AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ТАРНОВА (Гарадзенская вобласць)

Вёска Тарнова Лідскага раёна вядома ў гісторыі нашай краіны з XVII ст. Першапачаткова землямі Белагрудскага двара (менавіта да яго адносіліся сучасныя землі Тарнова) валодалі Завішы, Вішнявецкія, Ваўчкі, а пасля зноўку Завішы. Прыблізна ў 1690 годзе Ганна Завіша бярэцца шлюбам з Пятром Тарноўскім і атрымлівае Белагрудскі двор у пасаг. Тады ж з'явілася ў краях і вёска Тарноўшчына, якое носіць імя мужа Ганны. У шлюбе з Тарноўскім Ганна была нядоўга, у 1702 годзе адбыўся другі шлюб з Крыштафам Шчытнікам, праз некаторы час і ў гонар яго з'яўляецца вёска Шчытоўка. У 1721 годзе, Белагрудскі двор, а з ім і вёска Тарноўшчына, са шлюбам Барбары Завішы пераходзіць ва ўладанні Мікалая Радзівіла (1751–1811).


Радзівілы падчас валодання землямі не звярталі на Белагрудскі двор асаблівай ўвагі. У 1808 годзе здаюць яго ў арэнду Тадэвушу Андрэйковічу, які з 1824 года, пасля шматлікіх судовых спрэчак становіцца паўнавартым уладаром. Сын Тадэвуша Юлій Андрэйковіч (1820–1898), даволі авантурным чалавекам, прадае ўсе ўладанні і ў 1847 годзе з'яўджае ў ЗША. Там паспяхова ўдзельнічае ў залатой ліхаманцы, будуе фабрыку фарбаў у Філадэльфіі і засноўвае Польскі Нацыянальны Саюз, дзе становіцца першым прэзідэнтам.

Пасля продажу земляў ўладаром Тарноўшчыны становіцца Канстанцін Кашыц (1828-1881), актыўны ўдзельнік паўстання Каліноўскага, які на свае грошы сабраў і абмундзіраваў атрад. Каля яго радавога маёнтка Абрына (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласць) ішлі моцныя баі паўстанцаў з рускімі вайскамі. Тут палягло шмат паплечнікаў Кастуся і пасля адыходу войскаў паўстанцаў Кашыца застаўся ў маёнтку, каб пахаваць забітых на сваёй зямлі. На месцы пахавання паўстанцаў Кашыца ставіць просты вялікі жалезны крыж. За ўдзел у паўстанні Канстанціна ссылаюць у Сібір. Але ў 1866 годзе ён вяртаецца і на непрымальных умовах падпісвае дамову аб продажы сваіх уладанняў паплечніку Мураўёва-вешальніка – Дзмітрыю Маўросу. Маёнткі Тарноўшчына з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруда, Чыжэўшчына, Банцавічы, а таксама дом у Рызе былі прададзены за даволі смешную суму. Кашыцам дазволілі пакінуць сабе толькі радавы маёнтак у Абрыне. (Аб гэтым можна прачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/145839.html)

Ад'ютант Дзмітрый Маўрос (1820–1896), новы ўладар Тарноўшчыны, быў нашчадкам выхадцаў з грэцкай выспы Радос, якія спачатку перасяліся на Мальту, а затым у Малдавію. І хаця яго дзед – Георгій Маўрос быў у 1785 годзе кіраўніком Малдавіі, яго бацька Мікалай перайшоў на службу да рускага цара і выхаваў сына рускім патрыётам. Дзмітрый Маўрос удзельнічаў у падаўленні паўстанняў у Венгрыі (1848–1849), у Літве і Польшчы (1863–1864), а таксама з'яўляўся ўдельнікам Крымскай вайны (1853–1856). Пасля набыцця земляў Тарноўшчыны сям'я Маўроса кожнае лета прыяджае адпачываць у свой новы маёнтак. У 1877–78 гадах Дзмітрый Маўрос прымаў актыўны ўдзел у вайне супраць Турцыі, за што атрымаў графскі тытул ад імператара Аўстрыі Франца-Іосіфа. Пасля сканчэння вайны з пашанай сыйшоў на пенсію ў званні генерал-лейтэнанта.

Ужо на пенсіі ён пачынае займацца Тарноўскімі землямі і ў 1885 годзе распачынае будаўніцтва палаца, вінакурні і гаспадарчых будынкаў. На поўдзень ад палаца разбівае парк, які ў асноўным засаджаваецца дубамі, клёнамі ды ясенямі. У 200 метрах за паркам былі выкапаны дзве сажалкі. Захапленнямі гаспадыні палаца былі ружы, якіх у садзе можна было пабачыць каля некалькі дзесяткаў гатункаў. А мясцовы садавод праяўляў майстэрства ў прышчэпванні руж так, што на адным кусце магло квітней некалькі колераў каралевы саду.


