?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Нашай краіне апошнім часам прасцей будаваць наноў, чым займацца рэканструкцыяй гістарычных помнікаў. Cёння я распачну серыю расповядаў пра тыя сядзібы ды палацы, якія можна было б аднавіць з пустэчы. Пачнем з Берасцейскай вобласці, бо прыкладаў аднаўлення з нуля тут хапае.


Сядзіба вядомага паэта Адама Міцкевіча ў Завоссі (Баранавіцкі раён), была адноўлена ў 1998 годзе пры дапамозе польскага боку.


Сядзіба знакамітага ваеннага дзеяча, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы ды ЗША Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве (Івацэвіцкі раён), адноўлена ў 2004 годзе пры дапамозе амерыканскай амбасады.


Сядзіба мастака Напалеона Орды ў Варацэвічах (Іванаўскі раён). Адкрыццё музея было прымеркавана да Кастрычніцкіх святаў 2015 года, а вось аднаўленне сядзібы маленькімі крокамі ідзе з 2009 года, і калі яна скончыцца пакуль невядома.



(фота з globus.tut.by)

Белін (Драгічынскі раён), з'яўляўся радавым гняздом Ажэшкаў. Фальварак быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ ст. Пятром Ажэшкам (мужам знакамітай пісьменніцы Элаізы Ажэшкі). Але пасля сканчэння будаўнічых прац яны не паспелі пераехаць, бо за ўдзел у паўстанні 1863 года Пётр быў прыгавораны да ссылкі, а маёмасць канфіскавана. У 1920-я гады Караль Талочка набыў пашкоджаны будынак, паспрабаваў зрабіць рэстаўрацыю, але штосьці ў гэтай добрай задуме пайшло не так і будынак быў разабраны на цэглу, а ангельскі парк высечаны. Аднаўленне магчыма па малюнках.


Біжаравічы (Пінскі раён), палацава-паркавы ансамбль радавога гнязда Ордаў перадаваўся 400 год па мужчынскай лініі і пабачыў 10 пакаленняў прадстаўнікоў роду. Палац некалькі разоў перабудоўваўся і дабудоўваўся. Апошнія працы скончыліся за 10 год да Першай сусветнай вайны. У гады вайны палац быў абрабаваны, а сямейны архіў страчаны. Біжаравіцкі палац, гэта аднапавярховы драўляны будынак з каменнымі калонамі і порцікам. Завяршальным штрыхом комплексу была ўязная брама. Уладары не паспелі здзейсніць да канца задумку архітэктара – ў палацы павінны былі быць бакавыя шкляныя аранжэрэі. Палац загінуў у гады Другой сусветнай. Аднаўленне магчыма, захавалася падрабязнае апісанне пакояў палаца.


Вістычы (Брэсцкі раён), сядзібны дом быў пабудаваны прадстаўніком роду Ягмінаў у сярэдзіне XІХ ст. Асаблівай каштоўнасцю дома з'яўляліся разнастайныя маляўнічыя кафлявыя печы, якія ці былі умураваны ў сцяну, ці стаялі асобна. Кожная з іх мела непаўторныя малюнкі, вобразы і ляпніну. Пасля разбурэння сядзібы ўсе печы, як мастацкая каштоўнасць, былі вывезены ў Варшаўскі нацыянальны музей. Акрамя сядзібы Ягміны надавалі асобную ўвагу і парку, праз які пракладаліся шырокія і глыбокія сухія каналы. Усе каналы былі абкладзены камнямі, а па схілах абсаджаны дэкаратыўнымі кустамі ды дрэвамі. На тэрыторыі сядзібы можна было пабачыць і радавую капліцу гаспадароў (зруйнавана). Сёння з усёй спадчыны Ягмінаў нам засталася толькі маленькая прыдарожная капліца, ды і тая без Божай Маці на купале. Мясцовая ўлада ў апошнія гады адрамантавала капліцу, але ўсёроўна пакуль гэта не той гістарычны помнік, дзеля якога варта прыехаць у Вістычы. Сядзіба ж была згублена ў 1939 годзе. Аднаўленне ўсяго палацавага комплексу і парку магчыма, хаця праз парк у савецкія часы праклалі дарогу.


