?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

СУЛА (Мінская вобласць)

У Сталбцоўскім раёне ёсць вёска Сула, якая апошнія час прыцягвае турыстаў да сябе адбудаваным турыстычным комплексам на месцы былой сядзібы. Вёска да XV стагоддзя знаходзілася ў складзе каралеўскіх зямель і была падаравана каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем Міхаілу Байбузэ. Пасля Байбузе Сулай валодалі Вішнявецкія ды Радзівілы. А ў канцы XVIII стагоддзя землі набывае Павел Ленскі. Чатыры пакаленні Ленскіх жылі тут да 1939 года. Будынкі сядзібнага комплекса, які мы зараз можам бачыць, адносяцца да сярэдзіны ХІХ стагоддзя.



Напрыканцы XVIII стагоддзя Павал Ленскі набывае Сулу, якую перадае ў спадчыну сыну Антонію.


Антоні Ленскі (1797-1873), старшыня менскага межавага суду, валодаў вялікімі фальваркамі на Меншчыне – Хотаў, Сула, Татары, Аннопаль, Стажынкі. Быў жанаты на Сафіі Залескай. Меў чатыры сыны і тры дачкі. Род Ленскіх паходзіць са старажытнага рыцарскага роду, якому належыў герб “Астоя”. Малодшая лінія гэтага роду асела на беларускіх землях Рэчы Паспалітай пры карале Сігізмундзе Аўгусце ІІІ ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя.

Сядзібны комплекс пачынае будавацца менавіта пры Антоніі, а пасля пераходзіць да яго сына Аляксандра.

Сядзіба была невялікая па тых часах і досыць сціплая. Зараз выгляд 40-метровай сядзібы можна пабачыць толькі на фатаздымку пачатку ХХ стагоддзя. Чатыры калоны з порцікам былі зроблены, як з цэнтральнага ўваходу ў сядзібу, так і з выхаду ў парк. Па баках таксама меліся дадатковыя ўваходы з ганкамі і калонамі. Убранне пакояў было сціплае. У сядзібе меласа два салона – адзін вялікі, другі - меньшы з распісанай столяй. Сядзіба Сула была знакаміта сваёй вялікай калекцыяй карцін французскіх мастакоў, якую збіраў адзін з прадстаўнікоў роду – Зянон Ленскі.


Адначасова з пабудовай сядзібы вялося будаўніцтва гаспадарчых пабудоў і разбіваўся парк.


Сям’я Антонія Ленскага была вельмі ўплывовай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Так Міхаліна Ленская выйшла замуж за Іахіма Бжазоўскага, маршалка Мінскага павета. Ад шлюбу яны мелі дачку Марыю Бжазоўскую, якая выйшла замуж за Адама Хмару (1810-1888), уладара маёнтку Сёмкава пад Мінскам (пра гэта можна пачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/115956.html). Другая дачка – Марыя Ленская выйшла замуж за Люцыяна Вайніловіча, паручыка войска польскага. Сыны Канстанцін і Зянон за ўдзел у паўстанні Каліноўскага былі сасланы ў Сібір, і пасля адбыцця тэрміну вярнуліся на радзіму. Міхаіл Ленскі, малодшы сын Антонія, быў уладаром маёнтка ў Хотаве і жанаты на праўнучцы мінскага губернатара Марыі Гіцэвіч.

Канстанцін Ленскі, удзельнік паўстання Каліноўскага.

Радавым маёнткам у Суле пасля смерці бацькі ўладарыў Аляксандр Ленскі (1836– …), жанаты на Сабіне Карказовіч. У шлюбе меў дзяцей – Мікалая, Зянона, Канстанціна і Эльжбету.

Зянон Ленскі. Аўтапартрэт.

Старэйшы сын Аляксандра – Міхаіл Ленскі, быў уладаром Мінскага крухмальнага завода “Сокал” (сучасны “Крышталь”), уладарыў гатэлем “Гарні” (нядаўня адрэстаўраванага), актыўна займаўся бізнесам і кіраваў бацькоўскай спадчынай.

Міхаіл Ленскі

Другі сын Зянон Ленскі.


