) http://www.lepel.by/news_749.html
azarkinm
Sep. 17th, 2015 06:54 am (UTC)
Я артыкул бачыла і раней, мяне ў ім уразілі ўспаміны пра руйнаванне касцёла. А вось выгляд Макараўшчыны ўнутры зусім не ўражвае. Вядома, нізкі паклон тым хто за свае сродкі аднаўляе царкву з нібыцця, але абраз рускага імператара Мікалая І перакрэслівае ўсё станоўчае.
( 9 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Powered by LiveJournal.com