AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ГЕНЕАЛАГІЧНЫЯ ПОШУКІ. Размовы

Апошнім часам зацягнула мяне новая хваля генеалагічных сямейных раскопаў. Вось так, робіш радавод з 18 год, і ўсё нейкімі хвалямі. Да апошняга часу капаць углыбіню не атрымлівалася, таму цешылася, што магла свае галінкі роду раскопваць ушырыню. Траюрадныя, чытырохюрадныя і стрыечныя займаюць значнае месца ў радаводзе. Зразумела, што генеолагам прафесіяналам гэта шырыня сямейных раскопаў будзе падавацца непатрэбным, але ж мы вядома шукаем інфармацыю не для кагосьці, а ў першую чаргу для сябе. І веданне сваякоў да чатырохюрадных можа зрабіць для вас добрую магчымасць у далейшым, але аб гэтым ніжэй. На жаль, каб дайсці да самага цікавага – працы ў архівах, мне прыйдзецца спачатку распавесьці пра відавочныя рэчы, але пацяпріце, бо без пачатку не будзе і працяга. А раптам, гэтыя мае пошукі для кагосьці стануць новым стартам.




--------------------------------------------------------------

Усе хто стварае радавое дрэва, пачынаюць аднолькава – размовы з самым старым чалавекам у сям'е. Той, хто можа распавесці як мага болей пра сваіх блізкіх і сваякоў, для каго імёны гэта не проста напісаныя на паперцы словы, а тыя, каго ён ўзгадвае ў памяці. Дзякуючы таму, што я зацікавілася радаводам яшчэ ў студэнцтве, то здолела распытаць сваіх дзядулю і бабулю настолькі на колькі гэта было магчыма. Зараз старых людзей 1920-х гадоў нараджэння відаць амаль і не засталося ў сем'ях, таму спачатку трэба паразмаўляць з бацькамі і вашымі сваякамі. Калі гэтая пакаленне выкарыстана, то трэба ісьці на пакаленне вышэй, для кагосьці гэта бабулі і дзядулі і іх сваякі, для кагосьці гэта ўжо прабабулі і прадзядулі і іх родныя і стрыечныя. Некаторыя з цікавосцю будуць адказваць на вашыя пытанні, а некаторыя могуць закрыцца і выдаваць фразы "вой навошта, не памятаю". Спрабуйце падбіраць фразы так, каб атрымаць у сваякоў хоць нейкую самую цікавую інфармацыю для вас. Але з большага, калі ў іх сем'ях не цікавіліся радаводам, то яны з задавальненнем будуць рады перадаць вам памяць пра імёны сваякоў. З расповядам, застаецца заўсёды надзея, што яны не памерлі ў памяці, іх будуць ведаць дзякуючы вашым намаганням. Я заўсёды кажу ў размовах са сваякамі, што калі іх унукі захочуць ведаць радавод, я абавязкова з імі падзялюся, бо памяць не павінна быць у руках аднаго чалавека.

Якія ж варта задаваць пытанні:

1. Прозвішча, імя і імя па бацьку.
Запісвайце ўсё. Часта ўзгадваюць, што сваякоў звалі Міця, ці Франук, ці Гэля. Пішыце як ёсць. Магчыма пазней, вы знойдзіце інфармацыю і здолееце запісаць поўнае імя. Калі ёсць магчымасць даведацца дзявочае прозвішча жонак продкаў пішыце, ніколі не ведаеш, калі гэта інфармацыя спатрэбіцца. У майго дзядулі памерла маці вельмі рана. Сувязь са сваякамі вядома падтрымліваў, але на той час былі жывыя толькі дзядзькі і вядома хлопец не ведаю іх імя па бацьку. Так і зваў, дзядька Франук, дзядька Гелярый. Толькі зараз, я здолела даведацца імя па бацьку маёй прабабці і яе братоў, і толькі зараз я высветліла, што па дакументах Франук – гэта Франц.



2. Гады жыцця і дзе пахаваны.
Даволі часта людзі бяруць гады жыцця і смерці ад нейкай даты, і каб не ўдакладняць больш дэтальна я пішу як ёсць, а пасля ўжо мінусую. Так могуць сказаць, што "прадзед памёр калі мне было гадоў пяць". Адымайце самі і запісвайце. Памяць людзей выбраная і магчыма дата якую вы ім агучыце ім нічога не скажа, а галоўная нітка расповяду будзе ўжо на жаль згублена і чалавек зноўку закрыецца і з неахвотай будзе распавядаць сваю гісторыю. Так у майго дзядулі стрыечная сястра загінула ў канцлагеры Трасцянец, сваякі не паматаюць на момант размовы дакладнай даты нараджэння і кажуць што ёй "было прыблізна каля 40 год калі загінула". Добра. Тады пішам і самі адымаем. Розніца ў пару гадоў не вельмі адыгрывае ролі, асабліва калі гэта тычыцца не галоўнай веткі радавода. Месца павахавання запісваць трэба для магчымасці наведаць могілкі і атрымаць яшчэ больш інфармацыі, бо на помніках вы можаце знайсці больш дат, чым памятаюць вашыя бабулі і дзядулі.

