?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Сучасная вёска Сітцы з'явілася на мапе ў 1971 годзе, а да гэтага моманту амаль 450 год існавалі сяло Вялікія Сітцы, фальварак Вялікія Сітцы, а на поўдні знаходзіліся яшчэ і Малыя Сітцы.


Фальварак Сітцы, які ўпершыню ўзгадваецца ў 1530 годзе, належыў Бжастоўскім, а ў канцы XVIII ст апынуўся ў Дамейкаў, якія валодалі ім да 1939 года. Першым уладаром сядзібы з Дамейкаў быў Тадэвуш (1762–1838), мечнік мсціслаўскі, падсудак Віленскага ўезда, падкаморый, родны дзядзька знакамітага навукоўца і чылійскага даследчыка Ігната Дамейкі. Тадэвуш быў жанаты на Схаласціцы Струсь (1768–1827) (па першаму шлюбу Адахоўская) і меў трох дзяцей – Аляксандр Стэфан (1804-1878), Казімір Францішак (1805-1875) і Вінцэнт Люцыян (1808-1831). Жыццё першага ўладара не назавеш лёгкім. Яго бацькі Казімір Дамейка (1725- пасля 1775) і Багуміла Свентаржэцкая (1745-1775) памерлі рана і пакінулі 9 малых дзяцей на выхаванне сваякам. Свентаржэцкія і Быкоўскія іх вырасцілі і далі адукацыю, а пасады, землі з фальваркамі і ўсю маёмасць Дамейкі здабывалі дзякуючы сваім здольнасцям. Яны рана засталіся сіротамі, таму моцна падтрымлівалі і не забываліся па жыцці на адзін аднога. А калі ў сям'і здарылася бяда, памёр брат Антон Іпаліт, то дапамагалі выхоўваць малых дзяцей усе сваякі. Асноўны клопат аб дапамозе лёг на старэйшых Тадэвуша і Ігната Дамейка. Каб зразумець сямейныя адносіны і тое, наколькі вялікі быў род Дамейка, трэба распавесці крыху больш пра іх.

----------------------------------------------------------------------------
У Казаіміра Дамейка і Багумілы з Свентаржэцкіх было 9 дзяцей:

Тадэвуш (1762–1838), мечнік мсціслаўскі, падсудак Віленскага ўезда, падкаморый, уладар маёнтку ў Сітцах. У шлюбе з Схаласцікай Струсь меў трох дзяцей.

Антоній Іпаліт (1764–1809), навагрудскі натарыус, прэзідэнт наваградскага земскага суда, з жонкай Каралінай Анцута валодаў маёнткам Мядзведка ў Наваградскім уездзе, рана памёр. Меў 5 дзяцей: Адам (1799–1856), Ігнат Дамейка (1802–1889), вядомы навуковец, чылійскі даследчык, Казімір (1803–1875), Антаніна ( пасля шлюбу Язерская - 1805–1881) і Марыя (пасля шлюбу Вяржбоўская - 1806–1854, ці 1834).

Матэўш (1765–1834) віленскій падкаморый, з жонкай Марыянай Славінскай уладарыў маёнткам у Гервятах Ашмянскага уезда. Сям'я была бяздзетнай, таму маёмасць была пакінута ў спадчыну другому сыну Тадэвуша Дамейка – Казіміру Францішку Дамейка.

Ігнат (1767–1844), адвакат трыбунала ВКЛ, рэгент асэсорскага суда, сакратар Іахіма Храптовіча, кіраўнік Слонімскай шляхты, уладар маёнткаў Заполле на Лідчыне і Жыбуртоўшчына (4 км ад Дзятлава). Дапамагаў пляменніку Ігнату Дамейка, а пасля прысудаў па справе філаматаў перадаў яму ў карыстанне маёнтак Заполле, дзе Ігнат жыў перад эміграцыяй 6 год.

Леон Казімір (1768–1845), уладар маёнтка Дзеркаўшчына (Глыбоцкі раён). Спадчаннікам зрабіў пляменніка Аляксандра Дамейка.

Марыянна (1769–?).

