AzarkinM (azarkinm) wrote,
AzarkinM
azarkinm

ВІДЗЫ-ЛАЎЧЫНСКІЯ (Віцебская вобласць)

Відзы-Лаўчынскія, вёска Браслаўскага раёна, якая ўзгадваецца ўпершыню ў 1586 годзе як Ловішча. Але самі землі разам з мястэчкам Відзы ўзгадваюцца яшчэ ў ХV ст калі Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аддаў іх братам Доўгірду і Нарушу.

Ва ўладаннях Нарушэвічаў (Наруш з'яўляецца заснавальнікам роду) відзаўскія землі знаходзіліся да XVIII ст. Менавіта тады, Алена Нарушэвіч, дачка лоўчага літоўскага Яна Нарушэвіча, з пасагам прынесла маёнтак Аўгусціну Ваўжэцкаму. Пры іх уладанні Відзамі-Лаўчынскімі і была пабудавана сядзіба якую мы сёння бачым. Пасля смерці Аўгусціна, маёмасць была падзелена паміж двума сынамі Ярашам Аляксандрам і Уладзіславам. Відзы і землі адыйшлі Уладзіславу Ваўжэцкаму і яго жонцы Марыі з Кастравіцкіх. Старэйшы ж Яраш атрымаў маёнтак у Мейштах.




З сядзібай звязана жыццё знакамітага дзеяча нашай краіны Тамаша Ваўжэцкага.

Нарадзіўся ён ў 1753 годзе ў Мейштах, у сям'і Тадэвуша Ваўжэцкага і Барбары Тызенгаўз. Вучыўся Тамаш у езуіцкай школе ў Відзах. Пасля шлюбу з Юзэфай Пац жыў у маёнтку жонкі ля Коўна. Ад шляхты Браслаўскага павета абіраўся дэпутатам на Сойм Рэчы Паспалітай. Падчас пасяджэнняў якога палымяна настойваў на прыняцці Канстытуцыі краіны, якая пасля прыняцца ў 1791 годзе стала першай у Еўропе, і другой пасля ЗША у свеце. Настойваў так палымяна, што ў гісторыі засталася колькасць яго прамоў – 169. Удзельнічаў у руска-польскай вайне 1972 года. Удзельнічаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі як генерал па Браслаўскаму павету і за свае сродкі цалкам абмундзіраваў і ўзброіў паўстанцкі атрад колькасцю 300 чалавек. Пасля таго, як Касцюшка патрапіў у палон узначаліў паўстанне. Пасля падаўлення паўстання быў затрыманы і два гады знаходзіўся ў турме Пецярбурга. З ўступленнем на трон малады імператар Павал І правёў амністыю ў абмен на прысягу вернасці. Тамаш даў прысягу і быў вызвалены, пасля гэтага вярнуўся на радзіму. Турма зрабіла ўсё ж такі ўплыў на свядомасць Ваўжэцкага, бо яго пазіцыя пра незалежнасць былых зямель Рэчы Паспалітай з цягам часу змянілася на лагодную прарасійскую. У вайне 1812 года Тамаш ужо не прымаў ніякі актыўны ўдзел. У гэты час ён знаходзіўся ў Пецярбургу і займаў пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі ў Царстве Польскім. Апошнія гады жыцця правёў у Варшаве дзе і памёр 5 жніўня 1816 года. З месцам смерці адбываецца разыходжанне ў розных крыніцах, адныя кажуць, што памёр ён у Варшаве, іншыя, што ў Відзах-Лаўчынскіх. Але што дакладна – тое што пахаваны Тамаш Ваўжэцкі ў Відзах ля дарогі, і гэта дарога вядзе зусім не ў бок прыгожай сядзібы.

