AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

А вы гуляеце ў настолкі?

У наш прадвінуты час, калі дзеці і дарослыя гуляюцца ў кампутарныя гульні і не бачаць сваіх апанентаў, настолкі з'яўляюцца магчымасцю ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі пасядзець за гульнёй. У складаныя і не вельмі гульні гуляюцца нават дарослыя дзядзькі і цёткі. А па некаторым кампутарным гульням і серыялам ствараюцца настольныя версіі, якія даюць магчымасць пагуляцца ў іх у кампаніі сяброў ужо не анлайн, а сідзячы на канапе. Так з'явіліся настолкі "Цывілізацыя", "Зорны крэйсер Галактыка", "Гульні тронаў", "Уладар пярсцёнкаў", " World of Warcraft", "Doom" і нават "World of Tanks".
Сёння я хачу распавесці пра цікавыя настолкі з якімі мы сутыкаліся. Некаторыя мы маем дома, а некаторыя давалі пагуляцца нашыя сябры. Магчыма, гэты расповяд падштурхне да набыцця той ці іншай гульні для сябе ці сваіх дзяцей. А можа хтосьці упершыню пачне адчыняць свет настолак.
Святы ж ідуць. )))

а гэта так дзеці ўзрадаваны новай гульні ў настолку. :-)))

Пачнем з самых лёгкіх гульняў, якія збольшага разлічаны на дзіцячую кампанію, чым на падлеткаў ці дарослых. На большасці сайтах вы знойдзеце інфармацыю з якога ўзросту могуць гуляць дзеці, але там не пазначана да якога гэта ім будзе цікава рабіць. Па вопыту маіх дзіцей я зраблю ў спісе такія маленькія абмежаванні.


Спящие королевы
Гэта гульня з якой можна пачаць знаёмства дзяцей з настольными гульнями. Цікавая, вясёлая, добрая і азартная, яна дадасць смеху ў вашу сямейную кампанію. Не глядзіце, што назва дзявочая, гуляюцца з задавальненнем у яе не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. Задача гульні – сабраць каралеў, якіх абавязкова будуць спрабуюць забраць у вас іншыя гульцы. Карткі зроблены з тоўстай паперы і з прыгожымі малюнкамі. Гульня неаднаразова перавыдалася і сучасны варыянт, які зараз у продажы, адрозніваецца ад першых выпускаў якаснай металічнай скрынка. Колькасць гульцоў настолкі – да 5 чалавек. Узрост – 7+ (можна і раней). Цікава гульня будзе да 10 год, пасля цікавасць будзе спадаць.


Сумасшедший лабиринт
Сэнс гульні знайсці ўсе свае артыфакты. І зрабіць гэта хутчэй супернікаў. А як гэта зрабіць, калі поле дзе знаходзяцца вашыя фішкі пастаянна рухаецца і перасоўваецца.

Вельмі добрая гульня для дзяцей малодшага школьнага ўзросту ад 7 год, але я лічу, што можна гуляцца і больш малым дзецям. Поле і карткі зроблены з вельмі якаснага кардона, з прыгожымі малюнкамі. Створана гульня была яшчэ ў 1989 годзе і настолькі набыла папулярнасць, што вытворцы пастаянна робяць на яе аснове рэміксы. Існуюць гульні і з чалавекам-павуком, і з магічнымі істотамі, і з прынцэсамі Дыснея, і з героямі "Халоднае сэрца" і нават у швейцарскім афармленні. У Беларусі прадаецца " Сумасшедший лабиринт" у класічным выглядзе. Кошт высакаваты, але варты таго каб набыць калі ў вас ёсць дзеці з такой ўзроставай катэгорыі. Колькасць гульцоў – да 4 чалавек. Узрост – 7+ (можна і раней), гульня цікава будзе для дзяцей да 10 год.



Сырный замок
Вельмі добрая, якасная, хаця і не танная гульня. З дзецьмі можна выбраць з якой тактыкай гуляцца ў яе – лагодна, калі ўдзельнікі павольна шукаюць патрэбныя ім сыры; ці больш агрэсіўная, калі акрамя пошуку сыра ты займаешся тым, што ловіш у пасткі мышэй-канкурэнтаў.

Першапачаткова кошт можа адпужваць, але пра яго забываеш, калі пачынаецца гульня. :-) Колькасць гульцоў – да 4 чалавек. За асобны кошт можна набыць дадатак з вежай і новым героем, тады колькасць гульцоў настолкі павялічваецца яшчэ на аднаго чалавека. Узрост – 6+ (можна і раней) і да гадоў 10 будзе цікава.