Грушава (Кобрынскі раён), сядзібны дом Радзевічаў быў закладзены ў сярэдзіне ХІХ ст. За ўдзел у паўстанні 1863 года Амелія і Генрых Радзевічы былі сасланы ў Сібір. Сярод сялян хадзілі чуткі, што цяжарная Амелія забіла казака, які праследваў паўстанца Рамуальда Траўгута. Прысуд адклалі да нараджэння дзіцяці. Праз месяц пасля родаў, пакінуўшы двух старэйшых дзіцей і толькі што народжаную дачку на дагляд сваякоў, Радзевічаў ссылаюць. Менавіта гэтае немаўля, народжанае адразу пасля паўстання, стане знакамітай польскай пісьменніцай і апошнім уладаром маёнтка. Марыя Радзевіч, зрабіла з сядзібы элітны салон, куды прыязджалі знакамітыя асобы былой Рэчы Паспалітай. Гаспадыня надала Грушава непаўторную ўтульнасць і ўклала ў яго ўсю сваю душу. Так на сцянах сядзібы былі развешаны прыгожыя дывізы і выказванні пісьменніцы, на відным месцы віселі партрэты прашчураў. Толькі ў чалавека з чароўнай душой пчаліныя вульі маглі насіць імёны польскіх каралёў, ўнутры парка стаяць "хацінка лясных чалавечкаў", а на выспе адной з сажалак размясціцца выразаная з дрэва фігура Апостала Паўла. Нават 500-гадовы дуб Дэвайціс, які рос у парку, толькі ў казачніцы мог стаць галоўным героям аднайменнай аповесці, якая прынесла аўтарцы папулярнасць. Ва ўзросце 47 год фантазёрка Марыя разам з сяброўкай Ядзвігай Скірмунт пабудавалі ў гушчары драўляную сядзібу і жылі там некаторы час як сапраўдныя паляшучкі. Пасля такіх прыгод Марыя Радзевіч выдала дзіцячую кніжку "Лета лясных людзей", якая стала папулярнай кнігай для польскіх дзяцей і падлеткаў. У гады Першай сусветнай вайны Радзевіч адмовілася з'яўджаць у Расію, засталася ў маёнтку, бо баялася, што ўсё тое, што так цяжка па крупках збіралася продкамі будзе раскрадзена. З'ехала яна з маёнтка толькі ў верасні 1939 года і да апошняга марыла вярнуцца у Грушава і быць пахаванай побач з бацькамі і сястрой. Мара не споўнілася – у 1944 годзе яна была пахавана на Варшаўскіх могілках на Алее Славы. У 1960-я гады, яе каліжанка Ядзвіга Скірмунт, выдала кнігу ўспамінаў пра Марыю, дзе значную частку займае апісанне жыцця ў беларускім Палессі. Аднаўленне сядзібны Радзевічаў магчыма зрабіць адносна малымі сродкамі, бо будынак захаваўся, проста зменены да непазнавальнасці, зараз належыць мясцовай школе.


Дубай (Пінскі раён), зямлёй вакол Дубая валодалі шмат якія заможныя сем'і, але сядзіба (ці палац) з'явілася тут толькі пры Кужанецкіх ў XVІІІ стагоддзі, хаця кажуць, што пабудаваны некаторыя яе часткі былі яшчэ і пры езуітах. Сядзіба ўнутраным выглядам ніяк не выдзялялася сярод іншых радавых дамоў Піншчыны, што не скажаш пра парк. Ён быў падзелены на зоны, якія мяжаваліся каналамі і маленькімі вадаёмамі. Фантаны, сажалкі, маляўнічыя закуткі і помнікі прыцягвалі ўвагу ўсіх наведвальнікаў. Некаторыя з сажалак ды каналаў і зараз ёсць у беларускім Дубаі, проста параслі хмызняком і пакрыліся зялёнай цвіллю, але чакаюць гаспадара які здоляе іх аднавіць. Праяджая праз наш Дубай, большасць турыстаў не ведае, што ў палацы спыняўся апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; што жыў тут працяглы час знакаміты гісторык, паэт і асветнік Адам Нарушэвіч; што гасцяваў тут мастак Напалеон Орда і пасля чаго пакінуў прыгожы акварэльны малюнак палаца. Праваслаўныя ганарацца Афанасіем Філіповічам, які жыў у Дубаі тры гады і за сваю дзейнасць быў кананізаваны рускай патрыярхам у святога пакутніка, а каталікі ўзгадваюць тут пра езуіцкага асветніка і святога пакутніка Андрэя Баболю, якога кананізаваў Папа Рымскі. Кужанецкія ж ганарыліся ўсімі гістарычнымі падзеямі і асобамі, якія былі звязаны з Дубаем, а таксама сваімі, вядомымі на ўсё наваколле, вялікімі цяпліцамі ды аранжэрэямі. У пачатку ХХ стагоддзя палац быў перададзены сельскагаспадарчай школе, якая насіла імя ранапамерлай дачкі Кужанецкіх Яніны. У 1944 годзе немцы ўзарвалі палац, а мясцовыя жыхары разнеслі цэглу на свае падворкі, для будаўніцтва ганкаў ды вяранд.