Зянон Ленскі (1864-1927), мастак.
Нарадзіўся ў сям’і Аляксандра Ленскага і Сабіны Карказовіч. Названы ў гонар дзядзькі, узельніка паўстання 1863 года. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі (1875-1883). Пасля навучаўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Падчас навучання зацікавіўся жывапісам і пачаў браць урокі майстэрства пры Мастацкай Акадэміі. Для мастака таго часу была амаль абавязковай вандроўка ў Еўропу, бо лічылася, што без гэтага не выхоўваўся мастацкі густ. Таму пасля сканчэння навучання едзе ў творчую вандроўку. Спачатку наведваецца ў Мюнхен, дзе ўжо самастойна займаецца мастацтвам і знаёміцца з шэрагам вядомых мастакоў. Краявіды і партрэты гараджан выстаўліліся ў мюнхенскай галерэі. У Парыжы Зянон пачаў калекцыянаваць творы французскіх мастакоў, якія дасылаліся ў бацькоўскі дом у Сулах. Пасля вяртання на Беларусь займаўся аздабленнем сядзібы, распісаў столі салонаў у Суле. Яго творы у пачатку ХХ стагоддзя выстаўляліся на выставах у Мінску, Пецярбурзе, Кракаве, Варшаве.
Памёр у Варшаве ад раку ў лістападзе 1927 года. Пахаваны ў радавой капліцы ў Суле.

Сабіна Ленская з Карказовічаў (маці мастака). Аўтар Зянон Ленскі.

Уладанне Зянона Ленскага ў Татарах.

(дом не захаваўся)

Малодшы сын Аляксандра – Канстанцін Ленскі заняўся ваеннай справай і даслужыўся да чыну палкоўніка рускай і польскай армій.

Апошняй нарадзілася прыгажуня дачка – Эльжбета Ленская (1869–1951).

Аўтар Антон Каленскі

Лёс прыгатаваў гэтай прыгажуні цяжкае жыццё. Ажанілася з Казімірам Васілеўскім, уладаром маёнтка Гародня на Аршаншчыне. Муж загінуў ў Першай сусветнай вайне, і Эльжбета была вымушана перадаць маёнтак Казіміра сваякам, бо ў шлюбе не мела дзіцей. Стаўшы ўдавой, вярнулася ў бацькоўскі дом у Суле.

Эльжбета Васілеўская. Аўтар Зянон Ленскі.

Усе свае намаганні Эльжбета аддае сядзібе. Прычыняецца таксама і да будаўніцтва касцёла ў Рубяжэвічах, прафінансаваўшы значнкую частку будоўлі. http://azarkinm.livejournal.com/147915.html


Кажуць, што, калі яна даведалася пра падпісанне Рыжскай дамовы, то подкупамі дамаглася каб мяжу перасунулі на некалькі кіламетраў ад Сулы, але выратаваўшы радавы маёнтак, згубіла шмат земляў навокал.


Пасля смерці брата Зянона ў 1927 годзе Эльжбета становіцца ўладальніцай Сулы. Больш менш спакойна і размерана жыццё ідзе да 1939 года, пакуль Заходняя Беларусь не далучаецца да Усходняй. І зноўку савецкія камісары грукаюцца ў дзверы маёнта. На гэты раз палац выратаваць не атрымалася, і савецкія войскі ўзарвалі яго ў 1939 годзе. Пані Ленская пераехала жыць у дом прыслугі.


У 1945 годзе савецкая ўлада ўзгадала пра былую памешчыцу і збіралася саслаць яе падалей, нягледзячы на сталы ўжо ўзрост, але мясцовыя жыхары адстаялі Эльжбету. І засталася жыць Эльжбета ў Суле аж да канца свайго жыцця.

Калі дачцы Аляксандра Ленскага атрымалася пазбегнуць рэпрэсій, то лёс іншых нашчадкаў быў іншы. Перад далучэннем Заходняй Беларусі 10 верасня пагасцяваць да сястры прыехаў брат Канстанцін, але з’ехаць не здолеў. Так і застаўся ён жыць у Суле да 1940 года, пакуль не саслалі яго ў Комі. Пад рэпрэсіі патрапіла амаль уся сям’я Аляксандра Ленскага (брата дзядулі), большая частка загінула ў Сібіры ў 1941-42 гады.

частка стэнда каля ўвахода ў "Панскі маёнтак". Праўда тут маленькая памылачка, на фатаздымку нумар 3 не Сулы, а сядзіба ў Хотава Ленскіх.

Народная любоў да Эльжбеты была вялікай. І ў знак падзякі, што дапамагалі ёй усе гэтыя гады, што выратавалі ад ссылкі напрыканцы жыцця паклікала Эльжбета да сябе жыхароў і загадала цягнуць паперкі. Сваеасаблівая латэрыя ад Ленскай. Так раздала яна ўсе свае каштоўныя рэчы. Хто атрымаў вазу, хто - габелен, хто - завушніцы, а хто - пярсцёнак.


