AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

МЯДЗЕЛ. Кальварыя (Мінская вобласць)

З 2014 года, на турыстычнай мапе Беларусі з'явілася яшчэ адна кропка – Мядзелская кальварыя. Але дакладней будзе сказаць, што яна не з'явілася, а аднавілася, бо сваю гісторыю кальварыя пачынае з сярэдзіны XVIII стагоддзя.


Стварэнне Мядзелскай кальварыі звязана з імям былога ўладара гэтых мясцін Антоніем Кошыцам. Так па паданнях Антоній з жонкай не маглі займець спадчанніка. Што толькі не рабілі яны дзеля гэтага і лячыліся на курортах, і звярталіся да мясцовых шаптух, і хадзілі на сповядзі ва ўсе касцёлы, але іх дзеянні не мелі выніку. Праз некалькі год Антоні патрапіў у Рым, ахвяраваў шмат золата і прывёз адтуль на радзіму мошчы святога Юсціна. Доўга малілася жонка каля святыні і цуд здзейсніўся – у Антонія нарадзіўся доўгачаканы сын, якога назвалі ў гонар святога. Неўзабаве жонка памерла, і для малога хлопчыка ўзялі няньку з мясцовых сялянак, якой загадалі вачэй не звадзіць з паніча. На блага шмат справы не трэба, аднойчы гуляючы па беразе возера здарылася бяда, хлопчык паслізнуўся на мокрых каменнях і зваліўся ў возера. Малы Юстын загінуў, а няню, якая спрабавала выратаваць яго, хвалі выкінулі на бераг. Антоній, які заўсёды лічыўся чалавекам са спецыфічным і цяжкім норавам, даведаўшыся пра няшчасце загадаў замураваць няню Юстына ў каменны слуп на беразе возера, дык так, каб паміраючы яна бачыла толькі вадзяную плынь. (Па іншай версіі падання, справа была зімой і раззлаваны пан выгнаў дзеўчыну ў тонкай сукенцы ў лес, каб яна знайшла заблукаўшага паніча.) Праз некаторы час у сне прывідзілася Антонію Кашыцу Маці Боская, якая для скуплення грахоў наказала яму збудаваць ля Мядзела святыню, дзе замальваць правіны будзе пан. У сне таксама былі паказаны падрабязна і месцы дзе павінны стаяць капліцы.





У 1765 годзе, на высокім халме на ўскрайку мястэчка, была пабудавана кальварыя па ўзору Крыжовага шляху Хрыста ва Іерусаліме. Вернікі, якія прыходзілі на кальварыю для малітвы рабілі двухкіламетровы шлях, і праходзілі 21 драўляную капліцу і 8 каменных брам, якія ўвасаблялі шлях Езуса на Галгофу. Кожная брама мела арыгінальную драўляную фігуру і абраз святога. Пасля бласлаўлення кальварыі, якое адбылося ў 1772 годзе, пацягнуліся да яе паломнікі не толькі з наваколля, але і з усіх былых земляў ВКЛ.

Пасля паўстання 1863 года кальварыя прыйшла ў занядбанне, але з 1927 года, калі Мядзел быў на польскім баку пачалося яе аднаўленне. Працы былі прыпынены з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР. У лістападзе 1942 года Мядзелская кальварыя была знішчана.







Пасля вяртання рэгілійных устаноў вернікам, у 1990-я гады мінская парафія св.Сымона і Алены паставіла на пагорку тры крыжы.

Ідэя аднаўлення святыні вітала сярод вернікаў даўно, але рэалізаваць гэта здолелі толькі зараз. Будаўніцтва распачалі напярэдадні 250-годдзя кальварыі ў 2014 годзе. Спачатку з'явілася цэнтральная арка, дзе ў сцяну ўмураваны камень са Святой Гары на якім месціцца кляштар кармелітаў босых і шыльда з польскай Кальварыі-Зэбжыдоўскай. Зараз на пагорках Мядзелскай кальварыі можна пабачыць капліцы з выявамі Крыжовага шляху Езуса Хрыста. На кожнай з капліц размешчана маленькая шыльда, дзе ўказаны імёны і назвы прыходаў дзякуючы чыім ахвяраванням былі яны адбудаваны.


Сёння, як і 250 год таму, маршрут пачынаецца каля ўваходнай капліцы і сканчаецца на гары трох крыжоў, дзе адкрываецца найцудоўнейшы краявід на наваколле і тры возера – Нарач, Мястра і Рудакова.


фота з сайта myadel.info

Да нашых дзён дайшлі фрагменты 18 капліц, 14 з іх ужо адноўлены намаганнямі вернікаў.



Да гэтага, я была на кальварыі ў 2008 годзе, з экскурсіяй знакамітага гісторыка, археолага Міхася Чарняўскага, які распавядаў пра згубленую святыню і спадзяваўся, што калісьці настане час аднаўлення. Мы прабіраліся праз парасткі хмязняку, шукалі рэшткі старых муроў і слухалі паданне.


Міхась Чарняўскі на Мяделскай кальварыі

Памяць сцерла словы, якія былі сказаны тады, засталося толькі адчуванне. І вось летась, мы выпадкам патрапілі ўжо да адноўленай святыні. На той момант, вядома, я ўжо не памятала ні пра пана Кошыца, ні пра падзеі звязаныя з яго сям'ёй, я памятала толькі спадара Міхася і яго захапленне гэтым месцам.
Для мяне Мядзелская кальварыя стала асаблівым месцам, тут сапраўды ўсё прасякнута цішынёй і супакаеннем. Ідучы ад капліцы да капліцы ты дзівішся наколькі бяжыць пад нагамі сцежка, як змяняецца паступова краявід, захапляешся зробленай працай і ў думках кажаш вялікі дзякуй усім тым, хто спрычыніўся да аднаўлення.






Зараз, калі інфармацыя знойдзена і ты ўжо зусім па іншаму адносішся да месца, мне б хацелася вярнуцца ў Мядзел і прайсці ўжо свядома гэты шлях.



І яшчэ некалькі фактаў пра Мядзелскую кальварыю:
1. Уладзімір Дубоўка напісаў паэму "Браніслава", якая распавядае пра гаротны лёс няні малога Юстына.
2. Два разы на год (у ліпені і верасне) на кальварыі праходзіць Крыжовы шлях, які праводзіць прыход Маці Божай Шпалернай.
3. Мошчы святога Юстына, якія прывёз Антоній Кошыц, зараз знаходзяцца ў касцёле св. Ганны ў Мосары (Віцебская вобласць).

Tags: Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Мядзелскі раён, Мінская вобласць
Subscribe

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 1 comment