?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра мястэчка, як пра ўладанне Дарагастайскіх, датуецца 1407 годам. Пазней маёнткам валодалі Радзівілы, а ў ХVII ст. з пасагам яго атрымалі Чапскія.



Беларуская станькаўская лінія Гутэн-Чапскіх бярэ пачатак з XVII ст., калі дачка Мікалая Казіміра Рыбанькі Вераніка Радзівіл пабралася шлюбам з Францішкам Станіславам Чапскім і прынесла маёнтак Станькава ва ўладанні роду з пасагам. Іх сыны Караль і Станіслаў жылі ў Нясвіжы, атрымалі вельмі добрую адукацыю. Абодва ўдзельнічалі ў вайне 1812 года на баку французскай арміі. Род Чапскіх шанаваўся не толькі на прасторах былой ВКЛ, але і ў Еўропе. Праўда адносіны да роду крыху пахіснуліся, калі Аляксандра Чапская (пляменніца Эмерыка) выйшла замуж трэцці раз і не за звычайнага заможнага чалавека з прозвішчам, а за ангельскага Людвіга IV Гессенскага, на той момант удаўца, які выхоўваў 5 дзяцей (сярод іх была і будучая жонка расійскага імператара Мікалая ІІ – Аляксандра). Шлюб праіснаваў недоўга, каралева прызнала яго марганатычным, але за Аляксандрай пакінулі тытул графіні фон Ромрод.

Фарміраванне сядзібна-паркавага комплекса ў Станькава адбываецца пры сыне Караля і Фабіаны Чапскіх – Эмерыке Гутэн-Чапскім (1828–1896)


Палац быў пабудаваны ў 1861–1862 гг. на месцы знесенага старога палацу пач. ХVIII ст. У новым будынку мелася вялікая мармуровая прыгожая тэраса з белых і чорных пліт.


Пакоі былі аддадзены пад калекцыі і насілі іх назвы – парцэлянавая, збройная, карцінная і інш.




Нажаль густы ўладароў мы не здолеем зразумець і ацаніць, бо палац вы не знойдзеце ў сучасных турыстычных маршрутах. Ён быў разабраны па каменьчыках у 1960-я гады.


Ад палаца ішлі лёхі, якія злучалі галоўны палац з кухонным флігелем і пабудаваным пазней “скарбчыкам”.

Кухня-флігель

Чапскі быў калекцыянерам з вялікай літары, і для яго было не важна, што калекцыянаваць, галоўнае каб гэта прыносіла задавальненне.

Малады Эмерык Гутэн-Чапскі

Усемі праўдамі і непраўдамі ён выкупаў, абменьваў рарытэты, якія тычыліся гісторыі ВКЛ і РП. Медалі, манеты, археалагічныя здабыткі – усё цікавіла Чапскага.

У калекцыю ўваходзіла бібліятэка на 20 тыс. кніг (дзе можна было пабачыць і Брэсцкую Біблію 1563 года, кнігі з аўтографамі А.Міцкевіча, І.Тышкевіча, А.Ельскага). Нумізматычная калекцыя налічвала каля 10 тыс. манет, сярод мастацкіх карцін былі творы Ваньковіча, Айвазоўскага, Аксентовіча. Госці маёнтка маглі пабачыць старую зброю, посуд, урэчскі крышталь, фамільнае срэбра, археалагічныя рэчы, гданьскую мэблю і слуцкія паясы. На сценах палаца месціліся фамільныя партрэты – Войцэха Пуслоўскага, Радзівіла Рыбанькі, Ігнація Чапскага, Тэафіліі з Канапацкіх, Францішка Чапскага. Пазней з’явяцца на сценах партрэты Эмерыка Чапскага і яго дваіх сыноў – Караля і Ежы.


Эмерык нават і на тэрыторыі вакол маёнтка зладзіў археалагічныя пошукі.

Але не толькі калекцыямі здзіўляў суседзей і гасцей, але і цудоўна спланаваным паркам і экзатычнымі раслінамі, якіх у парку было шмат.

Адно з паданняў распавядае, што ў парку было пасаджана тры дрэвы з імёнамі “Вера”, “Надзея”, “Каханне”. “Надзея” згарэла падчас Другой сусветнай вайны, “Веру” выразалі немцы. Засталося толькі дрэва “Каханне”, якое расло да канца 1990-х гадоў. У мяне засталіся рарытэтнае фота з вандроўкі 2000 года, дзе дрэва ўжо хворае, але яшчэ знаходзіцца каля “Скарбчыка”.


