?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Вёска Жалудок пачынае ўзгадвацца ў гісторыі з 1385 года, хаця знойдзеныя тут яшчэ ў 1915 годзе старажытнарымскія манеты сведчаць пра існаванне вёскі задоўга да пісьмовых узгадак.


Палубінскія, Лацкія, Сапегі, Фрацкевіча-Радзімінскія валодалі вёскай да XVIII ст. Пры іх уладаннях з 1486 года Жалудок стаў называцца мястэчкам, з 1536 года пачаліся праводзіцца таргі, у 1706 годзе мястэчка з'яўлялася штаб-кватэрай швецкага караля Карла ХІІ. Наступныя ўладары Жалудка Тызенгаўзы пакінулі нам каменны касцёл, выяву буйвала на сучасным гербе і прыгожы палац.

Яшчэ Фрацкевіч-Радзімінскія ў Жалудку пабудавалі драўляны кляштар кармелітаў, пры якім была арганізавана школа. Са шлюбам Аляксандры Фрацкевіч-Радзімінскай з Міхаілам Тызенгаўзам (...–1726), мястэчка пераходзіць ва ўладанні апошніх, але пасля смерці жонкі, цешча пачала судовую сварку з былым зяцем за выкупленыя раней ім землі. Сваркі сваякоў працягваліся і пры сыне Міхаіла і Аляксандры Бенедыкце Тызенгаўзе, пакуль нарэшце ў 1740 годзе суд не прызнаў правамоцнасць апошніх. Бенедыкт акрамя аспрэчаных зямель, выкупіў і іншыя надзелы "жалудоцкага ключа" і такім чынам аб'яднаў іх у руках адной веткі роду.


Пры сыне Бенедыкта, знакамітым палітычным дзеячы ВКЛ Антоніі Тызенгаўзе (1733–1785), Жалудок становіцца радавой рэзідэнцыяй. Антоній быў прыхільнікам рэформ ва ўсіх галінах на прасторах былога ВКЛ, спрабаваў правесці рэформы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, адукацыі і медыцыне. Стараста Гродна з 1760 па 1780 гады. Менавіта пры ім быў запрошаны для працы ў Гродна натураліст, хірург Жан-Эмануэль Жылібер, які заснаваў у горадзе медыцынскі універсітэт і заклаў першы Батанічны сад. Сябраваў Тызенгаўз і з філосафам Жан-Жакам Русо, ды так сябраваў, што запрашаў яго да сябе пагасцяваць, а затым і застацца на працу ва ўніверсітэце. Тызенгаўз быў вялікім тэатралам, і гэта захапленне падштурхнула яго да заснавання ў 1769 годзе ў Гродна першага прыгоннага тэатра, куды запрашаліся замежных балетмейстары, акторы, харэографы і спявакі. Але каардынальныя крокі ў палітыцы прыводзілі да росту недабразычліўцаў, якія здолелі адштурхнуць яго ад улады ў 1780 годзе. Раззлаваны Антоній сыходзіць у адстаўку і пераяджае ў адно са сваіх уладанняў – Паставы. Туды ж забірае і тэатр, але праз 5 год, амаль уся трупа па тэстаманту Тызенгаўза была падорана каралю Рэчы Паспалітай Аўгусту Панятоўскаму і перавезена ў Варшаву. Хаця апошнія гады знакаміты дзеяч і правёў у Паставах, але памёр у Гродна, а пахаваны быў у радавым склепе Жалудка. (Цікавая акалічнасць, наколькі па іншаму ўспрымаюца гады калі параўноўваеш іх з сучасным жыццём. У 28 год пасол на Гарадзенскі сейм, у 30 год актыўна займаецца палітычнай і культуніцкай дзейнасцю, у 47 год сыйшоў у адстаўку, у 52 гады памёр.)

