?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Мястэчка Вераскава, што на Наваградчыне, знаходзіцца ў цудоўным месцы, якое можна назваць “гістарычным колам маёнткаў”. Зараз маёнтак знаходзіцца ў вялікім запусценні, а калісьці тут жылі цудоўныя людзі, якія аддавалі жыцці за сваю Радзіму. У нашы часы пакуль яшчэ можна знайсці рэшткі былога маёнтка Брахоцкіх. Вандруйце!


Першапачаткова маёнтак Вераскава належаў Тамашу Дыбоўскаму, галаве наваградскага суда. У 1841 годзе дачка Тамаша Дыбоўскага і Антаніны Маркевіч Алена Дыбоўская (1823–1873) выходзіць замуж за Уладзіслава Брахоцкага.

Уладзіслаў Брахоцкі (1810-1896) ўдзельнік паўстанняў 1831 і 1863 гадоў, апошні маршалак Наваградскага ваяводства, быў яркай і неардынарнай фігурай свайго часу. Нарадзіўся ў сям’і Роха Брахоцкага і Аляксандры Алендскай 24 студзеня 1810 года. Быў старэйшым сынам. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1831 года ў шэрагах свайго дзядзькі Валенты Брахоцкага (1782-1856), які ўзначаліў узбройны рух Вілейскага і Дзісненскага паветаў. За ўдзел у паўстанні Уладзіслава царская ўлада ледзьве не пазбавіла радавога маёнтка ў Гаўе. Бацькі здолелі абараніць маёмасць сына, матывуючы непаўнагадовасцю Уладзіслава (гэта ў 20 год!). Пасля паўстання тры гады падлетак знаходзіўся ў эміграцыі, а калі вярнуўся на Радзіму, у якасці пакарання прымусова працаваў на ўрадавай службе – чыноўнікам у прыёмнай пры губернатары Вільні. Тры гады прайшлі, і Уладзіслаў вяртаецца ў маёнтак Гаўе на Навагрудчыне (зараз Іўеўскі раён), дзе акрамя традыцыйнай вытворчасці займаўся таксама вырошчваннем вінаграда.


Пабраўшыся шлюбам з Аленай Дыбоўскай, як я ўжо пісала, атрымлівае маёнтак Вераскава ў якасці пасага, дзе сямейная пара заўсёды праводзіла свецкія прыёмы і вечары. З 1858 па 1863 гады займае пасаду маршалка шляхты Наваградскага ваяводства, вядзе актыўнае грамадска-палітычнае жыццё. Уладзіслаў выступаў катэгарычна супраць алкаголю, таму на сваіх землях знішчыў усе пітныя ўстановы :-) (сваеасаблівы Ёзэф Булька ХІХ стагоддзя). Запрасіў віленскіх манашак для дапамогі ў Наваградскіх шпіталях хворым. З’яўляўся куратарам і фундатарам публічнай бібліятэкі ў Наваградку да 1860 года (пакуль генерал-губернатар Мураўёў не зачыніў яе).


Калі пачалося паўстанне Каліноўскага ў 1863 годзе, падтрымаў паўстанцаў. За актыўны ўдзел быў арыштаваны і сасланы ў Перм, а яго маёнтак Гаўе быў канфіскаваны і прададзены рускаму генералу Сахараву. За мужам у Сібір паехала і жонка, якая таксама актыўна дапамагала паўстанцам, хавала ў маёнку Вераскава зброю і харчаванне для войска. Можна сказаць, ўсе Брахоцкія без выключэння ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года. Праз 11 год ссылкі ў 1873 годзе Брахоцкія вяртаюцца ў Вераскава, які не быў канфіскаваны, так як быў уладаннем жонкі і да сканчэння свайго веку займаюцца дабраўпарадкаваннем і гаспадаркай на Наваградскіх землях.


У 1873 годзе амаль адразу пасля вяртання з ссылкі памерла Алена Брахоцкая. Пахавана была недалёк ад маёнтка каля капліцы ў Вераскаве. Амаль праз 20 год побач з жонкай лёг спачываць і Уладзіслаў. Пасля Другой сусветнай вайны капліца была спалена, труны разрабаваны.

Паколькі дзяцей у Алены і Уладзіслава Брахоўскіх не было, то пасля 1896 года маёнтак пераходзіць да пляменніка Уладзіслава – Уладзіслава Тамаша Брахоцкага.