Іосіф (1771–1843), уладар фальварка Азераны Наваградскага уезда і маёнтка Сікурчы Лідскага уезда. Меў дачку Марыю (1805-?).

Дыанісій (1772-?), падкаморый Віленскага уезда.

Іаана (..) пабралася шлюбам з Андрэем Алендскім.
----------------------------------------------------------------------------

Пасля набыцця сітцаўскага маёнтка новыя ўладары пачынуюць займацца ўпарадкоўваннем сядзібнага дома і парка.


Сядзіба, якая была пабудавана яшчэ пры Бжастоўскіх, была аднапавярховая, з чатырма каменнымі калонамі, якія трымалі порцік над уваходам. У тыя часы ў пакоях можна было пабачыць сямейныя карціны, архіў Тадэвуша Дамейкі. Таксама ў адным з пакояў размясцілася добрая бібліятэка. У 1830 годзе ў доме здарыўся пажар, які знішчыў цалкам сцены і палову сямейнага архіва. Ад былога ўтульнага дома засталіся толькі руіны скляпенняў і каменныя калонны.

Прамакутны, аднапавярхы, цалкам драўляны сядзібны дом на 12 пакояў будаваўся пад пільным кантролем Аляксандра Дамейкі і размясціўся недалёка ад старой сядзібы. Напачатку ХХ стагоддзя тут можна было пабачыць малую частку старой мэблі, якую гаспадары здолелі выратаваць ад пажара, карціны прадстаўнікоў роду Дамейка і іх сваякоў, нязначныя памятныя сямейныя рэчы. Але, на жаль, і гэтай сядзібе Дамейка не пашансціла – яна была моцна разрабавана падчас Першай сусветнай, а падчас Другой сусветнай вайны спалена партызанамі.


Вакол сядзібы на васьмі гектарах уладары разбілі парк, дзе былі пракладзены прагулачныя маршруты з алеямі і альтанкамі. Першапачаткова парк пры Бжастоўскіх меў рэгулярны стыль з роўнымі алеямі, сіметрычнымі пасадкамі і строга размежаванымі клумбамі.


Прыклады парка рэгулярнага стылю.

Але на пачатак ХІХ ст., калі сядзібай заняліся Дамейкі, рэгулярны стыль састарэў, і на змену яму ў Еўропе прыйшоў стыль пейзажны. Прамыя алеі парка замянілі на алеі хвалістыя, якія блукалі паміж дрэвамі і разыходзіліся ў новыя закуткі саду. У пейзажным садзе кожны паварот алеі прыводзіў да новых адкрыццяў. Масты, альтанкі, скульптуры надзейна хаваліся за паваротамі алей і рабілі сад утульным і цікавым для адпачынку.



Прыклады парка пейзажнага стылю.

Недалёка ад цэнтральнай уязной брамы размяшчалася хатка агародніка, да якой прымыкала вяндлярня, а таксама сцяна з нішамі, якая хавала ад вятроў вінаграднікі. Дарэчы, сцвярджаюць, што і сёння можна пачаставацца гронкамі дамейкаўскага вінаграда, яго трэба толькі знайсці ў моцна паросшым парку. На адной восі з сядзібай размяшчалася аранжэрэя, дзе акрамя экзатычных раслінаў вырошчваліся вялізарныя слімакі, якія вывозіліся на гандаль у Еўропу.




Уся сядзібна-паркавая тэрыторыя была абнесена каменным плотам, які ў розных кутах перарываўся маленькімі брамкамі.


На фоне звычайных садовых будынкаў моцна вылучалася цэнтральная ўязная брама, якая была пабудавана на пачатку ХVIII ст у стылі барока і складалася з трох ярусаў.


Каменная вінтавая лесвіца ўнутры вежы падымалася на другі паверх, дзе знаходзіўся звон, у які званіў вартаўнік, як толькі гаспадар вяртаўся ў маёнтак. На самым апошнім ярусе брамы размяшчаўся драўляны механізм гадзінніка з зязюляй. Кожны, хто прыходзіў ці прыяджаў да Дамейкаў, абавязкова звяртаў увагу на надпіс на сцяне брамы – "Калі гадзіннік заб'е, кажы "Вітаю, Марыя." Ухваляй Айца, Сына і Духа святога". Брама захавалася, і сёння гэта – адзіны турыстычны аб'ект, дзеля якога сюды едуць большасць турыстаў. На яе ўсё такжа можна падняцца на другі паверх, але былой велічы і прыгажосці ўзнёслага барока ўжо няма.




