AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ДУКОРА (Мінская вобласць)

Мястэчка Дукора, Мінскага раёна вядома ў нашай гісторыі з XVI cт як уладанне Кезгайлаў, затым перадаецца Завішам, Шэметам. Пераходзячы ад адных да другіх сваякоў у спадчыну, на рэшце рэшт у 1604 годзе патрапляе да сямейства Агінскіх. Апошнім уладаром Агінскіх быў тут Міхаіл Казімір (1730–1800), вядомы дзеяч і меценат ХVІІІ ст.


Шмат грошай выдаткоўваў на будаўніцтва кляштараў і ўтрыманне пры іх школ для дзяцей, пабудаваў Агінскі канал. Агінскаму належыў таксама і суседні маёнтак Смілавічы, пра які я ўжо распавядала ТУТ http://azarkinm.livejournal.com/120521.html.

Смілавічы

Калі ў Смілавічах арандатарам быў Станіслаў Манюшка, то ў Дукоры працаваў Францішак Ашторп, сын шведскага салдата войска Карла ХІІ, які пасля руска-швецкай вайны асеў на Міншчыне. Пра Манюшку і Ашторпа хадзіла шмат плётак дзе не магчыма было разабрацца ці праўдзяць яны. А ўсё віной рэзкае ўзбагачэнне двух радоў (Манюшка і Ашторп) пасля смерці Міхаіла Казіміра Агінскага ў 1800 годзе.

Міхаіл Казімір Агінскі.

Можна знайсці некаторыя сцвярджэнні, што праўдамі і не праўдамі два арандатара, Манюшка і Ашторп, атрымалі ад Агінскага яшчэ пры жыцці значную частку грошай, а пасля яшчэ і ў спадчыну пасля яго смерці. І падкінуўшы манетку падзялілі паміж сабой два маёнткі з вёскамі. Манюшке дасталіся Смілавічы, а Ашторп атрымаў Дукору, якія знаходзяцца ўсяго ў 8 км адзін ад аднаго. Астатнюю частку грошай Агінскага была перададзена ў спадчыну сваяку памерлага – Міхаілу Клеафасу Агінскаму, будучаму вядомаму кампазітару ХІХ ст, які напісаў знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Міхаіл Клеафас Агінскі.

Так як у Смілавічах на момант падзелу маёнткаў знаходзіўся касцёл, то каб не было варожасці паміж суседзямі Манюшка пабудаваў касцёл і ў Дукоры.

Ашторпам таксама належыў і маёнтак Прылукі, якія атрымаў Францішак як пасаг пасля вяселля з Людвікай Прушынскай.

Прылукі http://azarkinm.livejournal.com/112595.html

Так як Францішак меў вопыт кіравання гаспадаркай і яна была для яго як родная, то і за працу аднаўлення ўзяўся па поўнай. За кароткі час вывеў яе на належны ўзровень і мадэрнізаваў, грошай жа на гэта пасля смерці Агінскага хапала. У канцы ХVІІІ ст. пачынае будаваць палац і закладваць парк. Палац будуецца у стылі класіцызму, двухпавярховы з чатырохкалонным порцікам. Пазней былі дабудаваны па бачах дзве прыбудовы, якія былі з вялікімі вокнамі і выкарыстоўваліся як аранжэрэя і зімовы сад гаспадарамі. У правым крыле палацу размяшчалася дамавая капліца.

Палац у Дукоры. Малюнак Н.Орды.

Пасля смерці Францішка, маёнтак адыходзіць да сына Лявона Ашторпа (1786-1851), сапраўдны стацкі дараднік, камандор Мальтыйскага ордэна і кавалер розных ардэноў (св.Ганны І і ІІ ступені, св.Уладзіміра ІV ступені, св.Станіслава І ступені ў 1834 годзе, св. Іаана Іерусалімскага камандор).Падчас вайны 1812 года выступіў на баку Напалеонаўскай арміі ў спадзяванні вяртання ВКЛ, але пасля капітуляцыі французскага імператара атрымаў прабачэнне ад Аляксандра І за ўдзел у вайне не на тым баку і быў прыняты нават на дзяржаўную службу. Быў Мінскім губернскім маршалкам (1823–1847) і Ігуменскім ўездным маршалкам на працягу 15 год.