І хаця для нашай гісторыі Дзмітрый Маўрос з'яўляецца адмоўнай фігурай, для звычайных сялян, якія на яго працавалі ён быў добрым і шчодрым чалавекам. Пасля вандровак у Еўропу і Палесціну ён прывозіў падарункі, якія былыя працоўныя захоўвалі і перадавалі з пакалення ў пакалення. Таму, калі і з'явіцца жаданне, зрабіць хоць нейкі музей прысвечаны палацу, то ў наваколлі можна будзе знайсці шмат графскіх рэчаў. Пра шчодрасць Дзмітрыя Маўроса пераказваючы расповяды сваіх дзядоў, узгадваюць тарноўцы і зараз. Так, памірая, граф загадаў на яго памінкі выставілі доўгія сталы на цэнтральнай алеі з ежай і напоямі, каб кожны яго селянін мог прыйсці і памянуць графа.


Тарноўскі палац быў пабудаваны ў стылі нэарэнесанс, у асімітрычнай форме. Асноўная колькасць паверхаў – два, але справага боку была збудавана чатырохпавярховая вежа.




На пад'ездах да палаца, у пачатку ўязной алеі, Дзмітрый Маўрос пабудаваў у гатычным стылі радавую капліцу. Дзе спачатку была пахавана жонка Кацярына Сімоніч (1832–1890), а праз шэсць гадоў і сам Дзмітрый. Капліца была вельмі прыгожая, на аздабленне якой Дзмітрый не шкадаваў грошаў. Вокны былі ўпрыгожаны каляровымі вітражамі, а на сценах рэлігійныя малюнкі. Капліца прастаяла ў вёсцы да 1939 года і была спачатку разрабавана, а пасля ўвогуле разабрана савецкай уладай.


Дарэчы, побач з палацам можна пабачыць лядоўню, глыбіня якой складае 5 метраў. Па звесткам сайта www.lida.info гэта быў будынак дзе некаторы час да будаўніцтва капліцы знаходзілася труна жонкі Дзмітрыя Маўроса – Кацярыны.

У падтрымку такога факта кажуць і нішы, якія непатрэбны былі б для лядоўні, але падыходзілі б для капліцы, дзе верагодна былі некаторы час размешчаны статуі святых.

У савецкія часы з лядоўні зладзілі кацельную, а зараз і ўвогуле закінулі.

фота з www.belarus-travel.by

Вакол палаца можна знайсці яшчэ некалькі будынкаў канца ХІХ стагоддзя. Былая стайня (на першым плане фотаздымка) і дом для працоўных (крыху выступае за стайняй на фота). Абодва будынкі зараз выкарыстоўваюцца пад жыллё.



Турыстычным будынкам для вёскі Тарнова з'яўляецца зараз і вятрак, які месціцца на тэрыторыі фермы. Вятрак-шатроўка унікальны тым, што лічыцца адзіным ў Беларусі вятраком дзе асноўная частка зроблена з камня, а верхняя драўляная (яе паварочвалі ў залежнасці ад накірунку ветра). У 1950-я гады вятрак яшчэ выкарыстоўваўся па прызначэнні – малоў зерне. Але ў 1960-я драўляная частка згарэла, аднаўляць вятрак ніхто не збіраўся, яго проста накрылі конуснай бляхай, і пачалі выкарыстоўваць як сховішча, а пасля і ўвогуле закінулі. Дарэчы, дыаметр Тарноўскага ветрака па фундаменту складае каля 12 метраў, узгадайце гэта, калі будзеце стаяць насупраць уражваючыга сваімі памерамі будынка.





У 1896 годзе пасля смерці бацькі ўладаром Тарноўшчыны становіцца Мікалай Маўрос (1862–1916). Звестак пра яго жыццё можна знайсці яшчэ менш. Вядома толькі тое, што пасля смерці жонкі ён быў прызнаны недзеяздольным і перададзены пад апякунства старэйшай сястры Марыі, якая на той момант пасля смерці мужа набыла дом у Гатчына, недалёка ад Санкт-Пецярбурга. Там жа жыве і малодшая сястра Лізавета са сваімі дзецьмі і другім мужам. Абедзве сястры даглядалі Мікалая і з'яўляліся яго апякуншамі. У 1916 годзе ён пераяджае да свайго пляменніка Дзмітрыя фон Эксэ і жыве разам з ім. Памёр Мікалай у 1916 годзе ў Гатчына, але пахаваны ў радавой капліцы Тарноўшчына. Маёнтак з землямі пераходзіць да сястры Мікалая Лізаветы Скосыравай.

Пасля Рыжскага міру ў 1921 годзе і падзелу беларускіх зямель, маёнтак Тарноўшчына адыходзіць да Польшчы. Палякі не прабачылі нашчадкам Дзмітрыя Маўроса, "геройскую" службу рускаму цару і падаўленне паўстання 1863 года. Большая частка зямель нацыяналізуецца польскім урадам, а астатняя частка перадаецца курляндскаму барону Кехле.

Менавіта з-за таго, што палац у Тарноўшчыне быў пабудаваны паплечнікам Мураўёва-вешальніка, а старая драўляная сядзіба Кашыцы не захавалася, вядомы польскі даследчык-краявед Афтаназія ў вандроўках па радавым маёнткам Усходніх Крэс ігнараваў гэтыя мясціны. А дзякуючы яму, мы зараз можам уявіць пра выгляды і ўнутраны ўклад шмат якія сядзіб, але толькі не пра Тарноўшчыну.