Пахавалі Эльжбету Ленскую на рубяжэвіцкіх могілках. Пад сціплай плітой пастаўленай ужо ў наш час стаіць эпітафія “Бог — моя защита, мое спасение”.

Як гэта цяжка - жыць і бачыць, як руйнуецца твая маёмасць, твае дзіцячыя ўспаміны і спадчына. І толькі капліца-ратонда стаяла некранутая савецкай уладай. Да апошніх дзён хадзіла Эльжбета, каб пакланіцца сваёй маці ды бацьку, паразмаўляць з братамі і дзядзькам. А ўжо пасля яе смерці ў 1960-я гады капліцу амаль разбурылі. Наступная знявага да капліцы прыйшла ў 1990-я, калі чорыя капальнікі раскапалі ў капліцы труны ўладароў у пошуках багацця. Так і стаялі некалькі дзён ачыненыя труны, а навокал валяліся косткі, пакуль вяскоўцы не сабралі ўсё і не перахавалі былых уладароў каля ратонды.

(унутры капліцы-радонды зараз толькі ямы ды лісце)



Занядбаны стан маёнтка Сула захоўваўся да 2000-х гадоў, пакуль не з’явіліся ахвотнікі выкупіць рэшткі калісьці магутнай і квітнеючай сядзібы. Паступова год за годам вяліся аднаўленчыя працы. Але першапачаткова былі праведзены гістарычныя працы ў архівах, каб была магчымасць найбольш даставерна аднавіць будынкі.


Наколькі гэта атрымалася ва ўладароў, вядома вырашаць кожнаму. Але мая пазіцыя такая, што варта мець усё ж такі адрэстаўраваныя будынкі, чым іх руіны. Вядома і рэстаўрацыя павінна быць максімальна прыбліжаная да мінуўшчыны.


Зараз крыху з вамі павандруем па сучаснай Суле.


Пры ўваходзе ў комплекс знаходзяцца былыя стайні. Тут зараз месціцца рэстарацыя “Каралеўская асамблея”. Заля разлічана на 150 чалавек, можна праводзіць канферэнцыі, вяселлі і сустрэчы.




У інтэр’еры няма нічога адштурхоўваючага. На сценах можна пабачыць габелены і арыгінальныя бра ў выглядзе факелаў.


Цэнтральнае месца займае камін.


У цэнтры комплекса знаходзіцца сажалка, а навокал растаўлены лежакі для адпачываючых.


Будынак кузні зараз выкарыстоўваецца як гатэль.


Пад гатэль аддадзены таксама і будынак аканома.


Па фатаздымкаў з сайта “Панскага маёнтка” можна ўявіць, як зараз выглядаюць пакоі ў гатэлі.






Як прыклад, вось так адрэстаўравалі былую лядоўню.






Наведвальнікі могуць пачаставацца ў мясцовай рэстарацыі “Вясёлы пан”. Зайсці ў рэстарацыю самім ў нас не атрымалася - там якраз рыхтаваліся да прыёма вяселля. Але калі патрапім туды зноўку, то распавяду больш дакладней пра меню. Хаця з інтэрв’ю сучасных уладароў маёнтка можна зрабіць выснову, што ўсё ж такі яны робяць націск на стравы не сялянскай кухні, а шляхецкай.



Інтэр'ер "Вясёлага пана"

У прынцыпе склалася ўражанне, што гаспадары робяць усё, каб зрабіць турызм тут на еўрапейскам ўзроўні. Дарэчы, звярніце ўвагу на камень перад будынкам. Такія каменчыкі стаяць па ўсёй пляцоўцы, а гэта нішто іншае як калонкі, з якіх гучыць цудоўная старажытная музыка. Гуляючы па маёнтку складваецца адчуванне, што старажытныя спевы, лютні ды валынкі напаўняюць паветра.


Час ад часу тут праходзяць рыцарскія фэсты.




Паступова была адноўлена і плаціна праз раку. Будынак былога бровара пакуль у руінах.


Адпачываючыя тут могуць замовіць навучанне па катанні на канях.


А можна пакатацца і ўсёй сям’ёй на брычцы. Дарэчы пры стайне існуе сваеасаблівы музей. Тут размясціліся экспанаты экіпажаў.


Да будынку стайні не падыходзілі, таму фота з сайта “Панскага маёнтка”.


