?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Мястэчка Слабодка, Браслаўскага раёна, вядома ў гісторыі з 1618 года як паселішча Друйскага двара. За часы свайго існавання яно называлася па рознаму – і Слабада, і Быхаўка, і Юзафова. Нават значны час яно называлася Слабодка Заверская, бо належыла князям Святаполк-Мірскім, маёнтак якіх знаходзіўся ў Завер'е, некалькіх кіламетрах ад Слабодкі (пра згублены маёнтак чытаем тут https://azarkinm.livejournal.com/167476.html).




У 1806 годзе, Станіслаў і Станіслава Мірскія пачалі будаўніцтва ў маёнтку сямейнай капліцы, а ў Слабодцы касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Гэты касцёл дзейнічаў у мястэчку 100 год, пакуль не стаў малы для прыхажан. На яго месцы ў 1901 годзе збудавалі новы храм.



Фундатарамі на гэты раз выступілі прыхажане навакольных вёсак і тагачысны ўладар завер'еўскай сядзібы Іахім Хан. Будынак быў пабудаваны ў спалучэнні неараманскага і неагатычнага стыляў. Адным з прыцягальных элементаў касцёла з'яўляліся жалезныя акоўкі ўваходных дзвярэй. Карункава пераплеценая раслінная тэматыка завес пакідае на наведвальнікаў вельмі моцнае ўраджанне. Будзеце ў Слабодцы, то звярніце ўвагу, што ўсе дзверы касцёла не паўтараюцца сваімі вузорамі. Глядзіш, і дзівішся, як раней людзі без сучасных тэхналогій маглі рабіць вось такую прыгажосць. А майстрам гэтага цуду, дарэчы, з'яўляецца мясцовы каваль з вёскі Вусце А.Петкун. Сёння слабодскія аковы лічацца помнікам манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кавальскага майстэрства Беларусі.











Жалезныя карункі заўсёды аднатонныя, але аднойчы быў у іх жыцці і каляровы перыяд.

фота pashunja

Было гэта на пачатку 2000-х, але падчас нашай вандроўкі ў 2017 годзе яны зноўку набылі гістарычны выгляд.

Будаўнічыя працы над храмам сончыліся ў 1903 годзе калі ўрачыста былі перанесены ў новы будынак дзве памятныя дошкі ў гонар князёў Мірскіх, якія да гэтуль месціліся ў старым касцёле.

Дзейнасць слабодскага храма не спынялася ні ў мітусьлівыя 1930-я, ні ў ваенныя гады. Толькі ў перыяд з 1949 па 1953 гады савецкая ўлада зачыніла касцёл і зрабіла тут зернясховішча. Але мясцовыя каталікі здолелі адстаяць святыну і з 1953 года службы ў касцёле аднавіліся.









Новае жыццё ў 1970-я гады ўдыхнуў у касцёл мастак Генадзь Саламонаў з Віцебску. Які прыгожымі ды аріганальнымі малюнкамі распісаў сцены і зводы храма. Спецыялісты кажуць, што пасля гэтага касцёл стаў нагадваць нечым партугальскія і гішпанскія каталіцкія храмы. Яшчэ адна станоўчая змена адбылася ў касцёле ў 1999 годзе – быў адрамантаваны пашкоджаны ў часы Другой сусветнай вайны стары арган. Сёння ўсе службы адбываюцца ў касцёле пад велічныя басы жывога інструмента.


фота holiday.by

У нашы часы перад храмам у скверы быў пастаўлены помнік беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай.



Жыццё жыхароў Слободкі вядома не круціцца вакол касцёла.

Так як Слабодка была мястэчкам, то і габрэйскаму насельніцтву было дазволена тут сяліцца. У канцы ХVIII ст у мястэчку было 6 габрэйскіх дамоў, пасля іх колькасць толькі павялічылася.

Слабодка расла і развівалася – у сярэдзіне ХІХ ст гэта цэнтр воласці дзе жыло 303 жыхара, месцілася валасное ўпраўленне, пазыковая каса, а з 1865 года дзейнічала народная школа. У пачатку ХХ ст тут жыве ўжо 643 жыхара. Новае стагоддзе прыносіць не толькі рэвалюцыю і войны, але і адкрывае для жыхароў новыя магчымасці. У 1920-я гады, калі Слабодка была ў складзе Польшчы, праз мястэчка была пракладзена вузкакалейка, якая перавазіла не толькі грузы, але і пасажыраў. Са з'яўленнем чыгункі пачаўся рост мястэчка. З'явіліся школа, пошта, аптэка, карчма і некалькі крамаў. У савецкі перыяд на берагах прыгожых азёр Поцех, Недрава была пабудавана база адпачынку, лабараторыя азеразнаўства БДУ.

Сёння тут дзейнічае экалагічная сцежка "Слабодская озавая града".





Града сфармавалася адначасова па ўсёй мясцовасці Браслаўскіх азёр больш за 16 тыс. год таму падчас таяння апошняга на тэрыторыі Беларусі Паазерскага ледніка. Града цягнецца 4,6 км па вельмі халмістай мясцовасці. Падчас шпацыру па ёй вы можаце пабачыць тут і расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу, і незвычайны для нашых мясцін кіпарысавы ядлавец, і "пьяны лес" дрэвы якога нібыта накіхуліся ад весялосьці і такім чынам ствараюць прыгожыя рамантычныя аркі мінакам. На сцежцы арганізаваны 7 тэматычных прыпынкаў, дзе можна даведацца пра гарадзішча ХІІ ст, пра расліны і жывёлы гэтага краю, пабачыць прыгожыя краявіды і зрабіць цікавыя фотасправаздачы.





