AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

РУДАКОЎ (Гомельская вобласць)

Маёнтак Рудакоў належыў Вішнявецкіх, Ракіцкіх, Аскеркі (валодалі маёнтках з XVII да XIX ст.), Ваньковічам. Трэба сказаць, што ўсе гэтыя імёны, якія былі прыведзены вышэй не набывалі Рудакоў, а атрымалі яго ў спадчыну. Так Ізабела Ракіцкая выйшла замуж за Юрыя Аскерку і такім чынам прынесла маёнтак з пасагам. Іх сын Ігнаці стаў заснавальнікаў рудакоўскай веткі Аскеркі.


Далей землі Аскеркаў былі падзелены паміж іх двума дзецьмі – Уладзіслаў Аскерка (1793–1844), жанаты на Ядвізе Гечэвіч (1805–…) (дачка Мінскага губернатара http://azarkinm.livejournal.com/136559.html), атрымаў вёску Рудакоў з рэзідэнцыяй, а яго сястра Людвіка Аскерка – фальваркі Мокіш і Бабчын.


Першыя ўладары Аскеркі валодалі землямі і мелі тут звычайную драўляную сядзібу, нічым не прыкметную. Але напачатку ХІХ ст. быў пабудаваны нэагатычны палацык, які захаваўся толькі на малюнку Ігнація Урублеўскага. Над цэнтральным уваходам быў размешчаны шчыт з гербам Аскеркаў. Гэты будынак выкарыстоўваўся ў Рудакове як сямейная сядзіба да ХХ стагоддзя.


Уладзіслаў і Ядзвіга мелі дваіх сыноў. Найбольш знакамітым быў другі сын – Аляксандр Аскерка (1830–1911), скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт, ад бацькі ў спадчыну атрымаў маёнтак у Раеўшчыне Вілейскага павета. Сябра Мінскага губернскага камітэта па распрацоўцы рэформы 1861 года, удзельнік Віленскай археалагічнай камісіі. Друкаваў артыкулы на тэму адукацыі для сялян, выдаў беларускі буквар-катэхізіс “Элементаж для добрых дзетак католікаў” (1862). Актыўны удзельнік паўстання Каліноўскага 1863 года – увайшоў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыяй Літвы дзе займаў пасаду начальніка Вільні па вайсковых справах. Быў затрыманы і прыгавораны да смяротнага пакарання, але пасля прысуд быў заменены на ссылку на 15 год у Сібір.


За ім на катаргу паехала і нявеста Тэадозія Грабоўская. Там жа адбылося іх сціплае вяселле, якое правёў асуджаны за паўстанне ксёндз. Праз пару год катаргі Аляксандр атрымаў магчымасць вярнуцца ў еўрапейскую частку Расійскай імперыі (акрамя тэрыторыі Беларусі). І з 1872 года жыў у Варшаве, працаваў у рэдакцыі часопіса “Ateneum”. З 1885 па 1904 гады дырэктар філіі страхавога таварыства ў Вільні. Меў дачок Ядвігу (1872–1919), Соф’ю(1880–…) і Марыю(1878–1961). Пахавалі А.Аскерку на могілках Роса ў Вільні і як сведчылі сучаснікі, пахаванне апошняга прадстаўніка паўстанцкага ўраду на Літве ператварылася ў патрыятычную маніфестацыю, хаця паліцыя сваечасова выставіла паліцэйскія ды ваенныя кардоны. Праводзіць Аляксандра ў апошні шлях прыйшло вельмі шмат людзей. Дарэчы яшчэ адзін вельмі цікавы факт з біяграфіі Аляксандра Аскерка, ён з’яўляўся апекуном паэта Уладзіслава Сыракомлі.

(іменны гузік Аскеркаў)

Старэйшы сын Уладзіслава Генрых Аскерка (1827–1866) валодаў маёнткам у Рудакове пасля смерці бацькі з 1844 года. Ён таксама быў удзельнікаў паўстання Каліноўскага, але так як актыўныя баявыя дзеянні так і не дайшлі да Палесся, то такім чынам пазбегнуў пакарання і канфіскацыі маёмасці. У Генрыха не было сыноў і пасля яго смерці маёнтак пераходзіць да адзінай дачкі Алены Аскерка, якая выходзіць у 1884 годзе замуж за Станіслава Костку Ваньковіча, уладара Пэтэша, Підкуданьца і Зарэчча ў Віленскім павеце. Станіслаў Ваньковіч быў сябрам ІІ і ІІІ Дзяржаўных Дум Расійскай імперыі, старшыня Рады Рэгентскай на Украіне. Вельмі захапляўся аўтамабілямі і таму меў у сваім маёнтку ў Рудакове добры аўтапарк і на сваіх землях дзеля добрых аўтавандровак зрабіў цудоўныя дарогі. Таксама ёсць паданне, што аднойчы Станіслаў на ганку свайго дома знайшоў падкідыша, вырасціў хлопчыка і адправіў вучыцца на кухара. Продкі якога на сённяшні момант жывуць у Гомельскай вобласці і збіраюць групу энтузіастаў, якія збіраюцца захаваць рэшткі палаца ў Рудакове.