Цветариум
Гульня для тых бацькоў, якія хочуць каб дзіцёнак у гульнявой форме вучыў табліцу множання. І гэта самая галоўнае, што можна сказаць пра настолку "Цветарыўм" і іншыя настолкі гэтай серыі. Дзецям больш старэйшага ўзросту гульня будзе ўжо не цікавая. Таму, варта яе набываць сваечасова. Колькасць гульцоў – да 5 чалавек, узрост – 7+.


Чудесные башни
Міні-гульня для хуткай размінкі. Тут трэба як мага хутчэй перавесці сваю вежу с перавёрнутага стана ў правільны выгляд. Але як гэта зрабіць хутчэй, калі тое ж самае робяць і твае супернікі? Правілы вельмі лёгкія і хуткасць гульні залежыць ад кампаніі, і ці сочыце вы за дзеяннямі супернікаў. Якасць паперы не вельмі высокая, хаця карткі і ламініраваныя. Але які кошт, такое і выкананне. Максімальная колькасць – 4 гульца, узрост – 8+ (калі дзіцё знае лік да 100 можна і раней) і да гадоў 12 будзе цікава.


Паника в лабаратории
Маленькая і вельмі дынамічная гульня на хуткасць мыслення. Выявы прыгожых мікробаў раскладваюцца колам. Кідаюцца кубікі і гульцы пачынаюць шукаць, які мікроб збёг з лабараторыі. Хто першы вылічыць загаданага кубікамі мікроба, той і перамог. Плюс настолкі – можна гуляцца ў вялікай кампаніяй (да 10 чалавек), а кампактная скрынка дае магчымасць браць яе як у дарогу, так і ў вандроўку. Узрост – 8+ (можна і раней), будзе цікава для дзяцей і больш старэйшага ўзросту.


Камисадо
Гульня накшталт шашак. Толькі ходзіць той колер фішкі, на якім квадраце спыніўся твой супернік. Вось і ўсё. Як па мне, дык гуляцца можна з малога ўзроста, галоўнае каб дзеці гэтага хацелі. Колькасць гульцоў – 2 чалавекі, узрост – 10+ (так заяўлена вытворцам, але гуляліся ў яе дзеці з 6 год, для 10 год гэта ўжо можа стаць не цікава).


Годо
Настолка, якая апошнім часам выпускаецца ў розных варыянтах. Яны ёсць амаль у кожнай сям'е з дзецьмі (так што перад тым як набываць камусьці лепш запытацца ці ёсць яна ў іх). Настолка падыходзіць для гульні з аднакласнікамі і проста ў вясёлай дзіцячай кампаніі. Маецца дзве ўзроставыя катэгорыі – 7+ і 12+.


Зоолоретто
Удзельнікам выдаюцца паля з заапаркам, на які яны павінны набываць жывёл і запаўняць імі вальеры. Як толькі скончацца карткі, пачынаецца падлік. Перамагае той, хто здолеў больш рацыянальна запоўніць свой заапарк.

Гульня зроблена на высокім узроўні. Усе элементы настолкі вытворцы вырабілі з якаснага кардону і з прыгожымі малюнкамі. У такую гульню хочацца і хочацца гуляць. Ды і дзецям працэс набыцця жывёл у заапарк вельмі падабаецца. З-за вялікіх правілаў першы раз гульня можа заняць крыху больш часу, але пасля працэс паскараецца. Гульня разлічана на ўзрост 8+, але калі дзеці кемлівыя, то здолеюць гуляцца і з больш ранняга ўзросту. Колькасць гульцоў – да 5 чалавек. Цікавасць да гульні відаць будзе захоўвацца да гадоў 13.


Запретный остров
Файная гульня для зімовых вечароў, як для дзіцячай, так і дарослай кампаніі. Настолка адрозніваецца ад іншых тым, што яна яднае паміж сабой удзельнікаў, бо тут ты змагаешся не супраць адзін аднога, а супраць самой гульні.