Завішша (Іванаўскі раён), палац быў пабудаваны прадстаўніком роду Пуслоўскіх у канцы ХІХ ст. як прыгожая летняя рэзідэнцыя. Сваімі белымі сценамі будынак выгодна вылучаўся на фоне возера і палесскага леса. Вакол палаца быў разбіты парк, сцежкі якога плаўна пераходзілі ў сцяжынкі леса, які знаходзіўся побач. Да 1914 года палац мог пахваліцца карцінамі, старой мэбляй і аранжэрэяй, але ўсё гэта было разрабавана падчас баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Грунтоўныя ж пашкоджанні палац атрымаў ад партызан ў Другую сусветную вайну. А ў 1950-я яго ўвогуле разабралі для будаўніцтва мясцовага піянерскага лагера.


Закозель (Драгічынскі раён). Сядзіба, якой валодаў знакаміты род Ажэшка, праславілася гаспадарамі-паўстанцамі і прыгожай гатычнай сямейнай капліцай у якой хаваўся ад рускага войска актывіст паўстання Рамуальд Траўгут. У 1893 годзе Закозель набылі нашчадкі рускай імператрыцы Кацярыны ІІ і яе фаварыта графа Арлова – Надзея Бабрынская. Яна адрамантавала сядзібу і прывяла наваколле да належнага стану. Дарэчы, у акце аб продажы, асобным пунктам было прапісана, што новыя ўладары не могуць змяняць аблічча капліцы, а таксама перашкаджаць Ажэшкам здзяйсняць тут пахаванні. Зараз, ад палаца нам захавалася толькі правае крыло, ды і тое было зменена пры савецкай уладзе.


Зелянкоўшчына, Сяхновічы Вялікія і Малыя (Жабінкаўскі раён). У Расіі ёсць шмат "домиков Петра І", у Аўстрыі шмат музеяў Моцарта, дык чаму ў Беларусі не можа быць шмат сядзіб звязаных з Тадэвушам Касцюшкам? Пералічыныя вёскі аб'ядноўвае тое, што яны належылі роду Касцюшка. Так у Сяхновічах знаходзілася сядзіба, якая вонкава нагадвала сядзібу ў Косаве (Пружанскі раён). Тут жыла сястра Касцюшкі з сям'ёй, яны матэрыяльна падтрымалі Тадэвуша пры пераездзе ў Амерыку. На мясцовых могілках знаходзіцца сціплая сямейная капліца Касцюшкаў ды Жулкоўскіх, якую мясцовыя ўлады апошнім часам прыбралі і абкасілі. А ў вёсцы Зелянкоўшчына яшчэ зусім нядаўна знаходзілася досыць сціплая, але адзіная захаваўшаяся сядзіба пабудаваная пры жыцці Касцюшкі. Не збераглі яе. Была разабрана ў 2014 годзе. Аднаўленне магчыма, як і стварэнне ў гэтых сядзібах тэматычных музеяў, кафэ ды рэстарацый.


