
Не магла я абмінуць у сваёй вандроўцы па ўсходу Беларусі мястэчка Баркалабава. Па-першае, гэта месца дзе знаходзіцца гарадзішча, якое датуецца 10-8 тыс. да н.э., але яго можна ацаніць толькі пабачыўшы звышыні. Падчас археалагічных раскопак тут былі знойдзены прылады працы і пазнейшага перыяда – жалезнага веку. І, па-другое, тут быў напісаны Баркалабаўскі летапіс, які ахоплівае падзеі ХVI– ХVIІ стагоддзі.

фота з radzima.org
Мястэчка атрымала назву ад Баркулаба Корсака, які ў ХVIІ ст. валодаў землямі на Магілёўшчыне, і меў маёнтак у Буйнічах. У 1654 годзе ён разам з Раманам Хадкевічам аб’яджаў усходнія землі ВКЛ для ўмацавання межаў ад суседзяў і вырашыў на гарадзішчы збудаваць абарончы замак, а мястэчка вакол замка атрымала назву Баркалабава. Праз 12 года пасля заснавання замка, Баркулаб памёр у Вільні, дзе і быў пахаваны ў царкве Найчысцейшай Багародзіцы.
А Баркалабава, з пасагам дачкі Евы Корсак, перайшло да Багдана Саламарэцкага, які акрамя падтрымкі двух існуючых ужо праваслаўных цэркваў у мястэчку вырашыў разам з жонкай заснаваць яшчэ адну царкву св.Юрыя і Баркалабаўскі Свята-Духоўны мужчынскі манастыр. Цікавым фактам з’яўляецца, тое, што хоць у назве манастыра сустракаецца назва мястэчка размешчаны ён быў у Буйнічах, некалёк ад маёнтка Корсакаў.
Менавіта ў гэтым манастыры служыў Фёдар Магілёвец, аўтар Баркалабаўскага летапісу. У летапісу ён апісваў падзеі, якімі быў сведкай, а таксама часамі адыходзіў ад нейтральнага апавядання падзей і ўносіў свае меркаванні пра тое ці іншае палітычнае пытанне, даваў характэрыстыку гістарычным асобам, якія гасцявалі ў Саламарэцкіх і гд. На старых старонках можна знайсці радкі наконт сечы маскоўскага войска пад Магілёвам і як з імі расправілася войска ВКЛ.
“пагналі, адцеснілі, пабілі маскоўцаў і столькі іх шмат пабілі, што аж Дняпро іх трупамі загацілі і загацілі так, што людзі не маглі ў Дняпры ваду браць ды піць і рыбу з Дняпра не елі”.

фота з radzima.org
Расповядаў летапісец і пра крадзяжы ды набегі Севярына Налівайка на Магілёўскія землі, пра гасцявання ў Баркалабава Льва Сапегі, пра Ілжэдмітрыя і яго паходы.
Пасля Саламарэцкіх мястэчка трапляе з пасагам да Багдана Стэткевіча, які разам з жонкай заснаваў у кіламетры ад Баркалабава жаночы праваслаўны манастыр, бо ў Аршанскім жаночым Куцеінскім манастыры, які таксама яны фундавалі, ужо нехапала для выхаванцаў месца. Адпаведна для ўтрымання манастыра былі выдзелены землі з сялянамі ды пашнямі. Але манастыр рос і сын Міхаіл Стэткевіч папоўніў землі жаночага манастыра за кошт уразання зямель мужчынскага.

царква ХІХ ст. у Баркалабава
Усё было спачатку цудоўна, але праз 100 год пачаліся праблемы з гэтым перадзелам. У 1739 годзе, ігумен Буйніцкага мужчынскага манастыра Вікенцій Бараноўскі, праглядзеўшы старыя дакументы прыйшоў да высновы, што Міхаіл не меў права пераглядаць падораныя землі сваіх продкаў. У выніку ўспыхнула варожасць, якая прывяла да супрацьстаяння двух манастыроў – жаночага і мужчынскага. Дайшло да таго, што Бараноўскі дазволіў мужчынам манастыра ізбіваць манашак, што прывяло нават да смерці адной манахіні.
Справу вырашыў толькі Кіеўскі суд, які прыняў бок Бараноўскага і вынес прысуд – вярнуць землі мужчынскаму манастыру. Радасць Бараноўскага была нядоўгай, бо па вяртанні ў манастыр ён памёр. Праз некаторы час, манахіні вырашылі звярнуцца ў той жа суд, толькі ўжо з супрацьлеглым іскам. І той жа суд на гэты раз падтрымаў жанчын, але мужчынскі манастыр адмовіўся аддаваць землі і сялян. І зноўку пачаліся паміж манастырамі прэтэнзіі, якія прывялі нават да таго, што манашкі заплацілі і абмундзіравалі невялікі атрад наймітаў дзеля пахода на адваявання земляў. І зноўку справа скончылася судом.