Пасля смерці Антонія "жалудоцкі ключ" пераходзіць да яго пляменніка – Ігнація Тызенгаўза (1762 – 1822). Ігнацій з болем успрыняў падзелы Рэчы Паспалітай і пры першай жа магчымасці прыняў актыўны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшка ў 1794 годзе. Ігнацій з'яўляўся кавалерам ордэнаў Белага Арла, Св.Станіслава і Залатога Крыжа Ганаровага Легіёну. Пасля яго ж смерці вялікія землі Тызенгаўзаў былі падзелены паміж двума сынамі – старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок, а малодшы Канстанцін Паставы. Сыноў Ігнацій выхаваў у патрыятычным духу. Пры першай жа магчымасці для аднаўлення згубленай краіны абодва Тызенгаўза прынялі актыўны удзел у напалеонаўскай кампаніі 1812 года, і на свае грошы абмундзіравалі два ўланскія палкі. Пасля сканчэння ваенных дзеянняў і пасля рэабілітацыі шляхты Рудольф Тызенгаўз (1782–1830), пераяджае ў Жалудок і займаецца ўжо адсюль палітычнай дзейнасцю, развівае гаспадарку і ўпарадкоўвае сядзібу і парк. У 40 год ажаніўся з дачкой слонімскага маршалка Жанеўевай Пуслоўскай, якая нарадзіла яму трох дачок. Рудольф атрымаў разнапланавую адукацыі, і дзякуючы расповядам бацькі пра знакамітага прашчура Антонія зацікавіўся тэатрам. Але ўсё ж такі больш перавагі аддаваў музыцы. Ён зарганізаваў у палацы скрыпкавы квартэт, а гасцям з гонарам паказваў адну са скрыпак Страдзівары, якую меў у сваёй калекцыі.

Пасля яго заўчаснай смерці ва ўзросце 52 год маёмасць пераходзіць да старэйшай дачкі Германіцыі Тызенгаўз (1822–1891), якая ў 1843 годзе са шлюбам перадае жалудкоўскую маёмасць ва ўладанні графа Севярына Урускага (1817–1890).

Яшчэ пры жыцці Рудольф Тызенгаўз задумваў пабудаваць вялікі сямейны склеп, каб была магчымасць там сабраць усіх прадстаўнікоў роду, якія знайшлі ў Жалудку свой апошні спачын. Здзейсніць ідэю не атрымалася, але яе за аснову ўзяла дачка Германіцыя, якая ў 1854 годзе, пабудавала тут каменны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.










У скляпенні якога былі перанесены труны ўсіх прадстаўнікоў роду Тызенгаўзаў з разбуранага пасля паўстання 1831 года кляштара кармелітаў. Пахаваны яны былі пад адной плітой на якой быў выбіты надпіс "Тут пахаваны рэшткі роду графаў Тызенгаўзаў з ХVIII стагоддзя, перанесеныя з трунаў старога касцёла ў гэтую святыню. Вечны спакой няхай дасць ім Уладар". Асобна ў склепе былі пахаваны бацькі Германіцыі Рудольф Тызенгаўз і Жэнеўева з Пуслоўскіх, дзядуля Ігнацій Тызенгаўз, а таксама трынаццацігадовы сын Рудольф Урускі. У алтарнай частцы касцёла ў гонар галоўных фундатараў графіні Германіцыі і графа Севярына Урускіх была размешчанны дзве мемарыяльныя дошкі.



Ужо ў нашыя часы, у 2007 годзе, намаганнямі грамадскай арганізацыі "Ахова птушах Бацькаўшчыны" ў касцёле была адчынена памятная дошка. На гэты раз у гонар ураджэнца Жалудка, прадстаўніка роду Тызенгаўзаў – графа Канстанціна Тызенгаўза (1786–1853). Знакамітага арнітолага, аўтара больш чым 20 навуковых прац на польскай, французскай і лацінскай мовах па гэтай тэматыцы. Нарадзіўся ў сям'і Ігнація Тызенгаўза ў Жалудку, валодаў палацам ў Паставах, дзе заснаваў багаты арніталагічны музей і бібліятэку. Меў вялікую мастацкую галерэю з партрэтамі прадстаўнікоў роду і карцінамі еўрапейскіх мастакоў. У арніталагічнай калекцыі меў больш за 3 000 відаў птушак з усяго свету, а таксама сабраў вялікую колькасць птушыных яек. У яго гонар быў названы адзін з відаў пчол і дзве балотныя расліны. Захапляўся жывапісам і быў вучнем мастака Яна Рустэма. Па тэстаменце Канстанціна, калекцыя птушак была перададзена Віленскаму ўніверсітэту, які быў зачынены пасля паўстання 1863 года. Найбольш каштоўныя эспанаты з калекцыі Тызенгаўза былі вывезены ў Маскву. Першапачаткова граф Канстанцін Тызенгаўз быў пахаваны ў Жалудку, але па загаду сына яго цела было перавезена ў мястэчка Ракошкі (Літва) і перазахавана ў касцёле Св.Матвея.