Перад палацам знаходзіўся вялікі вадаём, дзе былі штучна насыпаныя дзве выспы. На Заходняй выспе, якая мела памеры 60х100 м месцілася альтанка-ратонда з васьмю калонамі. Дарэчы, яна захавалася і да нашых дзён.


Другая выспа таксама вылучалася асаблівасцю – на ёй знаходзілася скульптура Божай Маці на высокім пастаменце (да нашых дзён не захавалася).


Завяршала паркавы комплекс царква св.Мікалая, пабудаваная ў 1858 годзе.




А 15 год таму, калі я ўпершыню была ў мястэчку, царква выглядала дзесьці так.




Для вялікай калекцыі манет Эмерыка Чапскага быў пабудаваны ў 1880 годзе асобны будынак “Скарбчык” – мініяцюрны сярэднявечны замак, які злучаўся з палацам лёхамі.





Малюнак Н.Орды

У савецкія часы, не ведаю як у вас, але ў школе дзе я навучалася, кожны клас павіннен быў абраць для сябе імя героя і ведаць пра яго ўсё. Мой клас быў імя Марата Казея і дзякуючы гэтаму некалькі год запар мы вандравалі на экскурсіі ў Станькава. Я была ўнутры “Скарбчыка”, дзе ў тыя часы месціўся музей Марата Казея, падымалася па прыгожай вінтавой лесвіцы, ад якой проста галава ішла колам, выходзіла на балкон і бачыла дрэва “Каханне”. Зараз, разумеючы наколькі гэтыя ўспаміны былі для мяне каштоўныя, шкадую, што не было з сабой сучасная фатаапарата, ці мабільніка з камерай J.




Побач з "скарбчыкам" вы знойдзеце вось такую каменную рэч.


Чаго толькі ў інтэрнэце можна знайсці, што гэта такое, а гэта ўсяго толькі каменнае чатырохбаковые крэсла :-)


Сядзібна-палацавы ансамбль быў абнесены агароджай і меў чатыры брамы – Менскую, Койданаўскую, Негарэльскую і Слуцкую. Да нашых часоў захавалася Менская брама.




Таксама на тэрыторыі комплеска былі пабудаваны:



Стайня


Абмар



Жылы дом


Кухня-флігель

У 1894 годзе значная частка калекцыі ў шасці вагонах вывозіцца ў наўмысна набыты для гэтых мэтаў дом каля Вавеля ў Кракаве. У 1895 годзе стары Эмерык з жонкай з’яджае ў Польшчу, а сваім сынам пакідае маёнткі Станькава, Прылукі і гаспадарку.

Палац у Кракаве

У Станькава застаецца старэйшы сын Караль Чапскі, а ў Прылуках – Юзаф Чапскі.


Старэйшы сын Эмерыка Чапскага – Караль Ян Аляксандр (1860–1904) быў жанаты на Леанціне Пуслоўскай, меў 4 дзяцей. У 1890–1901 гадах займаў пасаду мэра Мінска. Аб ім я ўжо пісала ў ЖЖ http://azarkinm.livejournal.com/132635.html. Дзякуючы яму Мінск пачынае з маленькага гарадка пераўтварацца ў прыгожы сучасны горад ХІХ ст. У горадзе праводзіцца каналізацыя, на цэнтральных вуліцах з’яўляецца брукаванка, пачынае працу конка, адчыняецца першы гарадскі тэатр і ламбард. Нажаль, Караль Чапскі памёр у маладым узросце, яму было ўсяго 44. Быў пахаваны ў радавым маёнтку Станькава. І дзе ж зараз у Станькава магіла вядомага мэра сталіцы – Караля Чапскага? Пасля яго смерці маёнтак Станькава пераходзіць у спадчыну непаўнагадовым сынам Караля – Эмерыку і Войцэху.


Ежы Чапскі з сынамі

Другі сын Эмерыка Гутэн-Чапскага – Ежы Чапскі (1861–1930), жанаты на Юзэфіне Караліне фон Тун-Гогенштэйн (1867–1903), дачцы вельмі ўплывовай сям’і Аўстра-Венгрыі, ад шлюбу з ёй меў 7 дзяцей. Уладарыў палацам у Прылуках (больш падрабязна пра яго можна даведацца тут http://azarkinm.livejournal.com/112595.html ).