Лявон быў вельмі гасцінным і вясёлым гаспадаром Дукоры і гэта пра яго вы можаце знайсці тысячу расповядаў і паданняў, яго вобраз можа стаць такім жа знакамітым як і імя Пане Каханку, было б толькі жаданне ў нашых людзей. Дык чым жа ён так увайшоў і гэтыя паданні? Яго госці маглі месяцамі жыць у палацах Лявона, на столькі ён любіў гасцей. Часта пасяліўшыся ў Прылуках яны ездзілі на канях у Дукору, дзе знаходзілася карцінная галерэя і тэатр (працаваў з 1823 па 1846 гады). Для забаў тых жа гасцей Лявон меў вялікі арсенал прыслугі (каля 100 чалавек), а музычны салон лічыўся найлепшым на былых прасторах ВКЛ. Да забаў гаспадара адносілася і такая – як толькі ў Дукоры даведваліся, што Лявон едзе ў маёнтак, збіраўся аркестр і граў каля брамы любімыя песні Ашторпа, каб вяртанне для яго было прыемным. Але нягледзячы на свой вясёлы нораў ён праслыў і даволі грубым і жорсткім чалавекам (хадзілі плёткі, што за любую правіннасць мог і забіць) з-за гэтага меў шмат ворагаў, таму трымаў каля сябе вялікую колькасць целаахоўнікаў.


У Лявона была яшчэ адна цікавая калекцыйная страсць – коні. На сваім Дукорскім заводзе вырошчваў цудоўных каней розных парод, сярод іх можна было сустрэць і арабскіх, і ангельскіх, і арлоўскіх, агулам налічвалася больш за 300 галоў. А з найбольшымі сваімі любімцамі замаўляў карціны, якія і насілі назвы клічак каней – Тайран, Арбес, Зара і г.д.. У палацы была створана заля прысвечаная каням з калецыі Ашторпа. А самі пітомцы выкарыстоўвалісяў розных гуляннях і забавах для гасцей. Рабіліся і заезды на хуткасць у маёнтку. Пасля смерці яго калекцыя каней перайшла да сястры ды зяця Атона Горвата і пераехала ў Прылукі.

у нэце знайшла фотасесію з назвай "Княжна Ашторп"

У 1851 годзе падчас адной з вясёлых зімовых забаў сані з Лявонам і гасцямі праваліліся пад лёд Свіслачы. Выжылі ўсе акрамя вясёлага гаспадара. На гэта няшчасце паэт-гумарыст Легатовіч напісаў “…смерць Ашторпа ў Дукоры зробіць вялікія змены: спадары перастануць піць, а мужыкі пачнуць есьці…”. Кажуць, што ўсё гэта адбылося якраз перад прыездам гасцей, таму госці ехалі на святочную вячэру, а прыехалі на памінальны стол.


А так як спадчаннікаў Лявон не меў, то маёнтак пераходзіць да яго сястры Леакадзіі Ашторп, жонкі … Сенажацкага. Прылукі ж перахозяць яшчэ да адной сястры Людвікі Ашторп, якая праз некаторы час абралася шлюбам з Атонам Горватам. (У гістарычных крыніцах па рознаму называюць гэтых двух дзяўчат, то сёстрамі, то дочкамі.)

А гэта відыё-макет палаца.

Усе Ашторпы былі пахаваны ў Дукорскім прыхадскім касцёле, які пасля паўстання 1863 года быў перададзены праваслаўнай царкве. І ў 1880 годзе Леакадзія Сенажацкая, народжаная Ашторп, загадала нягледзячы на гэта пахаваць сябе каля сваіх сваякоў. Пасля Другой сусветнай вайны будынак царквы аддацуць пад жылое памяшканне, і толькі ў 1990-я вярнуць вернікам, ды і тое праваслаўным.

2013 год.