Кабакі (Бярозаўскі раён). Сядзіба, якой валодаў каля 100 год род Влодкаў, была пабудавана якраз перад паўстаннем 1863 года. Гаспадары прынялі актрыўны ўдзел у пастаўнні і за ўдзел ледзьве захавалі сядзібу ва ўласнасці. Напачатку ХХ стагоддзя адзіная спадчанніца маёмасці Влодкаў дачка Сафія прыносіць з пасагам маёмасць Свянціцкім. У гады Другой сусветнай вайны будынак быў моцна пашкоджаны, а ў 1950-я – разабраны. Сёння ад спадчыны Влодкаў і Свянціцкіх нам застаўся толькі Т-абразны падмурак былой сядзібы і некаторыя гаспадарчыя будынкі, якія мясцовы калгас актыўна разбірае на цэглу. У бліжэйшыя гады і ад прысядзібнага парку нам застануцца толькі пянькі.


Карчова (Баранавіцкі раён). Маёнтак "Тугановічы" варта аднавіць хаця бы з-за таго, што гэта радавы маёнтак Верашчакаў. Тут нарадзілася і правяла маладосць Марыля Верашчака, муза знакамітага паэта Адама Міцкевіча. Малады Адам быў частым госцем гаспадароў маёнтка, а сам маёнтак і яго наваколле былі цудоўна апісана ў "Пане Тадэвушы". Тут гасцявалі Тамаш Зан, Ігнаці Дамейка, Ян Чачот і іншыя знакамітыя асобы таго часу. Дом Верашчакаў не захаваўся, быў разбураны падчас Першай сусветнай вайны, як і парк, у якім падчас баявых дзеянняў былі выкапаны акопы і траншэі. Сядзібу можна пабачыць толькі на малюнках Напалеона Орды і Вінцэнта Дмахоўскага, а таксама на фатаздымках Шымяновіча, Савіцкага і Булгака. Адноўлены маёнтак у вёсцы Карчова стаў бы яшчэ адной меккай не толькі для аматараў творчасці Міцкевіча, але і для звычайных турыстаў.


Лазаўцы (Нагорная) (Баранавіцкі раён). Проста прыгожая сядзіба Давідоўскіх, у якой мог бы размяшчацца цудоўны гатэль, ці мясцовая бібліятэка, ці проста кафэ для турыстаў. Драўляны будынак быў пабудаваны ў канцы XVІІІ стагоддзя. На першым паверсе размяшчалася 8 пакояў, на другім – 2. Сядзіба была абрабаваны ў гады Першай сусветнай вайны, а падчас Другой сусветнай канчаткова згублена.


Людвінова (Драгічанскі раён). Яшчэ адзін маёнтак, які варта было б аднавіць у нашай краіне. Гэта адной з найстарэйшых уладанняў роду Ажэшкаў. Сюды ў 17 год прыехала Элаіза Паўлоўская, будучая знакамітая пісьменніца Элаіза Ажэшка, якая шлюбам з Пятром Ажэшка выратавала маёнтак ад продажу. Пасля вяселля яна перавезла ў Людвінова з бацькоўскага маёнтка любімыя кнігі, старую мэблю і сямейныя карціны. Але расчараванне сямейным жыццём прыйшло вельмі хутка - Пётр быў больш зацікаўлены паляваннем, канямі ды сабакамі чым сям'ёй. І калі Пятра Ажэшку за ўдзел у паўстанні саслалі ў Пермскую губерню, Элаіза крыху павагалася і перадумала ехаць за ім, як большасць жонак паўстанцаў. А пасля вяртання мужа ўвогуле падала на развод. У 1867 годзе Ажэшкі прадалі маёнтак Людвінова. Элаіза ж заўсёды называла жыццё ў ім "ўніверсітэтамі яе жыцця". Тут яна пачала займацца літаратуранай дзейнасцю, пачала перакладаць Байрана, сустрэла паўстанне 1863 года і актыўна дапамагала паўстанцам Берасцейшчыны, ратавала паўстанца Рамуальда Траўгута, які некалькі дзён хаваўся ад рускіх войск у маёнтку Ажэшкаў. Менавіта падзеі 1863 года па словах Элаізы наклалі на яе нязменны адбітак і далі магчымасць стаць пісьменніцай. Напрыканцы жыцця, яна выдала зборнік эсэ "Слава пераможным", што стала гімнам нязгаснасці духа паўстанцаў-каліноўцаў. Дзякуючы гэтай кнізе яна зноўку здолела вярнуцца ў гады сваёй маладосці, да людзей якіх так любіла і ганарылася, што была іх паплечніцай. Ёсць адна вялікая хіба ў магчымасці аднаўлення Людвінова – ніякіх малюнках і фатаздымкаў з выглядам маёнтка не захавалася.


