?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Упершыню Блонь узгадваецца ў 1513 годзе як уладанне Паўла Смялоўскага. Затым гістарычных звестак пра маёнтак няма, а з'яўляюцца яны толькі ў XVIII ст калі паэт і каталіцкі асветнік Іосіф Бак пабудаваў у маёнтку каталіцкі драўляны касцёл, а ў 1745 годзе і сядзібны дом, які выкарыстоўваўся як рэзідэнцыя іезуітаў. Пасля смерці паэта, Блонь яшчэ застаецца за іезуітамі, пакуль у пачатку ХІХ ст. не пераходзіць спачатку да Панінскага, а затым да Асоўскіх. Род Асоўскіх найбольш вядомы на Піншчыне, там яго прадстаўнікі мелі землі і прадпрыемствы, а таксама з'яўляліся фундатарамі ў Пінску кляштара кармелітаў. А Блонью валодаў малады Антон Асоўскі, пры якім верагодней за ўсё і была пабудавана сучасная сядзіба.


Аднапавярховая, у стылі класіцызму сядзіба з'явілася ў маёнтку прыблізна ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Галоўны ўваход быў аформлены чатырма каменнымі калонамі, якія моцна вылучаліся на фоне драўляных сцен. Акцэнты на асобных элементаў сядзібы растаўляліся дзякуючы колерам. Так увесь час сцены фарбаваліся ў цёмныя колеры, а калоны і шыбы ў белы. Такая ж традыцыя фарбавання працягнулася і ў савецкі перыяд. Дзякуючы таму, што будынак размяшчалася на высокім беразе ракі Цітаўкі, для ўладароў з вакон адкрываўся прыгожы панарамны краявід наваколля. Вакол сядзібы Асоўскі паспеў разбіць маленькі парк з цэнтральнай алеяй з клёну, якая вяла да ўяздной брамы.

Касцёл у Блоні

За ўдзел у паўстанні 1863 года ўладар Блоні Антон Асоўскі быў пазбаўлены ўсіх правоў, маёмасці і сасланы ў Сібір. Толькі ў 1874 годзе ён быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду, але з абмежаваннем месца жыхарства, таму ў Беларусь ён не вярнуўся, а з'ехаў ва Украіну.


Пасля канфіскацыі маёмасці ў Асоўскага, у 1868 годзе, Блонь набывае па ільготным кошце віцебскі чыноўнік Іосіф Бонч-Асмалоўскі (1831–1879). Род Асмалоўскіх з'явіўся на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў 1511 годзе, калі ім належылі землі вакол Крычаўскага замка. У 1551 годзе прадстаўнік роду атрымаў герб "Бонч", пасля чаго да прозвішча Асмалоўскіх дадалася аднайменная прыстаўка. З тых часоў Бонч-Асмалоўскія жылі ў асноўным у Магілёўскай і Чарнігаўскай губернях.


Бацька Іосіфа, Аляксандр Бонч-Асмалоўскі, памёр калі было сыну 12 год, таму станавіцца на нагі яму прыйшлося самастойна. На службу Іосіф паступіў у 16 год і да канца 1860-х дасягнуў высокіх пасад. Не маленькі штуршок ён атрымаў з дапамогай шлюбу ў 1856 годзе. Жонка, Клемянціна Піпенберг, мела нямецкія і італьянскія карані і нарадзіла яму аднаго сына Анатоля. На момант набыцця маёнтка ў Блоні, Бонч-Асмалоўскія мелі дамы ў Пецярбургу і Віцебску, Іосіф займаў пасаду дзейснага стацкага дарадцы, а яго родны брат у гэтыя ж часы быў у добрых адносінах з імператарам Аляксандрам ІІ. Усё гэта спрыяла далейшаму дабрабыту і кар'ернай лесвіцы сям'і Іосіфа Бонч-Асмалоўскага. Ён меў дзяржаўныя ўзнагароды – Ордзен св.Ганны ІІ і ІІІ ступені, св.Станіслава ІІ ступені, а напрыканцы 1870-х займаў пасаду сябра губернскай прысутнасці па сялянскіх справах.