Дарэчы, можа нехта адпачываў у гэтых мясцінах? На аграсядзібах, у катэджах ці базах? Можаце параіць паролі і яўкі?

Якую ж выснову можна зрабіць пасля чытання гэтага матэрыяла? У Беларусі ёсць што паглядзець, нават калі часам падаецца, што навокал мала архітэктурных помнікаў дзеля якіх трэба ехаць у гэты рэгіён. Заўсёды можна знасці найцудоўнейшую прыроду са сваімі асаблівасцямі, якія будуць характэрны толькі для гэтага раёна. І хоць помнікаў на Браслаўшчыне хапае, але ўсё роўна самым галоўным відаць скарбам для нас тут з'яўляецца прыгажосць наваколля.



Такую ідылію можа парушыць толькі сумная ды скупая статыстыкі. Свайго піка па колькасці жыхароў Слабодка дасягнула ў 1999 годзе, тады тут пражывала 1133 чалавека на 396 двароў, але ўжо праз 2 гады колькасць зменшылася амаль на 300 чалавек. У Слабодцы засталося 860 жыхароў на 387 двароў. Як змянілася жыццё мястэчка яшчэ за 10 гадоў, пакажа наступны перапіс насельніцтва, але эканамічны стан нашых рэгіёнаў з сумам падказвае, што надзей на лепшыя змены мала.

Крыніцы: "Архітэктура Беларусі: энцыклапедычны даведнік", "Беларуская гістарычная энцыклапедыя", planetabelarus.by, belkraj.by, holiday.by

P.S.Цікавы факт з гісторыі Слабодскага касцёла. Ён мае малодшага брата, амаль блізнюка, які жыве ў літоўскім мястэчку Аланта. Праўда наш касцёл старэйшы за літоўскага на некалькі год. Падабенства касцёлаў відавочнае, а гэта дае падставу лічыць архітэктара літоўскага касцёла шведа Карла Страндмана, архітэктарам і касцёла ў Слабодцы.

Comments

( 10 comments — Leave a comment )
livejournal
Mar. 24th, 2018 10:38 am (UTC)
Hello! Your entry got to top-25 of the most popular entries of Belarus in LiveJournal! Learn more about LiveJournal Ratings in FAQ.
ofeliya666
Mar. 24th, 2018 05:10 pm (UTC)
Шкада, што пра сцежку мала) А архітэктар гм...схалтурыў нешта, такія падобныя рабіць О_о
azarkinm
Mar. 24th, 2018 06:08 pm (UTC)
А мы на жаль на сцежцы і не былі. Таму фота толькі з іншага сайта і інфармацыя з нэта. Вельмі спадзяюся, што атрымаецца адпачыць там у гэтым годзе. Таму і пакатацца ды пахадзіць вакол будзе магчымасць. Вось і распавяду пасля ці ўсё так файна там, як пішуць.

Пра сцежку пісала, бо раптам нехта прачытае перад тым як ехаць. Будуць хоць ведаць, што варта глядзець у наваколлі.
ofeliya666
Mar. 24th, 2018 07:49 pm (UTC)
Ага, зразумела тады)
elgatomarinero7
Mar. 24th, 2018 07:15 pm (UTC)
Ох, патрапіць бы калі-небудзь на гэтыя вежы... Кажуць, што неахвотна пушчаюць, але краявіды адтуль шыкоўныя :)
azarkinm
Mar. 27th, 2018 03:13 am (UTC)
Трэба яшчэ патрапіць так... каб адчынены быў касцёл.
pashunja
Mar. 26th, 2018 11:06 am (UTC)
"аднойчы быў у іх жыцці і каляровы перыяд" Мне понравился такой цветной вариант дверей. Не знала, что это не всегда так :)
azarkinm
Mar. 27th, 2018 03:15 am (UTC)
А я не ведала ўвогуле, што ён быў. ))) Вось толькі калі рыхтавала пост дык даведалася ад вас. Не ведаю, і той і той мае права на жыццё. Сённяшні варыянт больш натуральна выглядае для мяне.
miliga
Mar. 27th, 2018 03:51 am (UTC)
Спасибо за пост! Читала с большим интересом, потому что через Слободку часто проезжаем, костёл давно хочу посмотреть, наслышана о росписях, но так получается, что всегда закрыто. А ещё зацепилась за фамилию Хан, фамилия для латвийской истории заметная.
azarkinm
Mar. 27th, 2018 04:45 am (UTC)
Вельмі цешыць, што спадабалася. Будзеце зараз ведаць, дзе спыніцца і што паглядзець. Вось так і пішу пасты, каб нехта для сябе адкрыў месцы і з лёгкасцю мог знайсці і даведацца пра гісторыю. Бо сама шукаю інфу па розным і розным крыніцам, а пасля шкада бывае, што быў і не ведаў, што побач ёсць яшчэ нешта.

Пра прозвішча Хан нічога не ведаю, бо ў тых мясцінах была мала, адпаведна мала пісала пра іх сядзібы і маёнткі, адпаведна мала ведаю сумяшчальных прозвішчаў, хто адкуль ды скім. Нават не думала, што звязана з Латвіяй Хан.
( 10 comments — Leave a comment )

Profile

leta i ja
azarkinm
AzarkinM

Latest Month

April 2018
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930     

Tags

Powered by LiveJournal.com