AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ЛЕПЕЛЬ (Віцебская вобласць)

Лепель з'яўляецца раённым цэнтрам Віцебскай вобласці і вядомы ў гісторыі аж з 1439 года, калі вёска Стары Лепель была падаравана віленскаму касцёлу Міхаілам, сынам вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Але, вядома, гісторыя мястэчка з гэтай даты не пачынаецца, бо археолагамі былі знойдзены стаянкі людзей, якія датуюцца каменным векам - 9-6 тыс. да н.э. Значна пазней тэрыторыя сучаснага Лепеля ўваходзіла ў склад Полацкага княства, а далей і Вялікага княства Літоўскага.

Існуе некалькі версій паходжання назвы Лепель. Першыя дзве версіі звязваюць назву з беларускай мовай, са словамі "лепш", "лепшы" і "ляпіць" (звязана непасрэдна з ганчарствам). Дзве другія разглядаюць версію паходжання ад латышскай мовы – ад словаў "ліпа", бо вакол возера расло шмат ліпавых лясоў, ці ад "лепе" – жоўтыя гарлачыкі, якіх на возеры было шмат. Трэба сказаць, што ўсе версіі вартыя разгляду.



Але вернемся да гісторыі мястэчка. Пасля даравання Стары Лепель развіваецца пад наглядам віленскага касцёла, пакуль у 1563 годзе маскоўскія войскі не захапілі яго і не спалілі. На пепялішчы яны ўзвялі драўлянае ўмацаванне. Але яно не дапамагло надоўга затрымацца ім у Лепелі, бо ў гэтым жа 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны адваяваў яго.

У 1568 годзе па загадзе Вялікага князя Літоўскага Юрый Зяновіч пачынае будаўніцтва замка і вёсцы быў нададзены статус горада. Праз возера Старога Лепеля з'яўляецца новае пасяленне Белы Лепель, якое належыць канцлеру ВКЛ Льву Сапезе.

У 1586 годзе Сапега становіцца ўладаром Старога Лепеля, а Белы пераймяноўвае ў Новы Лепель. У 1607 годзе перадае абодва мястэчкі віленскаму кляштару бернардзінак. З цягам часу ўсе ўстановы пераносяцца са Старога Лепеля ў Новы, а яшчэ праз некаторы час назва ўвогуле мяняецца на проста ЛЕПЕЛЬ.


Лепель становіцца часткай Расійскай Імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе.

У 1797—1805 гадах побач з Лепелем будуецца Бярэзінскі водны канал, які злучае дзве ракі Бярэзіну і Улу. Сістэма прызначалася для вывазу сельскагаспадарчай прадукцыі, сыравіны і леса з Магілёўскай і Мінскай губерняў да Рыжскага порту. І хаця канал быў пабудаваны толькі ў 1797 годзе, задумкі аб яго з'яўленні адносяцца да 1701 года. Водная сістэма ўключала ў сябе 14 шлюзаў і актыўна выкарыстоўвалася напрацягу ХІХ–пачатку ХХ стагоддзяў. Бярэзінскі канал быў судаходны, па ім сплаўляліся грузы, але ўся сістэма была разбурана падчас Другой сусветнай вайны. Варта сказаць, што ў наш час рэшткі канала (у цяперашні час - несудаходнага) карыстаюцца папулярнасцю сярод водных турыстаў , якія ажыццяўляюць сплавы на байдарках.



Дарэчы, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў дырэкцыі канала працаваў пасля вяртання з ссылкі за ўдзел у паўстанні 1831 года знакаміты беларускі фалькларыст Ян Чачот.

globus.tut.by

У 1805 годзе пасля скасавання бернардзінскага ордэна Лепель пераходзіць ва ўладанне Расійскай Імперыі, яму надаецца статус павета, а сяляне пачынаюць называцца мяшчанамі.