Уладзіслаў Тамаш Брахоцкі (1856-1932) быў адзіным сынам Аляксандра Брахоцкага і Аліны Мінейка. Акрамя яго ў бацькоў было яшчэ 5 дачок – Ванда, Эмілія, Марыя, Алена, Сафія. Уладзіслаў Тамаш актыўна займаўся гаспадаркай і хутка давёў яе да высокага ўзроўню. Уладар радавога маёнтка ў Мала Мажэйкавым (дастаўся ад бацькоў), Морына (перайшоў у спадчыну ад бяздзетнага брата бацькі Антонія Брахоцкага) і Вераскава (атрымаў у спадчыну ад бяздзетнага Уладзіслава Брахоцкага).


Уладзіслаў Тамаш быў два разы жанаты. Ад першага шлюба з Сафіяй Моль у яго было сямёра дзяцей: чатыры сыны - Аляксандр (атрымаў пасля смерці бацькі Морынава), Станіслаў (у спадчыну атрымаў Вераскава), Валенты (памер у 1917 годзе ва ўзросце 24 год) , Анжэй (атрымаў М.Мажэйкава), і тры дачкі - Алена, Марыя, Ганна. Другі раз жаніўся пасля смерці жонкі на Катажыне Баліньскай і дзяцей ужо з-за ўзроста не меў.


Перад Першай сусветнай вайной ва ўсіх сваіх маёнтках арганізаваў бясплатныя польскія школы. У Вераскаве адчыніў вінакурню і пілараму. Ахвяраваў грошы на будаўніцтва першага польскага тэатра ў Вільні. Першая сусветная вайна падарвала гаспадарку і давяла яго да заняпаду, але пасля, напрацягу некалькіх год вывеў яе на даваенны ўзровень.


Пасля смерці Уладзіслава Тамаша, як я ужо казала, маёнткі былі падзелены паміж сынамі і Вераскава пераходзіць да Станіслава Брахоцкага (1892–1942). У 1911 годзе ён закончыў класічную гімназію ў Вільні і паступіў на сельскагаспадарчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. У пачатку Першай сусветнай вайны быў прызваны на ваенную службу. У 1914 г. скончыў Цвярскую кавалерыйскую школу і быў прызначаны ў 13-ы Нарвскі полк, дзе праслужыў да рэвалюцыі 1917 года. Пасля вярнуўся на радзіму і прымкнуў да польскай самаабароны ў Шчучыне. Сфарміраваў конны атрад. У наступным паручнік Станіслаў Брахоцкі браў удзел ва ўсіх паходах і бітвах да канца вайны ў складзе 13-га палка Віленскай кавалерыі арміі генерала Жэлігоўскага. У палку лічыўся адным з найвыдатнейшых афіцэраў і быў узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» і Крыжам змагароў.


Пасля дэмабілізацыі з войска Станіслаў з жонкай Сафіяй Коньча жыў у маёнтку Вераскава. Займаецца аднаўленнем гаспадаркі разам з бацькам.


Падчас Другой сусветнай вайны быў арыштаваны і змешчаны ў лагер ваеннапалонных польскіх салдат у Паланзе. Пасля вызвалення з лагера прыбыў у Варшаву, дзе памёр у 1942 годзе. Жонка Сафія с сынам Станіславам і дочкамі Ганнай і Ірэнай эмігрыравалі ў Англію, а пасля вайны — у Канаду.
Вось такая яна гісторыя змагарскага рода Брахоцкіх, якія жылі ў Вераскаве.


Недалёка ад маёнтка сачыце за дарогай, каб не прапусціць сцежку, якая вядзе да пахавальнай капліцы. Гісторыя яе вяртання з-за нябыту таксама цікавая.

Капліца была пабудавана ў канцы ХІХ ст., калі памерла Алена Брахоцкая (Дыбоўская). Праз 20 год тут быў пахаваны і яе муж Уладзіслаў Брахоцкі.


Аляксандр Брахоцкі
У Уладзіслава Тамаша Брахоцкага (спадкаемцы маёнтка Вераскава і ўсіх астатніх маёнткаў роду) было 7 дзяцей. Старэйшы Аляксандр Брахоцкі атрымаў ад бацькі Морына. Ажаніўся з Аленай О’Рурк (родам з Уселюба) і меў траіх дзяцей – Анжэя, Ежы і дачку Сафію. Шлюб меў матэрыяльныя выгоды для Брахоцкага, а вось паразумення з жонкай не знаходзіў. Аляксандр застрэліўся ва ўзросце 44-год у 1934 годзе і быў пахаваны каля сямейнай капліцы ў Вераскава.


