AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ГЛЫБОКАЕ (Віцебская вобласць). Частка 1.

У пісьмовых крыніцах Глыбокае ўпершыню ўзгадваюць у 1414 годзе. Хаця, яшчэ не так даўно датай першых напамінаў лічыўся 1514 год, калі пра паселішча ў Метрыцы ВКЛ напісалі як пра двор Зяновічаў.

Праз Глыбокае бяжыць рака Бярозаўка, якая падзяляе горад на дзве часткі і з'яўляецца прыгожым і ўтульным месцам адпачынку сучасных гараджан, а калісьці гэта рака была сапраўднай мяжой, якая падзяляла мястэчка на дзве часткі. Першая (паўднёва-заходняя) частка належыла прадстаўнікам роду Зяновічаў. Пазней у выніку шлюба гэтая частка перайшла да Радзівілаў, а пасля да Вітгенштэйнаў. Другая (паўночна-ўсходняя частка) амаль увесь час належыла прадстаўнікам роду Корсакаў. Горад дзялілі паміж сабой не толькі ўладары, але і ваяводствы – радзівілаўскія землі былі ў складзе Віленскага ваяводства, а корсакаўскія адносіліся да Полацкага.


У XVI ст Глыбокае становіцца мястэчкам, тады ж тут быў заснаваны кальвінскі збор, пры якім была адчынена бібліятэка і школа, а на двух цэнтральных гандлёвых плошчах праводзіліся кірмашы (уладароў жа было два, значыцца і цэнтраў два). XVI–XVIІ стагоддзі адзначаюцца для мястэчка не толькі добрымі зменамі, але і пастаяннымі войнамі паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Маскоўскае войска кватэравалася ў горадзе тры гады і пачас свайго знаходжання ў мястэчку нават збудавала тут невялікую драўляную крэпасць для свайго гарнізона. 6 лістапада 1661 года войска ВКЛ разбіла маскавітых, захапіла 6 гармат, вялікі запас пораху і пакінула ляжаць на полі бітвы 6 тысяч рускіх салдат.

Акрамя войнаў, гандляроў, рэлігій, якія змянялі выгляд Глыбокага, карэктыроўку ў плавананне горада таксама ўносілі пажары. Большасць дамоў у мястэчку былі драўляныя і любое адкрытае полымя, ды яшчэ ў сухое надвор'е могло стаць штуршком да вялікай бяды. Найбольш спусташальныя з пажараў адбыліся ў 1661 і 1700 гады. Пасля кожнага з іх, горад аднаўляўся наноў, а на месца драўляным будынкам паступова прыходзілі каменныя.

У 1791 годзе адбываецца Другі падзел Рэчы Паспалітай, падчас якога Глыбокае было далучана на Расійскай імперыі. Гэта падзея прынесла змены ва ўсе сферы жыцця, а таксама прывяла да тэрытарыяльных перадзелаў. Падчас перагляду адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, два розныя кавалкі Глыбокага – радзівілаўскія і корсакаўскія землі – нарэшце ўваходзяць у склад аднаго Дзісненскага павету.

Дзіўна, але паўстанні Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага неяк абмінулі мястэчка гістарычнымі ўзгадкамі. Затое ў руска-французскую вайну 1812 года у Глыбокім на 6 дзён спыняўся імператар Напалеон, што пакінула ў народзе шматлікія паданні, чуткі і расповяды. Паўстанне 1830–31 гадоў, таксама не абмінула мястэчка, у красавіку–траўні 1831 года тут адбываліся баі паўстанцаў з рускімі вайскамі.

1842 год у гісторыі Глыбокага звязан з грунтоўнымі пераменамі – паўночна-ўсходняя частка мястэчка, якая раней належыла Корсакам, пераходзіць да дзяржавы, а паўднёва-заходняя частка (радзівілаўская) застаецца прыватнай уласнасцю.

У 1886 годзе ў Глыбокім дзейнічалі народнае вучылішча, бровар, вінакурня, цагельны завод, прыватныя крамы, кожную нядзелю разгортваўся рынак і 2 разы на год адбываліся кірмашы. З рэгілійных устаноў у Глыбокім дзейнічала царква, касцёл, 6 малітвенных габрэйскіх дамоў і адна сінагога. Паводле перапісу 1897 года, у мястэчку 5 564 жыхары, з якіх каля 3 000 – габрэі.

У Першуюсусветную вайну да Глыбокага была пракладзена чыгунка.У лістападзе 1917 года былі арганізаваны першыя Саветы. У сакавіку 1918 года Глыбокае знаходзіцца ў складзе БНР. У руска-польскую вайну каля мястэчка адбыліся баі, у якіх загінула каля 1 500 чалавек. З 1921 па 1939 гады (пасля Рыжскага міру і падзелу Беларусі) Глыбокае знаходзіцца ў складзе Польшчы, а з 1940 года пасля ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі з'яўляецца цэнтрам раёна. У гады Другой сусветнай вайны тут дзейнічала гетта, дзе загінула каля 3000 габрэяў, і канцлагер Беразвечча, дзе ўтрымліваліся савецкія і італьянскія ваеннапалонныя. Вызвалены горад быў 3 ліпеня 1944 года.

