?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry



Пра гісторыю маёнтка Блонь, пра яго ўладароў, і гістарыныя этапы можна даведацца тут http://azarkinm.livejournal.com/174703.html. А зараз я б хацела распавесці пра жыццё апошніх уладароў маёнтка Блонь - Бонч-Асмалоўскіх. Пра іх рэвалюцыйныя памкненні, пра актыўную дзейнасць і веру ў патрэбнасць зменаў. Ці такой рэвалюцыі хацелі Бонч-Асмалоўскія для сваёй краіны?

Іосіф Аляксандравіч Бонч-Асмалоўскі (1831–1879) нарадзіўся ў заможнай сям'і, якая паходзіла са старажытнага роду Асмалоўскіх.

Бонч-Асмалоўскія з'явіліся ў ВКЛ яшчэ ў ХVI стагоддзе і тады ж атрымалі герб "Бонч", назву якога пачалі выкарыстоўваць як прыстаўку да прозвішча. У асноўным Бонч-Асмалоўскія валодалі землямі і прадпрыемствамі ў Магілёўскай і Чарнігаўскай губернях.


Бацька Іосіфа памёр калі было яму 12 год, таму станавіцца на ногі прыйшлося самастойна. А так як з'яўляўся яшчэ ён старэйшым сынам у сям'е, даводзілася дапамагаць двум братам і сястры. На службу ён паступіў у 1847 годзе, ва ўзросце 16 год, і да канца 1860-х дасягнуў высокіх пасад. Не маленькі штуршок для кар'ернай лесвіцы ён атрымаў у 1856 годзе з дапамогай шлюбу з Клемянцінай Піпенберг. Жонка мела нямецкія і італьянскія карані і нарадзіла яму сына Анатоля. Сям'я валодала дамамі ў Пецярбургу і Віцебску, Іосіф займаў пасаду дзейснага стацкага дарадцы, а яго родны брат у гэтыя ж часы быў у добрых адносінах з імператарам Аляксандрам ІІ. Усё гэта спрыяла дабрабыту і кар'ернай лесвіцы Іосіфа. Пасля паўстання 1863 года, на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай пачалі канфіскоўвацца маёнткі ўдзельнікаў паўстання. Маёмасць перахадзіла ў дзяржаўную скарбонку, а пасля распрадавалася ці даравалася лаяльным чыноўніка. Бонч-Асмалоўскаму атрымалася набыць ва ўласнасць па ільготным кошце маёнтак Блонь ва Ігуменьскім уездзе, які быў канфіскаваны ў Антона Асоўскага за ўдзел у паўстанні і ўжо некалькі год з'яўляўся ўласнасцю Расійскай імперыі.


Ведаючы, як цяжка дасягаць пасад без падтрымкі, Іосіф намагаўся даць сыну Анатолю лепшую адукацыю і адсылае яго вучыцца ў Пецярбург. Але там, малады Анатоль Бонч-Асмалоўскі (1857–1930) становіцца прыхільнікам ідэй народніцкага руху і далучыецца да таемнай арганізацыі "Зямля і воля", дзе знаёміцца з народнікамі Рыгорам Пляханавым, Мікалаем Марозавым, Мікалаем Цютчавым, Сафіяй Пяроўскай і займаецца агітацыяй ідэй сярод працоўных. У 1879 годзе "Зямля і воля" падзялілася на рэвалюцыйную "Народную волю" (выступала за палітычную барацьбу і тэрор) і лагодную арганізацыю "Чорны перадзел" (настойвала на працы з сялянамі і выступала катэгарычна супраць тэрору). Анатоль Бонч-Асмалоўскі застаўся на народніцкіх пазіцыях і далучыўся да "Чорнага перадзела". Менавіта гэта арганізацыя звяла яго пазней з жонкай Варварай Вахоўскай (1855–1929).