"Забароненая выспа" вучыць гуляць у камандзе і каардынаваць свае дзеянні з сябрамі. Галоўная задача настолкі сабраць артыфакты і выбрацца з выспы, якая пастаянна затапліваецца. Фігуры артыфактаў, зроблены з якаснай пластмасы, а карткі з добрага кардону. Пра малюнкі чароўных мясцінаў я ўвогуле маўчу, іх хочацца разглядаць і разглядаць. Скрынка металічная, што дае магчымасць захоўваць усе элементы гульні ў добрым стане. Адзіным мінусам "Забароненай выспы" з'яўляецца толькі колькасць удзельнікаў – да 4 чалавек, узрост – 8+ (можна і раней). У камплектацыі апошніх гулен з'явіўся дадатак – розныя варыянты расклада выспы, таму з'явілася магчымасць гуляцца на лёгкім і цяжкім узроўні. Лічу, што абмежаванняў узросту па цікавасці да гульні няма, бо яна падыйдзе і для дарослай кампаніі.


Шерлок Холмс
Хаця гульня разлічана на ўзрост 13+, у яе можна гуляцца і з больш ранняга ўзросту. Сэнс гульні – ёсць заблытанае злачынства і трэба яго зразумець і разгадаць. Мы гулялі вялікай кампаніяй, дзе былі і дзеці, і дарослыя. Правілы крыху змянілі пад сябе, таму было весела і пазнавальна, а некаторыя гісторыі часам прыводзілі да вялікіх дэбатаў і неймаверных высноў.

Самая вялікая праблема была відаць у тым, каб паглядзець на сітуацыю вачыма жыхара ХХ стагоддзя, а не ХХІ. :-) Асаблівасць гульні – вы не будзеце ў яе гуляцца некалькі разоў, бо адгадаўшы злачынства, вы запамінаеце адказ. А на жаль дадаткаў да гульні, з яшчэ больш разнастайнымі гісторыямі няма. Гульня добрая каб даваць сябрам яе на пракат, ці браць з сабой у новыя і новыя кампаніі.


Гномы-вердители
У аснову гэтай настолкі закладзены блеф, які вельмі любяць дзеці. Вы маеце гномаў, якія павінны пракласці дарогу з картак-шляхоў да скарбаў. У залежнасці ад таго які гном патрапіў да вас, вы выконваеце яго місію. Добрыя гномы шукаюць у сваіх шарагах дрэннага гнома і капаюць тунэль да залатога скарба, а дрэнныя гномы заблытваюць сваіх сяброў і вядуць іх у падманным кірунку.

Раскладка карт у пошуках скарба, бяжыць вельмі хутка і весела. Усе карты зроблены з тоўстай паперы і добрай якасці. А пра металічную скрынку я ўвогуле маўчу – яна можна сказаць вечная.
Моцным плюсам гэтай гульні з'яўяецца колькасць удзельнікаў. Колькасць гульцоў – да 12 чалавек, узрост – 8+ (можна і раней) і да бясконцасці. Бо цікавасць да гульні падаграецца тым, што вытворца выпусціў дадатковая карткі, якія ўваходзяць у камплект (на скрынке так і напісана "гульня з дадаткам"). А карткі даюць магчымасць спачатку нагуляцца ў першапачатковую версію, а пасля пашыраць яе магчымасці.


Учим английский для детей (Lexico Junior)
Вельмі і вельмі карысная гульня для вялікіх вакацый. Гуляючы ў яе, дзеці папаўняюць слоўнікавы запас, ці паўтараюць пройдзены ў школе матэрыял. Усе правілы, якія прадугледзілі вытворцы можна падстроіць пад сябе – штосьці можна выкінуць з іх, а штосьці дадаць ці пашырыць. Мы рабілі гульню больш забаўляльнай і сканцэнтраванай толькі на адной тэме. Дарэчы, гэта гульня можа быць карысна і для настаўнікаў, мне падаецца, яе можа выкарыстоўваць як на факультатыўных занятках, так і на абагульняльных тэмах урока.

Учим английский (Lexico) +9
Добрая гульня не толькі для дзяцей, але і для дарослых. У форме гульні мы ўзгадваем забытыя словы, а дзеці паўтараюць пройдзены матэрыял. Пра ўзрост 9+ магу паспрачацца. Калі аўтары бралі за аснову гэты ўзрост, то відаць рабілася стаўка на дзяцей, якія займаюцца ў школе з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы, ды яшчэ вучаць яе з 1 класа. Для дзетак звычайных школ у яе будзе цяжка гуляцца. Я б для школьнікаў раіла набыць спачатку варыянт Junior, а пасля глядзець па ўзроўню ведаў набываць 9+ ці не.