3. Рэлігійная прыналежнасць, дзе хрысціліся і якому касцёлу ці царкве належылі.
Гэта інфармацыя трэба ў першую чаргу для вас. Калі вы лічыце, што веды пра царкву ці касцёл куды хадзілі продкі не патрэбная рэчы, то вы зменіце сваё меркаванне, калі давядзеце радавод хаця бы да 1917 года і не здолееце далей шукаць. Бо раней усе важныя перыяды жыцця людзей круціліся вакол сувязі з Богам. Рэлігійная ўстанова выконвала ўсе функцыі, што сёння выконваюць ЗАГСы і архівы. У царкве ці касцёле збіралася інфармацыя пра хрост, шлюб, пахаванні, сямейны склад. Таму ведаючы якой рэлігіі прытрымліваліся вашыя продкі, можна зразумець у якіх крыніцах далей трэба шукаць інфармацыю. Калі шукаць не ў тых крыніцах, вы згубіце некалькі тыдняў ці месяцаў свайго вольнага часу. Даволі часта сваякі не могуць сказаць, дзе вянчаліся бацькі, ці хрысціліся, то тады задайце абыходнае пытанне "у якую царкву (касцёл) хадзіла прабабуля". А там будзеце ўжо самі шукаць ці адносілася яна да гэтага прыхода, ці хадзіла сюды ўжо пасля шлюбу.



4. Месца жыхарства.
Вось тут патрэбна дакладнасць. Асабліва калі вы ідзеце працаваць у архіў і заказваеце адпаведныя метрычныя кнігі. Справа ў тым, што тэрытарыяльныя падзелы на раёны, вобласці, воласці, паветы змяняліся гістарычна, змяняліся іх назвы, а адносіны да царквы ці касцёла, да якой прыпісвалася вёска, хутар, горад не змянялася. Нашыя продкі не маглі проста так узяць і адпісацца ад свайго прыхода ці парафіі, на гэта патрэбны былі важкія прычыны (выйшла замуж, пераехала на іншае месца жыхарства), але з большага яны стараліся быць прыпісанымі менавіта да свайго касцёла ці царквы, бо ўсе ж іх продкі былі тут. Таму, калі вы не ведаеце да якога касцёла адносіліся вашыя продкі, то гэта лёгка высветліць ведаючы дзе яны жылі.

5. Занятак.
Ведаць занятак сучаснікаў даволі цяжка. Калі раней было зразумела, доктар ці настаўнік і гэта на ўсё жыццё, то сёння людзі вучацца па адной спецыяльнасці, пасля працуюць па іншай. Са свайго вопыту магу сказаць, сучаснікі з неахвотай распавядаюць пра месца працы і адукацыю. Я запісваю гэту інфармацыю толькі пра блізкіх сваякоў, дзе яны працуюць і чым займаюцца я ведаю і так. Ва ўсіх астатнім пра такую інфармацыю нават не запытваюся. За тое людзі сталага ўзросту з задавальненнем будуць успамінаць, што іх прадзед быў кухарам у пана, ці столерам на некалькі вёсак. Пішыце як ёсць. Пасля, калі даведаецеся імя пана, ці млын на якім працаваў дзед будзеце цікавей і пад іншым ракурсам успрымаць сваю гісторыю. Так мой дзядуля распавядаў, што яго бацька працаваў на стайне ў пана. Ну працаваў і ладна, колькі тых паноў было, ды і панамі называлі розных людзей. І вось зараз, працуючы ў архіве я даведалася, што вёскі навокал дзе жылі мае продкі належылі графу Тышкевічу, адпаведна атрымліваецца вось на якога пана працаваў мой прадзед.