Гістарычныя звесткі далі нам магчымасць зразумець віхуры і ростанні мястэчка. А зараз, давайце прайдзём па цікавых мясцінах для турыста.

У Глыбокім ёсць прыгожыя гістарычныя рэгілійныя будынкі, якія засталіся нам яшчэ з часоў, калі ўладаром паўночна-ўсходняй часткі мястэчка быў Язэп Корсак (1570–1643), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мсціслаўскі стараста і ваявода, удзельнік войнаў з Маскоўскай дзяржавай. Дзяцей ён не меў, таму мусіць напрыканцы жыцця задумаўся пра духоўны спачын і пачаў фундаваць з'яўленне ў мястэчку двух кляштараў і трох касцёлаў. Па тэстаменту ў 1643 годзе пакідае ўсім апекаваным кляштарам і касцёлу землі і сваю маёмасць.

У 1639 годзе, Язэп Корсак на сваіх землях пачынае будаўніцтва кляштара кармелітаў босых і касцёла Сэрца Іесуса. Пасля смерці знакаміты фундатар менавіта ў скрыпце гэтага касцёла знайшоў свой апошні спачын. Кляштар з-за пастаянных войнаў Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай быў дабудаваны толькі ў 1664 годзе, праз тры гады пасля вызвалення ад маскоўскіх захопнікаў. Але ўжо ў 1735 годзе з-за пашкоджанняў падчас пажару яго фасады патрабавалі перабудоў. Архітэктарам рэканструкцыі выступіў Іаган Глаўбіц, які надаў касцёлу рысы поздняга барока, і стаў стваральнікам новага стыля на прасторах былога ВКЛ – "віленскае барока". https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D1%96%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B5_%D0%B1%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BA%D0%B0. Чаму віленскае? Таму, што першы касцёл Глаўбіц перабудаваў у сталіцы ВКЛ Вільні, затым быў перабудаваны фасад касцёла ў Глыбокім.


У кляштары пасля будаўніцтва размеціліся: свецкая школа, шпіталь, аптэка, лабараторыя, бібліятэка на 2500 кніг, гаспадарчыя памяшканні, а таксама 40 музыкаў. Пасля паўстання Каліноўскага 1863 года, на тэрыторыі былой ВКЛ, царская ўлада пачала закрыццё касцёлаў з-за іх прыязнага стаўлення да паўстанцаў. Не пазбегнуў гэтага і касцёл Сэрца Іесуса. У 1865 годзе яго перадалі праваслаўнай царкве, якая адразу пачала перабудову ў храме. Так, над касцёлам і яго цэнтральным нефам узнялі цыбулепадобны купал, а ў 1878 годзе пераасвяцілі ў праваслаўную Свята-Раства-Багародзіцкую царкву.


Напрыканцы ХІХ ст новыя ўладары каталіцкай спадчыны разабраліся і з непатрэбным ім кляштарам – адну частку разабралі, а другую аддалі пад паліцэйкую ўправу. Пасля Рыжскага міру і падзелу Беларусі на савецкую і польскую, Глыбокае апынулася на тэрыторыі Польшчы. У гэтыя часы касцёл кармелітаў быў вернуты каталікам і рэканструяваны. А ў 1944 годзе пры адыходзе нямецкіх войск у будынку адбыўся пажар, падчас якога згарэла вежа і цыбулевы купал. З 1990-х у былым касцёле размяшчаецца праваслаўны сабор.


Акрамя афарбоўкі вонкавых сцен "новыя-старыя" ўладары ў 2000-я гады зафарбавалі таксама старажытныя роспісы храма, якія адносіліся яшчэ да часоў кармелітаў, а таксама павесілі на ўваходных дзвярах праклён усім тым, хто будзе фатаграфаваць унутры будынка.


На супрацьлеглым баку плошчы, недалёка ад сучаснай праваслаўнай царквы знаходзіцца Траецкі касцёл.


Каталіцкая парафія была заснавана ў Глыбокім яшчэ ў XVII ст. Фундатарам з'яўляўся ўладар Глыбокага – Язэп Корсак, ён у 1642 годзе адчыніў у мястэчку драўляны касцёл. Праз 100 год, будынак патрабаваў перабудовы і ў 1764 годзе пачалося ўзвядзенне новага, мураванага касцёла. Яго асаблівасцю сталі вежы, якія былі роўнымі, аднаяруснымі і з купаламі. Такі выгляд Траецкага касцёла застаўся толькі на фатаздымках.


Пасля 1878 года, калі былы кармеліцкі касцёл Сэрца Іесуса быў пераасвечаны ў праваслаўную царкву ўзнікла патрэба ў пашырэнні касцёльнай тэрыторыі. Стары будынак не ўмяшчаў такую колькасць прыхаджан мястэчка і касцёл перабудавалі (фасад не кранулі). Падчас перапланіроўкі таксама было прынята рашэнне надбудаваць два ярусы на вежах. Гэта надавала касцёлу больш узнёслы выгляд і падымала па вышыні яго над праваслаўнай царквой.


