?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Першыя ўзгадкі вёскі Мсціж Барысаўскага раёна адносяць нас у 1536 год, калі вёска была ўзгадана ў Літоўскіх метрыках у сувязі з маёмасным падзелам. Напрацягу шматлікіх стагоддзяў маёнткам валодалі Сапегі, Радзівілы, Тышкевічы, Саковічы, Храптовічы, Слізні, Булгакі і Валовічы.


Барысаўскі маршалак Мікалай Слізень атрымалі Мсціж у 1776 годзе ад Іахіма Літавора Храптовіча. Паступова землі пашарыліся і да маёнтка сталі адносіцца 6 фальваркаў і 23 вёскі, а таксама 10 000 гектараў пахатных зямель. Пры Мікалаі і яго сыне Юзафе Слізене (1780–1856) маёнтак дасягнуў свайго росквіту. У пачатку ХІХ стагоддзя быў пабудаваны палац, які ўяўляў сабой выцягнуты ў адну лінію двухпавярховы будынак, наперадзе знаходзіўся ганак з калонамі. Маёнтак быў абнесены высокім каменным плотам з каванай агароджай. Брама, якая захавалася да нашага часу была цэнтральнай ўязной, але ў маёнтку мелася яшчэ тры такіх брамы ў супрацьлеглых баках. Дзве вялі ў парк, трэцяя да гаспадарчых будынкаў. Чатыры брамы, агароджа і палац былі пафарбаваны ў аднолькавы белы колер.

Найбуйнейшага росквіту, як я ўжо казала, маёнтак Мсціж дасягнуў пры ўладарстве тут Юзафа Слізеня. Юзаф сабраў вялікую калекцыю кніг (каля 7 000), манет і медалёў (каля 2 000), мінералаў і прадметаў мастацтва. У маёнтку была закладзена аранжарэя, а ў прысядзібным парку налічвалася 3 500 разнастайных раслін. Асаблівасцю Мсціжскага маёнтка для суседзяў з’яўляўся заапарк з экзатычнымі жывёламі, дзе значнае месца было адведзена птушкам. Тут можна было пабачыць паўлінаў, лебедзяў, буслоў, жураўлёў, канарэек, некалькі відаў папугаяў.


Пасля смерці Юзафа, які бачыў сваё жыццё менавіта ў Мсціжскім маёнтку, яго нашчадкі не працягнулі традыцыю бацькі і маёнтак становіцца абсалютна звычайным месцам. Спачатку пераходзіць да старэйшай дачкі Ізабелы, якая была замужам за барысаўскім маршалкам Ігнаціям Булгакам (…–1848). Ігнацій, пасля смерці жонкі, ажаніўся другі раз на яе малодшай сястрэ – Тэкле Слізень. Праз пэўны час Мсціж перадаецца з пасагам Сафіі Булгак (дачка ад першага шлюбы Ігнація Булгака і Ізабелы Слізень) да Генрыха Валовіча. Але ў маёнтку Сафія не жыла, а здавала арандатарам.

Пасля смерці ўладанні Валовічаў былі падзелены ў роўных далях паміж дзецьмі Сафіі і Генрыха Валовіча. Уладзіслаў, Юзаф, Міхаіл, Марыя і Леанція атрымалі кожны па маёнтку. Мсціж пераходзіць да малодшага сына Міхаіла Валовіча (…–1919), які разглядаў яго толькі як месца для летняга адпачынку, куды выязджаў з Менску. У 1890 годзе ў палацы здарыўся пажар, які знішчыў спадчыну знакамітага Юзафа Слізеня. Тое што засталося ад палаца, было разабрана да падмурку, а новы аднапавярховы сядзібны дом быў пабудаваны ў іншым месцы. Некалі багатая калекцыя Юзафа Слізеня, якая месцілася ў палацы загінула ў пажары, а тое што атрымалася выратаваць Міхаіл Валовіч перавёз у свой менскі дом.


Перад Першай сусветнай вайной, усе будынкі маёнтка яшчэ знаходзіліся ў добрым стане, але ў віры гістарычных падзей, гарматы і людзі знішчылі іх. Апошняя кропка ў страце спадчыны Слізеняў у Мсціжы была пастаўлена ў 1930-я гады, калі мясцовы калгас засыпаў зямлёй падмурак са склепам аднаго з флігеляў і разабраў агароджу маёнтка на будаўнічыя матэрыялы.

Нам ад спадчыны Слізеняў, Булгакаў ды Валовічаў у калісьці прыгожым маёнтку Мсціж засталося толькі адзінокая галоўная брама.

Палац не адзіная гістарычная спадчына, якая ўхваляла Мсціж у нашай гісторыі.