Алена Брахоцкая (О'Рурк)
Жонка Алена была энергічнай жанчынай і кіравала маёнткам пасля смерці мужа да 1939 года. Пасля таго, як савецкія войскі перайшлі мяжу Польшчы, ноччу сабрала брычку, прыхапіла дзяцей і каштоўныя рэчы і з’ехала з маёнтка ў Польшчу, а пасля – у Англію.

Прайшлі часы, дзеці падраслі, і пасля развалу СССР дачка Аляксандра – Соф’я – вырашыла наведаць мясціны дзяцінства.



Соф’я Аляксандра Брахоцкая (1921-1995), дачка Аляксандра Брахоцкага і Алены О’Рурк. Нарадзілася ў маёнтку Морына. Пасля 1939 года разам з маці і братамі эмігравала ў Англію. Скончыла літаратурны ўніверсітэт, працавала ў польскім аддзеле радыё Бі-Бі-Сі. Пісала вершы на ангельскай і польскай мовах.


Першы раз выйшла замуж у 1943 годзе за польскага лётчыка Алегерда Ілінскага. Праз тры тыдні пасля вяселля Альгерд загінуў падчас бою над Францыяй.


Сафія застаецца ўдавой у 23. Другі раз выходзіць замуж пасля вайны за амерыканскага дыпламата Моўзлі. Разам з мужам валодалі двума гатэлямі ў Корнуэле (Англія), трымалі вінныя склепы, мелі сваю свінаферму. Мелі дваіх дзяцей (сын загінуў у 22 гады і дачка Крысціна).


У 1992 годзе Сафія прыехала наведаць свае родныя мясціны ў Морынава. Пасля, пабачыўшы ў якім стане знаходзіцца радавая капліца сям’і ў Вераскаве, дамовілася з калгасам аб яе аднаўленні.


Ініцыятыву Сафіі падтрымалі і яе браты – Анжэй і Ежы, дачка Крысціна, суседзі і сябры з Корнуэла. На аднаўленне капліцы збіралі грошы ўсім светам. І вось 29 чэрвеня 1994 года яна зноўку прыехала ў Беларусь, каб пабачыць адноўленую капліцу. Побач з капліцай правялі набажэнствы і памінальную вячэру. А праз год, у кастрычніку 1995 года Сафія Брахоцкая адыйшла ў лепшы свет.






Напрыканцы 90-х у капліцы была устаноўлена пліта з яе імя, такім чынам, хаця бы маленькая кропелька семнадцацігадовай дзяўчыны, якая збягала ў 1939 годзе з гэтых мясцінаў, вярнулася да хаты.




Вось так, нашчадкі Брахоцкіх прычыніліся да аднаўлення сваёй былой спадчыны ў Беларусі.


P.S. Матэрыялаў нажаль вельмі мала, таму галоўнай крыніцай (але не адзінай) выкарыстоўваўся матэрыял А. Ігліцкага з сайта http://ivyenews.by/







P.P.S. У Вераскава акрамя паказанага вышэй можна знайсці таксама рэшткі старога бровара, спіртапрымальнік, старыя гаспадарчыя будынкі.

Паводле інфармацыі
www.pawet.net, www.interfax.by, www.westki.info, www.svaboda.org, lida.info
а таксама

Федарук А.Т., Старинные усадьбы Минского края.
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej
і іншых інтэрнэт крыніц

Comments

( 17 comments — Leave a comment )
tam_erm
Apr. 7th, 2014 07:16 pm (UTC)
Лепшы водгук - ад Гугла.
Пошук па слову "Вераскава" выдае на першай жа старонцы 8-ы радок
Вандроўка па жыцці - ВЕРАСКАВА (Гарадзенская вобласць)
azarkinm.livejournal.com/145399.html‎
Перевести эту страницу
24 мин. назад - Мястэчка Вераскава, што на Наваградчыне, знаходзіцца ў цудоўным месцы, якое можна назваць “гістарычным колам маёнткаў”.