Малыя Зводы (Брэсцкі раён). Вядома што раней маёнтак належыў Гасеўскім, Сапегам, Сасноўскім і Гутоўскім. Апошнія ў 1875 годзе пачалі будаўніцтва сядзібы, а ў 1890 годзе заняліся перапланіроўкай парка. Было б неймаверна забаўным і абсурдным каб разабраўшы ў 1995 годзе сядзібу, у 2017 годзе (напрыклад) яе пабудавалі наноў. Хаця сам будынак можна было б выкарыстоўваць у якасці гатэля. Выгляд Малых Зводаў можна ўявіць па фатаздымках і планах.


Манькавічы (Столінскі раён). Калі глядзіш на фотаздымкі палаца цяжка ўявіць сабе, што ён знаходзіўся на тэрыторыі нашай краіны, а не дзесьці ў замежжы. Радзівілы валодалі Манькавічамі з ХVI ст., але толькі ў канцы ХІХ ст. вырашылі тут закласьці палац. Пабудаваны ён быў у 1905 годзе і нагадваў вонкава палац у Нясвіжы. Шыкоўных мастацкіх каштоўнасцяў немагчыма было знайсці ў палацы, але некаторыя асаблівасці ўсё ж такі былі. Так у палацы была размешчана паляўнічая калекцыя, вялікая калекцыя гравюр на ваенную тэматыку, а ў архіве знаходзіліся кнігі з бібліятэкі вядомага віленскага кнігавыдаўца Юзафа Завадскага, якія былі падораны Марыі Дароце Радзівіл. У гады Першай сусветнай вайны палац быў часткова пашкоджаны, але ў 1922 годзе Радзівілы пачалі яго аднаўленне. Завозілася стылізаваная пад старажытнасць мэбля і новыя сямейныя партрэты. Другая сусветная вайна не абыйшла палац, у 1943 годзе ён быў разбураны. Зараз тэрыторыя плаца знаходзіцца ў межах Століна.


Моладава (Іванаўскі раён). Закладзены яшчэ ў 1795 годзе палац Скірмунтаў аднаму з нашчадкаў падаваўся занадта малым і невыразным. Таму напачатку ХХ ст. архітэктар Ван-Гросс пабудаваў прыгожы каменны палац, а знакаміты архітэктар Тадэвуш Раствароўскі спраектаваў для Скірмунтаў радавую капліцу. Тут гасцявала Элаіза Ажэшка, жыла да 1939 года Ядзвіга Скірмунт (сяброўка пісьменніцы Марыі Радзевіч), а апошнім уладаром быў знакаміты паэт, літаратар і кампазітар Генрых Скірмунт. На працягу ХІХ–ХХ ст. розныя пакаленні Скірмунтаў рабілі з Моладава ўнікальную культурную крыніцу Палесся, дзе збіралася мясцовая эліта. Восенню 1939 года апошніх ўладароў Моладава, 72-гадовага Генрыха Скірмунта і яго 67-летнюю сястру Марыю, у лесе растралялі чырвонаармейцы. Палац быў моцна пашкоджаны ў гады Другой сусветнай вайны і канчаткова разабраны ўжо пасля яе. Таксама пасля вайны на мясцовых могілках былі пашкоджаны надмагільныя пліты Скірмунтаў. З некалі вялікай колькасці магіл зараз можна знайсці толькі тры.