Існуе Мсціжскае Евангелле, помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры ХІІІ-ХVII ст. Галоўнай асаблівасцю Евангелля з’яўляецца 350 прыгожа і разнастайна афармленных загалоўных літар. Пераплёт кнігі быў зроблены са скуры і аздоблены пасрэбранымі пласцінамі з выгравіраваным Хрыстом на крыжы і выявамі евангелістаў. І хаця Евангелле было знойдзена ў ХІХ стагоддзі ў Менску сваю назву атрымала ад надпіса зробленага ў ХVI ст. на першай і апошніх старонках кнігі. Запіс распавядаў, што менскі бурмістар Васіль Лах ахвяраваў гэты экземпляр царкве Св.Юрыя ў вёсцы Мсціж. У 1869 годзе кніга была перададзена Віленскай публічнай бібліятэцы, бо ўсё ж такі для тагачасных жыхатоў былой ВКЛ Вільня гэта сталіца дзяржавы, куды звозіліся ўсе гістарычныя рэчы знойдзеныя нашчадкамі ліцвінаў. Зараз Евангелле захоўваецца ў літоўскай Акадэміі Навук, а на Беларусі ў Барысаўскім краязнаўчым музеі знаходзіцца яе муляж.

фота з сайта http://mstij.blogspot.com/

Мсціжскія мясціны багаты скарбамі. Так у мінулым стагоддзі не адзін раз вакол вёскі знаходзілі скарбы са старажытнарымскімі манетамі і рэчамі. А самая старая манета са знойдзеных датуецца ІІ ст. да н.э.

Пасля набыцця маёнтка ў 1786 годзе Мікалай Слізень пабудаваў у тут драўляную Крыжаўзвіжанскую царкву, якая згарэла падчас руска-французскай вайны і была адноўлена ў 1816 годзе Юзафам Слізенем. Царква дзейнічала да рэвалюцыі і пасля была зачынена і выкарыстоўвалася як сховішча да Другой сусветнай вайны. З прыходам немцаў дзейнасць царквы аднавілася, але не надоўга, у 1943 годзе яна згарэла. Аднаўляць храм пачалі толькі ў сярэдзіне 1990-х гады, а асвячэнне будынка адбылося ў 2001 годзе.

Фота з кнігі “Хрысціянскія храмы Беларусі на фатаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ ст.”

Яшчэ пры уладарстве ў Мсціжы Храптовічаў у 1760 годзе быў пабудаваны касцёл, які ў 1880 годзе быў перароблены ў капліцу і дзейнічаў да 1917 года. Капліца была зруйнавана падчас Другой сусветнай вайны.

З сярэдзіне ХІХ стагоддзя да Другой сусветнай вайны ў Мсціжы знаходзілася на цэнтральнай вуліцы сінагога. У 1941 годзе большасць з габрэйскага насельніцтва было растралялана, а астатняя вывезена ў канцлагер у Зэмбін. У 2007 годзе габрэйскае таварыства ЗША паставіла помнік загінуўшым у вёсцы.

Да гісторыі Другой сусветнай вайны адносіцца і Макавае поле каля вёскі. Тут у 1944 годзе немцы зладзілі вогнены кацёл для партызан, пасля якога на чырвоным некалі макавым полі засталося ляжаць каля 600 партызан.

Мсціжане ганарацца і тым, што каля вёскі адбываліся здымкі кіно. Кадры з краявідамі мясцін можна пабачыць у мастацкіх стужках “Людзі на балоце” і “Ідзі і глядзі”.


________
Для тых, хоча даведацца боле:
Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 1
http://be-x-old.wikipedia.org шукаем Мсціж дзе напісана даволі шмат пра вёску.
http://mstij.blogspot.com сайт гісторыі вёскі Мсціж.
http://selskajabiblioteka.blogspot.com блог Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Каладзеева.

Comments

( 7 comments — Leave a comment )
livejournal
Oct. 16th, 2014 10:35 pm (UTC)
Дзень добры! Ваш запіс трапіў у топ-25 папулярных запісаў LiveJournal Беларусі! Больш падрабязна пра рэйтынг чытайце ў Даведцы.
moussorine
Oct. 17th, 2014 03:07 am (UTC)
Дзякуй! Цікавыя рэчы пішаце!
azarkinm
Oct. 17th, 2014 04:19 am (UTC)
Рада, што спадабалася.
tam_erm
Oct. 17th, 2014 09:14 am (UTC)
Брама сапраўды ахоўваецца дзяржавай, але чаму шыльдачка такога некананічнага выгляду, незразумела.
Дрэва - ох і ах, якая праца!
azarkinm
Oct. 17th, 2014 09:47 am (UTC)
Пра шыльду не ведаю, відаць проста ўжо даволі старая і больш не ставілася іншая.

А пра дрэва, думаю недахопы там таксама ёсць, але час ад часу каб разабрацца ў сваяцкіх сувязях хочацца мець перад сабой такое дрэва. Рабіла яго яшчэ пасля наведвання мястэчка Вольна, дзе ўразіў касцёл. Там таксама была рэзідэнцыя іншай веткі Слізеняў. Вось выклала толькі зараз можа каму цікава будзе.
zmicierbielapol
Oct. 17th, 2014 11:51 am (UTC)
Дзякуй!
zycharby
Nov. 8th, 2014 10:10 am (UTC)
Познавательно и очень интересно, спасибо за пост!
( 7 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com