?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Першым уладаром маёнтка Абрына (сучасны Карэліцкі раён) ў Літоўскай Метрыцы ў 1522 годзе ўзгадваецца Яцэк Ратомскі. Але ўжо ў 1567-м маёнтак значыцца ва ўладанні харунжага наваградскага Яна Абрынскага, радавым гербам якога значыцца “Харытон”, нашчадкі якога валодалі землямі да ХVIII ст. Напрыканцы ХVIII і ў пачатку ХІХ стст. фальварак Абрына з вёскамі Вялікае і Малое Абрына належыць Хадкевічам.


У 1829 годзе пасля таго, як маёнтак перайшоў у расійскую казну, яго набывае Канстанцін Дунін-Раецкі (1773–1844), палкоўнік, удзельнік вайны 1812 года, выхадзец са старажытнага беларускага роду.


З кнігі Федарука А.Т. "Старинные усадьбы Беларуси. Корелицкий район"

Лічыцца, што да роду Дунін-Раецкіх на вялікакняжацкіх землях адносіліся падазрона. У 1627 годзе мінскі ваявода Гедэон Дунін-Раецкі падпісаў таемную дамову з швецкім каралём Густавам ІІ, пасля якой Раецкіх абвінавачвалі ў спробе разрыву ўніі ВКЛ з Польшчай. Канстанцін Дунін-Раецкі, падтрымаўшы ў 1812-м французаў і палякаў, здолеў зняць гэтыя размовы. Ён прайшоў праз усю вайну – удзельнічаў у баі пад Барадзіно, у бітве на рацэ Беразіно, вызначыўся ў бітве пад Гамбургам у арміі Даву. Пасля сканчэння вайны Дунін-Раецкі на некаторы час знік, баючыся рэпрэсій расійскай улады. Але, калі вярнуўся, то праз некаторы час набыў маёнтак Абрына і распачаў будаўніцтва палаца. Пагаворвалі, што менавіта ён знайшоў закапаны скарб Напалеона на Беразіне, бо палац будаваўся з вялікай хуткасцю і напаўняўся дарагой і прыгожай еўрапейскай мэбляй.

Землі Абрыны былі падораны дачцы Сафіі Дунін-Раецкай (1804-1874), якая стала жонкай лепшага сябра бацькі па напалеонаўскай кампаніі – Юзафа Кашыца.


Юзаф Кашыц (1795–1868), маршалак шляхты Наваградскага павета, афіцэр напалеонаўскай арміі, пасол сейма 1831 года. Падчас паўстання 1831 года ўзначаліў атрады Наваградскага і Слонімскага ўездаў. Летам 1831 года са сваім атрадам заняў Наваградак і вызваліў усіх зняволеных. За ўдзел у паўстанні і наваградскія падзеі быў прызнаны дзяржаўным злачынцам 1-й катэгорыі. Пасля падаўлення паўстання эмігрыраваў у Францыю, а яго маёнтак у мястэчку Ятра быў канфіскаваны і перададзена ў скарбонку імперыі. Памёр Юзаф 16 студзеня 1868 года і быў пахаваны на могілках францускага горада Ніца.


Палацавы комплекс, рэшткі якога мы можам пабачыць і сёння, складаўся з палаца, амбара, афіцыны, лямуса, кузні і стайні.

Палац нагадваў сярэднявечны замак, паабапал якога размясціліся гаспадарчыя пабудовы, злучаныя пераходамі. Асаблівасць яго была ў тым, што ён пабудаваны на схіле, і таму з розных бакоў была розная колькасць паверхаў.

А гэтым сведчыць нам будынак амбара які захаваўся. З аднаго боку гэта двухпавярховы будынак, а з іншага трохпавярховы.




Гэта выгляд палаца боку ўязной брамы.


А гэта з боку агародаў.


На іншы бок ад цэнтральнага ўвахода выходзіла вялізарная тэраса, якая злучалася ў адное цэлае з тэрасай афіцыны.


А гэта выгляд афіцыны які мы маем сёння.




Яшчэ можна пабачыць ўражваючыя своды старога будынку.


З боку афіцыны на тэрасе знаходзілася маленькая галубятня ў выглядзе вежы.