Дядюшкина ферма
Вельмі якасная галаваломка, якую я ўжо два разы набывала ў падарункі. І ўсе ўладары іх застаюцца ў задавальненні і захапленні. А мая дачка, нават у 10 год, калі прыходзіць у госьці заўсёды разгадвае іх. Фігуркі гульні зроблены з добрай і якаснай пластмасы. Калі вы не ведаеце, што падараваць дзіцёнку і хвалююцца, ці знойдуць бацькі час гуляцца з ім, то раю менавіта такія гульні. Колькасць гульцоў – 1 чалавек, узрост – 6+ і да гадоў 12, а тое і болей.


Спасти ёжиков!
Яшчэ адна гульня з серыі – галаваломка для аднаго. Якасць і выгляд гульні знаходзіцца на высокім ўзроўні. Сэнс – за некалькі хадоў перавесці вожыкаў да мамы, пры гэтым не патрапіўшы ў лапы янотаў. Набывалі ў падарунак ну зусім даросламу чалавеку як прыкольнае часабаўленне. Спадабалася і часамі было цяжка. Такім гульням усе ўзросты падыходзяць. :-) Гульня для ўзроста 8+ і да бясконцасці.
Трэба дадаць, што такія гульні-галаваломкі бываюць у розных выкананнях. Тут і добрыя і смешныя "Дзядзюшкіна ферма", "Выратаваць вожыкаў", "Сырныя мышы", для крыху сур'ёзныя "Скарб фараона", "Кубічная галаваломка", ну і для тых хто лічыць выгляд пазітыўных галаваломак занадта дзіцячымі падыйдзе гульня "OVO". Але я выбіраю пазітыў! :-)


Скотланд-Ярд
Мае дзеці гуляліся ў яе ў гасцях і засталіся пад добрым ураджаннем. Ёсць паліцэйскія, і ёсць злачынца. Задача – здолець за вызначаную правіламі гульні колькасць хадоў схапіць злачынцу, які робіць крокі і час ад часу паказвае дзе ён знаходзіцца. А паліцэйскія павінны здагадацца, вылічыць і зразумець, у якім накірунку рухаецца па полі злачынца. Гульня да 6 гульцоў. Узрост 10+ (але мае дзеці гуляліся ў яе з 9 год), падыходзіць і для дарослай кампаніі.


Сярод вялікай колькасці настолак ужо сталі класічнымі такія гульні як "Уно" і "Мафія". Калі вы маеце настолкі, але не маеце ніводнай з двух пералічаных, то гэта проста не прабачальна для вас. )) Пачынаць набываць іх раю з "Уно" якое падыходзіць для дзяцей ад 6 год і працягвае цікавіць і дарослую кампанію.

Апошнім часам з настолкамі актывізаваліся і беларускія аматары, якія пачалі выдаваць свае гульні. Вядома, хацелася б мець іх больш на рынку і каб яны былі разнастайнымі і больш якаснымі. З большага гэта гульні аснованыя на картачных раскладах. Мы маем толькі дзве беларускія гульні.


Разам!
Вясёлая, беларуская гульня ў якую будзе цікава гуляцца як дзецям так і дарослым. Я ўжо распавядала ў ЖЖ аб ёй, таму кідану проста спасылку http://azarkinm.livejournal.com/155780.html Сэнс гульні паказаць свае веды ў валоданні беларускай мовы. Карткі разлічана на дзіцячую і дарослую кампаніі.


Паўстанцы!
Не бейця мяне моцна. Гульню маем і ні разу яшчэ не гуляліся. Ляжыць яна ў нас на палічцы і чакае калі збярэцца вялікая кампанія для гульні. Гуляць у яе цікава ад 6 чалавек, як заяўляе вытворца, але чым больш гульцоў, тым цікавей. Таму гэта гульню можна смела назваць самай вялікай гульнёй, бо гуляцца ў яе можа адразу да 20 чалавек.

Пакуль пісала гэты абзор, стрыечная сястра на выходныя прынесла пагуляцца ў цікавую гульню.


Імаджынарыум
Гульня забаўна, вясёлая і цікавая. Неаднаразова чытала апісанні гульні і не магла зразумець, што ж тут цікавага, што яна стаіць у топах прадаж. Толькі згуляўшы, разумееш, што ў гэтай настолцы свая філасофія. Удзельнікі гульні атрымліваюць па 5 карт, адзін удзельнік гледзячы на свае малюнкі кажа асацыяцыю з адно з іх. А іншыя гульцы шукаюць такую асацыяцыю ў сваіх картках. Карты кладуцца малюнкам уніз і перакладваюцца так, што ніхто не ведае дзе чыя картка. Яны адкрываюцца і пачынаецца самае цікавае. Ты павінен зразумець, якую картку паклаў першы ігрок. Калі ўсе адгадаюць гэту карту, то той хто загадаў, перасоўваецца на два крокі назад, а калі гульцам падалося, што пад асацыяцыю падпабаюць іншыя карты, то перасоўваюцца тыя фішкі, на чые карты былі зроблены стаўкі. Набылі "Імаджынарыўм"? То рыхтуйцеся, што вам захочацца набываць і дадаткі да гэтай гульні – новыя калоды, а значыцца новыя малюнкі, якія будуць падаўжаць вашу гульню ўсё больш і больш.