Дзякуй за глыбіню.
azarkinm
Apr. 7th, 2014 08:31 pm (UTC)
A вы што Вераскава шукалі што
патрапілі ў гугле? І так, прыемна што
хоць гугл заўважае :) ))
dulicz
Apr. 7th, 2014 07:40 pm (UTC)
файна зробленыя вашыя пасты. бачна, што сумленна падыходзіце да справы. прыемна паглядзець и пачытаць. дзякуй!)
azarkinm
Apr. 7th, 2014 08:39 pm (UTC)
дзякуй за словы. чытайце далей. шмат цікавага будзе. :-)
livejournal
May. 2nd, 2014 04:22 pm (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
livejournal
May. 2nd, 2014 08:10 pm (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
livejournal
May. 3rd, 2014 10:47 am (UTC)
Блогерский путеводитель по республике Беларусь: расши
livejournal
Jun. 20th, 2014 10:30 am (UTC)
ДЗІКУШКІ (Гарадзенская вобласць)
kufarrr
Jul. 2nd, 2014 09:29 am (UTC)
Спадарыня Марына, вы ўзгадваеце “гістарычнае кола маёнткаў” - што акрамя Вераскава можна яшчэ паглядзець у акрузе побач з Уселюбам? Мы паедзем на гэты выходныя да бабулі, якая як раз недалёка ад Ўселюба жыве, можа будзе час павандраваць, але недалёка, бо мы з малым дзіцем будзем. Вераскава абавзякова наведаем, дзякуй за допіс!
azarkinm
Jul. 2nd, 2014 03:03 pm (UTC)
Па-першае ва Усялюбе ёсць cядзіба О'Рурк (іх дачка дарэчы выйшла замуж за Брахоцкага, я аб ёй пісала). Сядзіба згарэла, але ёсць рэшкі гаспадарчых пабудоў і цудоўны касцёл.

Ад Усялюба дарога вядзе ў Вераскава.

Далей Любча http://azarkinm.livejournal.com/147090.html

Ад Любчы калі паглядзіце на мапу на машыне лёгка даехаць да Шчорсаў http://azarkinm.livejournal.com/144909.html

Калі надакучыць можаце павярнуць назад, але калі дзеці яшчэ вытрымаюць, то абавязкова Абрына http://azarkinm.livejournal.com/145839.html

Па дарозе на Абрына вы будзеце праяджаць Турэц. Можаце і там спыніцца http://azarkinm.livejournal.com/144678.html

Дарога даецца вельмі лёгка і хутка.

Поспехаў у вандроўках.

azarkinm
Jul. 2nd, 2014 03:05 pm (UTC)
І прабачце, што не адразу пасля пытання. Не было магчымасці нармальна адказаць са спасылкамі.
kufarrr
Jul. 2nd, 2014 07:24 pm (UTC)
О, дзякуй! У Любчы і Ўселюбе (наша бабуля вымаўляе менавіта праз "Е" у другім складзе, таму і я так называю) былі неаднойчы, а вось астатнія мястэчкі не бачылі. Хочацца ў Шчорсы даехаць, будзем спрабаваць.
azarkinm
Jul. 2nd, 2014 09:45 pm (UTC)
Добра адпачыць.
kufarrr
Jul. 31st, 2014 09:03 pm (UTC)
Забываюся вам напісацць, як мы з'ездзілі. Нажаль, мы захварэлі, таму вырашылі заехаць у Вераскава на адваротным шляху дадому, але як заўсёды бывае ў вёсцы - выехалі позна. У Вераскава трапілі, руіны аглядзелі, а вось да капліцы не даехалі. Было вельмі смешна потым, бо я нешта наблытала і пыталася ў мясцовых жыхароў, як праехаць да касцёла. І самае цікавае, што ўсе яны нам паказвалі дарогу! Ніхто нават не паправіў, што ніякага касцёлу няма. Мы мыкаліся туды-сюды, і калі сынок закапрызіў - паехалі дадому, вырашылі, што ў наступны раз. Праехалі праз Шчорсы, паглядзелі на руіны гаспадарчых пабудоў (якія выглядаюць як палац) - праехаліся па мястэчку і на Мінск, бо ўжо цямнела. Але ж не апошні раз у тых мясцінах будзем, яшчэ як-небудзь заедзем.
azarkinm
Aug. 1st, 2014 04:55 am (UTC)
Абавязкова пагуляйце па Шчорсах і да бібліятэкі падыйдзіце і да вендлярні і па руінам гаспадарчым. А ў наступны раз раздрукуйце маю мапу, дзе я памячала як да капліцы даехаць у Вераскава і знойдзеце ўсё хутка :-) І дзякуй, што адпісаліся, бо было цікава ці даехалі да мясцін гэтых.
kufarrr
Aug. 1st, 2014 01:02 pm (UTC)
Вось я так шкадавала, што не раздрукавала мапу раней!
Гэта вам дзякуй, за карысныя парады!
livejournal
Jul. 29th, 2017 01:35 am (UTC)
Hello! Your entry got to top-25 of the most popular entries of Belarus in LiveJournal! Learn more about LiveJournal Ratings in FAQ.
( 17 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com