Дарэчы, звярніце ўвагу на сцяну касцёла каля ўвахода. Там вы знойдзіце сонечны гадзіннік ад якога засталася толькі стрэлка, а калісьці, на сцяне былі намаляваны і гадзіны.


Урускія актыўна выступалі за адмену прыгонна права ў Расійскай імперыі, а калі рэформа пачалася ў 1861 годзе, вельмі хутка правялі яе на сваіх землях і далі магчымасць выкупу зямель сялянам па мінімальным кошце.

Памерла Германіцыя ў сваім італьянскім палацы ў Пізе ў 1891 годзе, але пахавана была ў сямейным склепе на Варшаўскіх могілках, побач з сынам Янам (які пражыў усяго толькі 13 дзён) і мужам Севярынам (які памёр за год да яе).

Жалудок пераходзіць да старэйшай дачкі Германіцыі княгіні Марыі Урускай (1853–1931), якая ў 1873 годзе ў Львове выйшла замуж за князя Уладзіміра Святаполк-Чацьвярцінскага (1837–1918). У перыяд яе ўладанняў мястэчкам Жалудок становіцца вядомым мястэчкам дзякуючы конскім кірмашам, куды з'яджаліся з былой Рэчы Паспалітай. У мінулым годзе была спроба аднавіць традыцыі кірмаша, але з большага гэты было зроблена на культурна-масавым узроўні.


Старая аднапавярховая сядзіба якая была пабудавана яшчэ пры Тызенгаўзах не задавальняла Людвіга Чацьвярцінскага. Ён лічыў яго занадта малым і не сучасным, таму ў 1907 годзе распачаў будаўніцтва новага будынку. Архітэктарам палаца ў нэабарочным стылі выступіў Уладзіслаў Марконі.






Акрамя двухпавярховага палаца былі таксама пабудаваны побач флігель, млын, кухня і лядоўня. Менавіта Людвіг Святаполк-Чацьвярцінскі (1877—1941) з'яўляецца апошнім уладаром Жалудка. Ён быў жанаты з княжной Розай Радзівіл і меў трох сыноў і двух дачок. Загінуў уладар Жалудка ў 1941 годзе ў Асьвенціме .






У нямецкія часы ў палацы размяшчаўся шпіталь, у савецкія часы воінская частка, ад якой на столі палаца захавалася чырвоная зорка. Зараз палац зачынены. Але ў 2014 годзе быў набылы сям'ёй бізнэсмена з Расіі, якія паабяцалі зарганізаваць у будынку гатэль. Хаця прадстаўніца роду, унучка Людвіга Ізабела Святаполк-Чацьвярцінская, некалькі разоў наведавала Жалудок і прапаноўвала бескаштоўна дапамагчы ў аднаўленні палаца, а таксама пашукаць сродкі ў розных структурах ЕС на яго рэстаўрацыю, але мясцовая ўлада не праніклася гэтай ідэяй. Куды прасцей, відаць, прадаць палац, чым мець яго на балансе.