Адзінаму сыну, Іосіф спрабаваў даць лепшую адукацыю і спадзяваўся на яго будучыя высокія пасады. Але спадзяванням бацькі ня лёс быў спраўдзіцца, бо ва ўніверсітэце Анатоль Бонч-Асмалоўскі далучыўся да народніцкага руху, які ў той час усё больш і больш пашыраўся сярод студэнцтва, і быў адлічаны з навучальнай установы. Ды не проста адлічаны, а па рашэнню суда і пад наглядам паліцыі дастаўлены ў маёнтак бацькі. Сэрца Іосіфа Бонч-Асмалоўскага не вытрымлівае такіх віхураў лёсу і ва ўзросце 48 год ён памірае.


Пасля смерці бацькі, маёнтак Блонь пераходзіць да адзінага спадчанніка Іосіфа 22-гадовага Анатоля Бонч-Асмалоўскага (1857–1930), але з малой акалічнасцю. Па тэстаменту Іосіфа, маёнтак можа знаходзіцца ва ўласнасці сына, без права прадажы і магчымасцяў закладу. Акрамя Блоні, Анатоль атрымлівае таксама фальваркі Сіротка, Барысаўка, Раўкач і Леўсава. У 1880 годзе ў маёнтку Блонь, ён ладзіць фіктыўны шлюб з Варварай Вахоўскай, якая таксама была актывісткай народніцкага руху і па рашэнню суда знаходзілася пад апякунствам бацькі ў Падольску.


Больш падрабязна пра знакамітых ўладароў маёнтка Блонь, пра каханне, здраду і палітычныя погляды Анатоля Бонч-Асмалоўскага і Варвару Вахоўскую можна пачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/174852.html

Бонч-Асмалоўскія жывуць у Блоні, і паступова шлюб ператвараецца з фіктыўнага ў рэальны. У сям'і нараджаецца чацвёра дзяцей.


Акрамя рэвалюцыйнай дзейнасці Анатоль пачынае цікавіцца гаспадаркай. Так, каб давесці маёнтак да належнага стану, ён лістуецца з вядомым у тыя часы прафесарам-народнікам Аляксандрам Энгельгардтам, які быў сасланы ў свой маёнтак Бацішчава на Смаленшчыне, дзе прымяняў на землях апошнія навуковыя тэхналогіі і тым самым павышаў іх урадлівасць.


Анатоль будуе ў маёнтку вятрак, крухмальны завод і пачынае развадзіць племянны скот. У гэтыя часы ён крыху змяняе выгляд сядзібы, справага боку прыбудоўвае двухпавярховы рэзаліт у выглядзе вежы. У 1891 годзе ў Блоні Варвара і Анатоль адчыняюць двухкласную школу, а для сялян праводзіць вечары і сходы па самаадукацыі дзе таксама абмяркоўваеца палітыка краіны.


За рэвалюцыйныя погляды ўладароў Блоні, паліцыя называе маёнтак "гняздом рэвалюцыйнай заразы" і з задавальненнем пацірае рукі, калі ў 1901 годзе атрымліваецца зачыніць сялянскі гурток, а Анатоля разам з сынам Іванам саслаць на 4 гады ў Сібір.