Калі будзеце гуляць па парку, то магутны дуб-волат сваімі лісцямі нашэпча пра тое, што ў яго цяні адпачывалі выбітныя дзеячы нашай Бацькаўшчыны – Ігнат Дамейка і Тадэвуш Касцюшка. А мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што той, хто дакранецца да магутнага дуба і прашэпча яму сваё жаданне, атрымае ад яго ўсё, што той пажадае. Таксама дае дрэва надзею хворым, бо яго векавыя карэнні адцягваюць хваробу ад людзей, якія адчуюць душой магутнага волата.


Ліпы, таполі, дубы парка нашэпчуць вам свае паданні. Адно з якіх распавядзе пра лёхі, якія былі зроблены пад старым домам, каб можна было ўратавацца падчас небяспецы, а таксама пра безлічную колькасць серы, якая там захоўвалася на выпадак аблогі. Альбо пра панскую няньку-падлетка, якая даглядала за дзіцём і седзячы на падваконні пасля начной працы заснула і выпусціла дзіцё з рук. Гаспадары настолькі раззлаваліся на яе, што загадалі закапаць жывой у парку, а зверху пакласьці вялікі камень. Пашукайце, можа яго вы знойдзеце ў Сітцах пад адной з вялікіх ліп.


Пасля смерці Тадэвуша Дамейкі маёнтак Сітцы ў 1838 годзе пераходзіць да старэйшага сына Аляксандра Стэфана Дамейкі (1804-1878), маршалка шляхты Віленскага павета, які быў жанаты на Сафіі Брахоцкай (1814–1899). На жаль, Аляксандр і Сафія не мелі дзяцей, таму ўсю сваю маёмасць і маёнтак Сітцы пакінулі ў спадчыну пляменніку, сыну Казіміра Францішка – Вацлаву Дамейка (1854-1935).

Пахаваны Аляксандр быў у некалькіх кіламетрах ад маёнтка Сітцы, у вёсцы Рапеха (Докшыцкі раён) побач з бацькам Тадэвушам. Пазней, побач з ім знайшла апошні спачын і яго жонка Сафія.

Тут пахаваны (справа на лева): першы уладар Сітцаў з роду Дамейкі – Тадэвуш (1762-1838), яго сын Аляксандр Казімір Дамейка (1804-1878) і жонка Аляксандра Сафія Дамейка з Брахоцкіх (1814-1899). Фота з www.globus.tut.by

Пра новага ўладара Сітцаў, Вацлава Дамейку, можна сказаць, што ён быў адзіным сынам у Казіміра Францішка Дамейкі (1805-1875) і Анэлі Нарушэвіч (1832-1916), а таксама хрэснікам знакамітага паэта і сябра сям'і Антона Адынца. Акрамя Сітцаў яму належыў таксама маёнтак Гервяты, які застаўся ў спадчыну ад бацькоў. На новага сітцаўскага ўладара прыпалі часы, якія былі цяжкімі як для краіны, так і для яго ўладанняў. Першая сусветная вайна і рабаванне сядзібы, рэвалюцыя і хваляванне за жыццё сваіх блізкіх, аднаўленне гаспадаркі і маёнткаў пасля Рыжскага міру і падзелу Беларусі. У Гервятах падчас уладарства маёнткам Вацлавам было скончана будаўніцтва прыгожага касцёла. У Сітцах у гэтыя часы дзейнічаў цагельны завод, які вырабляў кафлю, часткі якой можна сёння знайсці на сітцаўскіх хатах. Таксама была збудавана праваслаўная царква.

Георгіеўская царква, пабудаваная ў 1913 годзе ў рэтраспектыўным-рускім стылі. Але першы драўляны праваслаўны храм быў яшчэ ў 1530 годзе. У архівах можна знасці выгляд сітцаўскай царквы пачатку ХХ ст.

