
Упершыню мясціны ўзгадваюцца ў 1567 годзе як сяло, якое належыла спачатку Есьманам, пасля Горскім ды Статкевічаў.

У Прылуках ў свой час існавалі дзве праваслаўныя царквы Траецкая і Успенская, каля сцен якіх знаходзілі свой апошні прытулак прадстаўнікі вядомых радоў – Агінскія, Статкевічы, Вішнявецкія (цэрквы да нашых дзён не захаваліся). Пасля Статкевічаў сялом валодаюць Іваноўскія, Прушынскія і Ашторп. Апошнім Прылукі прыйшлі з пасагам Людвікі Прушынскай, якая абралася шлюбам з Францішкам Ашторпам. Іх сын Леон Ашторп быў вельмі вясёлым, гасцінным ўладаром Прылук, пастаянныя прыёмы, вясёлыя імпрэзы несканчаліся, госьці маглі знаходзіцца ў палацы па некалькі тыдняў. Леону належыла таксама вёска Дукора, дзе быў размешчаны тэатр і карцінная галерэя.

Нажаль вясёлы Леон патануў у Свіслачы недалёк ад Дукоры ў 1850 годзе не пакінуўшы спадчаннікаў і маёнтак пераходзіць да яго сястры Людвікі, якая праз некаторы час становіцца жонкай Атона Гарвата. Пры Гарватах Прылукі па сапраўднаму расквітнелі.

Малюнак Напалеона Орды.
Атон заняўся перабудовай маёнтка ў прыгожы палац гатычнага стылю. Разбівае парк, закладае аранжэрэю, будуе вежу з гадзіннікам і кітайскую альтанку.

Атон Гарват

фота з globus.tut.by
У 1872 годзе Гарваты прадаюць Прылукі Эмерыку Гуттэн-Чапскаму (1828-1896), удзельніку Крымскай вайны, былому віцэ-губернатару Наўгародскай, Пецярбуржскай губерней, які на момант набыткаў займаў пасаду Дырэктара ляснога дэпартаменту.

У Эмерыка было двое сыноў, старэйшы Кароль і малодшы Ежы. З 1890-х гадоў ён перадае для жылля Прылукі малодшаму сыну Ежы Чапскаму (1861–1930) і яго жонцы Юзэфіне Караліне фон Тун-Гогенштэйн (1867–1903) дачцы вельмі ўплывовай сям’і Аўстра-Венгрыі.

Ежы Чапскі з жонкай і дачкой Леапальдзінай
Паўнавартым уладаром палаца Ежы становіцца пасля таго, як у 1894 годзе Эмерык Чапскі перадае ўсе справы малодшаму сыну і з’яджае ў Кракаў, а старэйшаму Каралю пакідае Станькава. Чаму такі не роўны падзел? Па логіцы і ўсім законам павінна было ўсё дастацца старэйшаму сыну ж? А справа ў тым, што Караль быў вельмі хворавітым, пастаянная цяжкія хваробы сталі аргументам для Эмерыка перадаць усе справы Ежы. Хаця, з цягам часу Караль ажаніўся, меў 5 дзяцей і быў 11 гадоў галавой (па сучаснаму мэрам) горада Мінска. Вось скажыце, хоць нехта з сучасных мінчан ведае пра гэта? Але вернімся да ўладароў Прылук, бо пра Караля Чапскага размова пойдзе ў маім расповядзе пра Станькава.

Маладая сям’я Чапскіх надала палацу новае жыццё. Для свайго новага дома набываецца новая мэбля, якую вязуць з Еўропы. На сцянах размяшчаюцца карціны Матэйка, Вейсэнгофа, Стахевіча, Косака. А ў залях можна было пабачыць прыгожае срэбра, фарфор з Саксоніі і Францыі.

