?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Салігорскі раён на жаль вельмі бедны на гістарычныя будынкі. Толькі вёскі Пагост ды Чыжэвічы прыцягваюць да сябе аматараў даўніны і выпадковых турыстаў, якія едуць паглядзець на марсіянскія саляныя развалы і на крэйдавыя кар'еры.


Мястэчка Пагост упершыню ўзгадваецца ў ХV ст. як уладанне князёў Алелькавічаў. Са шлюбам князёўны Соф'і Слуцкай у 1600 годзе пераходзіць да Радзівілаў, а ў пачатку ХІХ ст. са шлюбам Стэфаніі Караліны Радзівіл да графоў Вітгенштэйнаў.


У ХІХ ст. Пагост лічыўся адным з буйных мястэчак Старобінскай воласці. Тут была праваслаўная царква, дзве сінагогі, у 1863 годзе адчынілася народная вучэльня для хлопчыкаў, а ў 1897 годзе размясцілася ўпраўленне Старобінскай воласці. У 1842 годзе, пры інвентарызацыі маёмасці Вітгенштэйнаў узгадваецца ў Пагосце першы млын (гісторыкі мярнуюць, што ён быў драўляны). А вось чатырохпавярховы каменны млын, які сёння прыцягвае турыстаў і знаходзіцца на беразе ракі Случ паміж вёскамі Пагост-1 і Пагост-2, з'явіўся ў 1902 годзе.


Уладаром млына быў Гершансан, на будоўлю спатрэбілася 6 год і пайшло некалькі тон чырвонай цэглы. Менавіта, колер цэглы надоўга замацаваў за будынкам назву "Чырвоны млын". Падчас Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны, але пасля вызвалення яго аднаўлялі ў першую чаргу, бо раёну і насельніцтву патрэбна была мука. Пасля аднаўлення сцен, тут з'явіўся дызельны рухавік, які паскараў працу. І хаця млын быў вядомы на весь раён якасным памолам у дарэвалюцыйныя і савецкія часы, гэта не дапамагло яго працоўнаму жыццю. У 1965 годзе, пасля з'яўлення больш магутных прадпрыемтваў па памолу, яго зачынілі. З тых часоў будынак паступова руйнаваўся і прыходзіў у занядбанны стан. Спатрэбілася 50 год, каб 2016 год сцены "Чырвонага млына" сустрэлі ў такім стане як на фота.


А калісьці ж, не далёка ад млына знаходзіўся мост, які злучаў будынак з сядзібай і паркам. Фатаздымкаў сядзібы не засталося, бо зруйнавана яна была яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, па Рыжскай дамове аб падзелу краіны паміж Польшчай і СССР, Пагост адыйшоў да савецкай улады, і аднаўляць будынак ужо не было каму. На сённяшні дзень ад сядзібы засталіся толькі дрэвы парка, ды і тыя паступова высякаюцца і губляюць ландшафтную задуму былых гаспадароў.


Патрапіўшы ў вёску Пагост дзеля млына, мы згулялі з ім у квэст – "Знайдзі мяне!".


Непаўторныя ўражанні ад таго, што вось ён будынак, а дайсьці да яго не можаш, бо ўсё парасло трыснягам і чаротам, бо заліта вадой і пад нагамі амаль дрыгва, ды і ўвогуле ты знаходзішся не на той дорозе і не на тым баку, які вядзе да будынка. Часамі жаданне кінуць усё і больш не шукаць пачынаюць пераадольваць цябе. Але калі знаходзіш пагостаўскі млын, то адчуваеш асалоду ад пошукаў, якія прайшлі не марна. Для "квэста" час падабраць не так і лёгка. Увесну вакол усё затапліваецца вадой, увосень – усе сцежкі і дарогі распаўзаюцца ад пастаянных дажджоў, зімой – ты не разумееш, што схавана пад сумётамі і ільдом. Застаецца толькі сухое і цёплае лета, калі пад'ехаць на машыне можна амаль да самых сцен млына.


Млын, які так прыгожа хаваецца ад позіркаў цікаўных турыстаў на зямле, хаваецца ад іх і ў паветры. Хаваеца так, што знайсці яго можна толькі дзякуючы здрадніку ценю.


Не знайшлі? Тады яшчэ раз !


Прыгожы стары млын неаднаразова прыцягваў да сябе тых, хто жадаў выкупіць яго, але заўсёды ўзнікала шмат акалічнасцяў і перашкод. То вадаканал не дазволіць будоўлю весці каля берага, то выставяць завоблачныя рахункі на азеляненне і правод каналізацыі. А апошні інвестар, які збіраўся адчыніць тут гатэль, спужаўся пустэч ад саляных шахт, якія знаходзяцца пад Пагостам. Пустэчы гэтыя прыводзяць да асядання глебы і расколінаў на будынках і ўжо некалькі дамоў пагостаўцаў, былі адселены з-за гэтай бяды. З кожным годам, стары млын усё менш і менш вабіць патэнцыйных пакупнікоў і страчвае надзею на сваё аднаўленне.

Акрамя млына, сёння можна знайсці ў вёсцы старую вінарню, якая была пабудавана недалёка ад млына ў 1901 годзе.

фота з www.globus.tut.by

Два помніка ахвярам Халакоста, адкрытых у ліпені 2016 года на месцы старых помнікаў.

фота з www.aviv.by

P.S. У 2014 годзе каля вёскі Пагост быў адчынены і асвечаны праваслаўны крыж. З'яўленне крыжа было прымеркавана да сумнай падзеі, калі 3 верасня 1648 года, казакі Багдана Хмяльніцкага і сяляне Случчыны, якія паўсталі супраць уладароў Радзівілаў, сутыкнуліся з войскам апошняга. Падчас бітвы, палягло 2 000 чалавек з боку паўстанцаў. Радзівіл перамог і адштурхнуў казакаў ад сваіх зямель. Крыж можна было б успрымаць як даніну памяці па ўсім палеглым у той бітве. Калі б не адное АЛЕ... Калі б удзельнікі мерапрыемства – казакі з Расіі і Беларусі, праваслаўныя святары, прадстаўнікі раённай адміністрацыі і амбасады РФ не акцэнтавалі ўвагу на тым, што крыж пастаўлен па паўстанцам "якія загінулі за веру і Айчыну"... Скажыце калі ласка, за якую і чыю Айчыну яны загунулі? А пасля малебна каля крыжа, усе прысутныя адзначылі падзею танцамі і спевамі казацкіх калектываў у мясцовым Доме культуры.

Comments

( 3 comments — Leave a comment )
pan_dohva
Oct. 13th, 2016 07:59 am (UTC)
Хоць і руіны, але ж усё роўна прыгожа.
Люблю чырвоную цэглу )
azarkinm
Oct. 13th, 2016 08:33 am (UTC)
Руіны па свойму зачароўваюць. А чырвоная цэгла яна досыць рамантычная і арыстакратычная цэгла як па мне.
pan_dohva
Oct. 13th, 2016 08:56 am (UTC)
У цэгле нешта да вечнасьці...
( 3 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

May 2018
S M T W T F S
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  

Tags

Page Summary

Powered by LiveJournal.com