Эльжбета і Эмерык Чапскія

Пасля смерці Эмерыка Чапскага, яго жонка Эльжбета працягнула справу мужа і выдала каталогі карцін і пяцітомнае выданне “Каталогі калекцый польскіх медалёў і манет”, у якім дарэчы сама рабіла малюнкі. Па тэстаменту мужа дорыць палац і ўсю вялізарную калекцыю гораду Кракаву, на аснове якой пазней фарміруецца музей горада. Закончыўшы ўсе свае справы з калекцыяй, Эльжбета вяртаецца ў Мінск і жыве з сынам Каралем Чапскім.



Пры Карале маёнтак ажывае яшчэ з большым імпэтам. Караль захапляецца развядзеннем экзатычным раслін. У Станькава ў пачатку ХХ стагоддзя вырошчваліся нават экспераментальныя ананасы. Дзякуючы сваёй пасадзе і частым паездкам у Мінск на працу, Караль арганізаваў вельмі добрую дарогу Станькава–Мінск.

Напрыканцы свайго кіравання на пасадзе мэра Мінска Караль Чапскі і яго маёнтак удзельнічаў у 1901 годзе ў Першая сельска-гаспадарчай і прамысловай выставе, якая праходзіла ў Мінску. З Станькава на выставе былі прадстаўлены чыстакроўная буйная жывёла, ягняты, сабакі, а таксама расліны – дрэвы, саджанцы кветак і гонар гаспадаркі – флянсы ананасаў, якія маглі расці ў нашым клімаце.

Памёр Караль Чапскі 20 студзеня 1904 года ў нямецкім горадзе Франфуркт-на-Майне, а 26 красавіка яго пахавалі ў сямейным склепе. Праз 12 год, у апошні шлях сюды прынясуць і яго маці – Эльжбету Гутэн-Чапскую.

Пасля 1917 года каштоўнасці, якія яшчэ заставаліся ў маёнтку, эшалонамі былі вывезены ў Маскву.


Калекцыянаванне відаць перадаецца з крывёй і справу Эмерыка Чапскага, ужо на чужыне, працягвае яго ўнук, – Эмерык Гуттэн-Чапскі (1897–1979),сын Караля названы ў гонар дзеда. Ён захапляўся старажытнымі мапамі і атласамі. З Рыма, дзе жылі Чапскія пасля 1939 года яго калекцыя (772 мапы канца ХV – першай паловы ХІХ ст.) перайшлі да Інстытута геаграфіі Польскай акадэміі навук. У 1976 годзе Эмерык Чапскі падараваў Дзяржаўнаму музею Беларусі гравіраваную па медзі мапу “Літвонія”.

Нашчадкі Чапскіх жывуць у Рыме і Парыжы. У 1970 годзе, да 110-годдзя са дня нараджэння Караля Чапскага ў Італіі быў выдадзены памятны медаль


Паблукаўшы па гістарычнай частцы мястэчка вы знойдзеце шмат чаго цікавага: і будынкі, дзе захаваўся яшчэ подых гісторыі, і старыя дрэвы, сярод якіх ёсць дуб якому па паданні 450 год.


І сучасны бутэлечны каларыт (як кажуць – зрабі з гаўна цукерку).


У савецкія часы вёска Станькава асацыіруецца ў беларусаў толькі з імя героя Савецкага Саюза Марата Казея, які нарадзіўся тут. Пра графаў Гутэн-Чапскіх забываюць да незалежнасці Беларусі.


Але нават зараз, пасля столькіх год незалежнасці славуты род Чапскіх практычна не ўзгадваецца, асабліва ў параўнанні з савецкімі героямі..

У Станькава недалёк ад адноўленай царквы знаходзіцца дом Марата Казея і парк з помнікам савецкаму герою,

фота з globus.tut.by

і школа, якая знаходзіцца насупраць чапскіх уладанняў носіць імя…


… правільна, бясмертнага Марата Казея.


І вуліца цэнтральная ў Станькава названая таксама ў гонар Марата Казея. Мы абураемся, што ў Мінску няма вуліцы вядомаму мэру горада - Каралю Чапскаму. Але ў мястэчку, дзе жылі славутыя графы, дзе нарадзіліся вядомыя людзі нашай Бацькаўшчыны, за амаль 25 год незалежнасці не ўшанавала імя Чапскіх.

