?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Мястэчка Шчорсы, Наваградскага раёна зразумела атрымала сваю назву не дзякуючы савецкаму герою Мікалаю Шчорсу, а было вядома ў гісторыі яшчэ значна задоўга да яго. З 1471 года мястэчка пазначана ў Метрыцы ВКЛ як уладанне Храптовічаў, але першы раз узгадваецца ў сувязі з іншай падзеяй на землях Наваградчыны – будаўніцтва Войшалкам Лаўрышэўскага манастыра ў 1265 годзе. Храптовічы ўладарылі Шчорсамі напрацягу 468-мі год – да 1939 года, калі тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад БССР і адбылася нацыяналізацыя зямель.


Храптовічы – даволі знакаміты род на абшарах ВКЛ. Напрацягу шматлікіх пакаленняў яны далучалі і павялічвалі свае землі. Для гарадзенскай лініі Храптовічаў радавым маёнткам увесь час з’яўляліся Шчорсы.

Першапачаткова ў розных хроніках прозвішча ХраБтовіча пісалася праз Б, а пасля з цягам часу было заменена на ХраПтовічы.


Росквіт Шчорсаў адбываецца ў ХVIII стагоддзі, калі тут жыў Іахім Храптовіч.


Нарадзіўся Іахім Храптовіч у маёнтку Ясенец (Наваградскі павет) ў сядзібе дзядулі па матчынай лініі. Адукацыю атрымаў па меркам таго часа вельмі добрую і пасля сканчэння ўніверсітэта нейкі перыяд служыў у войску. 11 снежня 1766 года ў Варшаве 37-гадовы Іахім Храптовіч пабраўся шлюбам з дачкой падкацлера літоўскага Антонія Пшаздзецкага – Канстанцыяй.

ПАЛАЦ
Амаль адразу пасля шлюбу пачынаецца цяжкі перыяд для Храптовіча, унутраныя дзяржаўныя супярэчнасці прымушаюць яго адыйсці ад кіруючых пасадаў. У гэты час ён займаецца радавым маёнткам у Шчорсах, які пераходзіць да яго ў 1766 годзе пасля смерці бацькі. Акрамя Шчорсаў у спадчыну Іахім атрымаў Зэмбін ў Мінскім павеце, Пышны ў Полацкім ваяводстве, Халопечы ў Аршанскім павеце і іншыя, пазней набыў Бешанковічы і Пачаевічы ў Полацкім павеце, Грыцкавічы і Нежыцы ў Аршанскім павеце, Вішнева і Славенскі ў Ашмянскім павеце, трымаў у закладзе Няглевічы ў Наваградскім павеце.
У 1770 годзе ён наймае на той час вядомага архітэктара Джузэпе дэ Сако, які пабудаваў у Варшаве склеп для жонкі французскага караля Людовіка ХV Марыі Лышчынскай. На тэрыторыю ВКЛ архітэктара запрасіў Антоній Тызенгаўз для будаўніцтва шэрагу дамоў у Гародне, а далей ўжо праца італьянца заладзілася па ўсёй краіне. Пачалося праектаванне палацаў для заможнай беларускай шляхты. Джузэпе спланаваў увесь Шчорсаўскі сядзіба-паркавы комплекс, інтэр’ерным аздабленнем займаўся Карл Спампані, а будаўнічымі працамі кіраваў Ян Гарбрыэль.


Надпіс, які можна бачыць на фасадзе палаца на старых фатаздымках, з’явіўся на будынку толькі ў другой палове ХІХ ст. і перакладаецца як “Мір і свабода”.


Памяшканні былі аформлены штучным мармурам і багата аздоблены рознай ляпнінай, некаторыя залі былі аформлены ў грэцкім стылі з іанічнымі калонамі. Апошні паверх займала карцінная галерэя, якая налічвала каля 100 карцін. Першапачаткова шматлікая бібліятэка Храптовіча таксама месцілася на апошніх паверхах палаца.

Каля палаца быў збудаваны фантан. Ужо ў ХVIII ст. уладары палаца мелі вадаправод, бо рэшткі керамічных труб былі знойдзены пры археалагічных раскопках палаца ўжо ў ХХ ст.

Уязная алея сканчалася брамай з вялікімі чугуннымі кратамі на якіх размяшчаўся радавы герб “Адрывонж”. Брама была збудавана ў барочным стылі.