Акрамя выбітных прадстаўнікоў роду Тызенгаўзаў, Жалудок можа пахваліцца яшчэ адной вядомай гістарычнай постаццю. У гонар якога ў 2011 годзе ў мястэчку быў закладзены парк з нагоды 175-годдзя з дня нараджэння. Менавіта тут, у сям'і беззямельнага шляхціча 15 снежня 1836 года нарадзіўся будучы палітычны дзеяч, ўдзельнік паўстання 1863–64 гадоў Валеры Урыблеўскі (1836–1908). Ён сябраваў з Кастусём Каліноўскім, Зыгмундам Серакоўскім і Яраславам Дамброўскім. Разам з Каліноўскім выдаваў і распаўсюджваў "Мужыцкую праўду". Падчас паўстання 1863 года кіраваў дзеяннямі інсургентаў. 7 жніўня 1864 года ў баі быў моцна пасечаны шаблямі казакаў. Пасля загойвання ран, эміграваў у Францыю, дзе прымаў актыўны ўдзел у Парыжскай рэвалюцыі 1871 года. Затым пераехаў у Англію, дзе сябраваў з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. З'яўляўся сябрам Генеральнага Савета І Інтэрнацыянала. Памёр у Ніцы і пахаваны на парыжскіх могілках.

фота artem_ablozhei

Акрамя архітэктурных помнікаў, якія ўжо пералічаны былі вышэй, у Жалудку можна наведаць Цэнтр народных рамёстваў дзе размешчаны этнаграфічны закуток. Мы туды не патрапілі, але шукаць яго варта ў будынку былой сінагогі. Дарэчы, у мястэчку да Другой сусветнай вайны была вялікая габрэйская абшчына ад якой сёння засталіся толькі старыя могілкі.

На цэнтральнай плошчы можна прагуляцца і паглядзець на каменныя скульптуры, якія засталіся тут пасля Рэспубліканскага скульптурнага пленэру 2010 года .




А ў жніўні 2016 года Жалудок плануе правесці 9-ты кветкавы фестываль. Не скажу, што я прыхільніца прац, якія прадстаўляюцца на ім (з большага гэта кветкавыя пано і сукенкі з кветак), але калі вам такое падабаецца, то можаце наведаць Жалудок падчас мерапрыемстваў. Я, відаць, пачакаю калі фестываль дойдзе да ўзроўню сапраўднага кветкавага раю і бітвы ланшафтных дызайнераў.

www.dzyannica.by

Дарэчы, пабачыць палац можна не толькі вандруючы па Гродзенскай вобласці, але і падчас прагляду мастацкіх стужак, якія апошнім часам здымаліся ў палацы. Так у 2009 годзе рэжысёр Андрэй Курэйчык здымаў у Жалудку містычны фільм "Масакра"; Арцём Лобач у 2011 – кароткаметражную стужку "Дом"; Алена Турава у 2012 – сямейную стужку "Кіндэр-Вілейскі прывід".

Рэшткі дэкаратый да фільмаў якія засталіся ў палацы.

І памятайце, што калі ў вас з'явілася жаданне наведаць Жалудок, то па дарозе можна паглядзець яшчэ шмат чаго цікавага. Пра маршрут можна даведацца па спасылцы http://azarkinm.livejournal.com/168278.html

Comments

( 30 comments — Leave a comment )
alba_ruthenia01
Jun. 13th, 2016 05:15 pm (UTC)
Настоящий исторический очерк.
azarkinm
Jun. 13th, 2016 05:19 pm (UTC)
Дзякуй. Насамрэч вельмі шмат чаго не адкрытага і не знойдзенага ў нашай гісторыі. Дзеля грунтоўных прац трэба сядзець у архівах. Таму хутчэй гэта адносіцца да навукова-папулярнага артыкула. )))
(no subject) - alba_ruthenia01 - Jun. 13th, 2016 05:21 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Jun. 13th, 2016 05:30 pm (UTC) - Expand
(no subject) - alba_ruthenia01 - Jun. 13th, 2016 05:46 pm (UTC) - Expand
artem_ablozhei
Jun. 13th, 2016 06:16 pm (UTC)
как попали внутрь?
azarkinm
Jun. 13th, 2016 07:57 pm (UTC)
На старожцы вартаўніка ўжо некалькі год была вісіць паперка з тэлефонам. Па ёй трэба было тэлефанаваць. Хіба ўжо прыбралі яе?
livejournal
Jun. 13th, 2016 07:34 pm (UTC)
Дзень добры! Ваш запіс трапіў у топ-25 папулярных запісаў LiveJournal Беларусі! Больш падрабязна пра рэйтынг чытайце ў Даведцы.
dimon_porter
Jun. 13th, 2016 08:21 pm (UTC)
нтересное место.