Відзы-Лаўчынскія знаходзіліся ва ўладаннях Ваўжэцкіх да сярэдзіны ХІХ ст, пакуль Эмілія Ваўжэцкая (1812–1878), дачка маршалка браслаўскага Міхаіла Ваўжэцкага (1785–1846) і Канстанцыі з Лапацінскіх, не выйшла замуж за маршалка шляхты віленскай губерні Тамаша Мінейка (1808–1856). У гэтай сям'і Відзы і навакольныя землі засталіся ва ўладаннях да 1939 года.

Але вернімся да сядзібы. Яна была пабудавана ў Відзах-Лаўчынскіх у сярэдзіне ХVІІІ ст. на беразе возера Дворнае і ўяўляе сабой аднапавярховы будынак на высокім каменным цокале. Дзякуючы гэтаму цокалю і размяшчэнню на схіле з аднаго боку сядзіба выглядае як аднапавярховы, а з іншага боку, як двухпавярховы будынак.



Да сядзібы вяла вузкая алея працягласцю 280 метраў, абапал яе і на сённяшні момант растуць клёны і ясені.

Цэнтральны ўваход сядзібы, аздоблены чатырма драўлянымі калонамі з порцікам, быў размешчаны з паўночнага боку, вакол цэнтральнай пляцоўкі раслі клёны востралістыя.



Паўднёвая частка палаца з другім выхадам у парк глядзіць на возера. Першапачаткова, ніякага арачнага ганка, які сёння мы бачым не было. Ён з'явіўся толькі ў канцы ХІХ стагоддзя па праекту Тадэвуша Растроўскага. Ганак з вялікай лесвіцай дазваляў выходзіць гаспадарам адразу ў парк і быў пабудаваны з камня ў псеўдарэнесанскім стылі. Калі з боку заезда каля сядзібы былі высаджаны клёны, то з боку парка пляцоўку абрамлялі блакітныя елкі.



Парк уяўляў з сябе несімітрычную, што нетрадыцыйна для тых часоў, планіроўку і займаў тэрыторыю каля 5 гектараў. Усе паркавыя зоны былі аформлены ў англійскім стылі, якому характэрна хаатычнасць, але ў той жа час добра распланаваны дызайн, які з кожным паваротам адкрывае для наведвальнікаў новыя закуткі. Уладары сядзібы нават давалі закуткам прыгожыя назвы – "Альтанка пані Эвеліны", "Генеральскі гай" і "Могілкі Евы і Зазы".

Прыгожае паданне існуе пра закуток які называўся "Магіла Евы і Зазы". Знайсці яго можна па камню, на якім выбіты гэтыя імёны.


фота з globus.tut.by

Кажуць, што ў пана Мінейка была любімая кабыла, якую звалі Ева. І куды б ён не ездзіў з Евай па наваколлю, паўсюль за імі бегла сабака Заза. Аднойчы, Ева паламала нагу і выратаваць яе было не магчыма, таму прыйшлося гаспадару застрэліць любіміцу. Разлуцы з сяброўкай не вытрымала сабака. Яна пастаянна ляжала ля яе магілы, скуліла і ў адзін дзень знянацку памерла. Бачачы сяброўскую адданасць, Мінейка пахаваў побач з Евай і сабаку Зазу, а на паляне паклаў валун, на якім былі выбіты іх імёны.

У калісьці прыгожым парку, які зараз нагадвае лес пакуль яшчэ можна знайсці конскі каштан, арэх шэры, ясень звычайны і лістоўніцу еўрапейскую, а каля возера дзе раней былі купальні яшчэ растуць івы ломкія.

А давайце з дапамогай падрабязных апісанняў пакояў, якія зрабіў польскі гісторык Аўтаназі, пафантазіруем і зробім экскурсію па калісьці прыгожай сядзібе.



------------
Вы гасцюеце ў гаспадароў Мінейка на самым пачатку ХХ стагоддзя.

Заходзячы ў сядзібу праз цэнтральны ўваход вы патрапляеце ў маленькую вітальню ад якой расходзяцца даўгія калідоры ў двух напрамках.