Усе будынкі сядзібнага комплекса былі пакрыты гонкай.

Толькі дзякуючы малюнку Напалеона Орды і некаторым фатаздымкам польскіх часоў мы можам адчуць усю прыгажосць задумкі архітэктара палаца.


Разам з палацам у сярэдзіне ХІХ ст. закладзены парк, дзе былі высаджаны ліственныя дрэвы, выкапаны вадаём і пракладзены сцежкі. У парку меліся драўляныя альтанкі і скульптуры.

У абрынаўскім палацы была сабрана адна з самых вялікіх калекцый парцэляну на тэрыторыі былога ВКЛ, пакоі былі ўпрыгожаны ляпнінай і парцэлянавымі люстрамі. Асобныя пакоі палаца былі адведзены пад бібліятэку і архіў, карцінную галерэю з партрэтамі ўладароў Абрыны. Парадная заля ўпрыгожана была люстэркамі ад падлогі да столі. З Еўропы быў прывезены гадзіннік для палаца.


У шлюбе з Сафіяй Дунін-Раецкай нарадзілася тры сыны – Юліўс, Караль і Канстанцін. Пасля эміграцыі мужа Сафія засталася адна выховаць дзяцей. Двое старэйшых сыноў памерлі ў маладым узросце. Маёмасць з паўналеццем пераходзіць да Канстанціна.

Канстанцін Кашыц (1828-1881). Уладар Абрыны, акрамя гэтага валодаў яшчэ Тарнавай, Белагрудай, Малым Вольжавам. Скончыў Тартускі ўніверсітэт. Ажаніўся з Юліяй Несялоўскай. Меў сыноў Юзафа (1855-1926) і Станіслава (1857–…), дачок Сафію (1852-1933) і Ванду (1860–…).


Калі прыйшоў 1863 год, змагарскі дух і выхаванне не дазволілі яму сядзець цішком у палацы. На свае грошы Канстанцін збірае атрад у падтрымку паўстанцаў. Баі ішлі недалёка ад маёнтка, і калі атрады паўстанцаў адступалі, то Канстанцін застаўся ў Абрыне, каб пахаваць усіх палеглых сяброў. У памяць аб іх быў пастаўлены помнік у выглядзе крыжа каля дарогі. Ён знаходзіўся тут да канца Другой сусветнай вайны, пакуль савецкая ўлада не загадала яго прыбраць. За ўдзел у паўстанні Кашыц быў пакараны ссылкай. Праз два гады ён вярнуўся, але пры ўмове продажы амаль усіх сваіх уладанняў. Маёнткі Тарнаўшчына з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруда, Чыжэўшчына, Банцавічы былі прададзены расійскаму палкоўніку за смешную суму грошай, таксама быў прададзены і дом Кашыцаў у Рызе. За Канстанцінам Кашыцам застаўся толькі радавы маёнтак Абрына. У 1881 годзе, адыйшоўшы ў лепшы свет, быў пахаваны побач з сябрамі- паўстанцамі.

Пасля смерці Канстанціна маёнтак атрымоўвае старэйшы сын Юзаф Кашыц (1855–1826), маршалак наваградскай шляхты, жанаты на Алене Скібнеўскай. Адзінае, што знайшла пра Юзафа, што пры ім у 1914 годзе былі ўсе будынкі перакрыты бляхай у Абрыне.


Апошнім уладаром маёнтка Абрына быў сын Юзафа – Фелікс Кашыц (1897–1943). Фелікс быў нежанаты.

Пры Феліксе ўладанні Кашыцаў у наваколлі значна скараціліся - з 2000 га да 700 гектараў. Акрамя Абрыны Фелікс таксама валодаў маёнткам Ятра. Дакладней будзе сказаць, што ён яго арандаваў, бо Ятра была канфіскавана царскай уладай пасля ўдзела Юзафа Кашыцы ў паўстанні 1831 года. Адна частка радавога маёнтка была прададзена рускаму афіцэру, які давёў маёнтак да жахлівага стану, а іншую набыў Красіцкі, за якога ў свой час выйшла замуж адна з сясцёр Юзафа Кашыцы – Сафія.