Навашычы (Іванаўскі раён). А калі ў Берасцейскай вобласці будуць вернуты з небыцця ўсе сядзібы, то можна ўзяцца і за аднаўленне сядзібы ў Навашычах, якая да 1939 года належыла прадстаўнікам сям'і Ордаў. Першапачаткова тут знаходзілася драўляная сядзіба, малюнкі якой нам памікуў знакаміты Напалеон Орда, які ў 1860-я гады гасцяваў у сваякоў. Гэта сядзіба складалася з трох частак і ў плане мела выгляд падковы. У сярэдняй частцы сядзібы было 9 пакояў, а ў крылах па чатыры. З цягам часу з-за састарэласці і цеснаты яны былі аддадзены пад жыллё прыслугі, а побач быў пабудаваны новы будынак. Першапачаткова ў планах яна значылася як афіцына, але для будаўніцтва асноўнага палаца не хапіла сродкаў, таму Орды засталіся жыць у ёй. Падчас паўстання 1863 года Вітольд Орда падтрымаў каліноўцаў, у палацы нават некаторы час хавалі ад арышту генерала паўстанцаў Рамуальда Траўгута. Пазней гэты пакой так і называлі – "траўгутаў пакой". У палацы мелася старая мэбля ў стылі ампір, карціны знакамітых мастакоў на якіх у асноўным былі прадстаўнікі роду Ордаў, а таксама вялікая бібліятэка на польскай і французскай мове. У 1914 і 1939 гадах будынак быў разрабаваны, у 1943-м спалены партызанамі, у 1946-м адноўлены Саветамі і аддадзены пад бровар. Але ў 1956 годзе здарыўся пажар пасля якога сядзібу не аднаўлялі, а яе рэшткі мясцовыя жыхары расцягнулі па дамах. Зараз у Навашычах, якія месцяцца недалёка ад вёскі Новалучкі можна знайсці толькі падмуркі старых будынкаў. Аднаўленне магчыма, захавалася поўнае апісанне пакояў старой сядзібы, а таксама апісанне і фатаздымкі новай.


Ніжні Церабежаў (Столінскі раён). Яшчэ адзін будынак, які б абавязкова ўвайшоў бы ў спіс архітэктурнай спадчыны Берасцейскай вобласці калі б захаваўся. Палац быў пабудаваны ў 1905 годзе сярод старых дрэваў рэзідэнцыі славутага роду Алешаў. Гэтым будынкам юрыст Цэзар Алеша спрабаваў выказаць свае палымяныя пачуцці да жонкі Марыі Жук-Скаршэўскай. Кажуць, што палац меў 75 пакояў рознага памеру, і для іх аздаблення ўладар прывёз 5 вагонаў дарагой мэблі з Пецярбурга. Але ў 1911 годзе ён заўчасна памёр, і ўдава, якая не любіла Палессе, з лёгкасцю прадала спадчыну мужа ды з'ехала ў Варшаву. Падарваны палац быў у 1943 годзе. Зараз на яго месцы можна знайсці вялізарны катлаван.


Сваяцічы (Ляхавіцкі раён). Радавое гняздо Абуховічаў, якое ўваходзіла ў лік аднаго з самых багатых па напаўненню і афармленню палацаў у канцы ХІХ стагоддзя з пасагам перайшло ва ўладанні графа Станіслава Чапскіх. Напрацягу амаль двух стагоддзяў палац напаўняўся вялікай колькасцю карцін, кніг, статуй, габіленаў. На першым паверсе размяшчалася вялікая заля "грот", сцены якой былі абкладзены гранітам, у закруглёных кутах пакоя стаялі высечаныя каменныя рыцары ў латах, якія ў руках трымалі свяцільнікі з бронзы. Усе без выключэння пакоі палаца былі аформлены вельмі багата і з густам. Так столя і сцены бібліятэкі былі ўпрыгожаны ляпнінай на сюжэты грэцкай міфалогіі і гісторыі, столя вялікага салона на другім паверсе быў упрыгожаны маскай Бахуса і непаўторнай расліннай тэматыкай, а спальня і малы салон з большага ляпнінай у выглядзе руж і розных кветак. Лютры з бонзы і крышталю, гарнітуры ў стылі Людовіка XVI, мэбля ў стылі ракако, ампір і стараіндзейскім стыле, сталы з мармуровай сталешніцай і пазалотай – усё гэта можна было пабачыць у палацы Абуховічаў перад Першай сусветнай вайной. У гады вайны самыя каштоўныя рэчы былі разрабаваны, але Чапскія ў пасляваенны перыяд пачынаюць аднаўляць палац, прывозяць новую мэблю, зноўку завозяць карціны. Сабранае і адноўленае было згублена ў верасні 1939 года, тады са сцен зрываліся нават тканыя шпалеры. Палац выстаяў вайну і быў падарваны немцамі пры адступленні. У савецкія часы ў партэры парка была пабудавана мясцовая школа, а на месцы палаца разбіты школьны стадыён. Дарэчы, пад стадыёнам, усяго ў некалькіх сантыметрах пад зямлёй яшчэ знаходзяцца падмурак і скляпенні былога прыгожага палаца.