Найбольш каштоўныя прадметы сям’і былі размешчаны ў 1914 годзе ў Мінскім банку на захаванне, дзе нажаль і зніклі. Палац у Прылуках лічыўся адным з самых прыгожых палацаў таго часу. Тут гасцявалі Чэслаў і Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда ды і шмат іншых вядомых дзеячоў і знакамітасцяў.

Так выглядаў палац у лепшыя свае часы. Вакол яго не было дрэваў з боку гары, тут размяшчаліся прыступкі па якіх можна было спусціцца ўніз. Адсутнасць дрэваў давала магчымасць палацу быць бачным здалёк.

У Ежы Чапскага была вялікая сям’я – 7 дзяцей – Юзэф, Леапальдзіна, Лізавета, Караліна, Марыя, Станіслаў і Роза.

Усё было цудоўна ў жыцці сям’і. Юзэфіна была сямейным чалавекам, усю сваю любоў аддавала дзецям і была шчасліва ад гэтага, але здарылася трагедыя. У 1903 годзе, падчас сваёй 8 цяжарнасці Юзэфіна памірае ва ўзросце 36 год. А гэта адно з апошніх фота зробленых у 1903 годзе, калі ўся сям'я яшчэ разам.

Пахавалі яе ў вёсцы Валчковічы, на мясцовых могілках, дзе ў 1904 годзе быў закладзены касцёл Маці Божай і Сэрца Іесуса, а на магіле ўсталявана вялікая піраміда з крыжом зверху. Фінансаваў будаўніцтва касцёла і гаспадарчых прыбудоў сам Ежы Чапскі. У 1930-я гады касцёл зачынілі, ў 1940-я мясцовыя жыхары разабралі яго на будоўлю пячэй ды дамоў, а ў 1960-я яе рэшткі былі ўзарваны. З прыходам Незалежнасці ў 1990-я гады на месцы касцёла быў усталяваны вялікі металічны крыж.

фота з сайта hata.by
Ежы Чапскі з сям’ёй жыў у палацы да 1917 года, а пасля рэвалюцыі з’ехаў у Польшчу, а затым у Рым.

У 1925 ён ажаніўся другі раз на Паліне Ахматавай дваранскага паходжання, якая таксама знаходзілася ўжо ў эміграцыі.

Памірае Ежы ў 1930 годзе ў Польшчы ў маёнтку дачцы Караліны і яе мужа Генрыха Пшэўлоцкага. А яго ўнук Ян Пшэўлоцкі праз 70 год пасля гэтага выдасць цудоўную кнігу-альбом са старымі фатаздымкамі беларускіх маёнткаў ХІХ ст., дзе будзе прысутнічаць не толькі сям'я Чапскіх.

У 1926 годзе, ў палацы Чапскіх здымаўся першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Каб ячшэ можна было пабачыць яго гэта сапраўды было б цудоўна. Хаця, як я даведалася сёння, гэты фільм быў выкуплены ў Расіі і нават адрэстаўраваны. Пару кадраў можна паглядзець пагэтай спасылцы.


Падчас Другой сусветнай вайны яго сын Юзаф Чапскі, сын Ежы і Юзэфіны, ваяваў у войску Супраціўлення і вызваляў Парыж, за што быў узнагароджаны ордэнам Пачэснага легіёну. У 1980-я гады ён даслаў у Нацыянальны мастацкі музей гравюру з выглядамі Мінска зробленыя ў 1940-я гады.

Падчас Другой сусветнай вайны ў будынку палаца Чапскіх знаходзілася рэзідэнцыя гаўляйтэра В.Кубэ. У 1944 палац быў часткова разбураны і адбудоўваўся ў пасляваенны час. За час баявых дзеянняў быў страчаны і парк па якім любілі гуляць не мала вядомых людзей ХІХ-ХХ стагоддзя.

Сямейнае фота, і лесвіца праз 100 год пасля гэтага.


Пасля аднаўлення палаца тут месцілася Мінская вопытная станцыя па барацьбе з каларадскім жуком пры Усесаюзным інстытуце абароны раслін, у 1971 годзе якая была перароблена ў Інстытут абароны раслін, які і зараз працягвае размяшчацца ў палацы.