фота з www.radzima.org


фота з www.radzima.org

Сёння пры царкве працуе нядзельная школа для дзяцей і дарослых, дзейнічае бібліятэка, дзе захоўваецца 280 старажытных кніг і знаходзіцца абраз Вострабрамскай Божай Маці, які падаравалі храму прадстаўнікі роду Дамейка пасля яе будаўніцтва.

фота з з сайта www.belchas.by

Памёр Вацлаў Дамейка ў 1935 годзе на 81 годзе жыцця і быў пахаваны побач са сваімі бацькамі ля сцен гервяцкага касцёла. Па тэстаменту Гервяты адыйшлі да ўдавы Вацлава Марыі Дамейка са Звалінскіх (...-1944), а Сітцы – да адзінай яго сястры Леоніі і яе мужа Станіслава Паплаўскага з маёнтка Сурвішілкі (Іўеўскі раён).


З прыходам савецкай улады ў верасні 1939 года маёнтак быў канфіскаваны, у 1940 на яго аснове быў створаны саўгас "Сітцы", падчас Другой сусветнай вайны недалёка ад маёнтка дзейнічала самалётнае пасадачнае поле, у 1944 годзе жыццё сядзібы Дамейкаў скончылася – яна была спалена партызанамі.

У савецкі перыяд паркам ніхто не займаўся, ён паступова набываў той выгляд, які сёння навачавідку могуць пабачаць турысты. Хаця парк і моцна запушчаны і парослы самасевам, даследчык беларускіх сядзіба-паркавых комплексаў Федарук сцвярджае, што парк захаваўся і яго магчыма аднавіць. На жаль, менавіта такі занядбаны парк пабачылі ў 1999 годзе прадстаўнікі роду Дамейка, якія наведалі Сітцы... іх ураджанні ад пабачанага цяжка перадаць славамі.


У 2016 годзе, калі з'явілася жаданне ведаць не толькі сялянскую, але і на панскую гісторыю, у мясцовай бібліятэцы адчыніўся гістарычны куток, куды былі сабраны рэчы, якія так ці інакш адносіліся да перыяду існавання сіткаўскай сядзібы. Экспазіцыя гістарычнага закутка не багатая, хаця і называецца мясцовымі жыхарамі "музеем". Ва ўсёй гэтай здаецца добрай падзеі ёсць і абавязковая лыжка дзёгцю – Докшыцкі раён атрымаў 18 000 у.е. на "Адраджэнне сядзібна-паркавых збудаванняў" ад ЕС і пусціў грошы на будаўніцтва паркоўкі, рамонт дарогі, набыццё ўзмацняльнай апаратуры і будаўніцтва драўлянай сцэны ў парку. А можна ж было хоць нейкім чынам прывесці ў належны стан парк, вырубіць хмызняк і падлатаць браму.


Вандруйце па Беларусі! І адкрывайце для сябе яе помнікі!



P.S. Цікава, што некаторыя гісторыкі спасылаючыся на дакументы сцвярджаюць, што сапраўдным месцам нараджэння знакамітага вучонага Ігната Дамейка быў не маёнтак Мядзведка на Наваградчыне, а менавіта маёнтак Сітцы.
Падчас пошуку інфармацыі, акрамя літаратурных выданняў выкарыстоўвалася інфармацыя з сайтаў www.westki.info, www.svaboda.org, lida.info

Comments

( 4 comments — Leave a comment )
pan_dohva
Apr. 6th, 2017 06:06 am (UTC)
Сумны помнік, а фоткі прыгожыя.
azarkinm
Apr. 6th, 2017 06:24 am (UTC)
Мне фоткі не падабаюцца, бо былі там калі пачыналася морась на вуліцы. Таму неяк хутка ўсё праглядалі. А гісторыя маёнтка багатая.
pan_dohva
Apr. 6th, 2017 06:30 am (UTC)
Усё так.
livejournal
Apr. 6th, 2017 07:55 am (UTC)
Дзень добры! Ваш запіс трапіў у топ-25 папулярных запісаў LiveJournal Беларусі! Больш падрабязна пра рэйтынг чытайце ў Даведцы.
( 4 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com