Але Фелікс зрабіў вялікую справу. У маёнтку ён пабудаваў сямейную капліцу. Куды пазней і быў перапахаваны яго дзед, удзельнік паўстання 1863 года Канстанцін Кашыц.


На тэрыторыі вакол капліцы былі пасаджаны клён, ліпа, вяз, сасна, елка ды ясень. З палаца сюды вяла сцежка, якая перасякала рэчку з маленькім мастом.


У наш час адзіная магчымасць патрапіць да капліцы праз вёску.

Выгляд з дарогі на капліцу


МАПА праезда
На мапе паказана кропкамі як можна даехаць на машыне да капліцы. Праехаць бліжэй не атрымаецца, бо дарога сканчаецца. Трэба проста абагнуць малую сажалку каля дома і крочыць па полі.

Паўнавартасны выгляд капліцы я не знайшла. Маю зараз толькі вось такі бакавы выгляд.


Падчас вандроўкі ў Абрыну нам пашансціла сустрэць каля капліцы мясцовага жыхара, які распавёў цікавыя факты.



Помнік Сафіі Дунін-Раецкай


“Яшчэ пасля Другой сусветнай вайны капліца стаяла некранутая. Але была разруха, і калгас дазволіў разбіраць яе на коміны. Верхнюю частку разабралі. Пазней ўскрылі надмагільныя пліты. У першых трох трунах рэшткі былых гаспадароў адразу рассыпаліся. А ў апошняй знайшлі цела, якое выглядала так, быццам яго ўчора пахавалі. Праз некалькі дзён, калі ад труны пайшоў смурод, старшыня калгасу загадаў закапаць рэшткі каля капліцы.”


А вось так выглядала капліца ў 2005 годзе. Дзякуй salasz за фота.


Калі стаяць спіной да капліцы, то праваруч каля ракі можна пабачыць той самы помнік паўстанцам-каліноўцам, які ўсталяваў Канстанцін Кашыц. (самі не знайшлі, а даведаліся пра гэту наводку толькі ўжо ў Мінску дзякуючы tam_erm)

фота Валацугі з форума globus.tut.by

Існуе дзве версіі таго, што адбылося з Феліксам падчас вайны. Першая – яго забілі немцы (здаецца версія савецкай улады).


Другая – пасля 1939 года, калі Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, Фелікс збёг ў Паланэчку, а адтуль планаваў пры першай жа магчымасці перабрацца ў Еўропу. Каб не прыцягваць увагу да сваёй асобы, працаваў нейкі час пастухом.


Вярнуўся Фелікс у радавы маёнтак толькі пасля адыходу Савецкай Арміі ў 1941 годзе. Немцы радавы маёнтак Феліксу аддалі ў арэнду, а даведаўшыся, што ён нарадзіўся ў Вене, прапанавалі нават яму нямецкае грамадзянства. Ад апошняй прапановы Кашыца адмовіўся. Калі на наваградчыне разгарнулася партызайнаская дзейнасць, то былыя сяляне Фелікса данеслі аб былым пане партызанам. Нейкім чынам да Фелікса дайшлі звесткі, што ёсць план захопу і спальвання палаца летам 1943 года і ён звярнуўся да немцаў з просьбай абараніць яго. Але тыя адмовілі. Партызанам атрымалася здзейсніць свае планы – яны забілі Фелікса Кашыцу і падпалілі палац разам з целам. Даведаўшыся аб зробленым учынку, немцы прыйшлі да былога палаца, закапалі побач абугленае цела ўладара, а тых, хто падазраваўся ў супрацоўніцтве з партызанамі, забілі.

Сыраварня

Пасля вайны 1 мая 1948 года калгаснікам дазволілі будавацца на землях вакол палаца Кашыцаў, а для будаўніцтва выпісвалі дазволы на разборку палаца, афіцыны і ўсяго панскага, што яшчэ засталося. Так і была створана вёска Першамайская.

Стайня

Да апошняга часа капліца ў маёнтку Абрына заставалася ў занядбаным стане. Але пару год таму вырашылі прыехаць і адведаць сваіх сваякоў Кашыцы з Польшчы. Былую капліцу прыбралі, пачысцілі, месца для былых трун заклалі напалову цэглай і паставілі краты. Відаць чакае капліца наступнага прыезда гаспадароў былага маёнтка і фінансаванне з іх боку.


