AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

І падымуцца з попелу... (Віцебская вобласць)


Працягваем размову пра прыгожыя сядзібы нашай краіны, якія магчыма аднавіць з нуля. Раней я склала спіс сядзіб Брэсцкай вобласці http://azarkinm.livejournal.com/167256.html якія на мой погляд варта аднавіць, зараз на чарзе Віцебская вобласць.

Да прыкладу аднаўлення маёнткаў Віцебскай вобласці можна аднесці толькі сядзібу рускага мастака Іллі Рэпіна адноўленую ў Здраўнева (Віцебскі раён) у 1988 годзе. На гэтым спіс вернутых сядзіб з пустэчы ў вобласці сканчаецца.


Бяльмонты (Ахрэмаўцы) (Браслаўскі раён). Фальварак Бяльмонты, да якога адносілася вёска Ахрэмаўцы, спачатку належыў прадстаўнікам роду Гільзенаў, затым вядомаму авантурысту Манузі, а пасля перайшоў у спадчыну да Плятэраў. Пры першых уладарах у другой палове ХVIII ст. тут быў пабудаваны палац у стылі класіцызм. Пры наступных уладарах, Манузі і Плятэрах, у сярэдзіне ХІХ ст. палац намаляваў знакаміты мастак Напалеон Орда. Але перад гэтым, сцены палаца былі сведкамі ваенных дзеянняў 1812 года; знаходжання тут Барклая дэ Толя; кахання французскага маршала Мюрата да гаспадыні Канстанцыі Плятэр, якой ён прысвяціў шмат вершаў; тут спыняўся рускі імператар Аляксандр І, а праз некалькі год пасля яго гасцявалі дзекабрысты Аляксандр Паджыо і Міхаіл Лунін; а таксама тут прайшлі дзіцячыя гады мастака Яна Траяноўскага. У сярэдзіне ХІХ ст. Бяльмонт стаў культурным цэнтрам Браслаўшчыны. У палацы размяшчалася багатая калекцыя старажытнасцяў і кніг, частка якой была вывезена ў Першую сусветную вайну ў Петраград, а рэчы знойдзеныя падчас археалагічных раскопак перададзены Віленскаму музею. У 1914 годзе стары палац быў разбураны, і Плятэры побач з ім пабудавалі новы трохпавярховы будынак. Будынкі палацаў былі разабраныя пасля Другой сусветнай вайны, а некалі адзін з самых вялікіх і прыгожых паркаў Заходняга краю (займаў 65 гектараў) у савецкі перыяд быў перайменаваны ў Парк імя Мічурына.


Бачэйкава (Бешанковіцкі раён). Палац Цеханавецкіх быў пабудаваны ў горадзе напрыканцы ХVIII ст у стылі ракако і адносіўся да ліку ўнікальных палацава-паркавых комплексаў, якія калісьці існавалі на нашай тэрыторыі. Дзякуючы інвентарызацыям, якія праводзіліся з пастаяннай рэгулярнасцю напрацягу 300 год, захаваліся падрабязныя апісанні пакояў і ўсе іх змены за час жыцця палаца. Бачэйкаўскі палац ХІХ ст – гэта сваеасаблівы беларускі Версаль, з каскаднымі тэрасамі, якія сыходзілі да ракі, з прыгожымі стрыжанымі дрэвамі, з маляўнічымі закуткамі. На кожнай з тэрас можна было пабачыць экзатычныя для нашай краіны дрэвы і расліны, якія і зараз можна знайсці ў недагледжаным парку. Цеханавецкія ўжывалі ў парку новыя еўрапейскія тэндэнцыі. Так у адной частцы парку густапасаджаныя ліпы стваралі анаграму ўладара Бачэйкава (кажуць і зараз анаграму ледзьве-ледзьве, але можна разлічыць), у іншым месцы ліпы перапляталіся ў цёмны таямнічы і амаль казачны лабірынт. На базе свайго парку Цеханавецкія стварылі школу ланшафтнага дызайна, якая карысталася пашанай і была вельмі папулярна на прасторах былой ВКЛ. Напрацягу некалькіх год тут навучаліся, а пасля раз'яджаліся на ўсёй краіне майстры тапіарнай стрыжкі і садовага планавання. Без перабольшвання можна сказаць, што парк Бачэйкава аказваў вялікі ўплыў на фарміраванне паркаў амаль усіх навакольных сядзіб Віцебскай вобласці. Палац не захаваўся, быў знішчаны ў 1950-я гады.