За сваю гісторыю Лепель гарэў чатыры разы. Першы раз у 1563 годзе, калі пры захопе горада рускімі вайскамі ён быў спалены дашчэнту. Другі раз у 1776 годзе пажар спаліў частку горада, якая раней адносілася да Новага Лепеля. Тады былі пашкоджаны жылыя будынкі горада, касцёл 1604 года будаўніцтва і ўніяцкая царква. Трэцці пажар адбыўся падчас руска-французскай вайны 1812 года. Пры чацвертым пажары ў 1833 годзе, згарэла амаль чвэрць Лепеля. Гэты жахлівы пажар пачаўся ў самай густанаселенай частцы горада а 2 гадзіне ночы і з-за моцнага ветра перакінуўся на драўляныя дамы, якія да таго ж былі збольшага крытыя саломай. У пажары згарэлі крамы, жылыя дамы, каталіцкі касцёл і ўніяцкая царква.

Пасля столькіх знішчэнняў і аднаўленняў было прынята рашэнне забудоўваць горад згодна плану, які і быў прыняты ў 1835 годзе. Горад быў падзелены на 26 кварталаў, таксама быў закладзены паўнавартасны цэнтр. Лепель павялічваўся і ў 1860 годзе налічваў ужо 30 кварталаў і 4 плошчы, колькасць яго жыхароў дасягнула 3093 (для параўнання на 2014 год у горадзе жыве 17,6 тыс. чалавек).

У 1841—44 гадах у Лепелі быў узведзены мураваны праваслаўны Спаса-Прэабражэнскі сабор. Але, вядома, праваслаўная царква з'явілася на тэрыторыі Лепеля значна раней - калі пры фінансавай падтрымцы Льва Сапегі ў 1586 годзе былі пабудаваны ў горадзе царква і касцёл. Выгляд сабора ХІХ стагоддзя мы можам назіраць, толькі на фатаздымках, бо ў 1950-я гады савецкая ўлада разабрала сабор, які псаваў выгляд цэнтральнай плошчы горада. Кажуць, што калі б ён стаяў не на плошчы, а крыху далей, то і лёс будынка быў бы іншы.


Таксама ў 1868 годзе ў горадзе была пабудавана драўляная царква Святой Параскевы Пятніцы. Гэты будынак можна і зараз пабачыць у горадзе на вул. Валадарскага, 23.


У 1857 годзе лепельскі памешчык Пётр Мальчэўскі пачынае будаўніцтва мураванага касцёла Святога Казіміра.


Першы каталіцкі храм з'явіўся тут яшчэ пры канцлеры Льве Сапезе ў 1602 годзе, але згарэў у пажары 1776 года. Не пашансціла касцёлу і пры другім пажары ў Лепелі. Да 1857 года набажэнствы праходзяць у маленькай капліцы, пакуль Мальчэўскі не атрымлівае дазвол на будаўніцтва касцёла. Але хутка адчыніць касцёл не атрымалася. Да 1863 года касцёл меў ужо сцены і нават быў накрыты дахам, але працы былі спынены з-за палітыкі царскай улады пасля паўстання Каліноўскага. Вярнуліся да працаў толькі ў 1876 годзе, калі ўжо сын Пятра Людвіг Мальчэўскі скончыў працы. У канцы гэтага ж года касцёл быў асвечаны. Унутраныя працы ў касцёле вяліся да канца ХІХ стагоддзя ў асноўным за кошт ахвяраванняў прыхажан. У пачатку ХХ стагоддзя, гэта быў ўжо прыгожы касцёл з багатым унутраным аздабленнем.


Чарговыя чорныя дні касцёла Святога Казіміра пачаліся ў дзень яго Боскага ахоўніка – 4 сакавіка 1935 года, на свята Святога Казіміра, калі быў арыштаваны ксёндз, а касцёл зачынены. Праз некаторы час савецкія ўлады пачалі выкарыстоўваць будынак для сховішча садавіны, пасля тэхнікі, у 1970-я у ім спачатку адчынілі гараж, а пасля перарабілі ў электрычную падстанцыю. Касцёл быў вернуты каталікам толькі ў 1990-м годзе і зноўку асвечаны ў 1995 годзе.


Зараз на сценах плыта, які агароджвае касцёльную тэрыторыю, можна пабачыць цікавыя старыя фатаздымкі горада.