Дзякуй salasz за верхняе фота.


А палац быў прыгожы.

Паводле інфармацыі
www.pawet.net, www.interfax.by, www.westki.info, www.svaboda.org, lida.info
а таксама

Федарук А.Т., Старинные усадьбы Минского края.
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej
і іншых інтэрнэт крыніц


Comments

( 17 comments — Leave a comment )
artem_ablozhei
Apr. 11th, 2014 07:16 pm (UTC)
а дзе знаходзіцца тое, што на першым здымку? быў там, але не бачыў
azarkinm
Apr. 11th, 2014 07:24 pm (UTC)
Гэта капліца. Я ж намалявала як праехаць да яе. Глядзіце мапу ніжэй з кропачкамі.
artem_ablozhei
Apr. 11th, 2014 07:27 pm (UTC)
гляджу)
azarkinm
Apr. 11th, 2014 07:34 pm (UTC)
Я там крыху тэкст падправіла пад мапай каб зразумела было і іншым як даехаць. Фактычна трэба ехаць калі збочыце з дарогі ўпрытык да сканчэння вуліцы, направа і зноўку даканца.

Мы ўжо з'яджалі, а капліцу я так і не знайшла. Была жудасна расчараваная, а калі выехалі на дарогу, то пабачыла яе. Вярнуліся. Фота якое над мапай стаіць, гэта якраз такі выгляд з дарогі. Летам вядома можа ўсё згубіцца на фоне лісцяў. Таму трэба ведаць дзе паварочваць.
tam_erm
Apr. 12th, 2014 04:38 pm (UTC)
Яшчэ Валацуга знайшоў "Если стоять спиной к часовне, по правую руку наискосок (в сторону речки) можно увидеть памятник на могиле повстанцев "
http://forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=4886&postdays=0&postorder=asc&start=15
azarkinm
Apr. 12th, 2014 07:10 pm (UTC)
дзякуй за падказку. Дадам у пост, можа хто будзе шукаць, дык будзе ведаць куды глядзець. Мы не заўважылі.
victogan
Apr. 11th, 2014 07:27 pm (UTC)
У Абрыне быў праездам верагодна раз 20, і ня ведаў пра сядзібу! //-(
azarkinm
Apr. 11th, 2014 07:31 pm (UTC)
Самога палаца небыло ўжо тады. Хаця, можа б пабачылі ў лепшым стане рэшткі афіцыны і амбара. Калі будзеце ладзіць на ровары вандроўку ёсць нагода праехаць і паглядзець усё зараз, пакуль канчаткова не знікла.
tam_erm
Apr. 12th, 2014 11:37 am (UTC)
Самая сумная гісторыя, здаецца.
azarkinm
Apr. 12th, 2014 07:10 pm (UTC)
Нажаль яны ўсе сумныя.
tomkad
Apr. 14th, 2014 05:54 am (UTC)
Спасибо! Интересно!
pan_dohva
Apr. 14th, 2014 01:08 pm (UTC)
Вельмi атмасфернае первае фота... Нiбыта нешта гатычнае...
l_z
Apr. 14th, 2014 01:20 pm (UTC)
Абрынскія — насамрэч лінія роду Харытановічаў, але яны карысталіся ня гэрбам Харытановічаў (называны часам "Харытон"), а гэрбам уласным.
azarkinm
Apr. 14th, 2014 01:25 pm (UTC)
Дзякуй за цікавае ўдакладненне.
(Deleted comment)
(Anonymous)
Jul. 13th, 2014 07:15 pm (UTC)
Найдена мемориальная доска, которую установил Юзеф Кашиц в память о своем брате Александре Кашиц, умершего в 10-- году в Ментоне (Франция_. Предположительно, эта доска размещалась в одной из наружных настенных ниш каплицы имения Кашиц - АБРИНА.
livejournal
Apr. 13th, 2017 06:31 am (UTC)
Hello! Your entry got to top-25 of the most popular entries of Belarus in LiveJournal! Learn more about LiveJournal Ratings in FAQ.
( 17 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com