Гародня (Аршанскі раён). Сядзіба Васілеўскіх была пабудавана ў пачатку ХІХ ст на месцы раней існуючай сядзібы, часткі якой захаваліся і былі ўключаны ў новую сядзібу . Асаблівасцю сядзібы ў Гародні былі фрэскі і карціны мастака Генрыха Семірадскага. Сёння толькі адна з яго карцін, “Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа”, знаходзіцца ў Беларусі і выстаўляецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, астатнія можна знайсці ў замежных музеях і прыватных калекцыях. Але яшчэ раней, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, пакуль не вядомы мастак Генрых размаляваў пакоі гародзенскай сядзібы прыгожымі кветкамі, птушкамі, жывёламі і антычнымі вобразамі. Акрамя сцен былі размаляваны і столі. Так у кабінеце мастак пакінуў выяву двухмятровага арла з распасцёртымі крыламі, а ў холе прыгожага сокала. Акрамя фамільных партрэтаў гаспадароў на сценах сядзібы віселі карціны знакамітага мастака зробленыя ў ранні перыяд яго жыцця. Традыцыйным для гаспадароў таго часу з'яўлялася выстава фамільнага срэбра ў сталовай і салоне. У бібліятэцы Васілеўскія на працягу некалькіх пакаленняў сабралі каля 2 000 кніг гістарычнай і білітрыстычнай тэматыцы на польскай і французскай мовах. Згублена сядзіба была пасля 1917 года. Фатаздымкаў і планаў пакояў зараз няма. Уявіць сядзібу можна толькі па малюнку Напалеона Орды, ды апісаннях Р.Афтаназія, таму для аднаўлення ёсць вольны падыход.


Дуброўна (Дубровеньскі раён). Двухпавярховы палац князёў Любаміркіх быў пабудаваны ў 1720 годзе на месцы старога аднапавярховага палаца. Будынак характаразаваўся сціплым выглядам звонку і ўнутры. Гаспадары ж з гонарам паказвалі сваім гасцям пакой і ложам французскага імператара Напалеона І, які тут спыняўся ў 1812 годзе калі вяртаўся з Масквы. Таксама ў будынку размяшчалася бібліятэка, якая складалася ў асноўным з кніг XVIII і ХІХ ст на французскай мове. Апошнім ўладаром Дуброўны быў князь Уладзіслаў Любамірскі (1864–1934), мецэнат, кампазітар, у вольны час які займаўся развядзеннем скакуноў.


Ёды (Шаркаўшчынскі раён). Сядзібна-паркавы ансамбль, які быў згублены падчас Другой сусветнай вайны заснавалі Лапацінскія яшчэ ў 1742 годзе, калі набылі Ёды і землі навокал у Дзіанісія Масальскага. Ігнацій Лапацінскі разам з жонкай Юстынай Празор пабудаваў у канцы XVIII ст. сціплую аднапавярховую сядзібу на франтоне якой былі размешчаны гербы абедзьвух ліній. Сядзіба была падзелена на 10 пакояў, якіх былі аформлены сціпала, але з густам. На сценах размяшчалася шматлікая колькасць сямейных партрэтаў і карцін, сярод якіх было прадстаўлена некалькі карцін у арыгінальнай тэхніцы маляванне па шклу. У бібліятэцы былі сабраны кнігі XVIII ст і сямейны архіў Лапацінскіх. Мэбля збольшага адносілася да другой паловы XVIII стагоддзя і была выраблена ў стылі ампір.


Завер'е (Браслаўскі раён) належыла Святаполк-Мірскім з 1637 па 1861 гады. Дакладнай даты будаўніцтва сядзібы не захавалася, але ёсць звесткі, што пабудавана яна была ў XVIII ст. А канчатковы выгляд, які можна пабачыць на фатаздымках атрымала ў 30-я гады ХІХ ст. Асаблівасцю будынка была архітэктурная двухстылёвасць. Так, з аднаго боку сядзіба стыля класіцызм, з іншага боку можна было бачыць неаготыку. Разам з сядзібай закладалася і ўпарадкоўвалася тэрыторыя навокал. У парку былі высаджаны тапалёвыя і кляновыя алеі, уздоўж якіх праклалі водныя каналамі. На адным з каналаў знаходзілася выспа з анёлам прывезеным з Італіі і пастаўленым як памяць пра Людвіку Святаполк-Мірскую з Гадлеўскіх. У 1806 годзе недалёка ад сядзібы была пабудавана сямейная капліца барочнага стылю, у скляпеннях якой знаходзілі апошні спачын прадстаўнікі роду. Апошнім уладаром завер'еўскай сядзібы быў Іахім Хан (1891–1982), які ў пачатку ХХ ст набыў будынак у Святаполк-Мірскіх. У гады Першай сусветнай вайны сядзібу абрабавалі – выламалі дзверы ды вокны, скралі маёмасць. Падчас Другой сусветнай вайны палац перастаў існаваць.