6. Ці былі рэпрэсаваныя ў сям'і.
Гэта адно з самых цяжкіх пытанняў для сваякоў. Шмат хто пачынае закрывацца і саромецца гэтай падзеі. Некаторыя лічаць, што рэпрэсіі гэта нейкі ганебны ўчынак, пра які не варта памятаць. Паспрабуйце ўпэўніць людзей, што зараз іншыя часы і іншае стаўленне грамадства да гэтага пытання. Самы важны аргументам можа быць для іх "што гэта дадзеныя для вашага карыстання". Запытваючыся пра ссылкі і расстрэлы я заўсёды кажу, што тыя каго рэпрэсавалі вартыя памяці, бо пра іх памятала пакаленне якое жыло з імі, і нейкім сумным чынам пра іх забылася пакаленне ад якога ўсё хавалі. Яны ж былі кагосьці сёстрамі і сынамі, якіх неабгрунтавана і па даносам закатавалі, іх імя проста абавязана быць у памяці продкаў. Хаця часам для сваякоў гэта ўсё ж такі не аргумент і яны лічаць лепшым кінуць фразу "не памятаю", чым займацца балючымі ўспамінамі. У такім выпадку дзейнічае зноўку прынцып лепш запісаць абрыўкі хоць нейкай інфармацыі чым нічога. Я напрыклад ведаю, што адзін з бабуліных дзядзькаў сядзеў за антыбальшавіцкі супраціў, але сваякі глядзяць на гэту інфармацыю па рознаму. Бабуля казала, што пасадзілі пасля вайны, маладзейшыя кажуць, што перад вайной. Розныя інтэрнэт парталы па пошуку рэпрэсаваных плёну не прыносяць, яго няма ні ў першых, ні ў другіх. Відаць інфармацыі трэба вылежыцца і магчыма калісьці я адкрыю і гэты пазл свайго радавода.


фота з tut.by

7. Ранапамерлыя дзеці.
Запісвайце ўсе імёны людзей, якія жылі ў сям'і, бо вы яшчэ не ведаеце якую інфармацыю знойдзеце ў архіве. Метрычная кніга царквы ці касцёла за гэты год можа адсутнічаць ці пачынацца з перыяду які не закранае вашых продкаў асабіста, таму як варыянт апазнаць сваякоў у метрычнай кнізе можна будзе па супадзенню імёнаў старэйшых дзяцей, ці тых хто сыйшоў раней. Метрычныя кнігі складаліся з трох частках: хрост, шлюб і памерлыя. Вы ж яшчэ не ведаеце, якая частка захавалася ў прыходзе вашых продкаў. Можа толькі памерлыя і тады па звестках заўчасна памерлых можна будзе знайсці сваіх сваякоў і пайсці шукаць радавую лінію далей.

8. Маёмасць.
Вось гэта інфамацыя якую дакладна людзі распавядуць толькі пра прашчураў, а пра сучаснікаў нават адмовяцца з вамі размаўляць. Але вам яна і патрэбна толькі ў дачыненні да мінулага. Сучаснікі вас у такім выпадку нават не цікавяць. Бо калі раптам вашыя продкі мелі вялікую маёмасць, валодалі хутарам ці значнай часткай зямлі, ці некалькімі дамамі ў мястэчку ці горадзе, гэта дае магчымасць знайсці звесткі пра сваякоў па старых крыніцах перапісаў маёмасці. Але магу ўпэўніць, што гэты раздзел будзе ў вас самы нязначны.

Сабралі адказы на пытанні пералічаныя вышэй? То можна пачынаць самую цікавую справу – ствараць сваё дрэва. Гэта можна рабіць у папяровым выглядзе (малюеце як у дзяцінстве квадраты і пішыце імёны), а можна знасці сабе праграму і запаўняць ужо яе інфармацыяй. Раней я ўжо распавядала пра праграму ў якой раблю сваё дрэва https://azarkinm.livejournal.com/169753.html . У інтэрнэце зараз можна знайсьці і іншыя варыянты, якія будуць падабацца больш і будуць зручней для вас у карыстанні. Зараз ёсць магчымасць рабіць генеалагічнае дрэва і непасрэдна ў інтэрнэце, але на такіх сайтах ёсць абавязкова абмежаванні ў 100-150 асобаў і ведайце, гэтыя 100 толькі спачатку падаюцца вялікай колькасцю, а насамрэч гэта вельмі мала для вашых пошукаў. А большая колькасць персон гэта ўжо платны акаўнт карыстання. Адзіны плюс дрэва ў інтэрнэце, гэта здольнасць пошуку сваякоў сярод зарэгістраваных карыстальнікаў. Наколькі гэта трэба вам, і якая верагоднасць так знайсці сваякоў вырашаць толькі вам.

У наступным разе будзе расповяд пра пашуковыя сайты.
Tags: свае карані
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 11 comments