Навокал палаца плошчай 40 га разбіты пейзажны парк у англійскім стылі з каскадам сажалак і плацін.

На палітычную сцэну Храптовіч вяртаецца толькі ў 1773 годзе, калі прызначаецца падканцлерам літоўскім. Пасля скасавання ў 1773 ордэна езуітаў разам з іншымі аднадумцамі парапанаваў перадаць усю маёмасць ордэна ў Рэчы Паспалітай у фонд развіцця адукацыі, і ў гэтым жа годзе ім быў прапанаваны праект стварэння адукацыйнай камісіі. Пасля яго зацвярджэння Іахім быў прызначаны камісарам дэпартамента Віленскай акадэміі школаў ВКЛ. За 20 год дзейнасці на пасадзе дэпартамент дамогся павелічэння колькасці школ розных узроўняў у краіне. Таксама навучанне перастае быць рэлігійным і становіцца больш свецкім.

У 1793 годзе становіцца Канцлерам ВКЛ, але праз нейкі час складае з сябе паўнамоцтвы з-за палітычнага стану ў краіне, кепскага здароўя і з’яджае на лекаванне ў Аўстрыю. Пасля сыхода з пасады кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Панятоўскі ўзнагароджвае Храптовіча Ордэнам Белага Арла за заслугі перад Айчынай. Пасля вяртання з лячэння ў 1795 годзе Храптовіч пасяляецца ў Варшаве і часта наведваецца ў Шчорсы.
Іахім Храптовіч пісаў вершы, артыкулы на сельска-гаспадарчыя тэмы. Напрыканцы жыцця займаўся даследваннямі свайго роду і напісаў “Памятку пра род Літавораў-Храптовічаў ад першых звестак да 1795 года”, якая была апублікавана ўжо нашчадкамі ў 1890-91 гадах.
Памёр Іахім Храптовіч 4 сакавіка 1812 года. Пахаванне адбылося ў касцёле капуцынаў Варшавы.

БІБЛІЯТЭКА
Граф Іахім Літавор Храптовіч быў вялікім біблеафілам. Калекцыянаванне кніг і рукапісаў пачалося падчас вандровак па Еўропе ў 1769–1772 гадах. Пасля, знаходзячыся пры дзяржаўных пасадах, меў шмат сваіх агентаў, якія прывозілі яму рарытэтныя выданні з розных еўрапескіх куткоў.


У сваіх фондах Іахім меў бібліятэку рымскага кардынала Імперыале (набытую пасля смерці кардынала), дзённікі Марыны Мнішак, арыгінал маніфеста Багдана Хмяльніцкага да казакаў, а таксама перапіску Хмяльніцкага з польскімі гетманамі, дзённікі польскага дыпламата ў Маскве, старажытнагрэцкія творы, кнігі па богаслужэнню, навуковую літаратуру, гістарычныя хронікі, а таксама багатую калекцыю свецкай літаратуры розных перыядаў. У архівах Храптовічаў знаходзілася таксама і вялікая калькасць мапаў, звязаных з гісторыяй ВКЛ. Можна было сустрэць самыя першыя выданні Б. Папроцкага, М. Рэя, Я. Каханоўскага, А. Гваньіні, М. Кромера.

як бачна з фота бібліятэка мела крыху іншы выгляд


Збор кніг Храптовіча можна было падзяліць на два перыяды – заходнееўрапейскія выданні 15-18 ст. і польскія выданні 16-19 ст.

Яго цікавасць да рукапісаў, кніг, дзённікаў прывяла да таго, што ў радавым маёнтку Шчорсы была сабрана амаль самая вялікая калекцыя рарытэтных выданняў ВКЛ. Для калекцыі мецэната напрыканцы ХVIII ст. побач з палацам на беразе возера быў узведзены асобны будынак бібліятэкі ў класічным стылі.