2005 год. фота www.globus.tut.by


У 1874 годзе маёнтак Дукора Сенажацкія прадаюць Канстанціну Гартынгу (1821–1891), выхадцу з галандскай сям’і, адстаўному расійскаму палкоўніку, які вырашыў асесці на Міншчыне. Вядома такую змену ўлады вельмі дрэнна ўспрыняла каталіцкая шляхта. Гартынгі да мозгу касцей былі прарасійскімі дваранамі. Але сітуацыю справабавала выправіць жонка Канстанціна Юзэфа Несялоўская, якая была добрай гаспадыняй ды і каталічкай. З Гартынгамі звязаны новы росквіт маёнтка, які прыйшоў у запусценне пасля апошніх уладароў. Пачынаецца ўпарадкаванне парка навокал палаца. З’яўляюцца кляновыя, ліпавыя і вербныя алеі. А ўязная алея складалася з клёнаў, вербаў і была даволі вузкая, усяго 8 м шырынёй.


На самым уездзе ў маёнтак знаходзілася каменная брама з вежай. Якая да апошніх год прастаяла ў паўзруйнаваным стане, а зараз аднаўляецца. Сама вуліца ўжо вядома згублена канчаткова для Дукоры, але спроба мясцовай улады адрадзіць гістарычную спадчыну выклікае толькі пашану. У планах стварыць навокал і гатэль і забаўляльныя ўстановы для адпачынку… Галоўнае каб казіно туды не запіхнулі (што апошнім часам становіцца модна рабіць).




Дык вернімся да брамы. На першым паверсе тут вісеў звон, на другім быў усталяваны гадзіннік. А насамым версе на шпіле была ўсталявана гербавая харугва. (цікава ці аднаўляць яе зараз, і з якой выявай).



мясцовая моладзь ужо і графіці паспрабавала зрабіць на незакончаным будынку.

Планіроўкі пляцоўкі каля палаца не захавалася. Паляна з елкамі паніжалася пакрыху і падводзіла да ручая з сажалкай. Дно якой было выкладзены дубовымі пляхамі. Вакол сажалкі раслі клёны, ліпы ды таполі.

фота [Bad username: lililovem5]

У палацы яшчэ былымі гаспадарамі сабрана вялікая бібліятэка на польскай, лацінскай і рускай мовах, а таксама вялікая калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама захоўваліся рукапісы і сямейныя архівы Агінскіх, Ашторпаў і Гарцінгаў. Яшчэ адна асаблівасць продажу ў тыя часы, дамы ў асноўным прадаваліся з усёй маёмасцю, часамі былыя гаспадары нават пакідалі сямейныя рарытэты ў сваіх уладаннях.


У 1891 годзе маёнтак Дукора пераходзіць да сына Канстанціна – Антона Гартынга (1856–1904), гусарскага афіцэра, жанатага на Вандзе Дзерналовіч. З Антонам звязаны грунтоўныя змены палаца і парка. Так былі прыбраныя скульптуры з парку, якія ставіліся яшчэ пры Ашторпах і Сенажацкіх. Некаторыя пакоі палаца былі поўнасцю зменены і прыбрана ў іх першапачатковая ляпніна.

Макет планіроўкі Дукорскага палаца.

Антон з Вандай не мелі дзяцей і ў 1904 годзе маёнтак пераходзіць да брата Станіслава Гартынга (1855–1913), палкоўніка Расійскай арміі, які загінуў падчас Першай сусветнай вайны. Станіслаў быў выхаванцам Мікалая ІІ. Скончыў Пажэўскі Яго Вялікасці корпус ў 1873 годзе, а затым пераведзены ў лейб-гвардзіі Гусарскі полк. З-за вялікай любові і пашаны да імператара вельмі спадзяваўся калісьці пабачыць у сваім маёнтку і рускага цара, таму тут была зроблена адмысловая царская заля. На падлозе якой знаходзіўся шыкоўны паркет выкладзены малюнкамі раслін і трапічных жывёл, на столі былі намаляваны міфалагічныя героі. Адна са сценаў была цалкам люстэркавая, а на іншых віселі карціны знакамітых мастакоў, сярод якіх былі творы Францішка Смуглевіча і Яна Дамеля. Апошні быў добрым сябрам былага ўладара маёнтка, Лявона Ашторпа, які меў вялікую калекцыю карцін мастака (аж 14). З гэтых карцін Станіслаў вылучыў для агляду ў царскай залі дзве – “Павел які вызваляе з вязніцы Касцюшку” і “Аляксандр, які падпісвае ў Вільні ў 1812 годзе амністыю” якія паказвалі гуманнасць расійскага імператара. У 1919 годзе карціны будуць вывезены ў Варшаву апошнім уладаром Дукоры і застануцца ў Мастацкім музеі.

