?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Смаргонь, раённы цэнтр Гарадзенскай вобласці, упершыню ўзгадваецца ў 1503 годзе як уладанне Юрыя Зяновіча (1450–1516), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, намесніка браслаўскага, смаленскага, магілёўскага, маршалка пры двары Сігізмунда І Старога. Быў жанаты з прадстаўніцай рода Осцікавічаў. Нічога не кажа гэты род вам? Правільна, бо тады ён яшчэ называўся так, па першаму прадстаўніку рода, але праз некаторы час гэты род пачнуць называць… Радзівіламі, і будзе гэта яшчэ пры жыцці Юрыя Зяновіча. Пры Юрыі сям’і пачалі належыць Смаргонь, Паставы, Глубокае, Чурлён, Вішнева.

Смаргонь на той час было маленькім мястэчкам, а напрацягу ўсёй сваёй 500-гадовай гісторыі змяніла некалькі ўладароў – Зяновічы, Радзівілы, Агінскія, Пшэздзецкія. Да ХІХ ст. мела крыху іншую назву – СмУргонь. А яшчэ на ўсіх прасторах ВКЛ ведалі выдатныя Смаргонскія абаранкі, рэцэпт іх згублены на сёння, і мы толькі можам даведацца з літаратуры, што былі яны такія смачныя і цудоўныя, што маглі па некалькі тыдняў не сохнуць. Асаблівай папулярнасцю дарэчы смаргонскія абаранкі карысталіся на свяце Віленскіх Казюкоў. І яшчэ адна назва звязана з горадам – “Смаргонская акадэмія”, так жартаўліва называлі лоўлю і дрэсіроўку мядзведзяў Радзівіламі, якая адбывалася ў Смаргоні. Мядзедзяў навучалі 6 год, а пасля з павадырамі адсылалі на заробкі па Еўропе, а на зімку настаўнік з вучнем вярталіся да хаты.

З архітэктурных помнікаў, якімі была багата Смаргонь, да нашых часоў застаўся… АДЗІН.
Касцёл Св.Мікалая Архіанёла, будаваўся як кальвінійскі збор яшчэ пры ўладанні мястэчкам Зяновічамі.


Зараз хуценька распавяду пра гэты род, бо ў вандроўках мы яшчэ не сустракаліся з іх уладаннямі.

Сам род меў пачатак ад сербскага ці малдаўскага "дэспота" (намесніка правінцыі), які пасля пачатку турэцкага нашэсця на Балканы напрыканцы ХV ст. ратаваўся ў Літве. Першы прадстаўнік рода, які ўзадваецца ў летапісах Літвы – Братоша (Братша), быў сябрам рады полацкага князя Андрэя Альгердавіча, паслом Літвы ў Ноўгарадзе, сябрам рады Вялікага князя Вітаўта. У 1410 годзе ўпершыню ўзгадваецца і яго сын Зянон, ад імя якога і з’явілася радавое прозвішча Зяновічы. Зянон, разам з бацькам Братшай у гісторыі ВКЛ узгадваецца ячшэ і падчас Грунвальдскай бітвы, дзе яны былі ваеводамі. У ХV ст. адна з ветак Зяновічаў перасялілася ў Маскву, дзе прозвішча атрымала форму – Зіноўевы. Але ўсе дзве веткі аб’ядноўвае агульны герб “Дэспот”.


Але вернемся да нашых, смаргонскіх Зяновічаў, і цудоўнага касцёла, які яны пабудавалі. Дык вось, Юры Зяновіч (1510–1583), унук першага Юрыя Зяновіча быў сапраўдным героям Вялікага княства. Удзельнік Лівонскай вайны 1558–1583, разам з Янам Хадкевічам па загаду Сігізмунда ІІ Аўгуста (памятаеце такога? той самы, які кахаў Барбару Радзівіл :-)) быў адпраўлены ў Лівонію для аховы мяжы. Прымаў удзел у бітве на рацэ Ула, дзе атрымаў раненне ў галаву, а яго атрады разам з атрадамі Саламарэцкага і Сапегі стрымалі першы моцны націск. Ужо праз 4 гады Юры ўзгадваецца у абароне Лепеля, за што і атрымаў горад у пажыццёвае карыстанне.Юры Зяновіч зрабіў Смаргонь сваёй галоўнай рэзідэнцыяй і, так як у свой час перайшоў у кальвінізм, пабудаваў у мястэчку драўляны сабор. А калі памёр, то быў пахаваны ў саборным склепе.