Правы калідор вас прывядзе у вялікую сталовую з трыма шырокімі вокнамі з якіх адкрываецца захапляльны від на парк, дзе летам, праз рэдкія галінкі можна пабачыць мільгаценне возера. Падчас вашага гасцявання ў 1900 годзе ў сталовай залі яшчэ выстаўлены старажытны срэбны посуд, ён пакуль яшчэ з'яўляецца гонарам гаспадароў. Чаму пакуль з'яўляецца? Таму, што ў часы Першай сусветнай вайны сядзіба будзе разрабавана і сямейны посуд знікне.

Левы калідор прывядзе вас ў гаспадарчыя спальні, якія мяжуюць з гардэробнай. Кожны пакой сядзібы выкананы ў розных стылях і колерах, але гэта не вяглядае ляпіста, гэта выглядае стылёва і прыгожа.

Цэнтральную частку сядзібы займаў вялікі салон, менавіта з яго вы можаце вечарам выйсьці ў парк і мінаючы блакітныя елкі, якія стройнымі шэрагамі апаясваюць пляцоўку падыйсці да прахалоднага возера. З гэтага ж вялікага салона вы маглі б патрапіць у маленькі салон і кабінет. Гаспадары вам абавязкова распавядуць розныя гісторыі пра сваю сядзібу. Не абмінуць яны і тое, што калісьці салон выглядаў зусім інакш. Зараз ён пафарбаваны ў светлыя колеры, а раней усе сцены цэнтальнага пакоя былі роспісаны разнакаляровымі малюнкамі і галінкамі з кветкамі. Мода ж існуе і ў дызайне, таму гаспадары вырашылі змяніць архаічны стыль на больш сучасны і прасторны. Што не кранулі сучасныя Мінейкі, гэта мэблю, якая засталася ім ад бацькоў. Мэбля гэта старая і была прывезена яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з Еўропы. Гарнітур стыля поздняга ампіра аббіты чырвона-залатой тканінай, а крэслы ў стылі Луі-Філіпа наадварот, цёмна-зялёныя.

стыль ампір


стыль Луі-Філіпа

Калі вы захочаце днём выпіць духмянай гарбаты, ці навамодай кавы, то можаце адпачыць у малым салоне, дзверы якога мяжуюць з вялікім. Малы салон невялікі па сучаснаму меркаванню, але тканевыя белыя шпалеры ў кветку робяць яго крыху шырэйшым і больш вялікім чым ён з'яўляецца ў рэальнасці. Гледзячы на мэблю ў стылі Людовіка ХV, якая размешчана ў малым салоне, з яго мяккімі спінкамі і шыкоўнымі вузорамі на білках вы разумееце як прыгожа і ўтульна тут будзе зімой, калі ў каміне з белай кафляй будуць патрэсківаць дровы, а на канапе ляжаць цёплы плед. А летнімі днямі, калі на вуліцы дождж відаць тут вельмі ўтульна чытаць кнігу, якую можна ўзяць у кабінеце гаспадара, дзверы якога выходзяць таксама ў вялікі салон.

стыль Людовіка ХV

Калі мы ўжо ўзгадалі пра кабінет, то давайце наведаем і яго, пакуль Мінейка не працуе. Стыль кабінета досыць стрыманы і строгі, тут вы не знойдзеце мяккія фатэлі і канапы, за тое знойдзіце шафы з кнігамі і дакументамі. Дакументы засталіся яшчэ ад былых жыхароў сядзібы, якія тут збіралі архіў сям'і Мінейка і Ваўжэцкіх, а кнігі былі прывезены ў сядзібу з еўрапейскіх вандровак ужо сучаснымі гаспадарамі. Хаця ёсць некаторыя экземпляры і сярэдзіны ХІХ стагоддзя і значная частка з іх, вядома, на французскай мове. На сценах кабінета вісіць пару карцін французскіх мастакоў.