Іванск (Чашніцкі раён) і наваколле былі набыты Тадэвушам Валадковічам ў 1774 годзе. Адразу пасля набыцця ён пачаў актыўна займацца ўпарадкаваннем і будаўніцтвам на новых землях. У Іванску былі пабудаваны заводы па вырабу спірту, цэглы ды чарапіцы, а ў Чашніках – папяровая фабрыка. У пачатку ХІХ стагоддзя Валадковічы пабудавалі сядзібу, якая сваім выглядам ні чым не вылучалася. Там была сабрана багатая бібліятэка (каля 10 000 кніг), на сценах віселі сямейныя партрэты і выстаўляліся калекцыі слуцкіх паясоў, шабляў, парцалянавага посуду XVIII ст., срэбра. На ўскрайку парка была ўзведзена сямейная капліца з месцам для пахавання прадстаўнікоў роду.
Але сапраўдны гонар Іванку прыносіць не сядзіба, а прыносяць імёны. Валадковічы былі патрыётамі і марылі аб незалежнасці для сваёй краіны, таму падтрымлівалі ўсе паўстанні, якія адбываліся на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Так, адзін з прадстаўнікоў роду быў вымушаны з-за актыўнага ўдзелу ў паўстанні Касцюшка эміграваць у Францыю, дзе заснаваў французскую ветку Валадковічаў. Імя яшчэ аднаго прадстаўніка роду, удзельніка вайны 1812 года, Генрыха Валадковіча, выбіта на Трыўмфальнай арцы ў Парыжы. Аляксандр Валадковіч, эміграваўшы пасля паўстання 1830-31 гадоў у Францыю да французскіх сваякоў, дзе даслужыўся да пасады амбасадара Францыі ў Швецыі. Але нягледзячы на пашану і высокія чыны заўсёды марыў аб вяртанні на Радзіму. У тэстаменце ён загадаў пахаваць сваё сэрца ў сямейным склепе Іванска. А на каменным помніку ўсталяваным на магіле ў Парыжы можна і сёння прачытаць надпіс – "Целам з Францыяй, сэрцам з Радзімай". Звязана з Валадковічамі і даволі смешная плётка, якую распаўсюджваў просты люд. З'явілася яна з-за дзіўнага ладу жыцця уладароў Іванска – клаліся спасць яны а 10 раніцы, прачыналіся а 16-й, а 18-й абедалі, а пасля ўсю ноч займаліся справамі – таму празвалі яны Валадковічаў вампірамі. А гаспадар проста любіў увечары, калі ўсе працоўныя адпачывалі дома, аб'яджаў свае ўладанні і глядзеў, што было зроблена за дзень, сям'я ж была вымушана падпарадковацца дзіўнаму графіку гаспадара.
Аднаўленне сядзібы магчыма. Засталіся дакладныя апісанні пакояў. Цікавасць да радавога маёнтку праяўляюць і нашчадкі тых, чые бацькі з'яджаючы з Іванска пакінулі ўсе свае карціны ды багацці ў спадзяванні, што калісьці яны сюды вернуцца.


Каханавічы (Верхнядзвінскі раён). Храпавіцкія набылі землі яшчэ напачатку XVIIІ ст, але драўляны палац паўстаў тут толькі ў пачатку ХІХ ст. Пабудаваны ён быў на высокім мураваным падмурку ў стылі барока. У пакоях стаялі печы з белай кафлі ўпрыгожаныя авальнымі медальёнамі. На сценах віселі старыя габелены і вялізарныя люстэркі. У сталовым пакоі акрамя сямейных партрэтаў можна было пабачыць выстаўлены срэбраны і парцэлянавы посуд, калекцыю ваз розных памераў. У бібліятэцы былі сабраны кнігі на польскай, французскай, нямецкай і ангельскай мовах. А ў сямейным архіве на бачным месцы размяшлася пяро і ліст імператара Напалеона, які начаваў у намёце ў каханавіцкім парку. Сапраўднасць начоўкі Напалеон не пацверджана, але ў парку, да 1918 года час ад часу знаходзілі французскія манеты. Дарэчы, парк вакол палаца быў не маленькі, займаў ён 20 гектараў і быў значна старэйшы за будынак палаца. У Каханавічах таксама мелася афіцына (дзе размяшчаліся кухня і гасцявыя пакоі) і аранжарэя (дзе была сабрана вялікая калекцыя экзатычных раслін). У сярэдзіне ХІХ ст у парку была збудавана сямейная каталіцкая капліца. Ігнат Храпавіцкі (1817–1893), якому належылі Каханавічы, яшчэ за 10 год да скасавання прыгоннага права ў Расійкай імперыі распрацаваў са сваімі сябрамі і правёў на Віцебскім шляхецкім сходзе заканапраект па яго скасаванні. Але адміністрацыя прыпыніла дзейнасць заканапраекта. Пасля правядзення агульнарасійскай рэформы ў 1861 годзе Ігнат Храпавіцкі прыймаў актыўны ўдзел у здзяйсненні рэформы на ўсёй Віцебшчыне. Акрамя гэтага Храпавіцкі пісаў вершы і друкаваў іх на польскай мове, а таксама займаўся перакладам беларускага фальклору на польскую мову. Пахаваны на радзіме, у Каханавічах.