На момант знаёмства з будучым мужам, народніцкае жыццё Варвары Вахоўскай выглядала больш актыўным і захапляльным. Скончыўшы Камянец-Падольскую гімназію, яна працягнула вучобу на філасофскім факультэце ўніверсітэта Цюрыха. Там яна пазнаёмілася з анархістам Міхаілам Бакуніным і яго сябрамі-аднадумцамі Міхаілам Сажыным і Пятром Лаўровым, якія сярод рускай моладзі прапагандавалі ідэі народнікаў. У 1873 годзе найбольш актыўных маладых студэнтаў царскі ўрад прымусіў вярнуцца на радзіму, сярод іх была і Варвара Вахоўская. Пасля вяртання, яна ўсёроўна працягнула займацца распаўсюджаннем інфармацыі сярод сялян і працоўных, з'яўлялася актывісткай "Зямлі і волі". У1875 годзе, ва ўзросце 20 год, яна была затрымана паліцыяй за агітацыйную дзейнасць. Тры гады Вахоўская знаходзілася ў адзіночнай камеры і толькі ў 1877 годзе яе справу пачалі разглядаць. Гэта было звязана з пачаткам громкага працэсу над народнікамі, якія былі затрыманы ў перыяд з 1873 па 1877 гады. Суд увайшоў у гісторыю пад назвай "Працэс ста дзевяноста трох". Хаця афіцыйна было затрымана 4 тысячы чалавек, да суда было прадстаўлена 194 чалавека, але адзін з удзельнікаў працэсу не дажыў да яго сканчэння. "Працэс 193-х" увайшоў у гісторыю як самы буйны працэс і цягнуўся чатыры месяцы. За "хаджэнне ў народ" Варвара Вахоўская была прыгаворана да 3 гадоў пазбаўлення волі, а так як тэрмін папярэдняга знаходжання за кратамі залічваўся, то пасля сканчэння працэсу ва ўзросце 23 год яна была саслана пад наглядам паліцыі да бацькі ў Падольскую губерню, дзе была вымушана знаходзіцца пад апякунскім даглядам 2 гады, пакуль сябры з "Чорнага перадзела" не прыдумалі як знайсці выйсці са гэтай сітуацыі.

Варвара Вахоўская знаёміцца з актывістам "Чарнага перадзела" Анатолем Бонч-Асмалоўскім, які за актыўную пазіцыю быў выключаны ў 1879 годзе з універсітэта і пад наглядам паліцыі дастаўлены ў маёнтак бацькі. На момант знаёмтва з мужам у 1880 годзе, Анатоль ужо быў уладаром маёнтка. Бацька цяжка перажываў з-за рэвалюцыйнай дзейнасці сына і яго выключэння з універсітэта. Яго пасады і ўзнагароды не прыносілі плёну ў аднаўленні сына ва ўніверсітэце і не вытрымаўшы такога павароту лёсы, ва ўзросце 48 год Іосіф Бонч-Асмалоўскі памёр.


Да Анатоля пераходзяць маёнтак Блонь і яшчэ некалькі фальваркаў, але з умовай, якую ў тэстаменце паставіў бацька – яму забараняецца закладваць ці прадаваць маёнтак. Вось у такі перыяд, каб пазбавіць Вахоўскую апякунства бацькі Анатоль і Варвара ладзяць фіктыўны шлюб. Але праз некаторы час яны знаходзяць адзін у аднога агульныя погляды на палітычныя працэсы, з'яўляецца павага і каханне, у сям'е нараджаюцца дзеці.

Варвара і Анатоль застаюцца ў маёнтку Блонь, дзе займаюцца гаспадаркай і прыводзяць закінуты маёнтак у належны стан. Анатоль нават звяртаеца за парадамі да публіцыста-народніка, доктара хіміі, аўтара "Лістоў з вёскі", прафесара Аляксандра Энгельгардта, які ў свой час з-за студэнцкіх хваляванняў быў сасланы ў маёнтак Бацішчава і там на практыцы прымяняў свае веды па паляпшэнню сельскай гаспадарцы. Анатоль будуе ў маёнтку вятрак, крухмальны завод, завозіць племянны скот і выводзіць гаспадарку на належны ўзровень. А за пабытовым жыццём не забываецца і на свае з Варварай погляды – значную колькасць прыбытку яны ахвяруюць на палітычную дзейнасць.