Вядома, што пералічаныя тут сядзібы - гэта маё суб'ектыўнае меркаванне прыгажосьці і патрэбнасці аднаўлення з нуля. Можыце дадаваць яшчэ назвы цікавых выглядам сядзіб? То пішыце ў каментарах, але ўдакладняю, я распавядала пра сядзібы, якія поўнасцю разбураны.

А наступным разам паспрабую распавесці пра разбураныя сядзібы Віцебскай вобласці.

------------------------
P.S. Пры стварэнні спіса згубленых сядзіб апрацоўваюцца некалькі крыніц – працы Р.Аўтаназія, А.Федарука, Л.Несцярчука; сайты globus.tut.by, radzima.by.

Comments

( 44 comments — Leave a comment )
Page 1 of 2
<<[1] [2] >>
(Deleted comment)
mi_ku_apx
Mar. 9th, 2016 04:04 pm (UTC)
ага. выдатна. дзякую
(no subject) - azarkinm - Mar. 9th, 2016 06:20 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 9th, 2016 06:17 pm (UTC) - Expand
asnoru
Mar. 9th, 2016 04:01 pm (UTC)
Вельмі сур'ёзная праца, як заўсёды. І вельмі добрая ідэя.
azarkinm
Mar. 9th, 2016 06:18 pm (UTC)
Дзякуй. Вельмі радая, што спадабалася і ацанілі.
livejournal
Mar. 9th, 2016 04:27 pm (UTC)
Дзень добры! Ваш запіс трапіў у топ-25 папулярных запісаў LiveJournal Беларусі! Больш падрабязна пра рэйтынг чытайце ў Даведцы.
tam_erm
Mar. 9th, 2016 05:40 pm (UTC)
Магчыма, яшчэ гэта?

http://globus.tut.by/sventickie/index.htm#mhouse
azarkinm
Mar. 9th, 2016 06:19 pm (UTC)
Дзякуй. Не скажу, што сама сядзіба спадабалася мне вонкава. Я вядома яе бачыла, калі збірала інфармацыю. Але калі напісалі, то дадам да спіса крыху пазней.
(no subject) - tam_erm - Mar. 9th, 2016 06:22 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 9th, 2016 06:27 pm (UTC) - Expand
(no subject) - mi_ku_apx - Mar. 10th, 2016 06:08 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 10th, 2016 06:12 pm (UTC) - Expand
(no subject) - mi_ku_apx - Mar. 10th, 2016 06:17 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 10th, 2016 06:21 pm (UTC) - Expand
(no subject) - mi_ku_apx - Mar. 10th, 2016 06:28 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 10th, 2016 06:30 pm (UTC) - Expand
drazenka
Mar. 9th, 2016 07:38 pm (UTC)
От прыгожыя ж будынкi...
azarkinm
Mar. 10th, 2016 04:52 am (UTC)
Так, усе ўнікальныя ды прыгожыя. Тое што зараз магло стаць турыстычнай меккай.
vyshivanka
Mar. 9th, 2016 08:08 pm (UTC)
дзякуй! вялікая праца.
Яшчэ рэпінскае Здраўнёва ўзгадваецца, але гэтая сядзіба адноўлена яшчэ ў савецкія часы.
azarkinm
Mar. 10th, 2016 04:52 am (UTC)
Але ж Здраўнёўва ў Віцебскай вобласці. Ці я блытаю?
(no subject) - vyshivanka - Mar. 11th, 2016 07:10 am (UTC) - Expand
supron_licvin
Mar. 10th, 2016 05:51 am (UTC)
Усё написана супер, як и заусёды. Тольки адна папраука: Марыя Радзевич. Радзевичууна (Radziewiczówna) - гэта не мянушка. У польскай традыцыи канчатак (або суфикс) -увна да прозвишча даписвауся, каб паказаць, што жанчына яшчэ не замужняя. Да замужняй дабауляуся б канчатак -ова - Orzeszkowa, Radziewiczowa
azarkinm
Mar. 10th, 2016 06:48 am (UTC)
Дзякуй за ўдакладненні. Але якраз такі паўсюль ідзе інфармацыя, што гэта мянушка. Хм... відаць не ведаюць добра полькую. :-) Выпраўлю.
pan_dohva
Mar. 10th, 2016 06:27 am (UTC)
Якая вялікая і патрэбная праца... Маі павага й захапленні.
azarkinm
Mar. 10th, 2016 06:49 am (UTC)
Вельмі цешыць, што спадабалася. Бо муж скзаў, што такія вялікія пасты ўжо ніхто не чытае. )))
(no subject) - pan_dohva - Mar. 10th, 2016 06:54 am (UTC) - Expand
(no subject) - mi_ku_apx - Mar. 10th, 2016 06:11 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Mar. 10th, 2016 06:13 pm (UTC) - Expand
alba_ruthenia01
Mar. 10th, 2016 08:21 am (UTC)
Вельмi цiкава. Гэта ж трэба - такое багацце марна спустошыць.
azarkinm
Mar. 10th, 2016 05:20 pm (UTC)
Такіх спусташэнняў па Беларусі вельмі шмат. Асабліва ва ўсходніх абласцях, дзе гэта рабілася адразу пасля 1917 года. Так знішчалі хутка, што нават фота сядзіб не засталося.
(Deleted comment)
azarkinm
Mar. 10th, 2016 05:20 pm (UTC)
Дзякуй за праўкі. Вялікі дзякуй.
yozas_gubka
Mar. 10th, 2016 02:05 pm (UTC)
Класны пост!
azarkinm
Mar. 10th, 2016 05:22 pm (UTC)
Файна, што спадабалася.
staydreamerbro
Mar. 10th, 2016 07:41 pm (UTC)