Манькавічы (Пастаўскі раён). Сядзіба Друцкіх-Любецкіх была пабудавана напрыканцы XVIII ст. і ўяўляла сабой аднапавярховы драўляны будынак на каменным падмурку. Яго цэнтральна частка, а таксама дах робяць яго прыгожым і цікавым для аднаўлення. Пакоі былі аформлены сціпла, але стылёва. У паляўнічым пакоі на задніх лапах стаяў вялікі мядзьведзь, а на сценах былі развешаны галовы казуль ды дзікоў. Мэбля з большага была ў стылі Людовіка XV, на сценах ў гасцёўне знаходзіліся ў пазалочаных рамах карціны продкаў, выстаўляўся парцалянавы посуд. У бібліятэцы былі сабраны кнігі XVIII-ХІХ ст. Палац перажыў Першую сусветную вайну і быў адноўлены гаспадарамі ў міжваенны перыяд. У гады Другой сусветнай вайны будынак быў разабраны да падмурку.


Мосар (Глыбоцкі раён). Пабудаваны палац быў у канцы XVIII ст. Ганнай і Робертам Бжастоўскімі ў стылі класіцызм. Знешне просты выгляд палаца з'яўляўся падманлівым, бо ўнутры ўсё было аформлена з шыкам і неймавернай прыгажосцю. Запрошаны ўладарамі французскі майстар аздобіў сцены "каралеўскай залі" гіпсавым арнаментам, які аб'ядноўваў барэльефы ўсіх каралей Рэчы Паспалітай у адно вялікае дрэва. У гэтым жа пакоі арыгінальным быў і камін упрыгожаны барэльефамі булавы і перакрыжаваных рэгалій, сімвалам "Пагоня" і каралеўскай каронай. У "бальнай залі" стаяў камін з чорнага мармуру над якім былі намаляваны сцэны антычных мітаў. "Люстэркавая заля" аздаблялася ў стылі ампір, на сценах над карнізамі былі зроблены барэльефы з жыцця Самсона. Была ў палацы і на той час модная "кітайская заля", на яе сценах была размешчана цытата Канфуцыя і малюнкі з яго жыцця. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя палац у Мосары пасля двухсотгадовага ўладання Бжастоўскіх змяняе ўладароў, імі становяцца Пілсудскія. Першы кіраўнік Польскай рэспублікі Юзаф Пілсудскі быў кроўным сваяком новым уладарам і напрацягу жыцця некалькі разоў гасцяваў у мосарскіх сваякоў. Падчас рэвалюцыйнага віхора 24 лістапада 1918 года палац быў разрабаваны бальшавікамі і падпалены. Аднаўленне палаца адна з самых немагчымых і вельмі заманлівых ідэй. Тым больш што захаваліся яго фатаздымкі, планы і малюнкі. Вернуты з небыцця мосарскі палац стаў бы сапраўднай перлінай не толькі Віцебскай вобласці, але і Беларусі, і мог бы спаборнічаць па ўбранню з пакоямі Нясвіжскага палаца.


Вядома, што прыгожых зніклых сядзіб Віцебскай вобласці ў спісе магло быць і болей, але складанасці ў першую чаргу звязаныя з тым, што ўсходнія вобласці пасля падзелу Беларусі першыя адчулі на сябе ўвесь цяжар савецкай улады. Сядзібы, якіх было шмат пры Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі былі з большага зруйнаваны ў першыя гады савецкай улады без падрабязных вопісаў. Калі працаваць з архівамі і сваякамі колькасць сядзіб можа павялічыцца. Таксама ў складзены спіс не патрапілі сядзібы і палацы, якія хоць і ў сумным стане, але яшчэ можна знайсці на прасторах края азёр.

P.S. Пры стварэнні спіса згубленых сядзіб апрацоўвалася некалькі крыніц – працы Р.Аўтаназія, А.Федарука; сайты globus.tut.by, radzima.by.
Tags: Вандроўкі Беларусь, Віцебская вобласць, згубленая спадчына
Subscribe

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 13 comments

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…