Калі пачалося аднаўленне будынкаў, мясцовае насельніцтва з зацікаўнасцю ставілася да новых уладароў. Дапамагалі чым маглі. Так былі сабраны рэчы, якія падаравала аднавяскоўцам Эльжбета Ленская. Яны зараз і размясціліся ў музеі маёнтка.




Пляцоўкі ў маёнтку разбіты на розныя зоны. Тут ёсць і наваствораны музей валуноў.






І дзіцячая пляцоўка.


І пляцоўка пад канцэрты.


Вядома ідэальным быў бы варыянт аднаўлення і самой сядзібы… Але мусіць пазней...

Валун на месцы былой сядзібы Ленскіх.

Далей за сядзібу на ўзвышшы ў лесе можна знайсці рэшткі капліцы-ратонды. Якая і днём уражвае,


а што казаць пра ноч.

фота glidernet

Але ўладары з сумам кажуць, што аднаўленне капліцы немагчыма, бо ўсе спробы патанаюць у бюракратыі нашай улады і немагчымасці атрымаць дазвол.


Хаця паступова, думаю, здолеюць хаця б неяк прывесці да ладу капліцу. Зараз праз забалочанае месца быў зроблены насціл.


Ёсць у планах гаспадароў і аднаўленне бровара, чыстка ракі, а таксама пашырэнне свайго бізнеса. Ён толькі пачынаецца, бо адчынены маёнтак для наведвальнікаў быў не так і даўно - у 2012 годзе.


Першае ўражанне, калі вы ўваходзіце ў маёнтак, гэта - беларускія і ангельскія надпісы на будынках,


і стэндзе каля ўвахода.


Галоўная шыльда - на беларускай мове.


Але на гэтым беларуская мова сканчаецца. Уся астатняя частка пераходзіць на руска-ангельскі варыянт. Як прыклад - стэнд каля валуноў.


Але ўсё роўна, я - аптымістка, ды і надпісы можна будзе перадрукаваць. Валуны праўда ўжо не зменіш,

але пачатак зроблены добры.

Дарэчы, ў маёнтку ёсць і лазня з джакузі, якую можна замовіць асобна, каб адпачыць у маёнтку.


Можна пакатацца на канях і брычцы, а таксама замовіць верталётную вандроўку за асобны кошт.


У гэтым артыкуле вы пабачылі Сулу, знятую вясной 2014 года, а зараз прапаноўваю паглядзець на Сулу восенню 2012 года ў ЖЖ glidernet http://glidernet.livejournal.com/40726.html

Каму трэба у "Панскага маёнтка" ёсць свой сайт http://www.panski-maentak.by

P.S. Ох, і загарэлася мая дачка прыехаць сюды з начоўкай. :-) Будзем планаваць.

Comments

( 21 comments — Leave a comment )
yozas_gubka
May. 11th, 2014 07:07 pm (UTC)
гэта ў Беларусі? дакладна?
дзе тады сайдынг і металапрофіль - спадвечныя матэрыялы "рэстаўратараў"? :)
azarkinm
May. 11th, 2014 07:15 pm (UTC)
Самі хадзілі там і дзівіліся. За 100% дакладнасці не гарантую, але цешу сябе думкай, што ўсё ж такі людзі хаця бы вельмі моцна прыблізіліся да сапраўднай рэстаўрацыі.
ikvm
May. 12th, 2014 12:16 pm (UTC)
Капліца
Капліца ўразіла - цудоўна і загадкава выглдяае. Нажаль, канешне, што ў такім стане, але ён прыдае нейкую таямнічасць. Цікава - фота якое было зроблена ноччу - гэта там стаіць нейкі ліхтар? Я разумею, што яго не вы рабілі, але усё ж такі можа прыкмецілі там. Жаданне дачкі пра вандроўку з начоўкай больш чым зразумела ))

Edited at 2014-05-12 12:16 pm (UTC)
azarkinm
May. 12th, 2014 12:22 pm (UTC)
Re: Капліца
Часта руіны выглядаюць больш таямнічыя чым калі б былі будынкамі. Але думаю, што ва ўладароў сэрца разрываецца з-за стану капліцы, бо там былі пахаваны іх продкі. Пад начным фатаздымкам спасылка на ЖЖ аўтара, можна знайсці казачныя фатаздымкі і іншых гістарычных помнікаў Беларусі. А падсветку часовую рабіў аўтар фатаздымка.
tam_erm
May. 12th, 2014 05:03 pm (UTC)
Раней такія "рамантычныя руіны" за вялікія грошы заказвалі, а новым уладальнікам пашчасціла на халяву запалучыць:)
Добры расповяд, дзякуй! Колькі нумар гатэлю каштуе, напэўна, зашмат?
azarkinm
May. 12th, 2014 06:04 pm (UTC)
Не ведаю як бы зараз адрэагавалі ўладары. Можа і пакінулі б іх як напамін пра пакуты, якія яны вытрымалі, а капліцу іншую б зрабілі сваім продкам. Бо шчыра кажучы арыгінальная капліца на фотке мне не вельмі падабалася.