Будынак бібліятэкі ўражвае сваіх наведвальнікаў. На сённяшні час мясцовае насельніцтва паступова займаецца рабаўніцтвам будынка. Яшчэ некалькі год таму вокны і дзверы былі забіты дошкамі, а зараз большасць з іх выламана (вядома для турыстаў гэта – толькі плюс, бо з’яўляецца магчымасць пахадзіць па будынку і дакрануцца да гісторыі, але ёсць і тыя, хто спрабуе такім чынам знішчыць тое малое, што яшчэ засталося).
На ўваходзе вас сустрэнуць малюнкі на сцяне, але не вельмі ўражвайцеся, гэта нішто іншае, як дэкарацыя, якую, як і ўсё астатняе, намалявалі падчас здымкаў ў сярэдзіне 1990-х серыяла “Пракляты ўтульны дом”.




Да кіношнага антуражу адносіцца таксама і малюнак на другім паверсе ў выглядзе герба.


З сапраўдных рарытэтаў Храптовічаў можна знайсці ў больш менш добрым стане лесвіцу на другі паверх, праўда разныя драўляныя поручні ўжо выламаны,


а таксама паркет, надзейна зафарбаваны савецкай ўладай, і які зараз паступова расцягваецца.


Усе печы ў памяшканнях маюць вельмі сумны выгляд, яны ўзарваны і выламаны, хаця ў 1990-я гады яшчэ можна было бачыць аўтэнтычную кафлю ХІХ ст.


Але вернемся да сумнага лёсу знакамітай бібліятэкі, якая збіралася не толькі Іахімам, але і нашчадкамі.

Адам Храптовіч, працягнуў працу бацькі ў папаўненні архіваў, у асноўным – друкаванымі выданнямі ХІХ стагоддзя.


Пры Адаме дзверы радавой бібліятэкі былі адчынены для прафесараў і выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта. Хаця па тэстаменту Іахіма рукапісы павінны былі захоўвацца ў Варшаве, куды ён звёз іх напрыканцы жыцця, Адам вярнуў іх у Шчорсы. Дзякуючы намаганням Храптовіча, паводле рукапісаў, якія размяшчаліся ў бібліятэцы былі выдадзены мемуары С.І. Маскевіча (вайсковы і грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Яго ваенна-палітычная дзейнасць лягла ў аснову “Дыярыўша”, які ахопліваў падзеі 1594-1621 гадоў, дзе падрабязна апісана аблога Смаленска, аналізуецца складанасць ваенна палітычнай сітуацыі ў Расіі, апісаны побыт маскоўскіх баяр, майстэрствы рамеснікаў, падрабязна і праўдзіва характэрызуюцца высокапастаўленыя дзеячы ВКЛ).

У розныя гады ў Шчорсах займаліся вывучэннем дакументаў астраном і асветнік М. Пачобут-Адляніцкі, гісторыкі І. Данілевіч, І. Лялевель, паэт Уладзіслаў Сыракомля, байкапісец Глінскі, паэт Адам Міцкевіч. Тут пасля вяртання з Сібіры працаваў бібліятэкарам Ян Чачот. Дарэчы кажуць, што менавіта ў парку Храптовічаў Адам Міцкевіч і напісаў паэму “Гражына”, а ў гонар гаспадара Шчорсаў назваў аднаго з галоўных герояў Літаворам. Для турыстаў да апошняга часа гістарычным аб’ектам быў дуб Міцкевіча, які рос у парку, але гадоў 10 таму падчас навальніцы ён зламаўся, а на месцы застаўся толькі пень Міцкевіча.

У 1899 годзе ўладары Шчорсаў запрасілі ў бібліятэку гісторыка С.Л. Пташыцкага, які склаў і выдаў вопіс рукапісаў бібліятэкі. Гэта быў ужо другі перапіс, першы быў здзейснены яшчэ пры Іахіме Храптовічы ў 1786 годзе паэтам М. Вольскім. Паводле перапісу 1899 года бібліятэка налічвала 15 тысяч асобнікаў.