Пасля рэвалюцыі 1917 года Бонч-Асмалоўскія адмаўляюцца ад сваё маёмасці. Сядзіба пачынае выкарыстоўвацца як жыллё для некалькіх сямей. У гады Другой сусветнай будынак сядзібы не быў пашкоджаны, бо тут кватэраваўся нямецкі ўнтэр-афіцэр. Пасля 1946 года тут размясцілася кіраўніцтва дзяржаўнага племяннога завода, а затым і музей народнай славы завода. І толькі ў 1990-х у былую сядзібу перавезлі раённы музей, які раней размяшчаўся ў Дукоры. Асноўную экспазіцыю яго зараз складаюць прадметы археалогіі, якія былі знойдзены на тэрыторыі Пухавіцкага раёна, матэрыялы па Грамадзянскай вайне і Другой сусветнай, прадметы з савецкай гісторыі і асабістыя рэчы знакамітых дзеячоў раёна. Таксама можна знайсці ў музеі рэчы, кнігі і фатаздымкі членаў сям'і Бонч-Асмалоўскіх. На жаль, як заўсёды ў нашых раённых музеях адбываецца, тут намешана па троху ўсіх матэрыялаў, хаця мне падаеца варта было б мець мэтавую калекцыю па знакамітай сям'е, а астатні музей зноўку размясціць у Дукоры.


У 2011 годзе, для супрацоўнікаў музея адбылася знакавая падзея, сядзіба прыняла ў госьці нашчадкаў былых уладароў-рэвалюцыянераў. Прадстаўнікі роду, якія зараз раскіданы па ўсім свеце, сабраліся ў былой сваёй сядзібе дзякуючы намаганням Марыны Бонч-Асмалоўскай, праўнучкі Анатоля і Варвары. Марына сёння з'яўляецца гадоўным сямейным архіватарам і займаецца радаслоўнай усіх Асмалоўскіх. Менавіта дзякуючы яе намаганням і высілкам у Блоні сустрэліся Бонч-Асмалоўскія з Беларусі, ЗША, Канады, Нямеччыны і вядома з Расіі. Менавіта дзякуючы ёй, музей атрымаў у падарунак мэблю, археалагічныя і антрапалагічныя прадметы з калекцыі сына Анатоля і Варвары, знакамітага гісторыка-археолага Глеба Бонч-Асмалоўскага, які першую палову жыцця жыў у тут.

На жаль падчас нашай вандроўкі ў Блонь музей быў ужо зачынены. А даведаўшыся больш з гісторыі роду Бонч-Асмалоўскіх, мы паабяцалі сабе туды абавязкова вярнуцца і ўжо больш дэталёва паглядзець на фатаздыкі і рарытэты, якія тычацца гэтай сям'і.

Акрамя рэвалюцыйнай сядзібы і будынкаў звязаных былым маёнткам, у Блоні маецца яшчэ адзін гістарычны аб'ект – царква святой Троіцы. Праваслаўная царква тут з'явілася ячшэ ў сярэдзіне XVIII ст.


У 1812 годзе стары будынак падчас руска-французскай вайны згарэў, а новы з'явіўся ў Блоні ў 1826 годзе. Пабудаваны быў з драўлянага бруса ў стылі поздняга класіцызму на месцы згарэўшага храму.


Выгляд царквы нетрадыцыйны для праваслаўных будынкаў, і хутчэй нагадвае сваім выглядам каталіцкі касцёл, чым праваслаўную царкву.

Comments

( 4 comments — Leave a comment )
demarcos
Nov. 10th, 2016 09:10 pm (UTC)
Симпатична садиба
azarkinm
Nov. 11th, 2016 06:10 am (UTC)
Я бы назвала яе ўсё ж такі звычайнай з выгляду. Ёсць куды больш прыгожыя.
pravdaosele
Nov. 11th, 2016 08:10 am (UTC)
Неплохо сохранилась. Выглядит вполне прилично.
azarkinm
Nov. 11th, 2016 08:12 am (UTC)
Так, не дрэнна. Але чытала, што таксама патрэбен рамонт унутры. Вельмі патрэбен. Зараз у Дукорскім маёнтку столькі плошчаў, няхай бы раздзялілі музей на дзве часткі. Археалогію і яшчэ штосьці аддалі туды, а Бонч-Асмалоўскіх, з рэвалюцыйным мінулым і ХІХ ст. пакінулі тут. Можана яшчэ і закуток паўстання 1863 года зрабіць, так як дом належыў раней паўстанцу.
( 4 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Powered by LiveJournal.com