У 1881 годзе Анатоль фінансуе з'яўленне ў Мінску падпольнай друкарні "Чорнага перадзела", у 1886 годзе спрабуюць адчыніць друкарню ў Канатоне (Чарнігаўская губерня). У 1891 годзе Варвара разам з васьмігадовай дачкой Ірынай едзе на поўдзень Расійскай імперыі, дзе адбываецца моцны голад і арганізоўвае там сталовыя для галадаючых. У 1882 годзе Анатоль будуе у Блоні двухкласную школу для дзетак сялян. Дарэчы, сваіх чатырох дзяцей Варвара і Анатоль таксама выхоўваюць на глебе народніцтва. Яны аддаюць іх у мясцовую школу дзе яны навучаюцца разам з сялянскімі дзецьмі, дапамагаюць сялянам у полі, а летам аддаюцца да іх на дзядзькаванне ў вёску.

Напрацягу дзесяці год, з 1891 па 1901 гады ў маёнтку Блонь дзейнічае сялянскі гурток самаадукацыі. Для сялян набываліся кнігі, праводзіліся сустрэчы і вечарыны, на якіх абмяркоўваліся палітычныя тэмы як унутры краіны, так і за яе межамі. Частымі гасцямі такіх сходаў былі сябры-народнікі Бонч-Асмалоўскіх, якія пастаянна гасцявалі ў Блоні.

Сітуацыя ў Расійскай імперыі ўсё больш і больш накальвалася, рэвалюцыйныя хваляванні ўзмацняліся і пры любых усплёсках народных настрояў у Мінскай губерні абодвух Бонч-Асмалоўскіх выклікаюць на допыт ў мінскую турму.

Анатоль Бонч-Асмалоўскі, 53 гады, 1910 год, фота з мінскай турмы.


Варвара Вахоўская, 55 год, 1910 год, фота з мінскай турмы.

Летам 1897 года Анатоль Бонч-Асмалоўскі становіцца адным з кіраўнікоў "Працоўнай партыі палітычнага вызвалення Расіі", яна была створана з тых сябраў, хто сыйшоў з БУНДа (буйная партыя, якая аб'ядноўвала габрэяў Польшчы і Расіі, дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы). Новаствораная партыя налічвала каля 200 працоўных-рамеснікаў, якія аб'ядноўваліся ў 40 гуткоў і займаліся адукацыяй габрэйскай моладзі. Праіснавала партыя да 1900 года.


Сыны Анатоля і Варвары. Слева направа: Глеб, Радзівон, Іван.

У 1901 годзе ў маёнтку Блонь адбыліся затрыманні ў сувязі з дзейнасцю сялянскага адукацыйнага гуртка. Анатоля Бонч-Асмалоўскага, разам з сынам Іванам арыштоўваюць і ссылаюць на пасяленне ва Усходнюю Сібір. Разам з імі па сваёй ініцыятыве паехала і дачка Ірына. Пасля сканчэння тэрміну зняволення ў 1904 годзе Варвара і Анатоль працягваюць палітычную дзейнасць, з'яўляюцца сябрамі Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), актыўнымі ўдзельнікамі рэвалюцыі 1905 года.

Анатоль разам з дачкой Ірынай

Падчас баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны, Варвара і Анатоль з'яджаюць у глыбь Расіі і там ствараюць арганізацыю дапамогі бежанцам з Беларусі. У тыя ж часы адбываецца і сямейны раскол. Бонч-Асмалоўскі збліжаецца з маладой эканомкай сям'і Лізаветай Новікавай, якая па ўзросту была маладзейшая за яго на 32 гады і нават маледзейшая за яго дачку. Ён сыходзіць ад жонкі, але застаецца жыць у Блоні, і пераязджае ў значна меншы дом.

1916 год. Анатоль Бонч-Асмалоўскі ў цэнтры.

У 1917 годзе Анатоль Бонч-Асмалоўскі з'яўляецца дэлегатам 1-га Усебеларускага з'езда, бярэ актыўны ўдзел у кааператыўным руху Мінска. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ён адмаўляецца ад маёнтку і ў 1926 годзе з'яджае ў Маскву разам з другой сям'ёй. Там жа ў Маскве, толькі ў пансіёне для пенсіянераў-рэвалюцыянераў жыла ўжо некалькі год Варвара Бонч-Асмалоўская.