Канстанцін Храптовіч-Буцянёў пад уплывам усімі шанаванага гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага ў 1913 годзе, напярэдадні Першай сусветнай вайны перадаў сваю бібліятэку Кіеўскаму ўніверсітэту на захаванне. Пагадненне, па якому перадаваліся архівы Кіеву, прадугледжвала іх знаходжанне ў Кіеўскім універсітэце напрацягу 25 год, але калі будзе адчынены Віленскі ўніверсітэт ці нейкі іншы ўніверсітэт на тэрыторыі Беларусі, то павінна была адбыцца перадача бібліятэкі гэтай установе. Калі ўніверсітэт не адчынецца, то бібліятэка Храптовіча застаецца ў карыстанні Кіеўскага ўніверсітэта яшчэ на 25 год, а пасля пераходзіць у канчатковае ўладанне апошняга. Віленскі ўніверсітэт адчыніўся, але гэта была ўжо тэрыторыя Польшчы, і перадача стала немагчымай. Падымалася пытанне аб вяртанні бібліятэкі Акадэміяй навук БССР і першым рэктарам БДУ Пічэтай, але на ўсе звароты адказаў так і не было атрымана. Напрыканцы 1980-х гадоў, калі зноўку паўстала пытанне вяртання беларускай спадчыны на радзіму, то ўкраінскі бок саслаўся на тое, што тэрмін ужо сышоў, і бібліятэка застаецца на тэрыторыі Украіны. У 2010 годзе стала магчымым вяртанне хаця бы электронных копій кніг, але пра тое, як праца вядзецца зараз у дадзеным накірунку, нічога нажаль сказаць не магу. Такія каштоўныя рэчы, як бібліятэка Храптовіча, нажаль проста так не вяртаюцца. Хаця, ў 2000-я гады Нацыянальная бібліятэка падаравала Украіне кнігі з парыжскай бібліятэцы Пятлюры, якая пасля Другой сусветнай апынулася ў Мінску, Украіна сказала дзякуй, але адпаведнага жэста са свайго боку не зрабіла.


Па перапісу 1985 года ў Кіеве знаходзіцца ўсяго толькі 2005 з 4500 асобнікаў калекцыі, якая адпраўлася на захаванне. Частка была страчана падчас двух эвакуацый: першай - у 1915-16 гадах у Саратаў, і другой - у 1941-44 гадах ва Уфу. Магчыма, некаторыя кнігі і зараз знаходзяцца на расійскай тэрыторыі.

Пташыцкі пералічыў 129 рукапісаў. Да нашага часу захавалася 112, якія знаходзяцца ва Украіне. У кнігазборах Кіева ёсць выданні з віленскіх друкарняў 16 ст, гарадзенскія выданні 18 ст., полацкія пачатку 19 ст. Амаль ва ўсіх кнігах ёсць экслібрысы Храптовіча і папярэдніх уладальнікаў калекцый.
У Шчорсах пасля эвакуацыі гаспадары пакінулі мастацкую публіцыстыку, якая загінула альбо была разрабавана ў 1916 і 1939 гадах. Мясцовае насельніцтва распавядае, як спрабавалі ратаваць кнігі ад вогнішча, якое развялі савецкія ўлады каля палаца ў 1939 годзе. Некаторыя аселі ў сямейных бібліятэках шчорсаўцаў.


Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку бібліятэкі месцілася школа, ужо ў часы незалежнай Беларусі тут размясцілася мастацкая майстэрня… а пасля пачалося занядбанне.


http://dmitrij-kr.livejournal.com/43012.html па спасылцы вы можыце пабачыць некаторыя тытульныя лісты кніг з бібліятэкі Храптовіча.


ГАСПАДАРКА

У маёнтках Іахім Храптовіч правёў рэарганізацыю гаспадаркі, пасля чаго яна стала адной з самых лепшых на прасторах ВКЛ. Сяляне былі пераведзены ў стан арандатараў, яны плацілі за карыстанне зямлёй грошы, а ўсе працы, якія заказваў Іахім алочваліся. Паступова сяляне станавіліся даволі заможнымі, нават калі збягалі сяляне з Расійскай імперыі, то намагаліся патрапіць менавіта на землі Храптовіча. Прадукцыя з маёнткаў Храптовіча сплаўлялася ў Каралявец (Польшча).


Шмат Іахім Храптовіч рабіў для дабрабыту сялян. Так на землях будаваліся школы (для дзяцей тых, хто працаваў на Іахіма), аптэкі, наймаліся лекары. Дзякуючы рэформе на сваіх землях прыбытковасць земляў Храптовічаў узрасла ў 3 разы.


Пазней ужо сяляне з навакольных вёсак распавядалі сваім унукам, што пан Іахім вельмі шанаваў тых, хто прагнуў да працы, а гультаёў ссылаў на аддаленыя тэрыторыі.