Яго сын Крыштаф Зяновіч (1540–1614), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, стараста чачэрскі, прапойскі, кашталян і ваявода брэсцкі. Удзельнічаў у вылучэнні Сігізмунда Вазы на трон Рэчы Паспалітай, у перамовах аб адмове эрцгерцагу Максіміліяна на польскі трон, падпісаў акт аб канфедэрацыі пратэстантаў і праваслаўных супраць Брэсцкай вуніі. Адкрыў у мястэчку папяровую фабрыку, якая друкавала цудоўную паперу з вадзянымі знакамі (з гербам “Дэспот”, які быў гербам роду Зяновічаў). Мястэчка ў 1609 годзе наведвае кароль Рэчы Паспалітай Сігізмунд ІІІ Ваза, што з’яўлялася далей вялікім гонарам Зяновіча. Пры Крыштафе быў пабадуваны ў 1610 годзе каменны сабор, які мы бачым у горадзе і зараз. Пры храме таксама была адчынена мясцовая школа, а пасля смерці ўладар Смаргоні перадаў храму сваю вялікую бібліятэку, якая налічвала некалькі тысяч кніг.


Яго сын, Мікалай Багуслаў Зяновіч (…–1621), стараста чачэрскі, прапойскі, кашталян полацкі. Перайшоў з кальвінізма ў каталіцызм. Загінуў падчас бітвы пад Хоцімам, калі яго войска разам з войскам Сапегі стрымлівала асноўны націск ворага ў вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй. На гэтым род смаргонскіх Зяновічаў па мужчынскай лініі прыпыняецца. Уладарамі мястэчка становяцца яго дзве дачкі Ганна ды Сафія. І разам з маці і бабуляй яны перадалі пасля смерці Мікалая Багуслава храм ва ўладанне каталікам . Храм быў асвечаны як Касцёл Св.Троіцы і належыў каталікам амаль 250 год.


фота з globus.tut.by
У 1866 годзе, пасля падаўлення паўстання Каліноўскага храм ператвараецца ў праваслаўную царкву Св.Мікалая (ну а што вы хацелі, пры якім цары пераводзілі, такое імя і атрымалі). Праваслаўныя валодалі будынкам нядоўга, але здолелі перабудаваць яго купалы і надбудаваць, хоць нечым нагадваючы праваслаўны шацёр зверху. У 1921 годзе сабор зноўку быў перададзены каталікам. Службы ў касцёле адбываліся і падчас Другой сусветнай вайны. Але ў 1947 годзе касцёл зачынены і ў будынку адчыняюць… краму. Пасля у намоленых мурах месцілася выставачная заля і музей. У гады атрымання незалежнасці Беларусі храм быў перададзены зноўку вернікам. І з 1990 года ён атрымаў назву, якую носіць і зараз – касцёл св. Мікалая Архіанёла. Пад касцёлам месціцца вялікі склеп дзе пахаваны Зяновічы, першыя ўладары Смаргоні, і на сённяшні дзень скляпенні дастаткова не вывучаны.


З-за пастаянных зменаў канфесій, але самае галоўнае - пры савецкай уладзе з-за рэстаўрацыі ў 1970 годзе, унутраны інтэр’ер храма быў канчаткова згублены. Таму зараз каталіцкая грамада вырашыла зрабіць вось такі новы, сучасны стыль. І, вы ведаеце, ён адрозніваецца ад тых, што мы звыкліся бачыць, але таксама моцна кранае.


Як я ўжо пісала, пасля смерці Мікалая Багуслава Зяновіча, Смаргонь пераходзіць да двух дачок Ганны ды Сафіі. Старэйшая Ганна Зяновіч, у 1628 годзе выходзіць замуж за Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла і як пасаг прыносіць мястэчка гэтаму роду. 170 год, мястэчкам валодаюць Радзівілы, якія да мястэчка не адносіліся, як да сваёй рэзідэнцыі, бо былі ж і лепшыя, таму Смаргонь увесь час здаецца, як арэндуемы маёнтак. Апошнім уладаром Смаргоні з роду Радзівілаў у 1790 годзе стаў чатырохгадовы Дамінік Геранім Радзівіл. Ён, а дакладней яго апекуны ў 1805 прадаюць маёнтак Багдану Агінскаму. Але той валадаў Смаронню нядоўга і ў 1810 годзе прадае мястэчка графу Каралю Пшэздзецкаму (1782–1832). У гады руска-французскай вайны Караль падтрымаў Напалеона і камандваў Нясвіжскім палком уланаў. У 1812 годзе ў горадзе спыняўся Напалеон, які зацвердзіў тут план свайго адступлення да Парыжу. Пасля вайны Караль Пшэздзецкі вяртаецца на радзіму, а ў 1816 пасяляецца ў маёнтку і займаецца гаспадаркай. У асноўным Караль займаўся вывядзеннем племянных каней і наладзіў вытворчасць экіпажа, які атрымаў назву “берлінка”. У падзеях 1831 года ён бачыць магчымасць аднаўлення Рэчы Паспалітай і прымае актыўны ўдзел у паўстанні, становіцца ваенным кіраўніком Ашмянскага раёна. Пасля падаўлення паўстання расійскімі вайскамі яго высылаюць у Прусію, дзе і ён і памёр, а на ўсю маёмасць Караля накладзены арышт. Смаргонь здаецца ў арэнду. Некаторы час арандатарам з’яўляўся брат Караля – Канстанцін Пшэздзецкі, які такім чынам спадзяваўся ўтрымаць маёмасць у сям’і да наступных судовых разбіральніцтваў. Але ўсе мары па вяртанні маёнтка Пшэздзецкіх скончыліся, калі ў 1842 годзе Смаргонь становіцца дзяржаўнай уласнасцю.


