December 2nd, 2008

Новы год - дзеці

Подых навагодні

Зіма… Новы год… Падарункі… Віншаванні… Кожны год, як толькі праб’е гадзіннік, што нарэшце ён, 200… год настаў тэлефаную блізкім сябрам, сваякам і віншую з ім, з тым што чакаеш, на што спадзяешся, і заўсёды думаеш што будзе лепей чым мінулы. З дзяцінства засталіся ўспаміны Новага года, яны розныя, розныя падарункі, розныя сустрэчы, розныя чаканні, але заўсёды заставалася нязменным - І гэта паштоўкі. Паштоўкі, якія прыходзяць па пошце. Якія падпісвала мама, якія пахлі тыпаграфіяй і свежай фарбай, калі іх прынасілі да хаты. Іх можна было разглядаць гадзінамі і самае галоўнае іх заўсёды было шмат. Іх было столькі, колькі памяталі сваякоў і сяброў, іх было роўна столькі колькім людзям мы хацелі нагадаць, што мы іх памятаем. І не важна калі, на новы год, 8 сакавіка, 23 лютага... але мы памятаем, бо віншуем. Як я гэты момант люблю… Калі адчыняеш скрынку паштовую, а там ляжыць новая, заштампаваная паштоўка… І яны ўсе розныя, не падобныя адзін на адну. У бабулі на сценах у вітальні вісяць дзве рамкі з вышыванкамі і заўсёды новая паштоўка ўтыркалася за гэтую рамку. А калі месца ўжо не станавілася, то прыбіраліся пакрыху. Я настойвала каб самыя цікавыя ўсё роўна заставаліся, і гэты адбор рабіў дзіцёнак і сваім розумам адбіраў што прыгожае а што не.  Я абажаю гэты момант – падпісвання паштовак. Прыдумляеш віншаванні, каб кожнаму адрознівалася, кожнаму жадаеш нешта сваё, а пасля да ламаты ў пальцах падпісваеш гэты бесканцовы шлейф паштовак… Шкада што гэта прайшло, ці людзі змяніліся, ці нешта іншае здарылася, але лягчэй набраць нумар тэлефона, ці проста напісаць і разаслаць па мылу і ўсё гэта не выходзячы з кватэры. А я супраць, і кожны год мая душа пратэстуе, што гэта традыцыя знікае, і кожны год я іду ў краму і набываю паштоўкі, а пасля сяджу і выбіраю, каму якую падпісаць. І няхай я атрымаю ў адказ толькі адну ці дзве паштоўкі, а можа ўвогуле не атрымаю… але… цікава рабіць падарункі... нават калі гэта простая паштоўка. І кожны год, сваёй настойлівасці я спадзяюся паверыць, што чалавек які атрымлівае паштоўку адашле паштоўку ў адказ… нават і не мне… але адашле...