Працу бацькі працягнуў і Адам Храптовіч. Ён адмяніў некаторыя павіннасці сялян, а таксама пабудаваў прагрэсіўную школу, дзе навучаліся дзеці рознага веравызнання. Для інспекцыі ў Шчорсы наведвалася кіраўніцтва з Вільні і было вельмі задаволена вынікамі іспытаў, праведзеных для навучэнцаў. Школа ў Шчорсах лічылася ўзорнай на прасторах былой ВКЛ.


Адам Храптовіч, як і бацька, клапаціўся аб стане сялян на сваіх землях, будаваў ім дамы ў англійскім стылі (якія вядома здаваліся ў арэнду сялянам, а не проста так аддаваліся), у выпадку стыхійных бедстваў зніжаў падаткі, а калі здараўся няшчасны выпадак, вызваляў пацярпелага ад падаткаў. Гаспадарка пастаянна папаўнялася новай тэхнікай для паляпшэння працы. Так пры Адаме пачалі вырошчваць бульбу не на агародах для асабістага карыстання, а вырошчвалася на палях.


Гаспадарчыя будынкі былі збудаваны ў Шчорсах у сярэдзіне ХІХ ст. Яны былі гарманічна і сімітрычна скампанаваны і знаходзяцца ў кіламетры ад палацавага комплексу. Две вежы з прыбудовамі з’яўляюцца ідэнтычнымі адзін аднаму. На тэрыторыі комплекса разводзіліся каровы, ягняты, месцілася стайня (стайня для экіпажаў месцілася непасрэдна каля палаца).


У нашы дні будынкі паступова руйнуюцца, але і зараз яны ўражваюць сваім маляўнічым выглядам. Яны могуць нагадваць мінакам старажытны замак, вежы якога ўзвышаюцца сярод дрэваў, але ніяк не гаспадарчыя прыбудовы.


Праўда, калі зазірнеце сюды летам, то палі крапівы ды няскошанай травы абароняць будынкі ад прагляду. Таму вандруйце ў Шчорсы лепш ранняй вясной, ці поздняй восенню, пакуль ёсць магчымасць паблукаць каля сценаў гаспадаркі.


У пачатку 2000-х з’явілася ідэя размесціць тут турыстычны комплекс. На тэрыторыі гаспадарчай часткі павінен быў месціцца забаўляльны цэнтр дзе працавалі б кавалі, можна было пабачыць жывёл, працуючых па старажытных тэхналогіях маслабойню, пякарню, сыраварню і г.д. А на тэрыторыі палацавага комплекса планавалася размесціць гатэль, карцінную галерэю, музей Храптовічаў. Прапаноўвалася аднаўленне палаца і англійскага парка. Але ў большасці выпадкаў, якія тычацца беларускай гістарычна-архітэктурнай спадчыны нашай краіны – ідэй у нас шмат, а як справа даходзіць да рэалізацыі, тады з’яўляецца вялікае АЛЕ… На дадзены момант нічога з запланаванага не зроблена.


ВЯНДЛЯРНЯ
У пачатку ХХ ст. непадалёк ад палаца змясцілася і вяндлярня, якая сваім чароўна-казачным выглядам прыцягвае фатографаў.


ЦАРКВА
У 1386 годзе ў Шчорсах існавала адна з самых старых цэркваў на тэрыторыі ВКЛ – царква вялікапакутніка Дзмітрыя Салунскага, дзе знаходзіўся мясцовы цудатворны абраз святога.


Па паданні царква была пабудавана з нагоды абета, дадзенага раданачальнікам Храптовічам у падзяку святому за пазбаўленне смерці ў часы бітвы з татарамі. У 1758 годзе ў драўляным будынку здарыўся пажар. Тагачасны ўладар Шчорсаў Марцін Храптовіч прафундаваў будаўніцтва новага будынку, але працы пачаліся ўжо пры яго сыне Іахіме Храптовічы, які замовіў план у архітэктара Джузэпе дэ Сако, а будаўніцтва ажыццяўляў Ян Гарбрыэль. Царква адчынілася ў 1776 годзе. Храм быў уніяцкім, а пасля паўстання Каліноўскага ў 1864 годзе быў перададзены праваслаўным.