Павел вызваляе з вязніцы Касцюшка.

Станіслаў у 1912 годзе пачаў будаўніцтва ў Дукоры новай капліцы, прызначанай для пахавання усіх Гартынгаў розных веравызнанняў.

Апошнім уладаром Дукоры быў Георгі Гартынг (1899–1972), ён пайшоў шляхам бацькі і скончыў Пажэўскі корпус, карнэт лейб-гвардзіі Гусарскага палка. Удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. У 1918 годзе з’ехаў у Францыю. У эміграцыі працаваў на чыгунцы. Дзеяч аб’ядноўвала рускую моладзіць у эміграцыі, якую некалькі год узначальаў. У 1950-я гады выступаў на вечарынах у якасці канферансье. Сябра Гвардзейскага аб’яднання, сакратар Аб’яднання лейб-гвардыі Гусарскага палка, сябра Саюза пажэй, сябра Саюза рускіх дваран.


Прыгожы палац, з якім так шмат звязана гісторый і імёнаў нашай Бацькаўшчыны пасля 1918 года быў перададзены мясцовай школе. У Другую сусветную вайну палац быў узарваны партызанамі, а ў 1960-я гады на яго падмурку была пабудавана новая Дукорская школа.

фота lililoveme
Спадзяванняў на рэстаўрацыю, нават і ў такой адвольнай форме, якая адбываецца зараз у нашай краіне, не існуе.



А зараз радавод Гартынгаў.

(калі трэба некаму вялікі фармат радавода для нейкіх мэтаў, звяртайцеся, будзем разглядаць патанне гэта).
Tags: Агінскі, Ашторп, Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Гартынг, Завіша, Мінская вобласць, Мінскі раён, Радаводы, Шэмет
Subscribe

  • Як шмат сяброў вярнулася...

    Даўно не была тут, а як пагляжу дык зусім даўно і не пісала ў ЖЖ. А тут зайшла, і пабачыла, што столькі сяброў вярнулася зноўку пісаць. Падчысціла…

  • ДРЭВА ПРОДКАЎ

    Ці цікавіцеся вы сваімі прашчурамі? Збіраеце звесткі пра тое кім былі вашыя прадзядулі, стрыечныя браты бацькоў і вашыя? Ці ведаеце вы на якой…

  • Бэзавае воблака водару ў Батанічным садзе Мінска

    Калі вам падабаецца водар бэзу, то раю паспець у гэтыя выходныя атрымаць асалоду ад шпацыру па Батанічнаму саду Мінска. Знайсці разнакаляровы…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 16 comments

  • Як шмат сяброў вярнулася...

    Даўно не была тут, а як пагляжу дык зусім даўно і не пісала ў ЖЖ. А тут зайшла, і пабачыла, што столькі сяброў вярнулася зноўку пісаць. Падчысціла…

  • ДРЭВА ПРОДКАЎ

    Ці цікавіцеся вы сваімі прашчурамі? Збіраеце звесткі пра тое кім былі вашыя прадзядулі, стрыечныя браты бацькоў і вашыя? Ці ведаеце вы на якой…

  • Бэзавае воблака водару ў Батанічным садзе Мінска

    Калі вам падабаецца водар бэзу, то раю паспець у гэтыя выходныя атрымаць асалоду ад шпацыру па Батанічнаму саду Мінска. Знайсці разнакаляровы…