Пасля 17 верасня 1939 года савецкая ўлада нацыяналізуе землі, а на аснове племянных кароў барона Кехле арганізоўвае ў 1940 годзе калгас.

У гады Другой сусветнай вайны будынак палаца здоле выстаяць, хаця тут размяшчаўся паліцэйскі пастарунак, на які партызанамі быў здзейснены напад.

У 1947 годзе палац перарабілі пад саўгасную кантору, затым пад паштовае аддзяленне, сберкасу, адзел сувязі і нарэшце-рэшт пад кватэры. Планіроўка палаца пасля столькіх перасяленняў была моцна парушана, а ў пачатку 2000- х увогуле прыходзіць у занядбаны стан.

фота darriuss

У 2008 годзе на сродкі калгаса была праведзена рэканструкцыя будынка, які пасля рамонту стаў выкарыстоўвацца пад калгаснае жыллё. Зараз тут размешчаны 11 кватэр для вяскоўкаў. У асноўным гэта двухпакаёвыя кватэры, а ў былой вежы на 4-5 паверхах размясцілася 5-ціпакаёвая кватэра.

Вось такі інтэр'ер зараз можна пабачыць у палацы Маўроса.

фота з сайта www.labadzenka.by


фота з сайта www.labadzenka.by

Распавядаючы пра Дзмітрыя Маўроса, хачу спыніцца крыху на яго нашчадках, якія хоць і не насілі прозвішча ўладароў палаца ў Тарнова, але некаторыя з іх мелі такія ж авантурныя схільнасці як і іх дзед.

У графа Дзмітрыя Маўроса ў шлюбе з Кацярынай Сімоніч было 4 дачкі і 1 сын. Доўгачаканы сын нарадзіўся апошнім і стаў уладаром радавога маёнтка Тарноўшчына, а дачок Дзмітрый паспяхова аддаў замуж.

Старэйшая Марыя (1854-1914) стала жонкай жандармскага генерала Фёдара Карлавіча фон Эксэ і ў шлюбе нарадзіла дваіх сыноў Уладзіміра і Дзмітрыя фон Эксэ, і дачку Марыю. Доўгі час жыла ў Вільні, а пасля смерці мужа набыла дом ў Гатчына, пад Санкт-Пецярбургам. Уладзімір (, афіцэр рускай арміі, удзельнік руска-японскай вайны, заснавальнік рускага скаўцкага руху. Белагвардзеец, арыштаваны НКВД у 1937 годзе, а ў 1942 годзе памёр у ГУЛАГу. Другі сын, Дзмітрый, быў кавалерыстам і ўдзельнікам розным еўрапейскіх спаборніцтваў. Пасля рэвалюцыі 1917 года эмігрыраваў у Польшчу. (Падрабязней пра братоў чытаем тут http://kraeved-gatchina.de/data/documents/GATChINA-I-GATChINCY-V-VELIKOY-VOYNE-24.pdf)

Пра двух дачок Ганну і Аляксандру амаль нічога не вядома. Толькі тое, што Ганна (1857–...) пабралася шлюбам з прадстаўніком лідскай збяднелай шляхты Слізенем, а Аляксандра (1860–...) стала жонкай Чапелеўскага.


Лізавета Маўрос нарадзілася ў 1862 годзе і была малодшай дачкой Дзмітрыя і Кацярыны. Пасля дасягнення паўналецця яе выдалі замуж за стрыечнага брата па матчынай лініі Міхаіла Сімоніча, у шлюбе з якім нарадзілася трое дзяцей – Аляксандр (1884–1889), Марыя (1887–...), Барыс (1895–...). У пачатку ХХ стагоддзя атрымаўшы развод, выходзіць другі раз замуж за лідскага ўезднага начальніка Мікалая Скосырава ў шлюбе з ім нарадзіўся сын Барыс (1896-1989), які стаў першым каралём Андоры http://azarkinm.livejournal.com/161588.html





------------------------------

Хрысціна Марчук, Супрацоўнікі аграфірмы "Мажэйкава" будуць жыць у графскай сядзібе, Газета Слонімская, 19.08.2009
Архітэктура Беларусі, энцыклапедычны даведнік, Мн., 1993.
Збор помнікаў гісторыі і культуры. Гродзенская вобласць, Мн., 1986.
http://www.ctv.by/novosti-grodno-i-grodnenskoy-oblasti/derevnya-tarnovo-lidskiy-rayon-grodnenskaya-oblast
http://www.intex-press.by/ru/945/news/12708/?tpl=13
http://www.ctv.by/novosti-grodno-i-grodnenskoy-oblasti/derevnya-tarnovo-lidskiy-rayon-grodnenskaya-oblast
http://www.lidanews.by/
http://labadzenka.by/?p=17550#more-17550
http://kraeved-gatchina.de
Tags: Андрэйковіч, Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Ваўчок, Вішнявецкі, Гарадзенская вобласць, Завіша, Кашыц, Лідскі раён, Маўрос, Радзівіл
Subscribe

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 14 comments

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…