У пачатку ХХ ст. была збіта званніца-вежа і на сённяшні момант царква выглядае ўрэзанай і незавершанай. У 1930-я гады здарыўся яшчэ адзін пажар, але яшчэ за польскім часам будынак быў адноўлены. З 1950-х гадоў будынак выкарыстоўваўся як спортзал, пасля – як зернасховішча і толькі ў 1988 годзе быў вернуты прыхажанам.


Пасля смерці Адама ў 1844 годзе, маёнтак пераходзіць да яго брата Ірынея Міхаіла Храптовіча (1775–1850), гофмаршала і сапраўднага тайнага дарадца, кавалера ордэна Яна Іерусалімскага. Ірыней быў жанаты на фрэйліне Марыі Караліне фон Рэні, якая была нявестай палкоўніка Д.Арсеньева, але пазней адмовіла яму на карысць Храптовіча. Пакрыўджаны жаніх выклікаў Ірынея на дуэль, падчас якой быў забіты. Ірыней і Марыя ажаніліся ў 1807 годзе. Ён доўгі час служыў у розных расійскіх установах і быў зусім іншага складу, чым Адам Храптовіч. Не падтрымліваў намаганні брата ў культурніцка-асветным накірунку дзейнасці, а таксама і яго гаспадарчыя накірункі. Ён без асаблівай увагі кіраваў маёнткам, хаця і папаўняў бібліятэку некаторымі рарытэтамі.

Такой жа палітыкі кіравання на землях Храптовічаў прытрымліваўся і яго сын Міхаіл Храптовіч (1809–1891).

Пры Міхаіле адбываецца капітальны рамонт палаца і ўпарадкаванне тэрыторыі ў парку. Апошнія гады жыцця Міхаіл правёў у Парыжы, дзе і памёр у 1892 годзе. Пасля смерці Міхаіла графскі род Храптовічаў спыніўся. Але спецыяльным імператарскім загадам ад 1893 года уся яго маёмасць разам з правам насіць прозвішча і графскі тытут перайшла для пляменнікаў. У Міхаіла было дзве сястры. Алена(…–1884) была замужам за Уладзімірам Цітовым (1807–1891) – рускім пісьменнікам, грамадскім дзеячом і дыпламатам. У шлюбе дзяцей не мела.


Марыя Храптовіч (Буцянёва) з дачкой Марыяй. 1835 год.

Марыя (1811–1890) была замужам за рускім дыпламатам, тайным дарадцам Апалінарыям Буцянёвым(1787–1866). Менавіта яны і сталі падаўжальнікамі старажытнага беларускага роду і насілі падвойнае прозвішча Храптовіч-Буцянёвы.

Такім чынам маёнткі і ўся спадчына пасля смерці Міхаіла пераходзіць да яго пляменніка Міхаіла Апалінар’евіча Храптовіч-Буцянёва (1844–1897), які працаваў у амбасадах Францыі і Вялікабрытаніі, амбасадара Расійскай Імперыі ў Баварыі. Кіраваў маёмасцю Храптовічаў толькі чатыры гады, нашчадкаў не пакінуў.


Спадчына пераходзіць да яго брата Канстанціна Апалінар’евіча Храптовіч-Буцянёва (1848–1932), капітан-лейценанта флота, жанатага на Веры Васільеўне Ільіной.


Апошнім уладаром маёнтка Шчорсы з’яўляўся сын Канстанціна Апалінарый Храптовіч-Буцянёў (1879–1945), жанатага на княжне Марыі Сяргееўне Трубецкой (1888–1934).


Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР маёмасць Храптовічаў нацыяналізавана, мастацкія творы вывезены ў музеі Масквы і архівы Санкт-Пецярбурга.

У левым флігелі палаца быў адчынены дзіцячы садок,


гаспадарчыя пабудовы прыстасавалі пад жытло калгаснікаў,




а сам палац зруйнавалі ў 1950-я гады.

Фота 1950-х гадоў...

...і тое што засталося ад палаца зараз.


Для тых, хто хоча прачытаць пра апошнія гады жыцця Храптовічаў у радавым маёнтку і далейшы іх лёс варта звярнуць увагу на спасылку http://www.sakharov-center.ru/asfcd/auth/?t=book&num=707 – успаміны Вольгі Трубецкой, другой жонкі Апалінарыя Храптовіч-Буцянёва, якія без слёз чытаць немагчыма. Гэтыя ж успаміны былі перавыдадзены ў 2011 годзе на беларускай мове
Храптовіч-Буцянёва, В.А. Злом (1939-1942): успаміны / Вольга Храптовіч-Буцянёва.- Мн.:Кнігазбор, 2011.- 280с.