Вось такая рэчаіснасць беларускай гісторыі і забытых імён. Сапраўды, пераможцы пішуць гісторыю, а дакладней будзе сказаць – яе крамсаюць.





ПРЫЛУКІ (Мінская вобласць) http://azarkinm.livejournal.com/112595.html
Караль Чапскі, забыты мэр Мінска http://azarkinm.livejournal.com/132635.html
Радавод Гуттэн-Чапскіх http://azarkinm.livejournal.com/119145.html
Станькава http://mitrander.livejournal.com/3864.html?thread=70168 (цікавы артыкул)

Comments

( 20 comments — Leave a comment )
maystra
Apr. 17th, 2014 04:36 am (UTC)
Дзякуй за чарговы карысны матэрыял! І як Вам удаецца так шмат падарожнічаць?
azarkinm
Apr. 17th, 2014 05:23 am (UTC)
Калі ласка. Рада, што спадабалася. А вандруем жа не ў адно месца, а ў некалькі адразу. Так за гэту вандроўку быў такі маршрут Станькава-Узда(могілкі)-Першамайск-Баравое-Рубяжэвічы-Сулы. Вось і лічыце колькі за адну вандроўку можна распавесці. :-)
krumkac
Apr. 17th, 2014 12:01 pm (UTC)
А чаго саму Узду не глядзелі? Там абсалютна шыкоўны былы касцёл 18 стагодзя. І старая, пачатку 20 ст. школа. Дзе на першым паверсе былі класы, а зверху -- кватэры настаўнікаў.
azarkinm
Apr. 17th, 2014 12:15 pm (UTC)
Неяк не зацікавілі рэлігійныя пабудовы ў горадзе мяне.
czechowicz
Apr. 19th, 2014 06:55 pm (UTC)
Захаванасцю палаца ў Кракаве проста дабілі... :(
azarkinm
Apr. 20th, 2014 05:36 pm (UTC)
Дык стан жа добры там. Наадварот трэба парадавацца, што хоць нешта засталося ад іх, праўда шкада, што не ў нашай краіне.
futureal2006
Apr. 20th, 2014 01:06 pm (UTC)
Акрамя адзначанага, у Станькаве ёсьць яшчэ шмат цікавага, напрыклад, фамільнае пахаваньне Чапскіх (у тым ліку мінскага мэра Караля Чапскага)і мэмарыяльны камень у гонар Статута ВКЛ 1588 г.!
azarkinm
Apr. 20th, 2014 05:35 pm (UTC)
Нешта нідзе не бачыла інфармацыю пра гэтыя аб'екты. А дзе дакладна знаходзяцца?
futureal2006
Apr. 20th, 2014 06:51 pm (UTC)
Нядаўна быў у Станькаве з групай, дык пашанцавала пазнаёміцца з выдатным чалавекам - Алегам Ігаравічам Масліевым, навауковым кіраўніком і галоўным рэстаўратарам Станькаўскага палацава-паркавага ансамбля. Ён недзе гадзіны чатыры вадзіў нас па парку, па царкве (нават дазволіў на дах залезьці!), паказаў, дзе дакладна знаходзяцца падземныя хады. Гэты чалавек ведае пра Чапскіх і пра Станькава ўсё. Абсалютна ўсё. Пра кожнае дрэва, кожны камень, кожны будынак, які захаваўся, і які быў разбураны, кожнага прадстаўніка роду Чапскіх ён можа распавядаць гадзінамі. Ён нам паказаў і мейсца, дзе быў касьцёл (зьнесены ў 1961 г.) і склеп-пахаваньне Чапскіх, вайсковыя могілкі часоў першай сусьветнай, пахаваньні нямецкіх жаўнераў часоў Вялікай Айчыннай і шмат чаго яшчэ. Мэмарыяльны камень знаходзіцца непадалёк ад свірна (амбара) і прыпынку маршруткі, на ім раней быў усталяваны крыж і надпіс 1588. Мейсца касьцёла і пахаваньне Чапскіх - насупраць, на тэрыторыі школы, пад невялікім пагоркам з дрэвамі. Склеп дасьледавалі ў 1982, выявілі шэсьць трунаў з целамі, у тым ліку Караля Чапскага і графіні Чапскай - жонкі Эмэрыка Чапскага, а таксама падземны ход, які злучаў касьцёл і палац. Пасьля дасьледаваньняў склеп замуравалі і засыпалі зямлёю, каб пазбегнуць вандалізму. Гэта толькі некалькі з вялікай колькасьці цікавостак, якія ведае Алег Ігаравіч. Ён можа распавесьці і пра ўласную валюту графоў Чапскіх - "станькоўскі квіт", што мела хаджэньне ў валоданьнях графоў з 1851 г., і пра тое, што Менская брама да 1983 г. была цалкам захаваная і выкарыстоўвалася як жылы дом, пра станькоўскіх варон, якіх ведаюць нават у Польшчы, пра графскіх медзьвядзёў і інш., і інш., і інш...
azarkinm
Apr. 21st, 2014 04:08 am (UTC)
Ух, колькі цікавага адразу даведалася ад вас за адзін адказ ваш. Ніколі гэту інфармацыю не чула. Крыху парадавалі ўсё ж такі, што не разрабавалі труны. Трэба чакаць лепшых часоў і спадзявацца, што нешта зробіцца ў гэтым накірунку калі ўсё зменіцца. А пра камень, гэта відаць той, што на фатаздымку ў мяне каля амбара... на перакрыжаванні дарог? Там якраз зверху адтуліна ёсць, я таксама падумала калі пабачыла яго, што нездарма ён тут ляжыць.
futureal2006
Apr. 21st, 2014 11:07 am (UTC)
Камень той самы! Яго спрабавалі некуды зцягнуць, каб "не замінаў руху транспарту", але выявілася, што ён насаджаны на мэталічную арматуру, а тая арматура праходзіць праз скляпеньне падземнага ходу з капліцы да былога палаца! Так што яго і бульдозэрам ня зрушыць!
Існуе таксама падземны ход ад палаца да царквы пад ставом, але ён зараз затоплены, бо ў савецкі час, калі экскаватарам чысьцілі дно става ад ілу і сьмецьця, коўш зачапіў нейкі камень, утварылася варонка і вада хуценька заліла ўсё падзямельле...
А што датычыцца ўшанаваньня памяці Чапскіх, то Алег Ігаравіч даўно робіць захады, нават ёсьць планы адбудаваць касьцёл-капліцу над пахаваньнем, а таксама помнік вайскоўцам першай сусьветнай, але мясцовыя ўлады і адсутнасьць сродкаў паралізуюць усе намаганьні. Добра хоць царкву ўдалося адбудаваць, хоць і давялося цэлую вайну вытрымаць з нашчадкамі Казея, якія ў былым царкоўным алтары зрабілі сьвінушнік (ну зразумела - дзе ж яшчэ яго рабіць...).
azarkinm
Apr. 21st, 2014 11:26 am (UTC)
Зрабілі свіннушнік. Вось сапраўды дзіву даешся, як людзі выраслі на савецкіх героях. А пасля гэтыя ж людзі ходзяць у царкву з вярбой ці булкамі на свята. Дзіву даешся людской веры.