Мы з задавальненнем паблукалі вакол палаца ў цудоўны восеньскі дзень, але мне падаецца гэта вандроўка будзе прыгожай у любы час, зімой ці летам. Тут заўсёды можна будзе найсці нешта прыгожае і сваеасаблівае.


Вандруючы па цікавым мясцінам Беларусі, так хочацца верыць, што такія помнікі архітэктуры чакае лепшае жыццё.

Так некалькі год таму, замянілі агароджу вакол палаца.
БЫЛО

ЗАРАЗ


І напрыканцы... давайце пазнаёмімся крыху з лёсам усіх дзяцей Юрыя Гуттэн-Чапскага.
Леапальдзіна (1887—1969) у 1905 годзе замужам за Леонам Лубаньскім (1861—1944) ад якога мела 4 дзяцей. Пасля смерці мужа ў 1945 годзе ва ўзросце 58 год выходзіць другі раз замуж за Аляксандра Гофмана (1890—1964).
Эльжбета (1888—1972). Нажаль замуж так і не выйшла.
Караліна (1891—1967) з 1919 года замужам за Генрыхам Пшаўлоцкім (1884—1981) мела 7 дзяцей. У яе маёнтку ў 69 год памірае Юры Чапскі. Сын Караліны і Генрыха - Ян Пшаўлоцкі выдаў кнігу "Навокал палацу і падворку" з сямейнымі і не толькі фатаздымкамі ХІХ ст ў 2009 годзе.
Марыя (1894—1981).

Вучылася ў Варшаўскім і Кракаўскім універсітэце. Пасля Другой сусветнай вайны жыла ў Парыжы і займалася вывучэннем і даследваннем Рэчы Паспалітай у ХVІ ст. Выдала некалькі кніг адна з якой “Еўропа ў сям’і”

дзе вельмі шмат распавяла пра сваю сям’ю, пра дзядулю і пра маёнткі ў Прылуках і Станькава.
Юзаф (Юзаф-Эмерык-Ігнат-Антон-Франц-дэ Паўла-Марыя) (1896—1993).

Скончыў юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбуржскага ўніверсітэту. Пасля Першай сусветнай вайны вучыўся мастацтву ў лепшых школах Варшавы ды Парыжа. 1 верасня 1939 года быў прызваны ў Польскую армію, а праз месяц патрапіў у палон на Украіне. У 1941 годзе быў вызвалены па пагадненню Польскага боку з Савецкім саюзам і ўступіў у войска Андэрса. Пасля вайны жыў недалёк ад Парыжу і займаўся мастацтвам.

Юзаф Чапскі. Блакітнае мора. 1955
Яго расповяды служылі адной з крыніц Анжэла Вайды пры здымках фільма "Катынь". Менавіта Юзаф даслаў гравюры ў Нацыянальны музей Беларусі ў 80-я гады.
Станіслаў (Станіслаў-Франц-дэ Паўла-Марыя-Герсан) (1898—1959) — ажаніўся ў 1929 з Верэн Наркевіч-Ёдкай (1909—1992), меў 3 дзяцей.
Роза (1901—1986) — у 1920 годзе выйшла замуж за графа Ігната Зіберг-Плятара (1893—1973). Мела 3 дзяцей.
P.S. Існуе паданне, што калі закладваўся парк вакол палаца, Юры Чапскі адмерыў 365 крокаў (колькі дзён у годзе) і загадаў тут размяшчаць браму. Ці так гэта? Даведвацца вам! Будзеце там, падлічыце.

---------------------------------
Пытанне.
А што не так з нашай фарбай? Чаму праз год ці два пасля фарбавання яна пачынае трэскацца, аблазіць і палац набывае выгляд бяздомнага. Яе што разводзяць нечым?
Comments
І вам дзякуй за наводку пра фільм. трэба будзе пашукаць.