Яшчэ ў 1970-я гадах горад мог пахваліцца яшчэ адным прыгожым будынкам – касцёлам св.Пятра і Паўла.


Знаходзіўся ён на беразе возера Падлужнага ў вёсцы Беразвечча (зараз у межах горада). Былы ўладар Глыбокага Леў Корсак, бацька Язэпа, пабудаваў там ўніяцкую царкву і быў пахаваны каля яе сцен. У 1634 годзе, усё той жа няспынны фундатар Глыбокага Язэп Корсак, перадае ўніятам землі ў Беразвеччы і ў апошнія гады свайго жыцця пачынае фундаваць з'яўленне там кляштара базыльянаў. У 1643 годзе, адразу пасля смерці фундатара, кляштар базыльянаў быў заснаваны. Мураваны будынак храма быў пабудаваны каля яго ў 1763 годзе ў папулярным на той час стылі "віленскага барока" і меў шмат роднасных элементаў з полацкай Сафіяй. Ордэн ганарыўся невялікай школай па вывучэнню прыродазнаўчых навук, а таксама навучаў выхаванцаў замежным мовам. Пасля скасавання Брэсцкай уніі ў 1839 гозе і аб'яднання ўніяцтва з праваслаўем кляштар застаўся без гаспадароў. Пакуль у 1842 годзе яго спачатку не аддалі праваслаўнаму мужчынскаму манастыру, а затым – жаночаму. У 1919 годзе кляштар перадалі каталікам, якія асвяцілі касцёл у гонар св.Пятра і Паўла, а былыя будынкі кляштара аддалі гарнізону польскіх памежнікаў, бо ўсяго толькі ў 25 км ад Глыбокага праходзіла польска-савецкая мяжа. Напрацягу 1930-х гадоў у будынку была праведзена рэстаўрацыя, пасля якой была зраблена поўная фотафіксацыя Петрапаўлаўскага касцёла. Сёння можна знайсці фатаздымкі глыбоцкага касцёла сярод прац знакамітых фатографаў таго часу – Яна Булгака, Фердынанда Рушчыца, Юліўша Клоса і інш.






Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР на тэрыторыі кляштара размяшчаўся спачатку сталінскі канцлагер, а затым нямецкі канцэнтрацыйны лагер. Падчас Другой сусветнай вайны ў лагеры смерці ўтрымлівалася звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных. Пасля вайны былы кляштар савецкую і нямецкую спецыялізацыю не змяніў – у намоленых сценах размясцілася турма. У 1970-я, гады змагання з рэлігіяй, касцёл быў цалкам зруйнаваны, а тэрыторыя і былыя будынкі базыльянаў засталіся ў карыстанні папраўчай калоніі строгага рэжыму, якая дзейнічае тут і зараз, і лічыцца адной з самых строгіх у сучаснай Беларусі. А хараство былой прыгажосьці храма сёння можна пабачыць толькі на старых фатаздымках.


фота з www.globus.tut.by


фота з www.globus.tut.by

А ўявіць, як бы выглядаў касцёл св.Пятра і Паўла ў Глыбокім у нашыя дні, можна праз 3Dрэканструкцыі.


Недалёка ад дарогі на кляштар базыліянаў, побач з Вялікім возерам, у Глыбокім знаходзяцца старыя габрэйскія могілкі.

фота з www.radzima.org


фота з www.radzima.org

Калісьці, габрэйскае насельніцтва складала 63 % насельніцтва мястэчка, і вядома рабіла вялікі ўплыў на выгляд Глыбокага і надавала яму вялікую нацыянальную разнастайнасць. Перад вайной у горадзе мелася свая сінагога (1762 года) і школа для габрэйскіх дзяцей, габрэі мелі свае крамы і майстэрні. У часы Другой сусветнай вайны ў Глыбокім было створана гетта, ў якім ўтрымлівалася да 8 тыс. Габрэяў, сагнаных сюды з усяго наваколля. 20 жніўня 1943 года карныя атрады растралялі і спалілі 5 000 габрэяў. Тыя, хто выжыў, пасля вайны з'ехалі з Беларусі. На сённяшні дзень у Глыбокім габрэяў няма зусім. Цэлы пласт людзей, якія стваралі рэлігійную разнайстайнасць Беларусі, быў сцерты.

сінагога, 1916 год. фота з www.radzima.org

Да апошняга часу могілкі знаходзіліся ў занядбаным стане і зарасталі пустазеллем. Толькі ў 2015 годзе габрэйскімі дабраахвотнікамі і гісторыкамі былі зладжаны працы па ўпарадкаванню тэрыторыі. Падчас працы былі падняты з зямлі сотні старых камянёў, сярод якіх былі выяўлены надмагільныя пліты, якія датуюцца XVIІІ стагоддзем. З расколатых частак надмагільных пліт валанцёрамі была выкладзена зорка Давіда, якую можна заўважыць толькі з вышыні.

фота з www.radzima.org

Вандруем па мястэчку далей? ГЛЫБОКАЕ (Віцебская вобласць). Частка 2. http://azarkinm.livejournal.com/175789.html
Tags: Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Вітгенштэйн, Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, Зяновіч, Корсак, Радзівіл
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 5 comments