Сядзіба падчас вашага гасцявання ў Мінейка будзе нібыта сама распавядаць вам пра былых гаспадароў, бо на сценах вісяць вялікія, амаль у поўны рост партрэты Філіцыі Ваўжэцкай, Марыі Мінейка, Мацільды Аскірка і Ядзвігі Горват. Акрамя сямейных партрэтаў, у розных пакоях можна знасці таксама карціны з Францыі, Галандыі, Нямеччыны.

Прыгожа было ў сядзібе Відзы-Лаўчынскія?

А зараз на жаль рэальнасць...
...якая прыводзіць у роспач.







Побач з домам таксама былі пабудаваны: стайня у стылі класіцызму, зернясховішча з драўлянымі калонамі на ўваходзе і пякарня з вялікім порцікам на двух калонах. У 1855 годзе ў Відзах-Лаўчынскіх з'явіўся і бровар, абсталяванне яго ў пачатку ХХ ст было заменена на апараты з паравым рухавіком.

Пасля падзелу Беларусі Відзы-Лаўчынскія, Відзы, Браслаўскі край ды і іншыя землі Заходняй Беларусі ўвайшлі ў склад Польшчы. Гэта вядома адтэрмінавала для іх гаспадароў рабаванне, раскулачванне і галечу, але не на доўга, адтэрміноўка была толькі на 20 год.

Пасля Другой сусветнай вайны на аснове сядзібнага камплекса быў арганізаваны калгас "Бальшавік", які праз 20 год быў перайменаваны ў калгас "Камуніст". Па перапісу 2010 года ў вёсцы жыло 314 чалавек, колькі жыве зараз пакажа ўжо перапіс у 2019 годзе. Але ведаючы тэндэнцыю малых гарадоў і вёсак мяркую лічбы будуць сумныя.





Цікавы факт. Каля Відзаў-Лаўчынскіх ёсць чатыры возеры: Дворнае, Чорнае, Белае і Смердзіс. Апошняе атрымала назву не проста так, а ад таго, што каля яго б'юць крыніцы ў якіх утрымліваецца вялікая колькасць серавадароду і возера летам добра так сямярдзіць. Менавіта вакол гэтых крыніць у 1860 годзе быў арганізаваны лячэбны курорт "Лазенкі". У ім дзейнічала 60 ванн і працаваў доктарска-медыцынскі персанал. Але праца курорта была нядоўгай, ці ва ўладароў не хапіла крэатыўнасці і энергіі каб разгарнуць і пашырыць сваю дзейнасць у гэтай сферы, ці нешта іншае перашкодзіла, але ў канцы ХІХ ст. курортныя ванны былі ўжо зачынены. Адзінае, хто выйграў ад гэтай авантурнай ідэі – возера, яно перстала называцца Смердзіс, а з таго часу пачало называцца Лазенкі.

P.S. Калі збярэцеся ў вандроўку, па-першае, памятайце пра пашпарт, яго вядома трэба браць у вандроўкі па Беларусі ў любым выпадку, а тут асабліва, бо побач знаходзіцца дзяржаўная мяжа. А па-другое, сачыце за тэлефонам, бо вельмі лёгка можаце перайсці ў роўмінг, што здарылася якраз у нас калі мы былі ў сядзібе Мінейка.

Крыніцы: Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, Федорук А.Т. "Садово-парковое искусство Белоруссии", Беларуская гістарычная энцыклапедыя

Tags: Браслаўскі раён, Вандроўкі, Вандроўкі Беларусь, Ваўжэцкі, Мінейка, Нарушэвіч
Subscribe

  • ПАРОМ ПАРЫЧЫ (Гомельская вобласць)

    У нашай краіне паромы хаця і з'яўляюцца непастаянным транспартным сродкам, але часам іх праца незамяняльна. Паромы для турыстаў, гэта экзотыка і…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае – гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй…

  • КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

    Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца…

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 4 comments