Жыццё Бонч-Асмалоўскіх у Маскве было размеранае, Анатоль займаецца напісаннем і выданнем сваіх рэвалюцыйных успамінаў, выхоўвае дзяцей, якіх ад другога шлюбу ў яго трое - Вадзім, Леў і Іраіда. Памёр народнік-рэвалюцыянер у 1930 годзе, на 74 годзе жыцця, перажыўшы Варвару Вахоўскую на адзін год. Абодва былі пахаваны на Навадзевічых могілках, толькі ў розных месцах. Пасля Другой сусветнай вайны побач з Анатолем пахавалі яго другую жонку, а да Варвары падзахавалі дачку ад друга шлюба Анатоля Іраіду. Мёртвыя ж размаўляць не могуць, мёртвыя ж маўчаць.


У віхурах рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ стагоддзя жыццё дзяцей знакамітых рэвалюцыянераў-народнікаў склалася трагічна. Падавалася, што такім ідэйным рэвалюцыянерам было б лягчэй жыць пры бальшавіцкай уладзе. Але рухавік рэпрэсій закрануў і іх.


Іван Бонч-Асмалоўскі (1881–1969). Пад уплывам бацькоў далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці. Калі быў вучнем апошняга класа, быў сасланы разам з бацькамі ў Сібір за арганізацыю у Блоні нелегальнага сялянскага гуртка. Пасля вяртання ў 1904 годзе, з'ехаў на вучобу ў Цюрых і ўжо адтуль перасылаў бацькам нелегальную літаратуру. У 1905 годзе з'яўляўся адным з арганізатараў Усерасійскага сялянскага саюза. У 1906 годзе адзін з ініцыятараў стварэння ў Дзяржаўнай Думе фракцыі "Трудавікі", якая аб'ядноўвала сялянскіх дэпутатаў. Падчас І і ІІ Думаў з'яўляўся сакратаром фракцыі, пра дзейнасць якой пазней выдаў кнігу. Літаратура адразу была канфіскавана паліцыяй. Іван неаднаразова арыштоўваўся за сваю палітычную дзейнасці. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў служачым ва ўстановах Мінска і Масквы. Не вядома, шкадаваў ён пра тое, як на сям'е адбілася рэвалюцыя, але ў апошнія гады ён часта наведваў свае родныя мясціны, займаўся радаводам і перадаў некаторыя фатаздымкі музею ў Асмалоўцы.


Ірына Бонч-Асмалоўская (1882–1941). Як і старэйшы брат Іван гадавалася на народніцкіх ідэях бацькоў. Скончыла Пецярбургскі жаночы медыцынскі інстытут, дзе з'яўлялася актывісткай сацыял-дэмакратычнага гуртку. У 1901 годзе, падчас адной з маніфістацый была паранена і знаходзілася пад арыштам. Пасля суда над братам Іванам і бацькам па сваёй ініцыятыве паехала з імі ў Сібір. Пасля амністыі сваякоў з'ехала за мяжу для атрымання там адукацыі. Удзельніца рэвалюцыі 1905 года. У гады Першай сусветнай вайны працавала на фронце хірургам. З 1917 па 1922 гады – хірург 2-ой бальніцы Мінска. З 1922 года выкладала на кафедры шпітальнай хірургіі ў БДУ і Мінскага медыцынскага інстытута. Аўтар навуковых прац па хірургіі.

Сяргей Вржосек
Выйшла замуж за сацыял-дэмакрата Сяргея Вржосека, адваката па прафесіі, які паспяхова абараняў на судовых працэсах Леніна і Сталіна. Нарадзіла дваіх дзяцей і з 1933 года жыла ў Ленінградзе.


Радзівон Бонч-Асмалоўскі (1884–1938). Апошні з дзяцей-рэвалюцыянераў гэтай сям'і. Навучаўся ў сельскай школе разам са сваімі старэйшымі братам і сястрой. У 1905 годзе прымаў удзел у З'ездзе Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, за ўдзел у якім быў праз год затрыманы і прыгавораны да 3 год пазбаўлення волі. Спрабаваў здзейсніць уцёкі, але безпаспяхова. Пасля сканчэння зняволення вучыўся на Пецярбургскіх вышэйшых сельска-гаспадарчых курсах. Займаў пасады ў Ігуменьскім і Мінскім гарадскім харчовых камітэтах. У Савецкі перыяд з'яўляўся загадчыкам сельска-гаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР. Быў жанаты на дачцэ актывіста "Чорнага перадзела" Сяргея Каваліка (пахаваны ў Мінску на ваенных могілках) Марыі Кавалік.