Трэба дадаць, што "Імаджынарыўм" гэта расійскі плагіят знакамітай французскай гульні "Дзіксіт". На прасторах інтэрнэта можна сустрэць пастаянную вайну у каментарах, якая гульня лепш. Хаця выдаўцы расійскай версіі зрабілі ўсё магчымае каб палепшыць сваю версію. Так у "Імаджынарыўма" больш картак 98 сурпаць 82 з "Дзіксіта", большае гульнявое поле 39 супраць 30, гульцоў больш – 7 супраць 6. Розніца і ў выглядзе малюнкаў. У "Дзіксіце" яны больш лагодныя, дзіцячыя, а мастакі "Імаджынарыўм" некаторымі карткамі зрабілі стаўку на кнігі Кінга і фільмы Хічкока, але ж ніхто не перашкаджае іх прыбраць з гульні непатрэбныя карты. Ці набыць за аснову "Імаджынарыўм саюзмультфільм" дзе карткі больш дзіцячыя. Але на мой погляд сярэднестатыстычная сям'я будзе галасаваць рублём бо "Імаджынарыўм" каштуе 54 рублі, а французская гульня 72 і дадаткі адпаведна 24 і 46 рублі. Для сябе ж зрабіла выснову, што гэту гульню мы набудзем сабе ў стандартным афармленні, а сгладжваць карткі будзем больш лагоднымі дадаткамі. Так пазітыўнымі лічацца "Адысея", "Перфесона", "Адрыядна" і "Пандора", а калі захочацце ў дарослай кампаніі паказытаць нервы то набывайце "Хімера". Адзінае шкада, што выдаўцы не зрабілі дзіцячыя версіі "Саюзмультфільм" і "Дзяцінства" ў малым дадатку, бо надываючы іх, вы набываеце і поле і фішкі зноўку.
Колькасць гульцоў – 7 чалавек. Узрост – 12+ і 16+. Гульня падыходзіць для дарослай кампаніі.

ВЫСНОВА: Вельмі яркія, якасныя і захапляльныя гульні каштуюць адпаведныя грошы (50–80 руб.). Іх, часта шкада выдаткоўваць на настолкі, але пагуляўшы хаця бы адну з такіх гульняў разумееш чаму такая грашовая розніца паміж імі. У сярэднекоштавай катэгорыі (26–40 руб) знаходзіцца вялікая колькасць не менш цікавых і якасна зробленых настолак. Для нашай сям'і гэта відаць асноўная катэгорыя з набытых гульняў. Калі вам шкада выдаткаваць сямейныя грошы на дарагія настолкі, то можна пачынаць знаёмства з гульнямі ад 7 і да 20 рублёў. У асноўным, гэта будуць гульні накшталт "Цудных вежаў", "Уно", "Мафіі" і складацца яны будуць з простых картак. Ёсць яшчэ адна катэгорыя настолак, якую яшчэ я не ахарактарызавала – гэта гульні з найвышэйшай коштавай катэгорыі – за 100 рублёў і болей. Мы дома такой ніводнай не маем і нават не гуляліся ў іх. Сюды патрапляюць гульні з эканамічнай тэмыкай, дзе патрабуецца набываць, абменьваць, здабываць рэсурсы. У асноўным гэта гульні, якія разлічаны на ўжо дарослую кампанію ад узроста 14+. Мае ж дзеці яшчэ не дараслі да такога ўзросту, відаць таму гэтыя гульні пакуль і не разглядаліся намі для набыткаў. Пакуль гуляем у тыя, што прыводзіліся вышэй. У нейкія настолкі гуляюцца дзеці часцей, некаторыя пакрыху адыходзяць з катэгорыі "любімыя-цікавыя" ў катэгорыю "няхай будзе як памяць", а некаторыя з іх хутка пачнуць адносіцца да катэгорыі "для продажы на Куфары".

Кожны выбірае сам, у якія гульні павінны гуляцца яго дзеці.
Tags: Пахвалялася ліса
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 31 comments