Дзякуй, вельмі цікава! А наконт існуючай сядзібы ў Завоссі - лічу што адзін з лепшых музеяў краіны, нават не з-за інтэр'ера, а з-за гаспадара. Так трымаць увагу каля дзвух гадзін - трэба ўмець)

azarkinm
Mar. 11th, 2016 02:57 am (UTC)
Наконт дырэктара пагаджуся поўнасцю з вамі. Чалавек жыве сваёй працай, таму і ўсе астатнія заўважаюць яго любоў да сядзібы.
jacviah
Mar. 24th, 2016 09:18 pm (UTC)
Дзякуй з матэрыял! Цікавая тэма, цікавыя фота.

Выпраўце толькі:

- «Сядзіба знакамітага ваеннага дзеяча, нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы ды ЗША Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве (Пружанскі раён)». — Гэта не Пружанскі, а Івацэвіцкі раён.

- «Грушэва (Кобрынскі раён)» — правільна па-беларуску будзе Грушава.

- «Закозель (Драгічынскі раён)» — правільна будзе Зако́зель.

- «Біжэрэвічы (Пінскі раён)» — правільна Біжаравічы.

- «Маньковічы (Столінскі раён)» — націск, як і ў папярэднім выпадку, на першым складзе — Манькавічы.

- «Зелянкоўшчына, Сяхновічы Вялікія і Малыя (Жабінскі раён)». — Жабінкаўскі раён. А наогул вельмі Вас тут падтрымліваю ў тым, што ў Беларусі павінна быць створана шмат мемарыяльных месцаў, зьвязаных з імем Тадэвуша Касьцюшкі! І тым больш павінна быць адноўлена сядзіба на яго сапраўднай, малой радзіме, якая яму была вельмі дарагая і куды ён заўсёды прыязджаў з сваіх падарожжаў — у Сяхновічах. Марачоўшчына пад Косава для Касьцюшкі ня болей чым раддом для нас. :)
azarkinm
Mar. 30th, 2016 04:49 am (UTC)
Дзякуй за выпраўленні.
(Anonymous)
Mar. 26th, 2016 12:44 pm (UTC)
Сядзiбы
А когда следует ожидать продолжения об усадьбах Витебщины?
azarkinm
Mar. 26th, 2016 01:45 pm (UTC)
Re: Сядзiбы
Хутка. Рыхтуецца. )))
alba_ruthenia01
Apr. 6th, 2016 08:17 am (UTC)
Ой, как здорово! Спасибо за Ваш труд!
Page 1 of 2
<<[1] [2] >>
( 44 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com