Марыя Кавалік
Распрацоўваў пытанні развіцця кааперацыі і саўгаснага будаўніцтва на Беларусі. У 1930 годзе арыштаваны разам з Гаўрылам Гарэцкім і прыгавораны да 10 год выпрабаваўчых лагерных прац. Працаваў на будоўле Беламорканала эканамістам-планавіком. Дзякуючы добрым паводзінам вызвалены раней тэрміна. У 1938 годзе – эканаміст-планавік Чымкенсткага хімікфармзавода ў Казахстане. Там жа на заводзе працавала хімікам і яго жонка, якая пасля прысуда мужа паехала за ім у ссылку. У чэрвені 1938 года Радзівон быў паўторна арыштаваны і ўтрымліваўся ў яме, куды Марыя Кавалік кідала яму ежу. Радзівон быў прыгавораны "тройкай" да расстрэла (па іншым звесткам быў забіты на допыце) 10 кастрычніка 1938 года. Акрамя мужа ў Казахстане Марыя Бонч-Асмалоўская пахавала дваіх дзяцей і пасля 1939 года разам з адзіным сынам Сяргеем вярнулася ў Ленінград дзе жыла сям'я малодшага брата мужа.


Глеб Бонч-Асмалоўскі (1890–1943). Калі бацьку і брата ссылалі ў Сібір, яму было толькі 10 год, відаць таму ён адзіны з дзяцей Анатоля і Варвары, хто актыўна не займаўся палітыкай. Але калі ты не займаешся палітыкай, то палітыка займаецца табой. Глеб скончыў у 1920-я гады Мінскае камерцыйнае вучылішча, затым Петраградскі ўніверсітэт. З 1924 па 1930 гады працаваў асістэнтам кафедры антрапалогіі Ленінградскага ўніверсітэта. Разам са знакамітым гісторыкам Канстанцінам Палекарповічам займаўся вывучэннем стаянак палеаліта на тэрыторыі Гомельскай і Смаленскай абласцей, а на тэрыторыі Беларусі ім былі адкрыты знакамітыя стаянкі Юравічы і Бердыж. Падчас раскопак ў пячорах Крыма (1923 год) упершыню на тэрыторыі СССР знайшоў рэшткі неандэртальца. Але гэтая знаходка не парадавала кіраўніцтва, бо атрымлівалася, што бальшавікі прадстаўнікі неандэртальцаў, а ўся Еўропа вяла сваё паходжанне ад крэманьёнцаў. З-за гэтага адкрыцця Глеб працяглы перыяд знаходзіўся ў апале і ў 1934 годзе па ілжываму даносу, аб супрацоўніцтве з фашысцкімі арганізацыямі быў затрыманы і сасланы на 3 гады ў Варкуту. Пасля сканчэння тэрміну зняволення вярнуўся і жыў на хутары пад Ленінградам, бо меў забарону на пасяленне ў двух расійскіх сталіцах. Адстаяць сваё імя яму атрымалася толькі ў лютым 1941 года. Тады былі падпісаны ўсе дакументы аб рэабілітацыі і Глеб Бонч-Асмалоўскі здолеў атрымаць навуковую ступень доктара гістарычных навук без абароны дысертацыі. У 1942 годзе эвукуяваны з блакаднага Ленінграда ў Казань, дзе выкладаў у мясоцовым універсітэце і інстытуце, а таксама рыхтаваў да друку чарговыя манаграфіі. Памёр у Казані ў 1943 годзе. Яго праўнучка, Марына Бонч-Асмалоўская, расійская пісьменніца, зараз займаецца радаслоўнай роду, і актыўна супрацоўнічае з музеем у Блоні. Менавіта туды, яна перадала мэблю прадзеда, яго асабістыя рэчы, кнігі і стварыла ў Блоні пакой пачатку ХХ ст.



Дык ці такога лёсу хацелі народнікі Бонч-Асмалоўскія для сябе і сваіх блізкіх калі змагаліся за змены? Ці такой рэвалюцыі яны хацелі для сваёй краіны?

Comments

( 1 comment — Leave a comment )
batury
Nov. 11th, 2016 03:11 pm (UTC)

Магло быць i горш. Цiкава, дзяк

( 1 comment — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

June 2017
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Tags

Page Summary

Powered by LiveJournal.com