Нумар каштуе ад 100 даляраў. Але праблемка ў тым, што нумары ў асноўным двухмесныя. Каб нам сям'ёй паехаць, дык праблематычна. Трэба два нумары здымаць. Лічу недапрацоўкай арганізатараў. Здаецца каб зняць лядоўню гучаў кошт 200-250 даляраў, але нажаль не запыталася колькі там койка-месцаў знаходзіцца. Гадзіна катання на кані 80 тыс. А вось на верталёце палятаць абыйдзецца ў 3,5 млн. за трох :-). На мапе пры ўваходзе было намалявана, што за броварам плануецца намётавы гарадок. Вось калі гэта дазволена, дык гэта файна.
tam_erm
May. 12th, 2014 06:14 pm (UTC)
Ого, здаецца, такія цэны не пра нас:(
Вось і атрымліваецца, што патрыятызм-патрыятызмам, але за такія грошы лепш у іншай краіне адпачыць:(
azarkinm
May. 12th, 2014 06:30 pm (UTC)
Так, кошты зашкаліваюць. І гэта за адну ноч. Але і пазіцыянуюць яны сябе як панскі гатэль і кошты адпаведныя ;-), панскі :))).
by_dialog
May. 12th, 2014 09:43 pm (UTC)
Ніколі нават не чуў пра гэта
azarkinm
May. 13th, 2014 05:18 am (UTC)
Мы таксама. Ехалі паглядзець на капліцу і былі ў захапленні ад таго, што пабачылі.
pan_dohva
May. 13th, 2014 07:25 am (UTC)
Прыгожа вельмі. А камяні ў сценах будынкаў (запамятаваў, як называецца такая кладка) - увогуле цуд!
azarkinm
May. 13th, 2014 08:16 am (UTC)
Такія сцены мне таксама падабаюцца, гэта сваеасаблівы дэкор замазкі цэмента. У некаторых мясцінах гэтыя камні выкладвалі ў выглядзе малюнкаў мелкіх. Не ведаю, ці носіць гэта яшчэ нейкую назву.
pan_dohva
May. 13th, 2014 08:21 am (UTC)
Назва ёсць... Ці то "гуф", ці то інакш як... Запамятаваў!
azarkinm
May. 13th, 2014 08:29 am (UTC)
трэба пашукаць. Адпішыцеся калі знойдзеце, і я тое ж зраблю. :-) бо цікава стала.
pan_dohva
May. 13th, 2014 08:31 am (UTC)
Дамовіліся.
bloxer1
May. 13th, 2014 07:45 am (UTC)
Дзякуй. Вельмі цікава ! Асабліва ўражваюць адносіны да мінулага звычайных людзей і ўлады.
azarkinm
May. 13th, 2014 08:11 am (UTC)
Улада да аднаўлення не мае ніякага дачынення. Ініцыятыва людзей, якія хацелі зрабіць усё правільна, а не зашыць гістарычную спадчыну ў сайдынг, як гэта робяць апошнім часам. Яны малайцы. Я не ведаю нікога з тых хто займаецца аднаўленнем сядзібы, але вялікае ім дзякуй за зробленую працу.
salasz
May. 24th, 2014 08:52 am (UTC)
Марына, жонка звоніць с Сулы, капліцу пачалі аднаўляць! 5-6 чалавек з Бангладеша! Мусульмане! Яны кажуць, што так, што пачалося аднаўленне!
azarkinm
May. 24th, 2014 08:30 pm (UTC)
Файная навіна. Вельмі ўзрадавана, што ўсё ж такі пачалі аднаўляць. Але прычым тут Бангладэш? Яны найміты? Можа распавядзеце пасля пра ўражанні ад маёнтка, бо цікава.
salasz
May. 24th, 2014 09:06 pm (UTC)
На ФБ распавёў. ))
supron_licvin
May. 24th, 2014 09:21 pm (UTC)
малайцы гаспадары! вось такі б лёс - астатнім маёнтка, якіх процьма руйнуецца...
( 21 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com