Але вернемся на пачатак XX стагоддзя. Па Рыжскай дамове Лепель адыходзіць да Савецкай улады, якая ў 1924 годзе стварае тут раённы цэнтр. Праз год горад звязваецца чыгункай з Воршай, што дае новы штуршок для горада. Але адначасова з прыходам чыгункі адбываецца змяншэнне гаспадарчага значэння Бярэзінскага воднага канала.


У гады Другой сусветнай вайны, горад моцна пацярпеў ад немцаў – з 13 тысяч жыхароў горада засталося толькі 8 тысяч.

Сённяшні Лепель, як і большасць беларускіх мястэчак, мае збольшага будынкі пасляваеннага перыяду, але ў горадзе захавалася і значная частка дарэвалюцыйных прыгожых месцаў.


У нашы часы горад папаўняецца новымі культавымі будынкамі. Так на перакрыжаванні вуліц Данукалава і Будзённага з пачатку 2000-х будуецца царква ў гонар Раства Хрыстова.





У першыя дні верасня Лепель адзначае сваё нараджэнне, і апошнім часам адкрыццё помнікаў да Дня горада стала амаль традыцыяй.

Так у 2009 годзе з'явілася скульптура Русалкі на пне ў парку каля возера.


У 2010 годзе каля ўвахода ў парк быў адчынены помнік першаму ўладару мястэчка – канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапезе.


У 2011 годзе да дня горада было прымеркавана адкрыццё помніка лепельчаніну, які нам больш нагадвае селяніна прыехаўшага кірмаш для продажу сваіх жывёл. Помнік знаходзіцца на плошчы Свабоды.

Помнік не бачылі, плануем паглядзець у бліжэйшыя выходныя.

У 2012 годзе Лепель вырашыў сэканоміць.

У 2013 годзе ў парку на беразе возера з'явіўся помнік лепельскаму Цмоку, з'яўленне якога ініцыіраваў краязнаўца Уладзімір Шушкевіч. Праўда, выгляд Цмока моцна аспрэчваецца, бо нагадвае ён з большага каго заўгодна, але не Цмока, ды прытым яшчэ не Цмока па-Караткевічу.






Праз год у верасні 2014 года у Лепелі быў праведзены фестываль беларускай міфалогіі "У госці да Лепельскага Цмока", ініцыятарамі якога сталі Лепельскі райвыканкам пры ўдзеле кампаніі "Будзьма беларусамі!". Тады ж быў адчынены яшчэ адзін помнік Цмоку, на гэты раз каля будынка Лепельскай раённай газавай службы, якая і замовіла помнік.

фота з сайта www.lepel.by

У 2015 годзе, калі па Беларусі крызіс ідзе шырокімі крокамі, горад зноўку вырашыў сэканоміць і абмежавацца фарбоўкай газавага цмога і з'яўленнем каля яго яек з парасткамі.

фота з сайта www.lepel.by

Падчас нашай вандроўкі мы знайшлі яшчэ адзін незарэгістраваны міфалагічны элемент парка. Ахарактарызавала я яго як "помнік бацьке Русалкі, які выходзіць за дачкой на бераг Лепеля". Праўда, Пасейдон яшчэ не выйшаў, пакуль бачны толькі яго трызубец. :-) (для тых, хто не зразумеў жарта, то гэта проста лепельскі азёрны фантан са стрыжнямі які можна ператварыць у сапраўную скульптуру).


А на поўначы ад Лепеля ў вёсцы ЗЯЛЕНКА, каля Лепельскага возера, можна знайсці даволі цікавы дарожны знак, пастаўлены тут у 2000-я гады лепельчанамі. Знаходзіцца ён у цэнтры дарожнага кола, таму патрапіць туды будзе цяжкавата. Мы вырашылі застацца з фота якое было ўзята з сайта globus.tut.by 54.91121, 28.72796


У суботу, 8 жніўня 2015 года, у Лепелі праходзіць Фестываль міфалогіі. Хто даўно збіраўся наведаць горад Цмокаў, але ўсё не мог знайсці часу, то чым не нагода?




А для тых хто хоча не толькі паглядзець Лепель у суботу, выкладу пару маршрутаў.
Tags: Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Віцебская вобласць, Лепельскі раён, Сапега
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 22 comments