Пры Ваньковічах на пачатку ХХ стагоддзя пачынаецца будаўніцтва новага палаца з чырвонай цэглы ў стылі нэабарока. Датай сканчэння будаўніцтва лічыцца 1910 год. Сядзібны дом мае два паверхі і складаецца з трох карпусоў. А стары палац прыстастоўваецца Станіславам Ваньковіам пад афіцыну. Будынак быў спраектаваны і пабудаваны з усімі ноў-хаў таго часу. У палацы адразу было запланавана ацяпленне, хаця па традыцыі былі пастаўлены для антуражу і каміны.


У некаторых пакоях, якія выкарыстоўваліся для прыняцця гасцей быў пакладзены разнакаляровы паркет, а ў астатніх – звычайны. Мармуровай пліткай быў выкладзена вітальня, якая была аформлена ў паляўнічай тэматыцы з мядзведзямі, рогамі аленяў ды ласёў. Там жа знаходзілася і бронзавая скульптура Меркурыя. Сцены сталовай былі напалову абкладзены дрэвам тут размяшчалася цудоўныя разная мэбля ў стылі барока. А на сценах былі развешаны сямейныя партрэты. Цэнтральную частку сталовай займаў камін з чорнай кафлі. У будынку меліся – вялікая заля, з мэбляй у стылі часоў Людовічка XVI, “гарбатная” заля – аформленая ў стылі ампір для ціхіх гарбатных ды кававых цэрымоній, невялікая бібліятэка – збольшага мела калекцыю разнастайных нот.


У гаспадарчым комплексе былі пабудаваны – малочны завод, бровар і лесапільня. Ваньковічы ўтрымлівалі шпіталь, школы і дзіцячыя прытулкі, народныя чытальні ды клубы. На тэрыторыі Рудакова, гаспадары для сваіх патрэбаў пабудавалі тэнісны корт. Займаліся Ваньковічы выпускам дэсертнага масла, якое пастаўлялася ў Кіеў. А таксама на ўсім Палессі ведалі пра цудоўных каней якія выводзіліся ў Рудакове.


Прысядзібны парк быў яшчэ не канчаткова сфармаваны да 1917 года, хаця ў маёнтку мелася ірэгацыйная сістэма з каналамі і штучным возерам, у цэнтры якога знаходзілася самаробная выспа дыяметрам 40 м. Праз каналы былі перакінуты дэкаратыўныя масты. У парку было высаджана даволі шмат дрэваў конскага каштана, чэрэмшатага дуба. Асобнае месца займаў фруктовы сад для гаспадарчых патрэб. І хаця адносіны памешчыка з сялянамі лічылася нармалёвым, абстаноўка ў рэгіёны была даволі калёная. Тут жылі жорскія і наравітыя Аўрамавы ды Ястржэмбскія (чытаем пра Ястржэмбскіх тут http://azarkinm.livejournal.com/135303.html і пра Аўрамавых тут http://azarkinm.livejournal.com/133929.html ).


І сяляне Ваньковічаў таксама выкарысталі момант агульнага хвалявання ў 1905 годзе, каб крыху папасаваць нервы сваім гаспадарам. На рэвалюцыйнай хвале яны вырашылі захапіць панскі маёнтак і ім гэта ўладося зрабіць на некалькі дзён, пакуль з Гомеля на ўціхамірванне бунтаў у Хойніках ды Барысаўшчыне не прыехалі войскі. Сяляне Рудакова, за некалькі дзён самадурства здолелі з панскага пруда вылавіць усю рыбу, а таксама разнесці па хатах некаторыя гаспадарскія запасы. І ўсё гэта нягледзячы на тое, што некалькі разоў Ваньковічы дапамагалі ім у цяжкія гады зернем засяваць палі.


Другая сусветная вайна палац не закранула. Пасля вайны тут размяшчалася вучэльна, а на тэрыторыі комплекса была размешчана машынатрактарная станцыя. За тое вялікія разбурэнні нанесла палацу Чарнобыльская трагедыя.


У нашы дні палац знаходзіцца ў паўразбураным стане, а вакол буяе лясны масіў. І не дзіва, усяго ў пару кіламетраў знаходзіцца мяжа адсялення. Неяк я на гэта не разлічвала, а калі даехаўшы да мясцінаў і зазірнуўшы на мапу мы зразумелі, што знаходзімся ўсяго лічыце ў пару кіламетраў, а тое і метраў ад мяжы высялення паніцы дзяцей не было мяжы :-). Таму калі атрымаецца заехаць у Рудакоў без сваіх спінагрызаў то скарыстаемся гэтай магчымасцю, для таго каб больш даследваць сядзібу.


Нажаль Хойніцкі райвыканкам не збіраецца рэстаўраваць былы палац Ваньковічаў, бо гэта лічыце зона адсялення і нікому рэстаўрацыя там не патрэбна. Хаця некалькі год таму прыяджала ў радавы маёнтак праўнучна Станіслава Ваньковіча – Аляксандра Ваньковіч-Ален, і выказала жаданне вярнуць сямейны маёнтак для далейшага аднаўлення, але атрымала адказ.


Чакаем змены ўлады?

Паводле інфармацыі
www.pawet.net, www.interfax.by, www.votpusk.ru, www.hoiniki.by, hojniki.ucoz.ru
а таксама
Федарук А.Т., Старинные усадьбы Минского края.
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej
і іншых інтэрнэт крыніц
Tags: Аксерка, Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Ваньковіч, Вішнявецкі, Гомельская вобласць, Ракіцкі, Хойніцкі раён
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 11 comments