У 2000-я побач з касцёлам пабудаваны грамадскі цэнтр, дзе праходзяць навучэнні для каталіцкай моладзі.




За перыяд уладання Расійскай дзяржавай Смаргоні, у горадзе з’явіліся касцёл (які моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны і пасля быў канчаткова зруйнаваны)...

фота з radzima.org

...ды праваслаўная царква, зруйнаваная ў жахлівыя для гістарычных помнікаў часы Хрушчоўшчыны, гэта фота 1939 года.

фота з radzima.org

Пасля 1989 года ў горадзе было пачата будаўніцтва Спаса-Прэабражэнская царква, якая знаходзіцца недалёк ад касцёла, унутраныя працы вядуцца і зараз.




Капліца вобраза Божай маці была пабудавана ў 2000 гады каля лякарні і знаходзіцца на завулку Бальнічным, 13.


А яшчэ на могілках у Смаргоні размешчаны помнік 10-годдзя незалежнасці Польшчы.


На помніку высечаны даты 11.11.1918 і 11.11.1928.

Дата 11 лістапада 1918 года азначае дзень падпісання Версальскай дамовы і сканчэння Першай сусветнай вайны, у дамове прызнавалася поўная незалежнасць Польшчы і за кошт нямецкіх земляў краіна павялічвалася на 43 тыс.км2.

Знайшла інфармацыю, што ў польскія часы да помніка заўсёды збіраліся людзі на 3 траўня, дзень прыняцця канстытуцыі Рэчы Паспалітай у 1791 годзе, дарэчы першай у свеце (калі нехта не ведаў :-)), нават канстытуцыя ЗША была зроблена па гэтай канстытуцыі. Хаця як бачна, таблічка кажа, што гэта помнік загінуўшым польскім жаўнерам 1920 года.


Да 500-годдзя Смаргоні на цэнтральнай плошчы быў пастаўлены памятны валун.


Comments

( 22 comments — Leave a comment )
markiz_de_kiss
Aug. 13th, 2013 07:22 pm (UTC)
Быў жанаты на прадстаўніцы

Трэба пісаць "быў жанаты з прадстаўніцай"
azarkinm
Aug. 13th, 2013 07:25 pm (UTC)
дзякуй. :-)
futureal2006
Aug. 13th, 2013 08:35 pm (UTC)
Царкву ў Смаргоні зруйнавалі пры Хрушчове. Новы храм пачаты будаўніцтвам у 1989, завершаны пару гадоў таму, інтэр'ер яшчэ дарабляюць. Са старой царквы ў новую перанесены захаваныя вернікамі старажытныя абразы, у тым ліку два абразы 18 ст., якія першапачаткова знаходзіліся ў драўляным уніяцкім храме (які пасля 1839 г. быў асьвечаны як праваслаўная царква), а потым разам зь іншымі абразамі былі перанесены ў мураваную царкву пасля яе пабудовы (2-ая палова 19 ст.). Дарэчы, такая практыка захавання ўніяцкай спадчына досыць распаўсюджаная - пераканаўся сам падчас вандровак по Беларусі.
azarkinm
Aug. 14th, 2013 04:49 am (UTC)
пра царкву дзякуй за інфармацыю, бо на радзіме орг не знайшла нічога пра знішчэнне яе. А пра ўніятаў, нажаль такая практыка была, усіх перапісаць з уніятаў у праваслаўе, і пасля абразы забраць. :-(
(Anonymous)
Aug. 14th, 2013 08:31 am (UTC)
Чаму забраць - як вicелi у царкве, так i засталicя, пакуль бальшавiкi не прыйшлi... Увогуле, на вялiki жаль, пра унiятау вельмi мала дакладных зьвестак у сучаснай лiтаратуры.
futureal2006
Aug. 14th, 2013 11:15 am (UTC)
Чаму забраць - як вiселi яны у царкве, так i засталiся вiсець, пакуль бальшавiкi не прыйшлi...
А па унiятах i iх ролi у нашай гiсторыi, на вялiкi жаль, зараз вельмi мала дакладнай iнфармацыi нават у школьных падручнiках, таму i уяуленьне пра iх у большасьцi нашых сучасьнiкау толькi прыблiзнае.
budgawl
Aug. 13th, 2013 09:12 pm (UTC)
Вы паедзьде у Смаргонь
Там дзевушки - агонь!
(РСП, Смаргонь)
azarkinm
Aug. 14th, 2013 04:47 am (UTC)
ооо. вас на вершы прашыбла. :-))) былі там?
budgawl
Aug. 14th, 2013 08:15 am (UTC)
песня такая:)
там еще про могилев и дзержинск.
не был, собирался, но решил еще раз наведаться на полесье
futureal2006
Aug. 13th, 2013 09:16 pm (UTC)
А яшчэ ў Смаргоні самы жывадзёрскі герб сярод беларускіх гарадоў - мядзьведзь, які танчыць на распаленай рашотцы: менавіта такімі мэтадамі вялося "навучаньне" жывёлаў у Смаргонскай акадэміі...
azarkinm
Aug. 14th, 2013 04:47 am (UTC)
маглі бы яшчэ абаранкі даць у рукі. і тады ўся знакамітасць горада размясцілася б на гербе. :-)
futureal2006
Aug. 14th, 2013 11:03 am (UTC)
Дарэчы, шмат iнфармацыi па цэрквах ёсьць на сайце Наваградзкай епархii БПЦ (eparhia.by - приходы) - па храмах ёсьць кароткiя гiстарычныя зьвесткi, а таксама фота зьнешняга выгляду i iнтэр'еру, навiны i нават google maps з каардынатамi. Прадвiнутая такая епархiя :) Сьвятары таксама шмат цiкавага могуць распавесьцi пра свае храмы...