Дарэчы, а чаму вы перасталі пісаць у ЖЖ?
futureal2006
Apr. 21st, 2014 04:09 pm (UTC)
Накрыўся жорсткі дыск з фатаздымкамі за апошнія паўтара гады((((((((
Але нічога, пакрысе зьбіраю новыя фотаматар'ялы, напрыклад, здымкі з даху Станькаўскай царквы :)
azarkinm
Apr. 21st, 2014 05:37 pm (UTC)
файна. тады чакаю новых расповядаў.
escargon
Apr. 22nd, 2014 11:38 am (UTC)
Были в станьково в прошлом году как раз в это время) Вот только все рассказать не могу)
azarkinm
Apr. 23rd, 2014 03:43 am (UTC)
Будзу чакаць і вашага расповяда.
escargon
Apr. 23rd, 2014 08:46 am (UTC)
:) Мы, правда, особо тщательно там не ходили - преимущественно скарбница интересовала)
crimerussia
Apr. 25th, 2014 04:47 pm (UTC)
здравствуйте! приглашаю в свой динамично развивающийся журнал и предлагаю дружбу)
pilipovich
May. 16th, 2014 07:11 pm (UTC)
Як заўсёды цікава. Дзякуй! Хачу прапанаваць вам супрацоўніцтва у фотопраекце. Скіньце, калі ласка, свой нумар тэлефона ці е-мэіл sergpilipenka@tut.by
Сяргей
( 20 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com