Спасибо
bloxer1
Jun. 13th, 2016 08:58 pm (UTC)
Дзякуй !
Як заўседы цікава і прыемна чытаць пра даўніну нашай Радзімы. Дзякуй і тым людзям што аднаўляюць гістарычныя помнікі.Гэта патрабуе сапраўднага кахання да свайго краю.
Чакаем ад вас далейшых цікавых вандровак !
azarkinm
Jun. 14th, 2016 05:28 am (UTC)
Дзякуй за добрыя словы. І сапраўды, тыя хто аднаўляюць вартыя пашаны.
(no subject) - bloxer1 - Jun. 15th, 2016 06:11 pm (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Jun. 15th, 2016 06:52 pm (UTC) - Expand
ofeliya666
Jun. 14th, 2016 12:33 am (UTC)
Вельмі прыгожы. І кожны раз я думаю пра тое, што мне падабаецца так, не пафарбавана і вылізана. Але так будынак з часам руйнуецца канешне. А так нешта рукі ніколі не даходзілі нагугліць, што Жылібер хірург. Мабыць я ведала гэта і забыла)
А Масакра мне не спадабалася(
azarkinm
Jun. 14th, 2016 05:28 am (UTC)
Скажу па сакрэту - я не глядзела Масакру.
(no subject) - ofeliya666 - Jun. 14th, 2016 11:20 am (UTC) - Expand
svetatarnikova
Jun. 14th, 2016 06:03 am (UTC)
Дзякуй! Вельмi цiкава i змястоўна.
azarkinm
Jun. 14th, 2016 06:07 am (UTC)
Дзякуй за добры водгук.
pan_dohva
Jun. 14th, 2016 06:23 am (UTC)
На самрэч вельмі пленныя вашыя артыкулы. Чытаешь, і яшчэ раз у галаве зацверджваецца думка аб тым, якая ж багатая ў нас гісторыя.
azarkinm
Jun. 14th, 2016 10:10 am (UTC)
Дзякуй. Сапраўды, гісторыі шмат не бывае, заўсёды знаходзіш новыя і новыя звесткі і цікаўнасці. І ўсё гэта відаць з-за таго, што 70 год былі гадамі забыцця і выкінутай гісторыі.
(no subject) - pan_dohva - Jun. 14th, 2016 10:12 am (UTC) - Expand
tam_erm
Jun. 14th, 2016 09:57 am (UTC)
ў 1854 годзе, пабудавала тут каменны касцёл
Але ж на франтоне A.D. MDCCCLIII, то бок 1853.
Гэта не заўвага, - проста некаторыя экскурсаводы падчас экскурсій пытаюцца, які год напісан, таму з'явілася аўтаматычная звычка:)
azarkinm
Jun. 14th, 2016 10:06 am (UTC)
Цікава, толькі зараз звярнула ўвагу, што на глобусе напісана дата 1853, але ва ўсіх энцыклапедычных выданнях указана 1854.
(no subject) - tam_erm - Jun. 14th, 2016 10:36 am (UTC) - Expand
(no subject) - azarkinm - Jun. 14th, 2016 10:49 am (UTC) - Expand
ksysh_ka
Jun. 15th, 2016 10:34 am (UTC)
Дзякуй за чарговы цікавы пост!!!
ksysh_ka
Jun. 15th, 2016 10:34 am (UTC)
Прабачце, калі ласка, на магчымыя абдрукоўкі можна паказаць?
(no subject) - azarkinm - Jun. 15th, 2016 12:39 pm (UTC) - Expand
esmeralda_as
Oct. 5th, 2016 06:30 pm (UTC)
Потрясающий дворец! Очень люблю его и не понимаю, как можно такую красоту оставить дряхлеть в запустении... Представляю, каким роскошным он был...
azarkinm
Oct. 6th, 2016 07:00 am (UTC)
Мы таксама, калі вандруем па маёнткам і палацам, пастаянна ўяўляем, якімі яны былі. У такіх уяўленнях пастаянна мяжуюць дзве эмоцыі - сумна, што так зараз, і надзея, як можна ўсё аднавіць.
( 30 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Powered by LiveJournal.com