Таксама ў 2002 годзе выйшлі ўспаміны Міхаіла Апалінар’евіча Буцянёва «История старой русской дворянской семьи»






Паводле інфармацыі
www.pawet.net, www.interfax.by, www.westki.info, www.svaboda.org, lida.info
а таксама

Федарук А.Т., Старинные усадьбы Минского края.
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej
і іншых інтэрнэт крыніц

Comments

( 13 comments — Leave a comment )
maystra
Apr. 2nd, 2014 08:15 pm (UTC)
Колькі ж у нас занядбанага і закінутага! Трэба хоць гэта спяшацца наведаць, бо адчуваю, што праз недоўгі час і гэта назаўсёды знікне...
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 04:26 am (UTC)
Так. Але колькі літаральна за 60 год пасля вайны паспелі знішчыць таго, што магло яшчэ дажыць да нас. Ну хто прасіў іх узрываць палац у Шчорсах. Маглі б аднавіць, крыху па савецкі зрэзаць купалы ці адбіць упрыгожванні і аддаць пад школу ці інтэрнат.

Па народнай показцы "косці цэлы, мяса нарасце" вядома было б прасцей каб была аснова для аднаўлення. Бачна ж што аснова палаца яшчэ ў 1950-я гады была нармалёвая.

А яшчэ злуе, што там дзе былі палацы, касцёлы, руіны, яны ўсё засажвалі дрэвамі каб не бачна было.
napramak
Apr. 3rd, 2014 05:00 am (UTC)
Дзякуй! Усе дзяцінства пражыла ў Карэлічах, а пра Шчорсы ведала толькі назву.
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 06:04 am (UTC)
Ваў. Уразілі. Гэта ж зусім побач ад вас было.
napramak
Apr. 3rd, 2014 06:21 am (UTC)
Нічога ўражлівага. У дзяцінстве мы робім тое, што нашы бацькі, асабліва гэта датычыць вандровак. Вашым дзецям пашанцавала - яны разам з вамі ўсю Беларусь аб'ездзілі. Можа, не толькі Беларусь. А я пачала падарожнічаць, калі маей дачцэ было гадоў шэсць ужо...
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 06:54 am (UTC)
Я можа не так вылічыла кіламетры, што ўразілася. Мне падалося што калі падрастаеш, што можна і на ровары даехаць. Хаця раней і моцна не афішавалі пра нейкія там рарытэтныя мясціны ў наваколлі.

І ведаеце, мы ўсе калі становімся дарослымі кампенсуем, тое, што ў дзяцінстве не хапала. Мы нікуды не едзілі, раслі без бацькі, затое я была пад ураджаннем ад маёй цёці-валацугі, якая аб'ехала можа палова СССР.
victogan
Apr. 3rd, 2014 10:57 am (UTC)
Да, дворец снесли, а фундамент зарос. Сам не понимаю для чего это сделали. Дважды был там. Очень приятное место
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 12:14 pm (UTC)
Ёсць такія мясціны, куды хочацца вяртацца. Дзе цішыня і сваеасаблівасць падкупаюць. Шчорсы якраз такія мясціны.
tam_erm
Apr. 3rd, 2014 11:46 am (UTC)
Гэтыя Хрэбтовічы такія насовічы:)
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 12:12 pm (UTC)
:-) у кожная свая асаблівасць.

Дарэчы і Ленін ёсць. І глядзіць ён з задуменнем якраз такі на царкву.
tam_erm
Apr. 3rd, 2014 12:16 pm (UTC)
Гэты? http://tam-erm.livejournal.com/tag/%D0%A9%D0%BE%D1%80%D1%81%D1%8B
Ці мы не знайшлі яшчэ якога, прамінулі?
azarkinm
Apr. 3rd, 2014 12:18 pm (UTC)
Ён, больш мы не бачылі ніякага.
livejournal
Jul. 29th, 2017 01:35 am (UTC)
Hello! Your entry got to top-25 of the most popular entries of Belarus in LiveJournal! Learn more about LiveJournal Ratings in FAQ.
( 13 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com