Баркалабаўскі жаночы манастыр
Скаргі, якія пастаянна прыходзілі ад двух Баркалабаўскіх манастыроў усё ж такі надакучылі Кіеўскаму метрапаліту і ён перадаў абодва манастыра Магілёўскаму епіскапу. Які вырашыў выйсці з гэтай сітуацыі зменай ігумена ў мужчынскім манастыры. А разам з уладаром Быхава падканцлерам ВКЛ Міхаілам Сапегам прымусіў абодва бакі падпісаць міравую, па якой спрэчная тэрыторыя была падзелена паміж манастырамі роўнымі часткамі. А каб спыніць пастаянныя спрэчкі паміж манастырамі на будучыню, вырашылі адразу абумовіць памер штрафа для распальнікаў боек.
З цягам часу, землі манастыроў пачаў абмываць Днепр, і берагі спаўзалі ў раку з драўлянымі сараямі і дамамі, а манахі і манахіні хадзілі і казалі, што гэта іх Бог наказвае за варожасць адзін да аднаго.
У 1650-я гады ў жаночы манастыр патрапіў абраз Маці Божай Баркалабаўскай. Па паданні рускае войка, звозячы накрадзенае на ўсход, падчас вайны з ВКЛ не здолела рухацца далей, “бо коні паваліліся на калені і адмаўляліся ісці”. І было вырашана пакінуць абраз у Баркалабава. З таго часу пацягнуліся да яго людзі, і прыходзілі маліцца і прасіць заступіцца за іх перад Богам.

А што тычыцца мужчынскага манастыра ў Буйнічах, дык яго спачатку ў 1835 годзе ўпразнілі і прыпісалі да жаночага баркалабаўскага манастыра, а праз дзесяць год увогуле пазбавілі ўсіх земляў. Манастыр дзейнічаў у той ці іншай ступені да рэвалюцыі. Пасля там было зроблена зернесховішча і на дадзены момант ніводнага будынка з комплекса не засталося.
У 1904 годзе было вырашана пабудаваць яшчэ адну царкву ў мястэчку ў псеўдарускім стылі. Яе асвяцілі як царкву Казанскай Божай Маці. У савецкія часы тут месціўся спартыўная заля.

У 1928 годзе Баркалабаўскі жаночы манастыр быў зачынены, некаторыя будынкі знішчаны, а тыя што засталіся перададзены пад піянерскі лагер. Абразы манастыра манахіні выратавалі дзякуючы звычайным людзям, якія хавалі іх па дамах і перадавалі адзін аднаму пакуль не апынуўся цудатворны абраз Маці Божай у Быхаўскай царкве. У 1990-х гадах старыя будынкі жаночага манастыра было вырашана ўвогуле зруйнаваць з зямлёй. На дадзены момант ніводнага гістарычнага будынка манастыра не захавалася.

Але з 2008 года,было прынята рашэнне аб аднаўленні жаночага манастыра. І першыя манахіні, як і 400 год таму, прыехалі ў Баркалабава з Воршы, і пачалі аднаўляць манастыр. За два гады вастанавілі храм Іаана Прэдцечы, а летам 2010 года вярнулі з Быхава цудатворны абраз Божай Маці Баркалабаўскай.

фота з main.lim.by
У 2013 годзе, да Дзён беларускага пісьменства ў Быхаве быў адчынены помнік Баркалабаўскай летапісі.

Баркалабава вельмі разлічвае на планы малігёўскага заасада, які плануе адчыніць водны маршрут Заасад (Магілёў)– Баркалабава–Быхаў, бо са з’яўляеннем маршрута спадзяюцца на прыток турыстаў у вёску, але дзеля гэтага, скажу я вам, вельмі моцна трэба прыкласці намаганняў.

P.S. Чытайце ЖЖ, бо мы па шчырасці крыху лахануліся падчас вандроўкі. Не ўлічылі наяўнасць манастыра і заяджалі ў Баркалабава толькі з-за таго, што тут пісаўся летапіс і інфармацыі пра гісторыю манастыра няма ні на tut.by ні на radzima.org
P.P.S. А мы паміж іншым каля царквы з задавальненнем размялі ногі.


Comments
Якраз толькі вярнулася з сустрэчы з мастаком Міколай Купавай і іншымі апалагетамі святкавання 500-годдзя бітвы пад Оршай:)
няма ні на tut.by
На форумах есць. Мы не прамінаем і заязжаем туды, каб паглядзець змены, амаль штогод пачынаючы з 2009-га. Будавалі вельмі хутка, ужо і купель зрабілі.
Гісторыю пра манахаў вы раскапалі наіцікавейшую:)
А наконт форума, спрабую па максімуму заўсёды аблазіць. Але ў гэтую вандроўку чамусьці праігравала ЖЖ і форум. :-(