Edited at 2013-08-14 02:19 pm (UTC)
azarkinm
Aug. 14th, 2013 04:28 pm (UTC)
калі атрымліваецца вядома размаўляею са святарамі, але часта проста заяджаеш у мястэчка, глядзіш помнікі, і можа нават ніхто не патрапіцца. У мяне ў плане размоў са святарамі быў вельмі вялікі вопыт у Гародні, там настолькі цікава ўсё распавялі, і адбылося за адзін дзень у трох касцёлах такое. Вельмі прыемныя ўражанні застаюцца пасля гэтага. Хаця ў той жа час, у той жа Гародні амаль выгналі з царквы, бо яна закрывалася.
futureal2006
Aug. 15th, 2013 12:27 pm (UTC)
У гэтым пляне у мяне быу сьмешны выпадак у Чарнаучыцах пад Бярэсьцем - падыходжу да касьцёла 16 стагодзьдзя, пачынаю фатаграфаваць, аж раптам з суседняга дамка выбягае ксёндз i крычыць: "Почему фотографируете? Зачем? Кто разрешил?" Аказваецца, у яго камэры назiраньня устаноулены, каб сачыць за фатографамi! А вось у Чарнаучыцкай царкве такiх пытаньняу ня узьнiкла.

Edited at 2013-08-15 12:28 pm (UTC)
azarkinm
Aug. 15th, 2013 06:16 pm (UTC)
уразілі. і чым скончылася гісторыя з фатаграфаваннем? і чаму ён быў супраць здымкаў?
futureal2006
Aug. 16th, 2013 01:14 pm (UTC)
Што ён меу супраць - засталося загадкай. Але пасьля тлумачэньня, што я цiкаулюся гiсторыяй, здымаю для сябе, памягчэу, але у касьцёл не пусьцiу, бо зьбiрауся некуды ехаць. Гэта у мяне адзiны выпадак, калi забаранялi здымаць храм звонку.
PS: sorry за адсутнасьць у нескладовага, бо набiраю з работы, а тут няма беларускай раскладкi :( .
escargon
Sep. 4th, 2013 09:05 am (UTC)
За это лето уже раза два побыла в Сморгони - один раз даже в краеведческом и художественном музее - кстати краеведческий хорош, а в художественный, как по мне лучше не заходить. Кстати там недавно неплохой памятник Багушевичу в парке за костелом поставили.
azarkinm
Sep. 5th, 2013 03:31 am (UTC)
нажаль мы моцна не хадзілі па вакол касцёла, але буду ведаць на будучыню пра Багушэвіча. :-) дзякуй.
pan_dohva
Jan. 13th, 2017 09:27 am (UTC)
Дзякуй. Як заўсёды - вельмі цікава!
azarkinm
Jan. 13th, 2017 09:32 am (UTC)
А што гэта ты па архіву пайшоў? Відаць сабраўся ехаць?
pan_dohva
Jan. 13th, 2017 09:36 am (UTC)
У топе знайшоў? ))
azarkinm
Jan. 13th, 2017 09:50 am (UTC)
Прыкольна.
( 22 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com